Вы тут

Жывая памяць, або экалагічная альтэрнатыва пластыкавым кветкам


«На Радаўніцу нашы людзі нясуць на магілкі сваякоў новыя штучныя букеты. А леташнія, выцвілыя ад сонца і брудныя ад пылу, выкідаюць за агароджу могілак, — патэлефанавала ў рэдакцыю Галіна Фёдараўна з Мінска. — Я раней таксама так рабіла, пакуль мае ўжо дарослыя дзеці не далі мне пачытаць артыкул пра шкоду, якую прыносяць прыродзе кветкі, зробленыя з таксічнага пластыку. Пасля гэтага я задумалася, што трэба мяняць свае звычкі, неяк па-іншаму, больш экалагічна, шанаваць памяць продкаў і ўпрыгожваць магілкі».


Чаму штучныя букеты шкодныя?

Як правіла, пялёсткі штучных кветак вырабляюць з сінтэтычных тканін і афарбоўваюць таксічнымі анілінавымі фарбамі. Сцябліны робяць з нізкаякаснага пластыку. А сарцавіны і дробны дэкор — з пафарбаванага пенапласту, які пры награванні на сонцы выдзяляе канцэрагенны стырол. Такія букеты даволі хутка ператвараюцца ў адходы, якія ніяк не перапрацоўваюцца, бо ўтрымліваюць шмат складнікаў, якія цяжка раздзяліць. Таму толькі ўявіце: штогод пасля памінальных свят на могілках краіны збіраецца і вывозіцца на палігоны каля аднаго мільёна пластыкавых кветак. Тэрмін іх раскладання — ад 100 да 500 гадоў. І ўвесь гэты час яны вылучаюць таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу і грунтавыя воды. Спальваць жа штучныя букеты небяспечна, бо, згараючы, яны выдзяляюць у паветра цяжкія металы і дыяксіны, што негатыўна ўплывае на здароўе людзей.

Мы вырашылі пашукаць, якія ўсё ж такі ёсць экаальтэрнатывы пластыкавым кветкам. Чым іх можна замяніць, каб упрыгожыць магілкі?

Альтэрнатыва № 1. Пасадка мнагалетніх раслін

Галоўная экалагічная альтэрнатыва штучным кветкам — садзіць жывыя. Гэта даступна і даўгавечна. Так, прынамсі, рабілі нашы продкі. Яны не проста ўпрыгожвалі магілы, а высаджвалі расліны, у якія закладваўся сэнс. Напрыклад, хвойныя сімвалізавалі вечнае жыццё. Традыцыйна жалобнымі лічацца белыя лілеі, хрызантэмы, гваздзікі і чырвоныя ружы.

«Звычка насіць штучныя кветкі на могілкі з'явілася адносна нядаўна — літаральна гадоў дваццаць пяць таму. А да гэтага, памятаю з дзяцінства, на магілы клалі вянкі з сасновых ці яловых лапак, саджалі мнагалетнія расліны, — кажа Таццяна Станкевіч. — Мы з сястрой даглядаем магілкі на могілках у вёсцы Кнотаўшчына, што на Стаўбцоўшчыне. Стараемся, каб пачынаючы з Вялікадня і да Дзядоў на іх квітнелі жывыя кветкі. Вясной распускаюцца цюльпаны, крокусы, мышыны гіяцынт, на лета садзім аднагадовыя аксаміткі. З канца лета да позняй восені эстафету пераймаюць доўгаквітнеючыя хрызантэмы. Мы не ставім ні адной пластыкавай кветкі, і няхай нашы магілы выглядаюць не так страката і ярка, як астатнія, я ведаю, што асабіста зрабіла крок да таго, каб не забрудзіць чарговым пластыкам зямлю».

Беларускія вучоныя даследавалі старыя могілкі на разнастайнасць флоры. Там выявілі 387 відаў раслін, што амаль у два разы больш, чым у добрым лесе. У асноўнай масе культур цвіценне супадала са знакавымі святамі. Радаўніца — пралеска, першацветы; Тройца — вадазбор звычайны, незабудка лясная; восеньскія памінальныя дні — сонечнік, шматгадовая астра.

Магілкі, якія даглядае Таццяна Станкевіч у Кнотаўшчыне, толькі з жывымі кветкамі.

З кожным годам у гарадах з'яўляецца ўсё больш і больш розных ініцыятыў, якія матывуюць людзей выбіраць жывыя, а не пластыкавыя кветкі. У Бабруйску, напрыклад, перад Радаўніцай праходзіла акцыя па раздачы саджанцаў мнагалетніх кветак у храмах. А на само свята іх раздавалі каля гарадскіх могілак.

Саджанцы не праблема купіць у кветкавых крамах ці восенню ў бабулек на кірмашы, а самы танны варыянт — вырасціць самім. Я папрасіла кветкавода Аляксандра Алесіка скласці падборку мнагалетніх кветак для азелянення магіл, якія добра растуць і патрабуюць мінімум догляду.

  • Гарыца (імшанка, ці ірландскі мох). Утварае шчыльны зялёны дыван. Цудоўная альтэрнатыва штучным пакрыццям.
  • Маладзіла. Непатрабавальны да глебы. Ёсць шмат сартоў з рознай афарбоўкай. У дыван з маладзіла рэдка ўкліньваецца пустазелле.
  • Ясколка. Вельмі хутка разрастаецца, утвараючы пышную падушку. Дзякуючы кветкам нагадвае беласнежнае воблака.
  • Армерыя прыморская. Адметная сціплымі шарыкамі малінавага колеру, доўга квітнее. Шчыльныя зялёныя купіны ўстойлівыя да засухі.
  • Лаванда. Кусцікі захоўваюць дэкаратыўнасць і пасля квітнення.
  • Гваздзіка травянка. Мае шчыльныя купіны, утварае яркі дыван падчас квітнення.
  • Цыбульныя кветкі, якія штогод будуць квітнець на Радаўніцу. У прыватнасці, цюльпаны, крокусы, гіяцынты, ландышы, нарцысы.

Акрамя таго, на магілках блізкіх можна пасадзіць невысокія кусты: карлікавы бэз, самшыт, барбарыс.

Альтэрнатыва № 2. Букеты і кампазіцыі з сухацветаў

Яшчэ адной цудоўнай альтэрнатывай штучным кветкам з'яўляюцца букеты з сухацветаў. Фларыст Людміла Манкевіч з Карэлічаў, якая ўзначальвае рытуальнае прадпрыемства «Мілацвет», ужо больш за 15 гадоў займаецца стварэннем экалагічных вянкоў і кветкавых кампазіцый у нацыянальным стылі. У іх не выкарыстоўваецца каркас з дроту, штучныя елачкі, бутоны з пластыку. У ход ідуць вырашчаныя на ўласных палях бяссмертнік, стаціца, злакавыя культуры. На сёння высаджана каля 25 відаў сухацветаў. Расліны сушаць у адмысловых памяшканнях. Каштуе экаальтэрнатыва ўсяго на 15—20 % даражэй за вянкі са штучных матэрыялаў.

«Пакуль што кампазіцыі выключна з сухацветаў мы робім толькі на замову, — кажа Людміла Манкевіч. — На жаль, у асноўным у рытуальшчыкаў запатрабаваныя камбінаваныя мадэлі. Таму ў кампазіцыі даводзіцца дадаваць крыху пластыкавых кветак. Бо экалагічныя варыянты на фоне яркіх штучных выглядаюць блядней. І таму пакупнік не звяртае на іх увагу. Але мы ўжо дабіліся, што 70 працэнтаў у такіх кампазіцыях — натуральны матэрыял. Асабіста я прыхільнік жывых кветак. Захапляюся імі з дзяцінства, хоць сама выкладчык гісторыі. Нават калі начую ў гасцініцы і там на сцяне вісіць ікебана са штучных кветак, я яе выношу на балкон, бо ведаю, што няякасныя штучныя кветкі могуць пагаршаць самаадчуванне аж да алергіі. За столькі гадоў я ўжо прывучыла ў нас у Карэлічах пакупніка да клопату аб прыродзе. Прынамсі, наш выканкам замаўляе толькі экавянкі як для ўрачыстых ускладанняў на святы, так і з сумнай нагоды. Нядаўна рабілі ўпрыгожванне для храма пад Клецкам, бацюшка заказаў, каб было абрамленне іконы з сухацветаў.

Падборка прыгожых кветак-сухацветаў, якія можна пасадзіць на магілцы:

  • Стаціца, ці кермек
  • Краспедыя шарападобная
  • Геліхрызум, ці бяссмертнік
  • Амобіум
  • Лаванда
  • Гамфрэна
  • Зайцахвост

Мару, каб штучныя кветкі і вянкі забаранілі на заканадаўчым узроўні. Бо толькі так можна вырашыць гэтую экалагічную праблему. СМІ, і эколагі, і царква могуць колькі заўгодна заклікаць людзей не набываць пластыкавыя кветкі. Найбольш свядомыя прыслухаюцца. Большасць жа будуць працягваць ісці па шляху найменшага супраціўлення».

Альтэрнатыва № 3. Ружы з металу ці керамікі

Калі сваякі пахаваны далёка і ў вас няма магчымасці часта ездзіць палоць пасаджаныя кветкі ці прыносіць свежыя ды ставіць у вазу. Можна проста пакласці гранітную пліту ці плітку з керамаграніту і прымацаваць да яе каваную ружу. Альбо ў Правансе ёсць цудоўная традыцыя — кветкі з керамікі. Гэта не толькі экалагічна і даўгавечна, але і вельмі прыгожа. Пластыкавыя ж зялёныя дыванкі, якія апошнім часам людзі кладуць на магілках, каб не расла трава, можна замяніць адмысловымі дробнымі каменьчыкамі (іх цяпер багаты выбар).

Альтэрнатыва № 4. Ручнікі ды стужкі з тканіны

Яшчэ зусім нядаўна людзі абвязвалі надмагільныя крыжы ручнікамі. Між іншым, адрозненні ва ўзорах, асаблівыя прыкметы, вядомыя толькі тым, хто рабіў і аздабляў тканіну, ператваралі яе ў выдатны апазнавальны знак, з дапамогай якога можна было беспамылкова знайсці магілу блізкага чалавека. У некаторых рэгіёнах Беларусі і цяпер захоўваюць гэтую душэўную традыцыю.

«Мая мама Ірына Матвеева кожны год вышывае новыя ручнікі і ўпрыгожвае імі магілкі сваёй маме, свекрыві і родным, у якіх не засталося ў родзе старэйшых жанчын, — распавядае Алена Кручко. — Падчас вышыўкі яна выкарыстоўвае асаблівую беларускую памінальную сімволіку, дзе кожны ўзор мае сваё значэнне. Традыцыю гэту матуля пераняла яшчэ ад сваіх бабуль, калісьці яны вышывалі ручнікі сваім памерлым продкам. Нехта вышываў крыжыкам, нехта — гладдзю. Некаторыя ў нашай мясцовасці з часам сталі павязваць пакупныя ручнікі, мая ж мама вышывае, таму што для яе гэта важная частка памяці аб памерлых любімых. Падчас вышывання ўзору па традыцыі яна згадвае аб нябожчыку, моліцца аб ім, каб яму было добра, расказвае аб сваім жыцці, просіць дапамогі. І, мне падаецца, не столькі важныя ручнікі, колькі сам працэс з малітвай і памяццю.

Ірына Матвеева з Чачэрска, што на Гомельшчыне, кожны год вышывае новыя ручнікі і павязвае на крыжы сваёй маме, бабулі і свекрыві. Сёлета вышыла ўзор Святога Дрэва і Радаўніцы. У рамбічнай фігуры — Радаўніца ў выглядзе дзвюх елачак. Паабапал — сімвалы душ сваякоў-нябожчыкаў. З іншага боку — праваслаўны крыж. Гэта пашана да іх памяці, адначасова і надзея, што продкі паспрыяюць сям'і ў здароўі і дабрабыце.

Яшчэ ёсць у нашым рэгіёне вельмі прыгожая, глыбокая і пранікнёная традыцыя, калі старэйшыя жанчыны хаваюць у сям'і малодшых — дачок, пляменніц, унучак, то на крыж такой памерлай, акрамя ручніка, павязваюць каляровыя яркія стужкі з тканіны, якія раней упляталіся ў косы. Гэта як сімвал клопату аб памерлай, таму што для старэйшай жанчыны яна была заўсёды малодшай, дзяўчынкай, нават калі сышла ўжо старэнькай. Гэту традыцыю я ўбачыла на пахаванні маёй бабулі. Яе маці, мая прабабуля, была яшчэ жывая і павязвала стужку для валасоў на крыж сваёй дачцэ і ў наступныя гады прыязджала з новай стужкай».

Асабіста я, як і мае героі, буду рада, калі хоць адзін чалавек, прачытаўшы гэты артыкул, задумаецца над праблемай і зменіць свой падыход. Бо, як піша ў сваёй навуковай працы на тэму «Як і чаму варта адмовіцца ад штучных кветак?» дзевяцігадовая Васіліса Алесік з Рагачова, памяць пра продкаў не павінна прыводзіць да забруджвання зямлі, якую яны так любілі.


Каментарый дэпутата

Валянціна Бягеба, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

«Наспела патрэба абмежаваць увоз штучных кветак у нашу краіну»:

«З аднаго боку, людзі, якія нясуць пластыкавыя кветкі на могілкі, такім чынам паказваюць сваю любоў да памерлых сваякоў. Але, на жаль, пакуль мала хто задумваецца, што насамрэч тым самым мы чынім страшную экалагічную бяду для будучых пакаленняў. Таму, на мой погляд, з людзьмі трэба больш аб гэтым гаварыць. У школах, у царкве, каб і перадачы былі, і ў газетах больш артыкулаў з'яўлялася пра шкоду пластыкавых букетаў. бо галоўнае — гэта памяць, малітва аб продках. А кветкі, якія мы нясём, — гэта другаснае.

У некаторых краінах, у прыватнасці ў Амерыцы, Вялікабрытаніі, ужо забаронены на заканадаўчым узроўні штучныя кветкі. Там на могілках нават вісяць шыльдачкі, што іх нельга прыносіць. Думаю, і мы неўзабаве саспеем да таго, каб прыняць нарматыўны дакумент, які будзе абмяжоўваць увоз штучных кветак у нашу краіну. Менавіта абмяжоўваць, а не забараняць цалкам. Я праглядзела відэа: у Кітаі ўжо цяпер працуюць над тым, каб ствараць кветкі з біяраскладальных матэрыялаў, у тым ліку з тканіны. Няхай бы такія экабукеты людзі маглі набываць. Акрамя таго, мяркую, прыйшоў час падумаць над тым, каб увесці адказнасць бізнесменаў за тое, што яны прывозяць і прадаюць таксічныя кветкі. Магчыма, варта прадугледзець для іх больш высокі падатак.

Апошнім часам усё больш людзей пачынаюць задумвацца пра альтэрнатывы штучным кветкам. У прыватнасці, мы з сястрой два гады таму пасадзілі на магілках бацькоў лілеі, хрызантэмы, туйку і вельмі шмат цюльпанаў. Калі апошнія квітнелі ў маі — была такая прыгажосць! І сёлета з прыемнасцю адзначыла, што на магілках насупраць людзі таксама высадзілі цюльпаны. Акрамя таго, я з задавальненнем прыношу летам бацькам жывыя кветкі ў гаршку. Чытала, што ў Амерыцы на могілках ёсць работнік, адна з задач якога — хадзіць і паліваць такія кветкі. Цудоўна было б, каб з часам і ў нас з'явілася такая опцыя».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».