Вы тут

Хто прыбіраў і павінен быў прыбіраць Партызанскія могілкі


Пасля 9 Мая ў рэдакцыю патэлефанаваў Аляксандр Быкоўскі. Абураўся, што на Уздзеншчыне, дзе ён цяпер жыве, у запусценні месцы пахавання воінаў, і пачаў пералічваць вёскі: Цеплень, Рудкова, Каладзіно... Маўляў, прыязджайце і ўбачыце ўсё на ўласныя вочы. 

У нас у рэдакцыі, шчыра прызнацца, усе вельмі здзівіліся такому звароту. Не верыцца, што цяпер, калі столькі гаворыцца пра тое, што ні адзін воінскі помнік не павінен заставацца без увагі, за 30 кіламетраў ад сталіцы іх не даглядаюць…


«Як гэта так, каб нават ніводнага вянка не паставіць?!»

Аляксандр Быкоўскі разам з жыхаром вёскі Цеплень Канстанцінам сустрэлі мяне на прыпынку. І правезлі па партызанскай зоне. Па дарозе распавялі, што ў абодвух ёсць сваякі, якія ваявалі, і традыцыя: 9 Мая аб’язджаць месцы пахавання і помнікі воінам-вызваліцелям, якія знаходзяцца на тэрыторыі былога Цепленскага сельсавета. Не так даўно яго ўключылі ў склад Дзешчанскага сельвыканкама. І з таго часу, паводле іх слоў, да месцаў воінскай славы новаму кіраўніцтву няма справы.

Адным з пунктаў нашай экскурсіі быў помнік вёсцы Рудкова, якую немцы спалілі падчас вайны разам з мірнымі жыхарамі. Менавіта тут і пачаўся эмацыянальны маналог нашага чытача.

«У гэтым годзе 6 мая я сюды прыязджаў з каляжанкамі на сваёй машыне. Адпрасіўся ў дырэктара (Аляксандр працуе ў філіяле сельскагаспадарчага комплексу ЗАТ «Вітэкс») на дзве гадзіны. Збольшага прыбралі: пагрэблі, абкасілі, плітку павычышчалі, лісце павыносілі. Летась тут наогул ніхто не прыбіраўся. Ты пакажы мне хоць адзін свежы вянок. Ім гадоў пяць, не менш. І гэта называецца павага да тых, хто аддаў за нас сваё жыццё?

На зваротным шляху дай, думаю, заеду на Партызанскія могілкі, — працягвае абураны мужчына. — У гэтым годзе там нават конь не валяўся: як мы летась прыбралі, так і засталося. Нам трэба было ўжо вяртацца на працу, таму дзяўчаты збольшага сабралі галіны. Глянь (паказвае на тэлефоне мінулагоднія фота), як трэба прыбірацца. Ні табе травінкі. На магілках свежы жоўценькі пясочак. 

Плітку павычышчалі. А сёлета яна нават не падмяталася. Нават таблічкі з імёнамі не паклапаціліся працерці ад пылу, паспрабуй яшчэ прачытаць, хто тут пахаваны. Гэта нармальна, ты лічыш? Летась Партызанскія могілкі таксама не былі прыбраныя да 9 Мая. Толькі агароджу пафарбавалі. А ў раёнцы напісалі, што сельсавет ідэальны парадак навёў. Начальства прыехала на мітынг у Цеплене, у далоні папляскалі. А Партызанскія могілкі знаходзяцца ў лесе, кіламетраў восем трэба ехаць да помніка, ніхто там і не паказаўся. 

Я паехаў, а там не прыбрана. Падышоў да агранома, кажу: «Можна з дзяўчатамі з’ездзім прыбяром Партызанскія могілкі, а то неяк сорамна». Вы б бачылі, колькі мы там лісця ды іголак павыграбалі.

Раней штогод мясцовыя ўлады ўскладалі вянкі на Дзень Перамогі. У гэтым годзе, дзе ж гэта відана, ніводнага ніхто не прывёз. Павінен жа выдзяляцца нейкі бюджэт на гэтыя мэты ў сельсавеце. Тое, што людзі кветкі з агарода нарвалі і паклалі, гэта, вы лічыце, нармальна?

Даўней маёўкі ладзіліся, выязны гандаль. Народу збіралася больш за тысячу чалавек на Партызанскіх могілках, не толькі з нашага, але і з суседняга раёна людзі прыязджалі. Куды ўсё гэта дзелася? Мясцовыя ўлады ў канцэртах удзельнічалі, прыходзілі, словы казалі нейкія. А цяпер нікому нічога не трэба. У гэтым годзе наогул у Цеплене нічога не было. 8 мая дзеці, 6 чалавек, у клубе паспявалі, нехта з мясцовых кветкі прынёс да помніка загінулым воінам. 

І ўсё. Няўжо людзі, якія аддалі за нас жыцці, заслужылі, каб так шанавалі іх памяць? Не ведаю, куды настаўнікі глядзяць. Раней школьнікі на веласіпедах прыязджалі прыбіраліся, паходы ладзіліся. Усё ж такі прывівалі традыцыі. А цяпер у школе вучаць свята Валянціна адзначаць...»

Мы заехалі на Цепленскія могілкі, у Каладзіно... Практычна паўсюль мае спадарожнікі былі незадаволены тым, як прыбрана, знаходзілі недахопы. «Гэта называецца прыборка? Проста сорамна». «Ну, тут яшчэ больш-менш». «Прыедуць, нешта зробяць цяп-ляп». Але больш мужчыны былі засмучаныя станам магілы загінуламу ў вайну лётчыку, якая месціцца на пагорку, дзе раней было гарадзішча. «Мясцовая бабуля даглядала гэту магілку. Але нядаўна яна памерла, дык, як бачыш, стаіць непрыбраная, уся ў траве», — уздыхае Аляксандр. «Надмагілле разбурылася, трэба неяк даехаць да Мінска, купіць бардзюрную плітку і абкласці, а то зусім непрыгожа. Пакуль бабка была жывая, неяк няёмка было ўмешвацца», — дадае Канстанцін.

Ён, дарэчы, сказаў, што пасля 9 Мая тэлефанаваў на прамую лінію ў райвыканкам, скардзіўся, што не прыбрана. Там сказалі: «Чаму вы тэлефануеце нам? Звяртайцеся ў сельсавет»…

— І што, звярталіся?

— А што туды звяртацца... (махае рукой)

«Калі людзі дапамагаюць, а не толькі чакаюць, дык усё і атрымліваецца»

Мне, на жаль, не ўдалося звесці разам маіх «экскурсаводаў» і старшыню Дзешчанскага сельсавета. Таму прыйшлося выступаць пасрэднікам і перадаваць усе заўвагі і незадаволенасць. Далей прывяду вытрымкі са сваёй размовы са старшынёй сельвыканкама Уладзімірам Балцянковым.

— Людзі скардзяцца, што з вашым прыходам да ўлады сельсавет закінуў клопат пра воінскія помнікі і пахаванні…

— У нас на тэрыторыі 36 помнікаў — гэта больш, чым у любым сельсавеце Уздзенскага раёна. За час майго кіравання мы абнавілі 40 працэнтаў з іх. І Партызанскія могілкі ў тым ліку. А чаму той чалавек, які вас туды вазіў, не сказаў, у якім стане яны былі два гады таму? Дзе была тая грамадскасць, калі агароджа ляжала, а дрэвы навісалі прама над помнікам? Летась, пасля таго як я туды з’ездзіў са старшынёй райвыканкама, было прынята рашэнне правесці рэспубліканскі суботнік, зрабіць там капітальны рамонт перад 9 Мая. Удзельнічалі райвыканкам, сілавыя структуры, сельскі Савет, дэпутаты. Мы дэмантавалі старую агароджу і ўсталявалі новую, пафарбавалі яе, адрамантавалі партызанскую зямлянку... Часткова падсыпалі дарогу, прыганялі туды два МАЗы пяску. І штосьці ніхто з грамадзян туды не прыехаў. Хоць мы пісалі аб’яву, запрашалі далучыцца ўсіх ахвотных жыхароў навакольных вёсак.

— Але ж Аляксандр Быкоўскі сцвярджае, што не сельсавет, а менавіта ён з каляжанкамі прыбіраў летась Партызанскія могілкі, а сёлета — Рудкова.

— Летась мы зрабілі капітальны рамонт на Партызанскіх могілках. А прыбіралі сапраўды супрацоўнікі філіяла СГК ЗАТ «Вітэкс». Гэта іх абавязак. Яны ездзілі не па сваёй ініцыятыве, у якасці работнікаў. Бо за прыборку Партызанскіх могілак і Рудкова адказвае «Вітэкс». У нас за кожным помнікам рашэннем Дзешчанскага сельсавета замацавана нейкая арганізацыя. Гэта было патрабаванне старшыні райвыканкама ў 2021 годзе. Сельсавет жа ажыццяўляе кантроль, і ў выпадку калі нехта не спраўляецца, мы едзем і самі наводзім парадак. Іх адправіў туды прыбіраць дырэктар гаспадаркі. А дырэктару патэлефанаваў я перад 9 Мая. Ён яшчэ сёлета крыўдзіўся, чаму я так позна нагадаў яму аб прыборцы, бо ў яго пасяўная ў разгары, забыўся. Хочаце, я зараз пры вас пазваню дырэктару «Вітэкс» і спытаю, хто сёлета прыбіраў Рудкова і Партызанскія могілкі і па чыёй ініцыятыве? Экспромтам, каб не думалі, што старшыня хітрыць (тэлефануе).

— Выбачаюся, што адрываю, вы прыбіралі перад 9 Мая помнік у Рудкове. Чыя ініцыятыва была — ваша ці людская?

— Мая, я ж іх пасылаў. Ты ж мне сам званіў нагадваў. А што здарылася?..

— Прыборку Партызанскіх могілак я сёлета ўзяў на сябе, — працягвае Уладзімір Балцянкоў. — Ездзіў туды са сваёй кіраўніцай спраў, прадстаўнікамі Дома культуры на суботнік напрыканцы красавіка. Зрэзаў уласнай бензапілой аварыйныя дрэвы, якія навісалі над помнікам. Дзяўчаты грэблі і падмяталі. Прачысцілі дарогу да помніка ад паваленых дрэў, бо немагчыма было пад’ехаць. Мы там тры гадзіны прыбіраліся. Перад ад’ездам паклалі кветкі. 8 мая туды ездзіў дырэктар «Вітэкс» кветкі ўскладаць, 9 Мая — дэпутаты. Пасля апошняга званка павязём туды школьнікаў на маёўку, дык яны там яшчэ раз усё падмятуць. Лена (выклікаў у кабінет дырэктара Дзешчанскага цэнтра вольнага часу), скажы, колькі разоў за апошнія гады я цябе вазіў Партызанскія могілкі прыбіраць?

— Ды пастаянна ездзім. І не толькі перад 9 Мая і 3 Ліпеня. Партызанскія зямлянкі наогул нашы любімыя сталі. Там такая прырода. А што?

— Ды вось людзі туды журналістку вазілі, кажуць, што мы не прыбралі там, паўсюль ігліца валяецца, пыл на таблічках…

— Гэты ж помнік — у лесе. Іголкі сыплюцца пастаянна. Летась звонку пафарбавалі агароджу, а знутры не паспелі. Літаральна праз тры дні паехалі дафарбоўваць, а там плітка суцэльна ігліцай засыпана. Каб была ідэальная чысціня — трэба штодзень туды прыбіральшчыцу адпраўляць.

— А што наконт Цепленя: людзі абураліся, што сёлета на 9 Мая нават мітынгу не было, шэсць школьнікаў паспявалі і ўсё…

— Там звольнілася дырэктар клуба. Новая дзяўчына літаральна два месяцы працуе. Яна 9 Мая правяла міні-канцэрт, бо ёй яшчэ трэба асвоіцца на новай пасадзе, пазнаёміцца з людзьмі. Мітынг жа на Дзень Перамогі сёлета мы праводзілі ў цэнтры сельсавета — у Дзешчанцы.

— На ўсіх помніках, якія мы аб’ехалі, Аляксандр Быкоўскі звяртаў увагу на старыя вянкі і штучныя кветкі не першай свежасці…

— Тры гады таму дэпутацкім корпусам прынялі рашэнне адмовіцца ад штучных кветак: купляем толькі жывыя. На кожны помнік кладзём па пары гваздзікоў. Шмат было ў мой адрас крытыкі ад пенсіянераў: чаму я не ўскладаю штучныя вянкі, карзінкі? Людзі, кажу, вы што ніколі не бачылі, колькі пластыкавага смецця штогод вывозіць сельсавет з могілак на звалку, дзе яно раскладаецца больш як 100 гадоў. І як жудасна той пластык смярдзіць, калі выпадкова яго падпаліць? Навошта засмечваць прыроду?..

— Ці прыцягваеце школьнікаў да прыборкі помнікаў?

— А як жа! У Старыне за помнікам і магілкай, дзе пахаваны жыхары гэтай спаленай вёскі, замацавана Дзешчанская школа. Вучні ездзяць туды раз на тры тыдні, наводзяць парадкі. Ужо каторы год на 1 верасня мы дарым самым актыўным дзецям, якія вылучыліся падчас прыборкі, падарункі ад сельсавета: рыбалоўныя прылады, плямістую ваенную форму. Быў перыяд, калі школьнікаў не прыцягвалі да прыборкі, бо бацькі былі супраць. Але цяпер мы аднаўляем традыцыю, прывучаем іх да працы. Бо дзеці вырастуць, і ім заўсёды будзе цікава вярнуцца туды, дзе яны калісьці штосьці зрабілі.

— Чаму ў такім непрыглядным стане знаходзіцца магіла лётчыка?

— Там сапраўды пакуль сумнае відовішча. Але я ўжо знайшоў спонсара — фірму, якая займаецца металаканструкцыямі. Яна ў 2021 годзе ў вёсцы Карма каля магілы невядомым салдатам ужо дапамагла зрабіць прыгожы помнік. Адлілі вялікую чырвоную зорку, побач мы ўсталявалі сапраўдныя штыкі, якія знайшлі на месцах баёў, паклалі салдацкую каску, гільзу. Цяпер дамовіўся, каб адлілі з металу прыгожы ўзлётны самалёцік, усталюем яго на магіле лётчыку і паставім шыльду. А каб трава не расла, пакладзём дыванок-«зялёнку». Адкрыццё помніка запланавана на 3 Ліпеня. Планавалі паспець да 9 Мая, але не атрымалася. Таму перад Днём Перамогі я з рабацягамі ездзіў туды, пафарбавалі агароджу, хлопцы вырывалі траву рукамі. Але ж яна расце як на дражджах.

Летась у Цялякаве абнавілі помнік загінулым воінам, уклалі 7 тысяч рублёў. З іх сельсавет — толькі тысячу. Астатнія — мясцовая фірма, якая займаецца цяпліцамі. І гэта не адзінкавы прыклад, калі грамадзяне дапамагаюць, а не толькі чакаюць, калі ўлада ўсё зробіць…

Няхай бы Быкоўскі, калі лічыць, што мясцовыя ўлады не на патрэбным узроўні прыбралі нейкі помнік, пайшоў бы і праявіў сваю грамадзянскую пазіцыю, прыбраў бы, а потым прыйшоў да мяне ў кабінет і прысароміў. Пашана і хвала была б... Скажу шчыра, мне падабаецца займацца аднаўленнем помнікаў. Але за год, два і нават пяць усе 36, якія засталіся ў спадчыну ад былога кіраўніцтва, проста нерэальна адрамантаваць капітальна. У мяне ж акрамя гэтага шмат іншых абавязкаў. Таму робім усё паступова. Рэстаўрыруем па 2-3 помнікі за год. Астатнія таксама не закідваем: белім, падфарбоўваем. На тэрыторыі былога Цепленскага сельсавета яшчэ далёка не ўсё ідэальна, там ёсць над чым працаваць. Але ж мы і туды прыйшлі.

...Ёсць жартоўная статыстыка. 80 працэнтаў мужоў не ведаюць, з-за чаго злуецца жонка. Астатнія 20 нават не ведаюць, што яна злуецца. Аляксандр Быкоўскі, паводле яго слоў, асабіста не знаёмы са старшынёй сельсавета. Але загадзя лічыць, што гэта бюракрат, які займаецца абы чым, і, нават не пагаварыўшы з ім, скардзіцца ў газету. 

...Сельсавет у нейкім сэнсе — тая ж сям’я. Таму, каб пазбегнуць непаразуменняў і незадаволенасцяў, неабходна размаўляць. Мясцовай уладзе важна знаходзіць час на зносіны з людзьмі, тлумачыць ім, што, кім і чаму робіцца. А людзям — таксама, калі ёсць нейкія пытанні ці прапановы, хаця б паспрабаваць іх данесці калі не старшыні сельсавета, дык хоць бы старасту вёскі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Уздзенскі раён

Фота аўтара і з архіва Дзешчанскага сельсавета.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.