Вы тут

Уладзіслава Арцюкоўская: Мая галоўная матывацыя — жыць паўнавартасна!


Яе шчыльны графік распісаны наперад на гады, і паспявае яна ўсё. Не таму, што гэта план, які трэба выканаць, а таму, што ХОЧА ўсё паспець. Цікаўная, ідзе ў нагу з часам, знаходзіцца ў пастаянным творчым развіцці, таму што ўпэўненая: за кожным прафесійным поспехам стаіць вялізная праца. А яшчэ — таленавітыя людзі, якія прыцягваюцца ў яе жыццё, як магнітам.

Знаёмцеся: мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады, драматург, рэжысёр, уладальнік медаля Францыска Скарыны Уладзіслава Арцюкоўская. Гутарым пра праекты дзяржаўнага маштабу, будучыя прэм’еры на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады, пра тое, чаму штучны інтэлект ніколі не заменіць чалавека, і навошта ў жыцці трэба ўмець быць удзячным. Шчырая размова пра прафесійнае, у якім так шмат асабістага.


— Уладзіслава, наколькі насычаным творча мяркуецца цяперашні летні сезон?

— Лета будзе вельмі насычанае. Па-першае, пачаўся трэці сезон культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі». Мы з творчай камандай наведаем кожны рэгіён, а гэта 6 гарадоў. Стартавалі ў Жлобіне з тэатральнага паказу Маладзёжнага тэатра эстрады. Гэта спектакль-легенда «Як ноч дзяўчынай стала» на беларускай мове. Фестываль «Вытокі» заклікае любіць усё сваё, беларускае, і сімвалічна пачаць яго менавіта з беларускай легенды, якая вяртае нас да вытокаў.

Потым адбудзецца вельмі важнае мерапрыемства, якое будзе адкрываць Прэзідэнт. Рыхтуем вялікі «опэн эйр» для выпускнікоў усёй краіны — яны збяруцца ў сталіцы. Гэта будзе маштабны канцэрт з сімвалічнай назвай «На крылах мары». Вельмі незвычайны і складаны праект, у якім будуць удзельнічаць усе нашы маладыя выканаўцы.

3 ліпеня каля стэлы «Мінск — горад-герой» адбудзецца канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі. У гэтым годзе я — аўтар, а галоўны рэжысёр — мой вучань, малады рэжысёр Ігар Крывулька. «Мір у імя стваральнай працы» — лейтматыў Дня Незалежнасці сёлета.

Свята «Александрыя збірае сяброў» плануем правесці ў вельмі незвычайным фармаце. Гэта будзе музычны рынг паміж вёскамі Копысь і Александрыя. Будзем вызначаць, чыя вёска больш музычная. А гледачы нам у гэтым дапамогуць.

— Пры такой загрузцы Вам заўсёды трэба знаходзіцца ў прафесійным тонусе, не паўтарацца і, вядома ж, здзіўляць. Як адбываецца гэтая творчая хімія?

— Нядаўна я перагледзела свае канцэрты за нейкі час. Зразумела: калі сабраць іх разам і паказаць адзін за адным у тэлеверсіі, то будзе ўражанне, што гэта рабілі розныя людзі. Рэжысёры павінны крочыць у нагу з часам, адсочваць з’яўленне тэхнічных навінак, глядзець, што адбываецца ў свеце. Самае галоўнае — адшукаць тэму, якая знойдзе водгук у душы гледача.

— Што для Вас крыніца ідэй і натхнення?

— Ідэй у мяне велізарная колькасць. Але каб генерыраваць іх, трэба пастаянна штосьці чытаць, глядзець, кантактаваць, быць у руху. Рэжысёр, па сутнасці, аналітык. Сярод вялікай колькасці інфармацыі ён павінен адшукаць патрэбныя кавалачкі і скласці пазл, які яму патрэбны. За кожным, на першы погляд, лёгкім праектам  вялікая праца. Часам, каб напісаць сцэнарый, трэба перачытаць шмат літаратуры. Без працы нічога не атрымаецца ў жыцці. Я ведаю пра гэта з дзяцінства. Бывае нават шкада, што на ўсё не хапае часу. 

— Штучны інтэлект усё больш пранікае ў наша жыццё, замяняючы чалавека. Нейрасеткі генерыруюць тэксты, дызайны, ажыўляюць знакамітых поп-дзіў... Як вы да гэтага ставіцеся? І як шырока выкарыстоўваеце падобныя тэхналогіі ў сваёй рабоце?

— Сучасныя тэхналогіі я, вядома ж, выкарыстоўваю, толькі вельмі акуратна. Так, на канцэрце «Вышыня» ў гонар Дня Перамогі пры дапамозе нейрасетак я паспрабавала ажывіць фатаграфіі герояў вайны, каб гледачы маглі ўбачыць, якімі яны былі.

Працэс выкарыстання штучнага інтэлекту ідзе, і яго не спыніць. Хтосьці прымяняе яго пры выданні кніг, каб стварыць дызайн вокладкі, не звяртаючыся пры гэтым да прафесійнага дызайнера. Назіраючы за разумовым працэсам нейрасеткі, я заўважыла: усё, што яна выдае, афарбавана пэўным песімізмам. Прыглушаныя тоны, апушчаныя вугалкі вуснаў, затуманены позірк, шмат дэманічных сімвалаў. Каб выдаць такі вынік, нейрасетка апрацоўвае велізарны аб’ём даных, якія існуюць на сёння. І гэта азначае толькі адно: вельмі шмат у свеце існуе рукатворнага негатыву. Сумна, што створана так шмат твораў, у якіх ёсць песімістычны погляд на ўласнае жыццё і на рэчаіснасць. У негатыве асабіста я не бачу ні развіцця, ні будучыні.

— Што выратуе людзей?

— Нейрасетка — гэта цяпер модна. Але, як вядома, не ўсё, што модна, карысна. Я ведаю, што праз некаторы час штучны інтэлект насыціць нас усіх сваёй «творчасцю». Веру, што ў нейкі момант пераможа чалавечае. Сапраўднае. З пачуццямі. Людзі схільныя прытрымлівацца моды, якая сёння кіруе ўсім. Атрымліваць хуткі вынік і жыць у працэсе — не адно і тое ж. Жыць у працэсе значна больш цікава.

— За кожным рэжысёрам стаіць каманда. Якімі якасцямі павінен валодаць творчы чалавек, каб трапіць у вашу групу?

— Сумленнасць і прыстойнасць. Калі я бачу, што чалавек хітруе, падманвае, выкручваецца, мы дакладна з ім не зможам працаваць. Я вельмі люблю таленавітых людзей. Я заўважаю іх, я іх прыцягваю і даю магчымасць рэалізавацца. Адзін з іх — мой студэнт Ігар Крывулька. Наша супрацоўніцтва пачалося вельмі цікава: ён прапанаваў паставіць святло да аднаго з маіх спектакляў пры ўмове, што я не буду ўмешвацца ў працэс і ацаню толькі вынік працы. Я пагадзілася. Вынік мяне вельмі парадаваў: нічога не захацелася мяняць. І я зразумела: гэты чалавек — таленавіты, з ім можна працаваць. Хочацца такім людзям дапамагаць, каб у іх усё атрымалася, каб яны стварылі сваё ўласнае імя.

— У канцы 2018 года вы ўзначалілі Маладзёжны тэатр эстрады. Адна з галоўных мэт была ў тым, каб яго рэфармаваць. Што з задуманага ўдалося?

— Атрымалася змяніць усё. Гэта кажуць людзі, якія прыходзілі да нас раней і прыходзяць цяпер. Я прыйшла ў тэатр, дзе была дастаткова легкадумная атмасфера, дзіўныя ўзаемаадносіны, дзе было шмат плётак і зайздрасці... І мне давялося не толькі ствараць спектаклі, але і выбудоўваць чалавечыя ўзаемаадносіны, каб мы ўсе разам маглі поўнасцю аддавацца мастацтву.

За чатыры гады артысты, якія раней выходзілі на сцэну і проста спявалі песні, пачалі іграць, як паўнавартасныя акцёры. У нас у тэатры сумленнае мастацтва. Усе артысты працуюць ужывую. Яны спяваюць вельмі складаныя арыі, бяруць ТАКІЯ ноты!.. І робяць гэта сумленна. Людзям я дала магчымасць творча рэалізавацца. Напрыклад, наш кампазітар Аляксандр Сухараў менавіта тут усвядоміў свой патэнцыял. І ўдзячны за тое, што мае магчымасць ствараць творы як кампазітар, што яны гучаць, радуюць нашых гледачоў.

А як прыемна, калі іншыя прафесіяналы высока ацэньваюць нашу работу! Я вельмі часта чую: «Вы — самы круты тэатр нашай краіны. Так рабіць музыку! Так робяць хіба што ў Галівудзе!» Мне вельмі прыемна. Бо мы робім прафесійнае мастацтва, пра што сведчыць вялізная колькасць узнагарод, дыпломаў і падзяк. І прапаноў, вядома, таксама шмат. Адна з найбліжэйшых — удзел у фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Туды мы едзем са спектаклем «Гур’янаў».

— Яшчэ адно Ваша амплуа — драматург. Вы — аўтар вялікай колькасці п’ес. Прычым тэматыка не мае межаў: ад «Жаніцьбы Рабіновіча» да «Гур’янава». Як Вам удаецца ўвасабляць настолькі розныя жанры?

— Тэатр эстрады добры тым, што вы можаце дазволіць сабе ўсё. І гэта праўда. Я займаюся драматургіяй з 14 гадоў. Пасля школы вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Аднойчы, калі на адным з заняткаў я чытала сваю п’есу, мой педагог, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Суцкавер сказаў: «Ты вельмі таленавітая актрыса, ты бясконца таленавіты рэжысёр, але аўтар ты — геніяльны!» Я гэта запомніла на ўсё жыццё, і заўсёды тыя словы нашу ў сабе. Так цудоўна, што ў тэатры мне ўдаецца рэалізоўваць патэнцыял драматурга. Тэатр павінен ісці ў нагу з часам, быць творчай лабараторыяй, дзе ёсць месца эксперыментам і няма межаў. Спачатку мне захацелася стварыць нешта забаўляльнае ў стылі Галівуда. Так нарадзіліся мюзіклы «Стрыптыз душы» і «Бурлеск». Потым з’явілася жаданне паставіць містычны дэтэктыў у стылі рок. Так з’явіўся «Джэк Патрашыцель». Пасля мы прыйшлі да цалкам высокадухоўнага. Нашы артысты саспелі да ўвасаблення гэтай тэмы ў спектаклі «Гур’янаў».

— Так, гэта дзіўнае ўвасабленне. Як атрымалася за гадзіну з невялікім без адчування недаказанасці расказаць пра лёс гэтага незвычайнага чалавека?

— У спектаклі паказана не ўсё яго жыццё, але недаказанасці дакладна няма. Я перш за ўсё хацела паказаць не боскі, а чалавечы аспект асобы, якая ўмее любіць усім сэрцам. Галоўны пасыл гэтага спектакля — у кожнага чалавека ёсць уласнае сэрца, якое ўмее любіць і тым самым рабіць цуды.

— Якія прэм’еры рыхтуеце для сваіх гледачоў у бліжэйшы час?

— У чэрвені адбудзецца прэм’ера вельмі яркага спектакля ў стылі рок-н-рол «Брыялін». У ім удзельнічае маладое пакаленне тэатра. Васямнаццаць чалавек на сцэне. Сустрэчы, каханне, інтрыгі, расстанні... Хочам, каб нястрымная маладая энергія запальвала глядзельную залу, прыцягвала яшчэ больш маладых гледачоў.

Камедыя «Асцярожна, Кекс». Яе я напісала даўно, спецыяльна для нашага коміка Уладзіміра Варанкова. І вось настаў яе час. Сюжэт вельмі забаўны. Валодзя філігранна ўвасабляе на сцэне ўсё задуманае. Абавязкова прыходзьце, будзе весела.

У нашым рэпертуары ёсць і ваенная тэматыка. Увосень плануем выхад спектакля пра ўзаемаадносіны людзей падчас Перамогі і пасля вайны. Гісторыя пра ваеннага контрразведчыка з Віцебскай вобласці, створаная на аснове яго ліста, які мы знайшлі, і на яго біяграфіі. Глыбокая гісторыя, якая заклікае людзей умець жыць. А гэтае ўменне вельмі каштоўнае!

— Любы аўтар рана ці позна прыходзіць да думкі напісаць уласную кнігу. Ці ёсць у вас такая ідэя? І што б гэта магло быць: зборнік п’ес ці падручнік для рэжысёраў-пачаткоўцаў?

— У мяне сапраўды ёсць такая мэта. Галоўнае, знайсці час. Падручніка па рэжысуры не існуе. Ёсць розныя кнігі знакамітых рэжысёраў пра прафесію, метады работы або проста разважанні. Каб з іх выбраць сутнасць, трэба ведаць, што ты шукаеш. Насамрэч, падручнік — гэта методыка і паслядоўнасць дзеянняў. Рэжысёрская база. Каб гэта былі не пустыя словы, а рэкамендацыі да дзеяння. Ён бы сапраўды дапамог маладым людзям разабрацца ў гэтай прафесіі.

Што датычыцца мастацкай літаратуры, мне б таксама хацелася напісаць кнігу. Паколькі я рознабаковы чалавек, якому ўсё цікава, то магу пісаць дэтэктывы, камедыі. Але найбольш хацелася б стварыць твор, які б натхняў чытачоў падобна да «Алхіміка» Паўла Каэлья. І стварыць хочацца беларускае. Бо заўсёды падкрэсліваю, што я — БЕЛАРУСКІ аўтар. Каб сапраўды казалі: «А вось у Беларусі!..»

— Кажуць, людзі, якія ўмеюць быць удзячнымі, пражываюць асабліва напоўненае жыццё. За што ўдзячныя Вы? І за што, на Вашу думку, удзячныя Вам?

— Я бясконца ўдзячная сваім бацькам. Маме, якая была вельмі незвычайным чалавекам, начытаная, проста хадзячая энцыклапедыя. Я ўдзячная майму бацьку за тое, што навучыў мяне такім паняццям, як «абавязак», «трымаць слова». Я ўдзячная сваім дзядам, якія былі выключнымі людзьмі. Дзякуючы ім маё любімае свята — 9 Мая.

Я ўдзячная сваім выкладчыкам. Самая вялікая ўдзячнасць — майму майстру Лідзіі Аляксееўне Манакавай. Калі мне ўручалі Нацыянальную літаратурную прэмію, яна знаходзілася ў залі. І мае першыя словы ўдзячнасці былі адрасаваны менавіта ёй.

Я бясконца ўдзячная людзям, якія сустракаюцца на маім шляху і робяць маё жыццё багацейшым. І я б нічога не хацела памяняць. Я ўдзячная, што так усё склалася. У мяне ёсць магчымасць тварыць, кантактаваць з прафесіяналамі і рабіць нешта па-сапраўднаму карыснае.

І я дакладна ведаю, што ў мяне ёсць апора — тыя людзі, якія заўсёды прыйдуць мне на дапамогу.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Уладзіславы АРЦЮКОЎСКАЙ

 

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.