Вы тут

Аб чым народны паэт Броўка пісаў першаму сакратару Машэраву


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца ліст народнага паэта да Пятра Міронавіча Машэрава ад 9 кастрычніка 1968 года. Пятрусь Броўка адпачывае ў Сочы. Стан здароўя далёка не лепшы. Можна засяродзіцца на сабе, у лепшым выпадку працягнуць галоўную справу свайго жыцця — пісаць вершы. Альбо проста любавацца хараством узбярэжжа Чорнага мора… Але пісьменнік знаходзіць час і выкладае некаторыя свае думкі Першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі...


«Дарагі Пётр Міронавіч!

Я ўсё пад уражаннем харошае, цікавае размовы з Вамі ў мінулым месяцы. Але, як заўсёды, хочацца сказаць многа, а не паспяваеш. А пасля думаецца, а чаму я не сказаў пра гэта і пра гэта... Ды, відаць, такая яна і старыкоўская ўласцівасць, калі хочацца пагаварыць больш падрабязна аб усім. Вось і я, карыстаючыся тым, што ў Сочы ў мяне часу многа, на танцы і гулі хадзіць мне позна, хачу адарваць у Вас крыху часу, каб паслухалі пра мае роздумы і развагі. Можа, у іх няма нічога новага, а можа, што-небудзь і будзе заслугоўваць увагі...»

Кастрычнік 1968 года... Кім усё ж на той час быў Пятрусь Броўка, акрамя таго, што займаў пасаду (з 1967 года) галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі? Перш за ўсё, аўтарам многіх паэтычных кніг. Дэбютаваў вершамі будучы класік ажно ў 1926 годзе ў газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Надзвінне». Першыя зборнікі — «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» — пабачылі свет у 1930 годзе. Да Вялікай Айчыннай вайны выйшлі кнігі «Цэхавыя будні», «Паэзія», «Так пачыналася маладосць», «Прыход героя», «Вясна радзімы», «Кацярына», «Вершы і паэмы», «Каландры», «Шляхамі баравымі»... У 1934, 1945, 1947, 1948 і 1951 гг. выходзяць яго «Выбраныя творы». У 1957-м — Збор твораў у двух тамах. У 1965—1966 — Збор твораў у 4-х тамах. Двойчы творам Петруся Броўкі прысуджаецца Сталінская прэмія. За раман «Калі зліваюцца рэкі» ў 1959 годзе — Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа. У 1962 годзе атрымаў Ленінскую прэмію і званне «Народны паэт БССР». Быў узнагароджаны і трыма ордэнамі Леніна... У 1948—1967 гг. Пятрусь Броўка — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР...

З пісьма Машэраву: «...Надыходзіць свята пяцідзесяцігоддзя рэспублікі. А яно мяне вельмі хвалюе. Можа, асабліва яшчэ і таму, што ўсе пяцьдзясят год прайшлі на маіх вачах. І пяцьдзясят год працы ў мяне. У снежні 1918 года трынаццацігадовым хлапчуком я пачаў працаваць перапісчыкам Вяліка-Далецкага валаснога ваеннага камісарыята, а дайшоў, як ведаеце, да галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Ёсць аб чым падумаць. Вось што зрабіла са мною родная партыя, родная Савецкая ўлада. Ды хіба я адзін. Колькі нас такіх. Увесь народ узняўся так, што не спазнаць. Нямала гора давялося яму вынесці. Але глянем цяпер на горад і вёску — сэрца радуецца. Лепш, значна лепш сталі жыць людзі, а многія і проста добра! Вось чаму ўсе шчыра радуюцца надыходзячаму вялікаму святу. Чуў я гэта ад пісьменнікаў і калгаснікаў, ад акадэмікаў і рабочых і ад шмат каго, хто сягоння адпачывае са мной у Сочы.

Радуе ўсіх тое, як рэспубліка рыхтавалася да свята. Асабліва хвалюе, што не забыты героі, якія аддалі сваё жыццё, каб мы маглі сустрэць у нашым новым жыцці і нашу слаўную гадавіну. Шмат, вельмі шмат зрабіў ЦК КПБ, каб ніхто не быў забыты і нішто гераічнае не было забыта. На вякі застануцца непаўторныя ў гісторыі курганы славы. А колькі іх па рэспубліцы. А помнікі. А абеліскі. Едзеш па рэспубліцы і праз кожную гадзіну, дзве, тры яны зварочваюць тваю памяць да незабыўных герояў, і сэрца ўсхвалявана б'ецца. Нашто ўжо глухі куток мой на Вушаччыне. Але калі пабачыў на высокім узгор'і над люстраным возерам высозны абеліск, прыбраны кветкамі, з імёнамі загінуўшых герояў, з імёнамі тых, з кім некалі рос і дзяліў лусту чорнага хлеба, на вочы набеглі слёзы...»

Тут, пэўна, аўтарытэтны пісьменнік меў на ўвазе і гістарычную памяць, звязаную з грамадзянскай вайною, падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі?.. У 1960-я гады гэтая тэма, зразумела, і хвалявала, і адлюстраванне яе ў мастацкіх творах было прыкметным... Варта згадаць кнігу «Рудабельская рэспубліка» Сяргея Грахоўскага!.. А яшчэ ж раней былі створаны «Партызаны» Кандрата Крапівы. У 1960-я гады згадалі і Васіля Гарбацэвіча і яго п'есу, створаную яшчэ ў 1920-я, — «Чырвоныя кветкі Беларусі». Нават самадзейныя тэатры пачалі яе актыўна ставіць на клубных сцэнах.

З ліста ў ЦК: «...Радуе тое, што ў Мінску цудоўны музей Айчыннай вайны, што да свята будзе збудаваны выдатнейшы выставачны зал, што не толькі ў Мінску, а, відаць, у кожным калгасе стараюцца адзначыць гэту выдатную дату, Пётр Міронавіч! Вось калі думаеш пра збудаванае і пра тое, што будуецца, дык на думку перш-наперш прыходзяць тыя, чыімі рукамі гэта зроблена і робіцца — будаўнікі. А тут, Вы лепш ведаеце за мяне, у нас і вузкае месца. Не хоча моладзь ісці ў будаўнікі. І рабочых рук не хапае. Што праца цяжкая? Ды не цяжэй за другія, хоць і не лёгкая. Малы заробак? Відаць, у некваліфікаванай рабочай сілы і невялікі. Ведаю, што прымаюцца розныя захады, каб прыцягнуць патрэбную рабочую сілу на будоўлю. І ўсе яны неабходныя. І добра, што прысвойваецца ганаровае званне: «Заслужаны будаўнік». Але ці не можна было б ажыццявіць яшчэ адну прапанову: абяцаць і гарантаваць сапраўды выдатнаму маладому будаўніку, што яму ў першую чаргу будзе ў свой час дадзена добрая кватэра. Хай бы такіх было на рэспубліку хоць адна сотня. Але, калі б гэта здзейсніць і як след распісаць у друку, мне здаецца, яно вельмі б узняло актыўнасць у будаўніцтве нашай моладзі...»

Варта ўспомніць, што і ў самым пачатку сваёй творчасці Пятрусь Броўка вялікую вагу ўдзяляў ролі мастацкага слова ў грамадскай справе: «Мне трэба, каб слова // падносіла цэглу, // а вершы ў альбом // і другія напішуць...» Таму і ў лісце ў ЦК клопаты паэта пра рабочага чалавека падаюцца цалкам натуральнымі, лагічнымі, яны вынікаюць і з мастацкай пазіцыі пісьменніка.

Чытаем далей: «Пётр Міронавіч! Паколькі я пачаў гаварыць пра моладзь, дазвольце мне пагаварыць і аб нашым камсамоле. Я ведаю, што Вы значна больш ведаеце аб жыцці нашай моладзі. Доўгі час Вы былі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. Можа, тое, што прапаную я, сёння і неапраўдана. Можа, я прымерваюся на сябе, камсамольца дваццатых гадоў, і на сваіх сяброў. А ў сучаснай моладзі другія інтарэсы. Але я не магу не ўспомніць без хвалявання, як мы некалі хадзілі ў камсамольскіх калонах са сцягамі, з плакатамі, з транспарантамі па гарадскіх вуліцах пад свае, хай не зусім сыграныя, духавыя аркестры. Як мы маршыравалі, як мы спявалі. Даставалася ўсім: і папам, і кулакам, і пілсудскім, і чэмберленам. Хадзілі мы ў юнгштурмаўках. Штосьці рэдка, калі пабачыш цяпер камсамольскія калоны на гарадскіх вуліцах і рэдка пачуеш на іх задорныя камсамольскія песні. Думаю, што, можа, якія-небудзь новыя прычыны трэба прыдумаць для камсамольскіх маршаў, але правадзіць іх трэба. І песні, пад якія цікава было б маршыраваць, трэба стварыць. Узніме ўсё гэта здаровы патрыятычны дух у нашай моладзі і будзе добра падрыхтоўваць і да службы ў Савецкай Арміі.

Я ведаю, што наша моладзь цікавіцца не толькі гэтым, але, можа, і гэта не пашкодзіць. А вось што мяне нават непакоіць. Я памятаю, з якім гонарам мы некалі насілі «Кімаўскі» значок. Рэдка хто з камсамольцаў быў без значка. А цяпер, наадварот, рэдка ў камсамольца пабачыш значок «ВЛКСМ». Не добра гэта. Значок «ВЛКСМ» павінен яднаць і дысцыплінаваць».

Пятрусь Броўка сам па жыцці ўяўляў цэльную асобу, не губляў ніколі настойлівасці, разважлівасці, якія дазвалялі адолець многія мэты...

Ісці да мэты — устаць да ўсходу

І даць зямлю адчуць нагам,

Ды, крышачы сцяну нягоды,

Ісці насуперак вятрам.

 

Няхай палохаюць віхуры,

Ты не мяняй кірунак свой,

Бо нават птушкі супраць буры

Сядзяць наперад галавой.

З ліста Машэраву: «...Добра, што пачалі па радыё больш часта перадаваць рэвалюцыйныя песні, песні старых рэвалюцыянераў. Як яны ўздымаюць рэвалюцыйны дух! І, можа, варта было б падкараціць па радыё і тэлебачанні ўсялякую псеўдалюбоўную лірыку, пустату, што толькі размагнічвае душы маладых. І, канечне, як можна менш заходняй «адсябяціны», якая калечыць наша юнацтва.

Пётр Міронавіч! У маіх размовах няма паслядоўнасці. Ды я і не рыхтаваўся да гэтага. Проста пішу ў такім парадку — як думкі прыходзяць. Вось і цяпер ад моладзі мне хочацца перайсці да выхавання нашай дзетвары, да школы. Дрэнна мы вучым, як трэба любіць родны край, шанаваць сваю прыроду. Ды і многія нашы настаўнікі, відаць, не атрымалі належнае падрыхтоўкі ў гэтым вялікім і адказным пачуцці. Іначай чым вытлумачыць той факт, які мне давялося бачыць самому. Неяк увесну ў невялікі лясок, што каля «Мінскага мора», настаўніца, відаць, прыродаведка, прывяла клас вучняў, прыблізна 6-7 кл. Мяне вельмі ўразіла, што ўсе вучні пад яе кіраўніцтвам дралі ад голае зямлі мох, каб выслаць сабе падсцілку ў шматлікіх палатках. Няўжо яна не ведала, што гэтым губіцца лес. Канечне, палалі і кастры... А вось вынікі. Ужо шмат якія верхавіны сосен у гэтым ляску каля «Мінскага мора» сохнуць і многія дрэвы загінуць. Дапамагаюць гэтаму машыны і матацыклы, якія снуюць уздоўж і поперак лесу, нягледзячы ні на якія забаронныя знакі. Лес загубілі, а як цяжка будзе яго адгадаваць. Мне здаецца, што з першага класа, як толькі дзіця пераступіць парог, трэба яго выхоўваць у любові да Айчыны, да роднае прыроды. Скажам так: 

— Дзеці, вы жывяце ў рэспубліцы, за якую аддалі сваё жыццё яе лепшыя людзі, у рэспубліцы, якую стварыў вялікі Ленін. Шмат перанесла яна гора, але вось якая яна магутная і прыгожая. Палі і лясы, рэкі і азёры, гаі і дубравы, нават маленькія ручайкі — усё гэта ваша. Усё гэта трэба шанаваць і берагчы. Не можна ламаць і нішчыць, гэта ж вельмі шкодна... Ды што я спрабую навучаць, настаўнікі самі ведаюць, як гэта рабіць і лепш, але рабіць гэта трэба абавязкова. А, як відаць, не ўсюды яно робіцца».

У нечым наіўныя для сённяшняга часу прыклады не пазбаўляюць грунтоўнасці высноў, якія, пагадзіцеся актуальныя і цяпер. Пятрусь Броўка ўважліва назіраў за жыццём. І ні на хвіліну не хаваўся ў сваёй «мастацкай шкарлупіне»...

З ліста народнага паэта: «Вось ізноў без ніякае паслядоўнасці я пераходжу да наступнага. А штурхнулі мяне на гэта ўспаміны, як дзеці збіраюць жалезны лом. Відаць, гэта справа патрэбная, хоць і нялёгкая для дзяцей. Але чаму ў нас занядбана другое, важнейшае. Чаму ў нас няма барацьбы за рэжым эканоміі? Ужо даўно ні слова не відаць пра гэта і ў нашым друку. А колькі гіне дабра. Калі мы прыгледзімся да таго, колькі гіне толькі ў будаўнікоў, дык ажно жах бярэ. Смела з таго, што раскідаецца на вялікай будоўлі, можна было б пабудаваць і яшчэ дом. А машыны, якія ржавеюць пакінутыя на полі, а машыны, якія ржавеюць на цэнтральных калгасных сядзібах. А эканомія павінна быць ва ўсім. Нават у нашых рэстаранах і сталоўках даецца столькі хлеба на абед аднаму чалавеку, што яго і ўтрох не з'есці. Хлеб застаецца і пасля ідзе ў блот. Можа, дзе ў рабочых сталоўках, людзям цяжкай фізічнай працы і трэба даваць столькі, але не ў рэстаранах. Можна было б многа прыводзіць прыкладаў, але ясна адно — мы павінны больш увагі ўдзяляць рэжыму эканоміі і вучыць гэтаму і нашых дзяцей, і наша
юнацтва».

У такіх клопатах — відавочная праява грамадзянскага стаўлення да навакольнага жыцця. І яшчэ — у малым, у з'явах не надта кідкіх, на першы погляд, пісьменнік паказвае сваё ўменне падкрэсліць сацыяльна значныя праблемы. Такі ўважлівы погляд на жыццё, безумоўна, сілкаваў і саму мастацкую творчасць Петруся Броўкі. Сёння, як правіла, такіх назіранняў ад пісьменніка ні ў яго творах, ні ў яго публіцыстычных выступленнях наўрад ці дачакаешся...

«Пётр Міронавіч! Вельмі я ўжо загаварыўся, — піша народны паэт, — але хацелася ж унесці яшчэ адну прапанову. Добра і вельмі добра, што мы ўстанаўляем помнікі і абеліскі памяці герояў, што ёсць у нас кнігі народнай славы. А чаму б не ажыццявіць яшчэ адну справу. Чаму б на спецыяльных стэндах у калгасных клубах, у дамах сацкультуры не выстаўляць фотапартрэтаў загінуўшых герояў з кароткімі даведкамі іх гераізму. Такія фота, хай вайсковыя, хай яшчэ грамадзянскія, да арміі, можна здабыць у радні. Гэта не цяжка зрабіць, а як бы гэта было дорага!

Хацеў я яшчэ пагаварыць пра наш побыт, пра тое, што вельмі многа ў нас п'юць, можа, варта аднавіць «таварыствы цвярозасці» і забараніць насаджаць п'янства. А вось я сам бачыў, калі ляцеў у Сочы на самалёце АН-10, што сцюардэса разносіла ў час палёту чацвяртушкі сталічнай і многа іх распрадала. Знайшлі найлепшае мейсца для збыту гарэлкі — самалёт!..»

Эпісталярны зварот у ЦК, да першага сакратара, выглядае як спакойная размова, без усялякіх прэтэнзій, без гучнага пафасу. І ў гэтым лісце Пятрусь Усцінавіч Броўка паказаў сябе простым чалавекам, які болей падобны на сціплага селяніна, інтэлігентнага вясковага чалавека, чым літаратурнага «байца» 1920—1930-х гадоў... Дыпламатычнасць вядомага пісьменніка, майстэрства і пра важнае, надзённае, вострае весці размову ў спакойнай танальнасці, канешне ж, не могуць па-добраму не ўражваць.

Мікола БЕРЛЕЖ

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.