Вы тут

Зарабляць самому — новы навучэнскі трэнд


Не менш як 40 тысяч маладых людзей будуць працаўладкаваны ў 2023 годзе. Аб гэтым журналістам паведаміла начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Дакукіна.


«На гэты напрамак будзе выдзелена крыху больш як Br10 млн. Калі гаварыць аб першым квартале, то ўжо заключаны дагаворы амаль з 400 наймальнікамі і працаўладкаваны больш як чатыры тысячы маладых грамадзян ва ўзросце да 18 гадоў. Вядома ж, на гэтым наша работа не спыняецца», — распавяла Алена Дакукіна.

У краіне на мінулым тыдні адбыўся маладзёжны кірмаш вакансій. «У кожным з рэгіёнаў мерапрыемства прайшло на працягу аднаго дня, а калі гэта буйныя гарады, то на працягу двух дзён. Былі запрошаны маладыя людзі, якія хочуць падпрацаваць летам, а таксама тыя, хто скончыў установу адукацыі і шукае месца для далейшага працаўладкавання. У мінулым годзе для пашырэння магчымасці працаўладкавання маладых грамадзян быў перагледжаны пералік лёгкіх відаў работ. Цяпер ён пашыраны, і хлопцы і дзяўчаты могуць займацца не толькі кур'ерскай дзейнасцю, таксама ім стала даступная мыйка аўтамабіляў», — праінфармавала начальнік упраўлення.

Прадстаўнік Мінпрацы нагадала, што ў канікулярны перыяд падлеткі ва ўзросце 14—16 гадоў могуць працаваць не больш як 4 гадзіны 36 хвілін за суткі, ва ўзросце 16—18 гадоў — не больш як 7 гадзін. «Для працаўладкавання можна звярнуцца ў службу занятасці або ў аддзел адукацыі. Там фарміруецца пералік ахвотных. І ў цесным узаемадзеянні з установамі адукацыі служба занятасці дапамагае школьнікам знайсці рабочае месца», — адзначыла Алена Дакукіна.

Навучэнская моладзь усё больш імкнецца працаваць. Аб гэтым заявіла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віялета Краўцова.

«Апошнія гады паказалі павелічэнне патрэбы навучэнскай моладзі зарабляць уласныя сродкі. Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні з упраўленнямі па адукацыі, Мінгарвыканкамам, аблвыканкамамі прымае меры па пашырэнні практыкі арганізацыі часовай працоўнай занятасці. У 2022 годзе было працаўладкавана больш як 50 тысяч чалавек. Гэта як індывідуальная праца, так і праз часовую працоўную занятасць. З іх больш за 40,2 тысячы — ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў», — расказала Віялета Краўцова.

Паводле яе слоў, адна з запатрабаваных формаў працаўладкавання — студэнцкія атрады. «У 2022 годзе ў складзе 3003 студэнцкіх атрадаў працаўладкавана больш як 43,5 тысячы чалавек. Сярэдняя заработная плата склала Br495 па краіне. Калі гаварыць аб планах на 2023 год, то мы ставім для сябе пэўныя мэты і хочам працаўладкаваць і індывідуальна, і ў складзе студатрадаў амаль 90 тысяч маладых людзей. У цяперашні час у аблвыканкамах ужо прадстаўлены пералік аб'ектаў для працаўладкавання, на працягу года гэты спіс можа пашырацца».

«Перад рэспубліканскім штабам БРСМ стаіць задача працаўладкаваць кожнага маладога чалавека, які гэтага хоча. У 2021 годзе мы працаўладкавалі больш за 34 тысячы чалавек у складзе студэнцкіх атрадаў, па выніках 2022-га змаглі працаўладкаваць амаль 42,5 тысячы чалавек, — расказаў другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў. — Тут важныя не толькі колькасныя паказчыкі, але і якасная работа, таму што студэнцкія атрады — гэта не проста падпрацоўка, а вялікі комплекс грамадзянска-ідэалагічных, выхаваўчых мерапрыемстваў, развіццё карпаратыўнай культуры».

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.