Асаблівасці выбарчага заканадаўства розных краін, новаўвядзенні ў электральных працэсах і тэндэнцыі правядзення выбарчых кампаній з улікам сучасных умоў абмеркавалі спецыялісты на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Тэорыя і практыка выбарчага працэсу», якая прайшла ў Мінску. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальны сход, Цэнтральная выбарчая камісія, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Удзельнікамі канферэнцыі сталі беларускія і замежныя парламентарыі, прадстаўнікі навуковай і педагагічнай грамадскасці, выканаўчых і распарадчых органаў, аналітыкі і эксперты ў электаральнай сферы, прадстаўнікі цэнтральных выбарчых органаў дзяржаў — удзельніц СНД.
У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, 25 лютага 2024 года ў Беларусі пройдзе адзіны дзень галасавання. Навукова-практычная канферэнцыя стала важным этапам падрыхтоўкі да гэтай важнай грамадска-палітычнай падзеі.
«Выбарчы працэс разам з іншымі сферамі жыццядзейнасці чалавека схільны да знешніх рызык і пагроз. Мы ўсё часцей назіраем, як электаральныя кампаніі выкарыстоўваюцца для падрыву асноў стабільнасці ў дзяржаве, становяцца аб’ектам умяшання звонку, падвяргаюцца гібрыднаму ўздзеянню. Таму актуальнасць нашай канферэнцыі абумоўлена неабходнасцю далейшага ўдасканалення выбарчых сістэм, кансалідацыі грамадства, павышэння якасці і бяспекі электаральных працэсаў. Усё гэта патрабуе ад нас актуальнага развіцця прававой базы і кіраўніцкай дзейнасці, пошуку новых форм і метадаў інфармацыйнай работы, фарміравання ўстойлівага імунітэту супраць чужых нам каштоўнасцей, выпрацоўкі эфектыўных мер для забеспячэння электаральнага суверэнітэту», — адзначыў Ігар Карпенка, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ён падкрэсліў, што ўсе новаўвядзенні як заканадаўчыя, так і тэхналагічныя ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадства павінны гарантаваць адсутнасць рызык, сабатажу і падрыву даверу да выбарчага працэсу, а таксама недапушчэнне маніпуляцый звонку, што патрабуе прыняцця адпаведных аператыўных рашэнняў.
«Не выпадкова ў праекце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, які вынесены на грамадскае абмеркаванне, закладзена і такое паняцце, як электаральны суверэнітэт», — звярнуў увагу Ігар Карпенка. І тут, на думку ЦВК Беларусі, вымалёўваюцца асноўныя напрамкі работы. Першы — стварэнне эфектыўнага прававой, інфармацыйнай, фінансавай і арганізацыйна-тэхнічнай заслоны знешняму ўмяшанню ў электаральны працэс. Другое — прыняцце неабходных мер, накіраваных на недапушчэнне выкарыстання службовых паўнамоцтваў выбарчай асобы ўразрэз з нацыянальнымі і дзяржаўнымі інтарэсамі. Трэцяе — забеспячэнне бяспекі арганізатараў і ўдзельнікаў электаральнага працэсу, папярэджанне і прафілактыка супрацьпраўных дзеянняў. Старшыня ЦВК падкрэсліў, што абноўленае заканадаўства ўжо змяшчае шэраг прававых механізмаў, накіраваных на забеспячэнне электаральнага суверэнітэту. Самы важны прыклад — наданне канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу, які будзе вызначаць стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду, а таксама гарантаваць устойлівасць дзяржавы ў выпадку змены кіруючых эліт.
«Галоўнымі навэламі выбарчага заканадаўства з’яўляюцца ўвядзенне Адзінага дня галасавання па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, а таксама выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад структур грамадзянскай супольнасці і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пашыраны паўнамоцтвы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Так, ЦВК будзе прызначаць выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, устанаўліваць іх вынікі і праводзіць першае пасяджэнне да выбрання старшыні. Замацавана ажыццяўленне інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці і метадычнага кіраўніцтва навучаннем і павышэннем кваліфікацыі асоб, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі выбараў і рэферэндумаў», — расказаў Ігар Карпенка. Па яго словах, гэты вопыт будзе асабліва цікавы для замежных калег.
Ігар Карпенка падкрэсліў, што настаў час выпрацоўкі і замацавання ўніверсальных міжнародных падыходаў да назірання за выбарчым працэсам з улікам сусветнага вопыту, у тым ліку рэгіянальных стандартаў, для арганізацыі электаральнага ўзаемадзеяння паміж усімі зацікаўленымі ў гэтым краінамі. «Хацелася б, каб выбары ва ўсім свеце ацэньваліся зыходзячы з фактычнай адпаведнасці прынятым стандартам, без раздзялення дзяржаў на заведама дэмакратычныя і недэмакратычныя ў залежнасці ад надзённых патрэб асобных цэнтраў прыняцця рашэнняў», — адзначыў ён. У якасці прыкладу старшыня ЦВК прывёў АБСЕ, якая павінна была стаць падмуркам новай агульнаеўрапейскай сістэмы калектыўнай бяспекі, але нязменна факусуецца выключна на постсавецкай прасторы, у той час як краіны Захаду амаль ніколі не становяцца аб’ектам увагі арганізацыі. Пры гэтым сама АБСЕ так і не змагла выпрацаваць універсальныя стандарты ацэнкі выбараў і кіруецца выключна метадычнымі рэкамендацыямі, якія ў кожнай краіне прымяняюцца па-рознаму.
У сваім выступленні старшыня Палаты Прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу, што выбарчы працэс актыўна выкарыстоўваецца Захадам як сродак умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, змены існуючых палітычных сістэм і вектараў развіцця. Па яго словах, сур’ёзны экзамен Беларусь чакае ўжо ў пачатку наступнага года — адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў дэпутатаў, выбары членаў Савета Рэспублікі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. «Тыя, каму не падабаецца самастойная і моцная Беларусь, пастараюцца выкарыстоўваць любую магчымасць, каб расхістаць палітычную сітуацыю. Дапусціць такога сцэнарыя развіцця падзей мы не маем права», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. Па словах спікера, для гэтага неабходна звярнуць увагу на наступныя пытанні. Першае — усебаковы аналіз вопыту электаральных кампаній замежных краін, пазітыўных і негатыўных прыкладаў. Другое — давядзенне да насельніцтва навацый Выбарчага кодэкса. Трэцяе — інфармаванасць грамадзян аб кандыдатах, іх праграмах. «Выбаршчыкі павінны рабіць усвядомлены выбар, грунтуючыся не толькі на прафесійна-дзелавых, але і маральных якасцях прэтэндэнтаў. Сумленнасць, адкрытасць, справядлівасць сёння не менш запатрабаваны людзьмі, чым прафесійная падрыхтоўка. Веданне сапраўдных мэт асобных грамадзян і палітычных груп, якія ідуць ва ўладу, — гэта сродак не дапусціць памылкі», — растлумачыў Уладзімір Андрэйчанка. Чацвёртае — максімальнае далучэнне да электаральных працэсаў моладзі.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава назвала паспяховыя выбары ў любой краіне інтэрнацыянальнай перамогай, укладам ва ўмацаванне адзінай, непадзельнай бяспекі, стабільнасці і ўсеагульнага міру. «Мяркую, унікальны беларускі шлях абнаўлення Асноўнага закона і стварэння палітыка-прававых механізмаў па ўвасабленні канстытуцыйных навацый у жыццё, а таксама ў цэлым канструявання сістэмы дзяржаўнай улады і кіравання можа быць карысны і іншым дзяржавам. Не выключана, што і тым, хто яшчэ і зараз спрабуе крытыкаваць Беларусь, давядзецца браць з нашай краіны прыклад, каб захаваць мір і спакой на сваёй зямлі», — падкрэсліла спікер.
«Сёння недастаткова проста дзяліцца досведам і ўзбагачаць нацыянальнае выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку напрацоўкамі адзін аднаго. Краінам, якія глядзяць у адзін бок — у бок міру і глабальнай бяспекі, стваральнага развіцця ў імя цяперашняга і наступных пакаленняў, жыццёва важна выпрацоўваць агульную стратэгію па недапушчэнні ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы», — заявіла Наталля Качанава.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што выбарчыя працэсы даўно ўжо сталі інструментам палітычнага ўздзеяння на дзяржавы з самастойным курсам. «Выбарчыя тэхналогіі даўно выйшлі за межы ўласна тэхнікі правядзення выбарных кампаній і выкарыстоўваюцца часта для змены непажаданых калектыўнаму Захаду палітычных рэжымаў і ўстаранення з палітыкі самастойных нацыянальна арыентаваных кіраўнікоў нават у саміх краінах Захаду. Агульнасусветныя тэндэнцыі паказваюць, што такое ўздзеянне, у тым ліку і на нас, будзе толькі ўзрастаць. І трэба быць да гэтага гатовымі», — адзначыў ён.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.