Вы тут

Крэатыўныя, актыўныя, ініцыятыўныя...


Ці хачу і, бадай, самае галоўнае, ці змагу я стаць сапраўдным педагогам? Якія якасці характарызуюць індывідуальнасць настаўніка і якія з іх найбольш важныя для стасункаў з навучэнцамі? Над гэтымі пытаннямі было прапанавана паразважаць удзельнікам навуковага Explorer «Пазнай самога сябе», які арганізаваў Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ сумесна з Асацыяцыяй педагагічных класаў грамадскага аб'яднання «Беларускае педагагічнае таварыства».


«Я хачу быць настаўнікам!» — гэта думка чырвонай ніткай  прайшла праз усё мерапрыемства.

Стала ўжо добрай традыцыяй збіраць у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта навучэнцаў профільных педагагічных класаў.

— Мы заўсёды з нецярплівасцю чакаем сустрэчу і стараемся быць для вас максімальна цікавымі, — падкрэсліла ў сваім уступным слове прарэктар па навуковай рабоце БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандра ПАЗНЯК. — Кожны раз прыдумляем новы фармат. У папярэднія гады гэта былі дзелавая гульня «Суразмоўнік», рэспубліканскі конкурс «Будучыя педагогі — пра школу будучыні», потым фарсайт-форум «Будучыя педагогі — аб тэхналогіях падрыхтоўкі педагогаў», навуковы стэндап «Будучыя педагогі — пра сучасных дзяцей», кейс-марафон на найлепшае педагагічнае рашэнне... І лагічным працягам стаў навуковы Explorer. Гэта фармат, які дазваляе даследаваць і тлумачыць пэўную галіну або якія-небудзь з'явы рэчаіснасці.

Ягор Сочнеў: «Ідэальны настаўнік не забывае  пра пачуццё гумару і крэатыўнасць».

Педагагічныя класы — наша апора, першая прыступка ў падрыхтоўцы педагогаў, таму пошук адораных педагогаў-даследчыкаў распачынаецца яшчэ на гэтым этапе. У рамках праекта мы прапанавалі вам звярнуцца да ўласнага «Я», паглядзець на сябе з пункту погляду адпаведнасці педагагічнай прафесіі і адказаць на пытанне, ці ёсць у вас кампетэнцыі, неабходныя для паспяховай педагагічнай дзейнасці (дыягнастычныя, камунікацыйныя, арганізатарскія, рэфлексіўныя, здольнасці да вырашэння канфліктаў і г. д.), вызначыць найбольш яркія прафесійна-асабовыя якасці, неабходныя сучаснаму педагогу, і намеціць індывідуальную траекторыю свайго далейшага прафесійнага развіцця.

Па словах Аляксандры Пазняк, на конкурс паступіла каля 50 заявак, эксперты правялі вельмі сур'ёзны адбор, і найлепшыя 12 навучэнцаў былі запрошаны ў фінальную частку мерапрыемства. «Асабліва радуе, што сярод фіналістаў ёсць прадстаўнікі з самых розных рэгіёнаў нашай краіны: гэта не толькі сталіца, а гарадскі пасёлак Мір, Пінск, Ліда, Асіповічы, Віцебск, Баранавічы, Падсвільская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна», — заўважыла прарэктар універсітэта.

Між іншым, адборачны тур доўжыўся каля трох месяцаў (ён стартаваў яшчэ ў лютым) і складаўся з некалькіх этапаў. Так, напрыклад, навучэнцы даследавалі ўласныя педагагічныя здольнасці на аснове самастойна адабраных дыягностык і методык. Таксама ім трэба было прадэманстраваць выяўленыя здольнасці падчас педагагічных проб, паказаць, як яны праяўляюцца ў канкрэтных педагагічных сітуацыях. Для гэтага можна было падрыхтаваць і правесці фрагменты ўрокаў, арганізаваць для навучэнцаў малодшых класаў гульню на перапынку, выхаваўчыя мерапрыемствы або змадэляваць сітуацыі педагагічнай дзейнасці з удзелам аднакласнікаў і зняць відэаролік працягласцю ад пяці да сямі хвілін. Як вынік — каля 50 відэаматэрыялаў і карт прафесійнай самапрэзентацыі педкласаўцаў з розных рэгіёнаў краіны былі прадстаўлены ў журы конкурсу і прайшлі экспертную ацэнку.

Паколькі падчас усяго праекта даследаваўся касмічны па маштабах унутраны свет будучых педагогаў, фінал (прафесійнае самавыяўленне) параўналі з выхадам на арбіту, ён прайшоў пад дэвізам «Місія выканальная». Першым выпрабаваннем у гэтым этапе стала прафесійная самапрэзентацыя ўдзельнікаў, на якую адводзілася ўсяго тры хвіліны. У падрыхтаваным дома выступленні ім неабходна было прадставіць сябе з пазіцыі трох «Я»: «Я» ў маім уяўленні (што я даведаўся пра сябе як пра педагога), «Я» ідэальнае (якім я хачу быць педагогам і якія кропкі росту вызначаны мною для гэтага) і «Я» люстраное (што пра мяне думаюць іншыя людзі як пра педагога: настаўнікі, навучэнцы, іх бацькі).

Выступленне кожнага ўдзельніка было ўнікальным, вылучаліся ў кагосьці шчырасцю, у кагосьці — крэатыўнасцю і творчасцю. Былі і выступленні ў вершаванай форме.

«Удзел у праекце, а таксама дыягностыка педагагічных здольнасцяў паказалі, што ў мяне найбольш развітыя камунікатыўныя здольнасці, я ўмею ўпэўнена выказваць свой пункт погляду, выклікаць у суразмоўцы давер, хутка адаптуюся ў незнаёмай абстаноўцы, мяняю тэмы, накіроўваючы размову ў патрэбнае рэчышча. У мяне развіта ўменне слухаць, — паведаміла пра сябе ў самапрэзентацыі вучаніца сярэдняй школы № 17 з Ліды Анастасія Майсяёнак. — Быць настаўнікам для мяне — значыць умець кантактаваць з дзецьмі, глядзець на свет іх вачыма і чуць іх. Маё крэда — «Сэрца аддаю дзецям».

«Я Сочнеў Ягор, навучэнец 10 класа мінскай гімназіі № 18, бязмежна шчаслівы, што ўжо ў хуткім часе стану настаўнікам. Педагог — прафесія асаблівая, яна мае на ўвазе пастаяннае ўзаемадзеянне з людзьмі. Балазе, педагагічная дыягностыка, якую нас папрасілі прайсці, паказала вельмі высокі ўзровень маіх камунікатыўных здольнасцяў. Гэта вельмі важна, бо кожнае слова, якое кажа настаўнік, застаецца ў галаве, магчыма, будучага генія, — расказаў пра сябе яшчэ адзін фіналіст. — Я распрацаваў уласную траекторыю ўзаемадзеяння з дзецьмі і прыкладу ўсе намаганні, каб дзіця зразумела мой прадмет і вынесла з урока штосьці важнае і карыснае. І, канешне, як чалавек, які шчыра гарыць жаданнем стаць педагогам, я хачу авалодаць гэтай прафесіяй ідэальна. А які ён — ідэальны педагог? Такі педагог дасканала ведае свой прадмет, ён усебакова развіты і эрудзіраваны, праяўляе эмпатыю ў адносінах да кожнага дзіцяці. Вядома, не забывае пра пачуццё гумару і крэатыўнасць...»

«Я ўжо вызначылася са сваімі кропкамі росту ў далейшым. Зразумела, што хачу развіваць дыягнастычныя навыкі, навыкі апрацоўкі вялікіх аб'ёмаў інфармацыі і пошуку даных з розных крыніц. Таксама важнае развіццё крытычнага мыслення. Гэта здольнасць дазволіць мне рабіць лагічныя высновы, апрацоўваць складаную інфармацыю, глядзець на розныя сітуацыі з усіх бакоў, — разважала Дар'я Кавалькова, дзесяцікласніца сталічнай сярэдняй школы № 197. — Мне хочацца стаць не проста добрым педагогам, а педагогам-сябрам, які зможа дапамагчы сваім выхаванцам у любой складанай сітуацыі. Хочацца выклікаць давер у сваіх вучняў, бо давер — самая каштоўная і крохкая рэч на свеце, без якой не атрымаецца нічога, і калі вучань не давярае настаўніку, то любая інфармацыя, любыя сказаныя ім словы будуць для дзіцяці пустым гукам».

«Настаўнік — гэта не проста прафесія, а стан душы, лад жыцця. Педагог — гэта асоба, якая знаходзіцца ў гармоніі з сабой і навакольным светам, гэта высокі прафесіяналізм у спалучэнні з талентам стасункаў, — лічыць адзінаццацікласніца асіповіцкай сярэдняй школы № 1 Яніна Окрут. — Любіць дзіця для мяне — значыць любіць яго незалежна ад знешнасці, здольнасцяў і недахопаў. Галоўнае — зрабіць так, каб вучоба не была абавязкам, бо вучыцца можна і з захапленнем. Стаўшы педагогам, я буду імкнуцца да таго, каб кожны поспех дзіцяці быў здабыткам усяго класа. Я хачу бачыць шырока адкрытыя ад здзіўлення дзіцячыя вочы...»

Далей усе фіналісты ў залежнасці ад таго, якія здольнасці ў іх развітыя ў найбольшай ступені, былі падзелены на каманды «Камуніканты», «Арганізатары», «Крэатыўшчыкі» і «Аналітыкі». Яны складалі «Карткі здольнасцяў», пры падтрымцы студэнтаў з клуба «ПРОФіль+» распрацоўвалі рэкамендацыі для будучых педагогаў па развіцці ярка выяўленых педагагічных талентаў. Апошнім выпрабаваннем стала вырашэнне педагагічных сітуацый. Выкананне гэтага задання стала «арыентацыяй на будучыню» для ўдзельнікаў фіналу і дазволіла ім падумаць аб кропках росту. Пры падвядзенні вынікаў журы адзначыла, што ўдзельнікі навуковага Explorer правялі сур'ёзнае псіхолага-педагагічнае даследаванне, у якога ёсць практычныя вынікі. Іх можна выкарыстоўваць на факультатыўных занятках «Уводзіны ў педагагічную прафесію». «Хачу быць настаўнікам!» — гэта думка чырвонай ніткай прайшла праз усё мерапрыемства.

«Я працую ў Мясцовым адукацыйным фондзе «Новая школа», які рэалізоўвае праграму «Настаўнік для Беларусі», займаюся там рэкруцінгам. І я з вялікім задавальненнем назірала за вашымі педагагічнымі пробамі, атрымала неверагоднае задавальненне ад таго, якія вы, — падсумавала вынікі навуковага Explorer адзін з членаў журы, кіраўнік фонду Людміла РЫБЧЫНСКАЯ. — Мне вельмі радасна, што ў нашу прафесію прыходзяць такія крэатыўныя, такія ініцыятыўныя, такія актыўныя маладыя людзі. І я веру, што будучыня педагогікі, нашай адукацыі і нашай краіны ўвогуле ў надзейных маладых руках. Вы даказалі нам, што мы працуем не дарэмна, і вялікі дзякуй тым педагогам, якія ўкладваюць у вас свае сілы...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?