Вы тут

Няма даходу — не плаці. Падатак для рамеснікаў будзе іншы


Як вядома, з першых дзён ліпеня селета ўступаюць у сілу асаблівасці падаткаабкладання рамеснай дзейнасці і дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму.


Адна мая знаёмая суседка год таму вырашыла заняцца невялікай уласнай справай. Не, яна таксама спраўна хадзіла на работу, выконвала сваю «норму», атрымлівала заробак. Але цяпер, дадаткова, у выхадныя або пасля работы майстравала свечкі. Менавіта майстравала, таму што гэта былі фігурныя свечкі, кожная са сваім колерам і пахам. Формы, з якіх выліваліся гэтыя свечкі, воск, фарбы і іншыя дробязі яна закупляла праз інтэрнэт. Там жа падгледзела і ідэю. Заставалася толькі ўкласці у воск цяпло сваіх рук, прыдумаць стыльную ўпакоўку і знайсці пакупніка. Усё.

Забыўся, спачатку трэба было зарэгістравацца ў якасці рамесніка і плаціць збор 6 рублёў у месяц. Ужо тады льготнае падаткаабкладанне ўсіх рамеснікаў здалося мне трошкі недарэчным. Яно датычылася майстроў-умельцаў, якія па старадаўніх тэхналогіях рабілі валёнкі, ляпілі свістулькі, плялі кошыкі, варылі свечкі, мыла і шмат што яшчэ. Пад рамесніцтва трапляла практычна ўсё. Яны атрымлівалі прыбытак, з якога ў бюджэт паступалі капейкі. Але не ўсё ж мігдаламі карміць. Так, і ў новай рэдакцыі падаткаабкладання досыць розных ільгот, але яны сталі больш адраснымі, чытай — справядлівымі.

Што змяняецца?

Начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі адзначыў, што сёлета адбыліся істотныя змены ў падатковым заканадаўстве. Яны закранулі даволі шырокае кола людзей, якія вядуць самастойную прафесійную дзейнасць, што не патрабуе рэгістрацыі ў якасці прадпрымальніка.

Для рамеснікаў і фізічных асоб, якія займаюцца дзейнасцю ў сферы аграэкатурызму, з пачатку года праіндэксаваныя сумы ўнёскаў, што яны раней выплачвалі. «Калі летась аплачвалі збор штомесяц у памеры 31 рубель за кожную аграэкасядзібу, то ў бягучым годзе гэтая сума складае 37 рублёў. Што датычыцца рамеснікаў, калі раней быў прынцып штогадовай аплаты збору (і ён складаў 62 рублі ў год), то ў бягучым годзе перайшлі на штомесячную аплату (6 рублёў у месяц).Такое рашэнне было прынята ў сувязі з тым, што сёлета фізічным асобам дадзена права ў любы момант перайсці на падатак на прафесійны даход і маглі ўзнікнуць пытанні з раней выплачанай сумай збору. І тыя сумы, якія плацельшчыкі ўнеслі ў канцы мінулага года (62 рублі), нікуды не зніклі, яны аўтаматычна залічаны падатковым органам на наступныя сумы плацяжоў», — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі.

З 1 ліпеня 2023 года ў сілу ўступаюць дадатковыя змяненні для рамеснікаў і фізічных асоб, якія вядуць дзейнасць у сферы аграэкатурызму. «Падатак на прафесійны даход (ППД) для гэтых дзвюх катэгорый плацельшчыкаў з пазначанай даты становіцца абавязковым для прымянення. Так што плацельшчыкі павінны зарэгістравацца і з 1 ліпеня весці дзейнасць з выплатай ППД», — сказаў прадстаўнік міністэрства.

Новы рэжым

Нагадаем, што з першых дзён бягучага года ўведзены новы рэжым падаткаабкладання — падатак на прафесійны даход. «Ён абсалютна новы для нашай краіны і вельмі цікавы. У ім прадугледжаны даволі выгадныя падатковыя стаўкі. Асноўная стаўка ППД складае 10 % ад атрыманай валавой выручкі. Пры рабоце з фізічнымі асобамі або замежнымі арганізацыямі яна прымяняецца незалежна ад сумы даходу. Пры рабоце з беларускімі арганізацыямі ў межах 60 тысяч рублёў стаўка падатку складае 10 %, звыш гэтай сумы — 20 %», — адзначыў Андрэй Кавалеўскі.

Плюс дадзенай стаўкі падатку ў тым, што яна ўключае ў сябе як падатковы плацеж у бюджэт, так і адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на пенсіённае страхаванне. Гэта значыць, цяпер не патрабуецца дадатковай выплаты ў ФСАН. А для асоб, якія атрымліваюць любы від пенсіі, стаўка падатку памяншаецца да 4 %, паколькі яны вызваленыя ад выплаты ўзносаў у ФСАН. «Гэта вельмі выгадна, паколькі асноўная стаўка падаходнага падатку для звычайнага працоўнага чалавека ў нашай краіне складае 13 %», — адзначыў прадстаўнік МПЗ.

У якасці дадатковых ільгот прадугледжаны падатковы вылік у памеры 2 тысяч рублёў. Гэта тая сума, якая не абкладаецца падаткам. Іншымі словамі, падатковая база памяншаецца на 2 тысячы рублёў. Напрыклад, плацельшчык зарабіў 500 рублёў, адпаведна, падатак выплачваць не спатрэбіцца. Калі ён заробіць суму больш за 2 тысячы рублёў, то з сумы перавышэння ён пачне плаціць падатак на прафесійны даход. Але дадзеная льгота ўжываецца толькі для асоб, якія ўпершыню зарэгістраваліся плацельшчыкамі ППД.

Няма даходу — не плаці

А цяпер разгледзім перавагі новага падатковага рэжыму. На думку Андрэя Кавалеўскага, ён выгадна адрозніваецца ад ранейшых, якія былі заснаваныя на аплаце фіксаваных сум падатку (адзінага падатку, збораў за вядзенне рамеснай дзейнасці і дзейнасці ў сферы аграэкатурызму).

«Калі штомесяц выплачваецца нейкі фіксаваны плацеж, ён абсалютна не залежыць ад памеру атрыманай выручкі. І ўзнікаюць пытанні. Адзіны падатак аплачваўся наперад, і людзі не ведаюць, ці змогуць зарабіць суму, якую ўжо заплацілі. А падатак на прафесійны даход выплачваецца па факце атрымання выручкі па завяршэнні месяца. Гэта значыць, няма даходу — няма абавязку плаціць падатак. Гэта вельмі важна», — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, падатак на прафесійны даход заснаваны на дыстанцыйным узаемадзеянні з падатковымі органамі. Уся працэдура рэгістрацыі ў якасці плацельшчыка, іншыя паведамленні падатковага органа цалкам дыстанцыйныя. Для пачатку прымянення дадзенага падатковага рэжыму трэба спампаваць мабільны дадатак «Прафдаход» альбо выкарыстоўваць яго вэб-версію. «У ім літаральна за пяць хвілін можна стаць на падатковы ўлік, калі раней не знаходзіліся, зарэгістравацца ў якасці плацельшчыка і адразу ж можна весці дзейнасць з аплатай падатку на прафдаход. Абавязак плацельшчыка — у мабільным дадатку адлюстроўваць інфармацыю аб прынятых грашовых сродках, фарміруючы чэкі, якія ў аўтаматычным рэжыме накіроўваюцца ў падатковы орган. Там па завяршэнні месяца апрацоўваюць звесткі і паведамляюць праз праграму аб аплаце сум падатку на прафдаход. Гэта зручны і сучасны спосаб узаемадзеяння плацельшчыка і падатковых органаў», — звярнуў увагу прадстаўнік МПЗ.

Паводле слоў Андрэя Кавалеўскага, сёння на новы падатковы рэжым ужо перайшло больш за 50 тысяч грамадзян, пасля таго як яны ацанілі яго перавагі. У іх ліку не толькі тыя, хто раней выплачваў адзіны падатак. Шэраг індывідуальных прадпрымальнікаў, работа якіх дазваляе выкарыстоўваць падатак на прафесійны даход, спыніў прадпрымальніцкую дзейнасць і скарыстаўся правам прымяняць ППД.

Уся справа ва ўнікальнасці

Андрэй Кавалеўскі дзвюма рукамі за ўвядзенне новага падатковага рэжыму, але... у Падатковым кодэксе прадугледжана выключэнне. «Права аплачваць, як і раней, збор за вядзенне рамеснай дзейнасці і дзейнасці ў сферы аграэкатурызму можа быць дадзена такім плацельшчыкам. Але толькі пры наяўнасці рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. А так яшчэ раз падкрэслю, што асноўны рэжым — гэта падатак на прафесійны даход», — адзначыў прадстаўнік МПЗ. Паводле яго слоў, па выніках першага квартала ўжо каля 2 тысяч рамеснікаў самастойна перайшло на ППД.

Як растлумачыла начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ганна Сахарава, мясцовыя органы ўлады будуць прымаць рашэнне аб захаванні права на аплату збору толькі ў выключных выпадках, у дачыненні да асобных рамеснікаў, якія сапраўды вырабляюць унікальную беларускую прадукцыю. Так, напэўна, і сапраўды больш справядліва.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.