Вы тут

Прэзідэнт раскрытыкаваў сістэму падліку балаў ЦЭ


Прымаючы кадравыя рашэнні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на злабадзённае пытанне — сістэму падліку балаў цэнтралізаванага экзамена. «Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамена. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп’ютары. Каму гэта трэба? Па-мойму, мы паступалі: ведаеш — тройка, вельмі добрае ведаеш — чацвёрка, вельмі-вельмі добра — выдатна. А тут нейкія балы на камп’ютары вылічвалі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Фота: БелТА

Прэзідэнт настойвае на неабходнасці зрабіць звычайную, зразумелую сістэму. Ён даручыў на наступным тыдні зноў да гэтага вярнуцца. «Сем’і кантралююць паступленне сваіх дзяцей, і гэта натуральна. Але яны не разумеюць, чаго мы хочам ад гэтых дзяцей. І, самае галоўнае, пішуць мне, што сёлетні экзамен „паказаў сваю ідэнтычнасць“ з мінулымі двума гадамі, калі яны ў школе здавалі экзамены. Дык навошта мы гэтую катавасію тады заводзілі?» — запатрабаваў разабрацца з праблемамі Прэзідэнт.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка расказаў журналістам, што Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу зрабіць праверку арганізацыі цэнтралізаваных экзаменаў, якія прайшлі ў маі ва ўсіх сярэдніх навучальных установах краіны, углыбіцца ў гэты працэс, праверыць, удакладніць, якія вынікі атрыманы. «Цэнтралізаваны экзамен прайшоў па рускай і беларускай мовах, у ім прынялі ўдзел звыш 53 тысяч старшакласнікаў, з іх каля 900 чалавек паказалі вынік 100 балаў. Тым не менш учора пачалі паступаць звароты ад дзяцей, бацькоў у першую чаргу з просьбай растлумачыць, чаму такі бал, чаму бал ніжэйшы, чым быў у час рэпетыцыйнага экзамена. І скарг паступае дастаткова шмат», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ён расказаў, што работа будзе весціся па двух асноўных напрамках: «Усе скаргі будуць разгледжаны. Усім бацькам, усім старшакласнікам будзе растлумачана, у кожную скаргу ўважліва ўнікнем. Гэта з аднаго боку. З другога — паглядзім на арганізацыю работы непасрэдна Міністэрствам адукацыі, наколькі ўсё справядліва, наколькі методыка, якая выкарыстоўвалася і зацверджана Міністэрствам адукацыі, адпавядае сённяшнім патрабаванням, ці ёсць там парушэнні. Ігар Сергеенка таксама звярнуў увагу, што тэсты былі складзены максімальна на аснове навучальных праграм. Ён адзначыў, што на першы погляд, паводле інфармацыі, якая паступае, парушэнняў, збояў у час правядзення, падліку балаў не ўгледжваецца. Але праверка будзе праведзена. «Прэзідэнт унікае ў гэту тэму, і пастаўлена задача ў жорсткія, кароткія тэрміны разабрацца па кожным звароце, кожнай заяве справядліва і аб’ектыўна. Мы над гэтым будзем працаваць у бліжэйшыя дні», — рэзюмаваў Ігар Сергеенка.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.