Вы тут

Пра расліны-барометры і жывёл, якія прадчуваюць змены надвор'я і не толькі


Са школьных часоў вядома, што жывёлы і расліны здольныя рэагаваць на ежу, дотык, боль і небяспеку. Жывёлы рэагуюць імгненна, а расліны часта ажыццяўляюць роставы рух, які немагчыма заўважыць адразу. Гэта ўласцівасць усяго жывога, якая называецца раздражняльнасцю. Ёсць яна і ў людзей. Дзякуючы здольнасці да ўсведамлення, людзі могуць прадбачыць праблемы або прыдумляць іх сабе.


Лічыцца, што ў жывёл і раслін няма моўнага мыслення і моўнай камунікацыі, адпаведна няма і свядомасці. Прынамсі ніхто не давёў адваротнага. Тым не менш, як паказвае практыка, яны могуць рыхтавацца да праблем загадзя, быццам прадбачаць іх з’яўленне. Напрыклад, хаця лістапад звязаны з эканоміяй вады ў зімовы перыяд, дрэвы скідваюць лісце задоўга да такога пахаладання, якое магло б пашкодзіць караням захопліваць вільгаць. Расліны «даведваюцца» пра набліжэнне зімы паводле самага зручнага для іх стымулу — святла, а менавіта даўжыні светлавога дня. Яе скарачэнне служыць сігналам да лістападу. Тут няма нічога дзіўнага. Змяненне сезонаў — справа цыклічная, і жывыя арганізмы адаптуюцца да яе на генетычным узроўні цягам вялікай колькасці пакаленняў. Так у раслін ёсць фітахромная сістэма, пэўны ўклад у даследаванне якой унеслі і беларускія навукоўцы. Яна дазваляе раслінам усталёўваць сутачныя і гадавыя біярытмы.

Але што наконт больш рэдкіх і выпадковых з’яў? Напрыклад, ці маглі жывёлы і расліны выпрацаваць здольнасць прадказваць паводкі, ураганы і землятрусы гэтак жа, як яны прадбачаць зімовыя халады?

Паспрабуем адказаць на гэта пытанне, ідучы тым самым шляхам, што і чалавечая думка. Перш чым прадбачыць паводку, людзі вучацца па пэўных прыкметах прадбачыць больш простыя прыродныя з’явы — дождж, пахаладанне, сонечны ці воблачны дзень. Расліны, здольныя прадказваць бліжэйшыя змяненні ў надвор’і, часам называюць раслінамі-барометрамі. Гэта не заўжды аднолькава слушна, бо яны рэагуюць не толькі на атмасферны ціск, як гэта робіць барометр, але і на вільготнасць, тэмпературу і хуткасць ветру.

У Беларусі ёсць некалькі відаў раслін, здольных прадвяшчаць дождж. Напрыклад, явар, вярба і ліпа перад дажджом пачынаюць «пацець», то бок вылучаюць з лісця кроплі вільгаці. Верагодна, гэта звязана з павышэннем вільготнасці паветра, якая не дае вадзе своечасова выпарацца і выклікае гутацыю. Дзьмухавец перад дажджом закрывае не толькі свае жоўтыя суквецці, але і кошыкі з выспяваючым насеннем. Некаторыя расліны могуць прадказваць іншыя з’явы. Напрыклад, канюшына складае сваё лісце перад пахаладаннем, а лопух паднімае сваё лісце перад узмацненнем ветру. Яліны апускаюць свае хваінкі перад дажджом летам і перад снегам зімой, каб цяжар ападкаў не абломваў галіны. Незабудка раскрывае кветкі перад праясненнем, а не падчас яго, як дзьмухаўцы.

Здольнасцю вымяраць ціск валодае аленярогая папараць. Гэта трапічная расліна мае два віды лісця. Вялікае, плоскае, скуркаватае і кутыкулярнае лісце служыць для абароны ад сонца і ветру. Дробнае, разгалінаванае і мяккае — для збору вады і пажыўных рэчываў. Перад надыходам дажджу ці ўрагану гэтая папараць закрывае сваё вялікае лісце, а дробнае выпроствае, каб лепш паглынаць вільгаць. Гэта расліна можа служыць натуральным індыкатарам змянення атмасфернага ціску.

Сярод жывёл таксама ёсць мноства відаў, якія могуць прадчуваць ураганы і паводкі, дзякуючы сваім органам пачуццяў і інстынктам. Напрыклад, дэльфіны і кіты валодаюць здольнасцю арыентавацца па адлюстраваным гуку. Гэта дазваляе ім улоўліваць падводныя плыні, ваганні тэмпературы і ціску вады, якія з’яўляюцца прадвеснікамі ўраганаў. Перад набліжэннем буры гэтыя марскія жывёлы імкнуцца пакінуць небяспечную зону і накіроўваюцца да берага ці да глыбокіх водаў у залежнасці ад сваіх памераў.

Іншы прыклад — змеі. Яны адчувальныя да вібрацыі зямлі і змяненняў тэмпературы. Перад паводкай або землятрусам яны становяцца больш актыўнымі і спрабуюць знайсці бяспечнае сховішча. Часам яны могуць выбірацца на паверхню зямлі ці на дрэвы, што выклікае здзіўленне і страх у людзей.

Часта паляўнічыя сабакі пачынаюць хвалявацца перад наступленнем навальніцы раней за сваіх гаспадароў. Гэта звязана з тым, што гэтыя жывёлы чуюць гром на большай адлегласці, чым чалавек, з розніцай у некалькі кіламетраў. Яны таксама адчуваюць вібрацыі зямлі перад землятрусам і цунамі, але гэта складаней зразумець. Калі ваш сабака паводзіць сябе дзіўна, магчыма, ён хоча вас папярэдзіць пра штосьці.

Кошкі таксама могуць чуць і адчуваць тое, што мы не можам. Перад наступленнем буры яны хаваюцца на руках у гаспадара або паводзяць сябе агрэсіўна. Ну і, безумоўна, каровы. Рагулі таксама могуць прадказваць дождж. Яны звычайна кладуцца на зямлю, каб захаваць сухое месца для сябе.

Асаблівую цікавасць выклікаюць пошукі жывёл, здольных прадказваць землятрус. У Кітаі, дзе землятрусы здараюцца часта і з вялікай магнітудай, пошук жывёл-прадвеснікаў вёўся актыўна. Асаблівую ўвагу гэтаму ўдзялялі ў часы Культурнай рэвалюцыі, калі разбуральныя тэндэнцыі суседнічалі з новымі амбітнымі праектамі. Кітайскія навукоўцы праводзілі даследаванні на жывёлах, каб высветліць, ці адчуваюць яны набліжэнне землятрусу загадзя і як рэагуюць на гэта. Яны назіралі за сабакамі, малпамі, курамі, мышамі, насякомымі і чарвякамі ў спадзяванні, што жывёлы дапамогуць папярэдзіць аб будучай пагрозе і выратаваць жыцці. Аднак гэтыя пошукі не ацэньваюць як паспяховыя, і сведчанні аб іх можна знайсці пераважна ў даследаваннях па гісторыі навукі.

У Японіі, Германіі і ЗША таксама займаліся гэтай тэмай. Часта такія даследаванні знаходзіліся на мяжы навукі і забабонаў. Напрыклад, у Японіі быў папулярны міф аб тым, што землятрусы выклікаюцца рухамі гіганцкага падземнага сома. Гэта стала прычынай таго, што марскіх сомікаў выбралі аб’ектам даследавання. Навукоўцы назіралі за паводзінамі рыбы ў акварыумах і ставах. Але аказалася, што рыбы не вельмі надзейныя прадказальнікі землятрусаў.

У Італіі біяхімік Хельмут Трыбутш напісаў кнігу аб тым, як жывёлы ратуюць сябе ад землятрусу. Ён сцвярджаў, што чалавек можа навучыцца гэтаму, калі будзе больш уважлівы да прыроды і свайго цела. У аснове яго гіпотэзы ляжала не адчувальнасць да электрамагнітных палёў, як у больш ранніх даследчыкаў, а адчувальнасць да электрызаванага пылу, які служыць у паветры прадказальнікам падземных штуршкоў. Такую гіпотэзу падказалі расповеды гадзіншчыкаў, якія не маглі злучыць наэлектрызаваныя дэталі перад землятрусам. Выкіды зараджанага пылу перад землятрусамі пацвердзілі. Але кніга Трыбутша была сустрэтая навуковай супольнасцю крытычна, а аўтара дакаралі за фантазіі і містыцызм.

У ЗША некаторыя даследчыкі спрабавалі праверыць гіпотэзы аб сувязі паміж паводзінамі жывёл і землятрусамі ў лабараторных умовах. Яны падвяргалі жывёл стымулам, якія імітуюць прадказальнікі падземных штуршкоў, такім як электрычныя разрады і ўльтрагукавыя хвалі. Але яны не змаглі дабіцца адназначных вынікаў або паўтарыць іх у іншых эксперыментах.

Праца з арганізмамі-прадказальнікамі, асабліва ў такой небяспечнай галіне як сейсмалогія, заставалася складаным і тонкім заняткам. Біялагічны прадвеснік можа даваць як «пропуск прэдыктара», так і «ілжывы сігнал». Даследаванні навукоўцаў даказваюць, што біяметэаролагі і біясейсмолагі могуць памыляцца. Іх не варта за гэта дакараць. Зямныя глыбіні пасылаюць плоймы ілжывых сігналаў і ўмела хаваюць падрыхтоўку падземных бураў.

У другой палове 1980х гадоў навукоўцы пераключыліся з пошуку надзейных жывёл-прадказальнікаў на даследаванне механізмаў таго, як жывёлы і расліны могуць адчуваць перамены ў электрамагнітным полі, наяўнасці электрызаванага пылу і ультрагукавым «надвор’і». Гэта планавалі скарыстаць як біянічны ўзор для распрацоўкі штучных прыбораў, здольных прадказваць землятрусы, паводкі і цунамі.

Паведамленняў у адкрытым навуковым друку небагата. Ідэя магла аказацца складанай для рэалізацыі. Дый дасведчаны паляўнічы ці пастух можа чытаць прыродныя сігналы лепш, дзякуючы сваёй інтуіцыі, чым навуковая лабараторыя.

Алесь СПІЦЫН

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».