Вы тут

Андрэй Сенькін: «Не магу нават сказаць, што маю ролю мары»


Таленавіты, запатрабаваны і шчаслівы — гэта ўсё пра нашага героя, акцёра тэатра і кіно. Яму верыш на сцэне і ў кадры, а ў жыцці захапляешся яго ўпэўненасцю і харызмай. Аднак, прыгледзеўшыся, разумееш, што тут не проста зоркі правільна сышліся для канкрэтнага чалавека, а такі расклад — вынік шматлікіх выбараў чалавека ў кожным дні. Пра тое, дзякуючы чаму Андрэю Сенькіну ўдаецца дасягаць гармоніі, пра якія ролі ён марыць і чаму не імкнецца нікому нічога даказваць, мы пагаварылі з ім пры сустрэчы.


— Летась выйшлі два фільмы з вашым удзелам. Раскажыце спачатку крыху пра праект «Летам 1941 года».

— Прэм’ера кінастужкі была ў маі мінулага года. Гэта сумесны беларуска-казахскі праект, у якім я сыграў адну з галоўных роляў. Фільм распавядае пра партызанскі атрад, дзе былі казахі і беларусы, што дзейнічаў у Беларусі на пачатку вайны. А ўзначальваў яго казах Адзі Шарыпаў. Ён герой у сябе на радзіме, быў значным чалавекам у многіх абласцях.

— У вашай сям’і дзядуля з бабуляй прайшлі вайну. З якімі пачуццямі вы іграеце ў фільмах ваеннай тэматыкі?

— Калі здымаешся ў карцінах такога напрамку, то заўсёды пранікаешся атмасферай мінулага. Мае дзядуля і бабуля былі ветэранамі вайны. Прайшлі блакаду Ленінграда. Мой прадзед памёр ад голаду ў гэтым горадзе. Мне бацька распавядаў, што дзед пра вайну наогул не хацеў гаварыць. Усё трымаў у сабе, часта плакаў, асабліва на 9 Мая. Дзеду ў пачатку вайны мінамётным асколкам пашкодзіла ногу, пасля аперацыі яна стала карацейшай на 15 сантыметраў. Ён меў інваліднасць. У такім стане пражыў яшчэ пяцьдзясят гадоў. Дзядуля з бабуляй былі вельмі моцныя духам людзі. Працавалі педагогамі. Увесь час былі разам. Нават пайшлі з жыцця ў адным месяцы. Таму, чым больш дарослым я станаўлюся, тым больш усведамляю, што сваю работу ў ваенных карцінах прысвячаю сваім родным. Можна ў самых розных праектах працаваць, але гэтая тэматыка мяне асабліва кранае, паколькі яна мае вялікае значэнне для маёй сям’і.

— Тады давайце пагаворым пра фільм «Полымя пад попелам», які атрымаўся вельмі эмацыянальным і кранальным. Што вас пераканала пагадзіцца на ўдзел у ім?

— Калі рэжысёр Іван Паўлаў патэлефанаваў мне і папрасіў запісаць самапробы, то толькі коратка распавёў, што гэта будзе цікавая гісторыя пра сапёраў-размінёраў, якія займаліся размініраваннем Мінска ў пасляваенны час. І мне трэба было сыграць інструктара. Калі атрымаў сцэнарый, то першае пытанне было: як такое іграць? Бо там настолькі складана ўсё, столькі перыпетый у сюжэце, шмат унутранага зместу ў персанажа. Сеў, усё сабе распісаў падрабязна перад работай, а калі пачаліся здымкі, то гэта ўжо былі прафесійныя прыгоды на цэлае лета. Там што ні сцэна, то пераломны момант у ролі.

— Што было самым складаным у рабоце над гэтай роляй?

— Трэба было зрабіць свайго героя закрытым і разам з тым сыграць так, каб ён заставаўся для гледача жывым чалавекам. Ён увесь час ацэньвае абстаноўку, сітуацыю, у ім адчуваецца пастаянная загадка. І складанасць была якраз у тым, каб захоўваць гэты стан.

— Змаглі вы героя для сябе неяк апраўдаць?

— Я спрабаваў, таму што чалавек аказаўся ў экстрэмальных умовах, гэта гледачы разумеюць у апошняй серыі. Ніколі і нікому не пажадаў бы апынуцца на яго месцы. Ён ваенны чалавек з выпраўкай, але закрыты ад усіх, зашпілены да апошняга гузіка. І пры гэтым адчувае сябе нібы жывы мярцвяк. Мінулае раз’ядае яго знутры. У фільме паказана, як мой герой чапляецца за нечаканае каханне, а пасля яго зноў апаноўваюць страхі, вяртаючы ў жудасную гісторыю ўчарашняга дня.

— Чаму ён забівае дзяўчыну, у якую закахаўся?

— Думаю, таксама з-за страху. Па-першае, ён хацеў застацца жыць. А калі б у той час даведаліся, што ён здзейсніў у ваенны час, то яго пакаралі б. Таму, мабыць, яго страх і жаданне выжыць былі настолькі моцныя, што ён гатовы быў на што заўгодна — толькі б яго не выдалі. Аднак там ёсць сцэна, дзе паказана, як яго ламае ад задуманага. Да апошняга ён вагаецца, ці павінна дзяўчына загінуць. Але яго боязь быць выкрытым настолькі яго паглынула, што ён усё жывое ў сабе забіў. І хоць спрабуе выбрацца з гэтых пут, але нічога ў яго не атрымліваецца.

— Як аднаўляецеся пасля такіх праектаў?

— Пасля гэтай ролі я моцна выгарэў, бо вельмі паглыбіўся ў працэс і быў увесь час у рабоце. Калі скончыліся здымкі і прыйшоў у тэатр, то першы час рэпеціраваў спектаклі на аўтамаце, а думкамі яшчэ быў на здымачнай пляцоўцы. Роля была псіхалагічна складанай, таму спатрэбіўся час, каб прыйсці ў сябе.

— З Іванам Паўлавым вы працавалі разам дзесяць гадоў таму на праекце «Ой, мамачкі». Што адчувалі, сустрэўшыся з рэжысёрам зноў на здымачнай пляцоўцы?

— Для мяне вялікая ўдача працаваць з Іванам Паўлавым. І тады, і цяпер атрымаў каласальнае задавальненне ад сумеснай творчасці. Мне з Іванам Міхайлавічам камфортна працаваць у чалавечым плане. Ён на ўсё глядзіць адкрытымі вачыма, бо захоплены сваёй справай. І калі мы нават нешта ў працэсе абмяркоўвалі, то я адразу адчуваў наша супадзенне ў меркаваннях. Сустрэць чалавека, з якім ты ў рабоце на адной хвалі, — вялікая радасць. У нас атрымаўся такі творчы саюз на даверы.

— Ваша жонка Вераніка таксама актрыса. Скажыце, як ужываюцца дзве творчыя асобы ў адной сям’і?

— Мы абое захоплены працай, якая адбірае шмат часу і паглынае нас. Разумеем, што зараз знаходзімся на піку формы, таму засяроджаемся на галоўным. А дома ўжо стараемся даваць адно аднаму больш паветра, вольнай прасторы. Разам з тым нам важна чуць адно аднаго, разумець. У нас супадаюць погляды не толькі на творчасць, але і на многія іншыя рэчы.

— Што дапамагае вам быць у тонусе прафесійна?

— Перш за ўсё, любоў да сваёй справы. Гэта нават у эмацыянальным плане дае адчуванне бадзёрасці. Ты проста разумееш, што цяпер у добрай форме, таму з задавальненнем робіш тое, чым заняты. Плюс у мяне так у жыцці ўсё выбудавана, што я ўвесь час нешта гляджу, чытаю, каб адкрываць для сябе новае.

— Якія ролі вам яшчэ цікава паспрабаваць?

— Зараз я «ўкамплектаваны» ролямі, таму хочацца нейкі час у гэтым матэрыяле працаваць упэўнена і якасна. Вядома, заўсёды цікава спрабаваць нейкія новыя жанры, вобразы. Не магу нават сказаць, быццам маю ролю мары. Бо, напрыклад, я даўно хацеў сыграць ролю князя Мышкіна. І нядаўна атрымаў яе. Ці вось іграю Алёшу Карамазава. І гэта адна з найлепшых роляў, пра якія можна толькі марыць.

— Дастаеўскі як пісьменнік чым вам падабаецца?

— Ён настолькі тонкі псіхолаг, што працаваць з яго творамі вельмі цікава. Там такія пласты сэнсаў. І з узростам ты больш рацыянальна пачынаеш разумець яго персанажаў. Калі я быў студэнтам, то лічылася класным сыграць па творах Дастаеўскага. А сёння ўжо разумею, што ў такім матэрыяле трэба разбірацца, быць пастаянна ў пошуку. У яго не проста героі, а нібыта пазлы, якія патрэбна сабраць у адзін.

— Ёсць у вашым творчым багажы і вопыт работы ў дзіцячых спектаклях. Цікава вам працягваць у гэтым напрамку?

— У спектаклях для дзяцей я шмат іграў, калі працаваў у Палескім драматычным тэатры ў Пінску. Там ставілі многа казак. І ў перыяд працы ў ТЮГу меў такі вопыт. А ўжо з прыходам у НАТ імя Максіма Горкага быў перапынак з такімі ролямі. Аднак калі ў 2012 годзе Сяргей Міхайлавіч Кавальчык паставіў «Чароўныя кольцы Альманзора», дзе я сыграў Зінзівера, то зноў адчуў задавальненне ад працы для дзіцячай аўдыторыі. Яшчэ праз некалькі гадоў атрымаў ролю Ямелі ў пастаноўцы «Па шчупаковай волі», яе я вельмі люблю. Такія спектаклі заўсёды трымаюць акцёра ў тонусе. І вельмі каштоўна, якую рэакцыю атрымліваеш у зале ад дзяцей.

— А па што сёння дзеці ідуць у тэатр, калі маюць столькі варыянтаў баўлення часу?

— Я думаю, яны прыходзяць, каб адчуць жывы кантакт, магію, эмоцыі, якія ёсць толькі ў тэатры і не знойдзеш ні ў інтэрнэце, ні ў іншым месцы. Чалавеку патрэбен чалавек. Плюс тэатральнае мастацтва развівае гледачоў, робіць нас жывымі. Менавіта тут людзі часам знаходзяць тое, што вяртае ім саміх сябе. Бо добры спектакль заўжды ў чалавеку абуджае штосьці жывое.

— Спектакль «Пясняр» — у чым для вас асаблівая гісторыя?

— Вы задаеце пытанні, і я разумею, што кожнае з іх для мяне пра маё жыццё. Таму што той жа ансамбль «Песняры» — гэта музыка, якая была ў жыцці многіх людзей, у прыватнасці савецкіх. Іх песні слухалі паўсюль. Тое і робіць спектакль такім пазнавальным, цёплым. Калі гледачы чуюць гэтыя песні са сцэны, то некаторыя столькі ўсяго ўспамінаюць, пра што потым расказваюць нам. Я таксама штораз згадваю, як «Песняры» гучалі ў доме маіх бацькоў. У мяне бацька — музыкант, таму ў нас заўсёды былі пласцінкі, і яны дагэтуль захаваліся. І, калі іграеш гэты спектакль, то сам нібыта вяртаешся ў нейкую гісторыю, часткай якой быў. А ўсведамленне, што можаш сваімі эмоцыямі падзяліцца са сцэны, робіць увесь аповед яшчэ больш моцным. І мы ў прынцыпе іграем пра сваё ў гэтай пастаноўцы, паказваем, як шмат нашы выбітныя творчыя асобы падарылі беларусам, нашай культуры.

— У снежні будзе ўжо 15 гадоў, як вы служыце ў Рускім тэатры. За гэты час якія найбольш важныя падзеі з вамі адбыліся?

— Па-першае, я практычна адразу, як прыйшоў сюды працаваць, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Веранікай. Мы былі маладыя, поўныя энергіі і са шматлікімі планамі на жыццё. Па-другое, тут я заўсёды меў магчымасць рэалізоўваць сябе ў рабоце. І ў спектаклях іграў, і ў кіно паспяваў здымацца. Пятнаццаць гадоў жыцця былі насычанымі.

— Скажыце, а як мужчыну змяняе каханне?

— Гэтае пачуццё робіць чалавека паўнавартасным. Яно акрыляе, матывуе, і табе хочацца жыць. А са з’яўленнем сям’і я зразумеў, што цяпер ужо адказны не толькі за сябе, а яшчэ і за каханую жанчыну.

— Вам важна быць у сям’і галоўным?

— Нейкая катэгарычнасць у гэтым пытанні можа прысутнічаць у маладосці, калі хочацца свой характар паказаць. Прадэманстраваць, маўляў, вось гэта я магу зрабіць і тут ад мяне ўсё залежыць. А ўжо з узростам становішся мудрэйшым, і катэгарычнасць знікае.

— У наступным годзе вы адзначыце асабісты юбілей. Ці адчуваюць акцёры ўзроставыя крызісы?

— Я неяк таксама думаў пра гэта, а пасля зразумеў, што не варта шукаць адказаў, у якіх пакуль не маеш патрэбы. Калі б было нешта, то я адчуваў бы гэта. А так у мяне шмат работы, я запатрабаваны, актыўны і ўзрост зусім не адчуваю. Нават мае героі, якіх я ўвасабляю на сцэне, часта маладзейшыя за мяне. І ўвогуле, каб адчуваць сябе маладым, трэба проста любіць жыццё.

— Тады скажыце, дзякуючы чаму вы адчуваеце гармонію і свабоду ў жыцці?

— Магчыма, прагучыць крыху адважна, але найперш дзякуючы самому сабе. Калі чалавек у згодзе з сабой, то ён будзе і ў гармоніі з навакольным светам. Усе праблемы ў людзей пачынаюцца тады, калі не можаш задаваць пытанні сабе і баішся адказаў на іх. А шчыры ўнутраны дыялог дае гармонію. Я разумею, што вельмі многае маю ў жыцці з таго, што люблю і хачу, і менавіта гэта дае мне адчуванне паўнаты, усведамлення, што я па-сапраўднаму шчаслівы.

Бліц-апытанне

1. Альфрэда Хічкока я люблю... — За талент.

2. Найлепшае ўва мне — гэта... — Уменне любіць жыццё і радавацца яму. Я цаню кожнае імгненне і разумею, што пражываю найлепшы час.

3. Сёння я б выправіў ва ўчарашнім дні... — Больш бы займаўся спортам, адсыпаўся і часцей бы сустракаўся з бацькамі.

4. Не ўяўляю свайго жыцця без... — Сваіх родных.

5. Калі давядзецца ўсё пачынаць з пачатку, то... — Я буду больш прыслухоўвацца да сябе.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.