Вы тут

Паэту Уладзіміру Карызну — 85 гадоў


«Неба чыстае і глыбокае,

І бярозавы ціхі гай...

Беларусь мая, сінявокая,

Беларусь мая, родны край...»

Аўтар радкоў песні, якую ведае і пазнае кожны беларус, заўсёды незвычайна дакладна адчуваў мелодыку радкоў.


Гэта, відаць, спадчыннае — бо яго дзядуля па матчынай лініі, каваль, сам рабіў музычныя інструменты і іграў на скрыпцы. На скрыпцы іграў і другі дзед. І бацька паэта, і маці былі музычна адораныя, у хаце ўвесь час гучала музыка, патэфон круціў пласцінкі... Праўда, сам Уладзімір Карызна не змог атрымаць музычную адукацыю: не такое лёгкае было пасляваеннае жыццё... Затое «самастойна засвоіў музычную грамату. Магу напісаць акампанемент, а мелодыю, аркестроўку выконваюць прафесіяналы. Памятаю, як падчас вучобы на трэцім курсе філфака БДУ свой музычны твор паказаў беларускаму кампазітару прафесару Анатолю Багатырову. Уважліва ён паслухаў яго і параіў мне паступаць вучыцца ў кансерваторыю».

Але адукацыю Уладзімір Карызна атрымаў філалагічную, працаваў настаўнікам, потым — у рэдакцыях... Вось сын ужо здзейсніў мару паэта, стаўшы вядомым кампазітарам і неаднойчы паклаўшы словы бацькі на ноты.

«Паэзія падобная на музыку. Яна настолькі тонкая, глыбінная, што не пішацца, а іграецца!.. Яна, зразумела, з'яўляецца цяжка: гэта як ураджай сабраць... І ў той жа час — як на скрыпцы сыграць: не кожны зможа, гэта тонкая праца душы», — сказаў Уладзімір Карызна ў адной з гутарак.

Пра тонкую працу душы, пра неабыякавасць, без якой не напішаш нічога вартага, паэт сцвярджаў:

«Згаджаюся з думкай:

На паплавок

Падобна маё летуценнае сэрца —

Трымціць над карчамі,

Над лёгкай травой,

Дзе рыба халодная

Срэбная ўецца.

Нырае,

Як куля,

У цемру вады,

І леска пад грузам,

Бывае, парвецца.

Ды звяжаш яе,

Зноў закінеш туды...

Вось так і жывецца».

Паэт, які сёння адзначае 85-годдзе, захаваў тую неабыякавасць, тую музыку ў душы. Хоць у дзяцінстве акорды пераважалі трагічныя. Уладзімір Карызна належыць да пакалення дзяцей вайны. Ён нарадзіўся ў вёсачцы Закружка, што за тры кіламетрах ад аграгарадка Крупіца Мінскага раёна. Калі прыйшлі немцы, бацька пайшоў у партызаны, маці засталася з чатырма дзецьмі. Потым таксама з-за сталай небяспекі ўсёй сям'ёй перабраліся ў партызанскі атрад... Уладзіміру было чатыры годзікі. І фашысцкую блакаду ў балотах перажылі, і нястачы. «Памятаю, у дзяцінстве такі быў голад, што хоць апілкі еш, але бацькі цярпліва пераносілі цяжкасці, а мы гэтаму вучыліся ў іх», — успамінаў Уладзімір Карызна.

Пасля вызвалення выпрабаванні не скончыліся: «Вярталіся ў сваю вёску. Бачым — хаты гараць. «І твая, Ніна, хата гарыць», — ашаламіла нас па дарозе суседка. Адступаючы, немцы здзекваліся з мірных людзей, спалілі вёску. Стралялі ў саламяныя стрэхі, якія ад гарачыні і куль палалі. Прыйшлося адбудоўвацца зноў і суседзям дапамагаць: тата быў каваль, сталяр, на ўсе рукі майстар».

Пра той час паэт у 1969 годзе стварыў кранальны і філасофскі верш «Зялёнае шкельца», у якім адлюстраваная і трагічная старонка гісторыі беларускага народа, і здольнасць паэта бачыць свет не так, як усе:

«Пасля вайны

Усёй сям'ёю

Мы ехалі

З лесу дамоў

На возе.

Рыпелі колы —

На мове сваёй

Радаваліся перамозе.

Лета ў голыя спіны пякло,

Чорныя коміны

Вочы калолі...

Мы ведалі,

Наша згарэла сяло

І мы яго болей

не ўбачым ніколі.

Ехалі...

Раптам —

прамень з зямлі,

І з воза

я шуснуў,

Аж маці рванула за лейцы...

Дзіцячыя рукі ўзнялі

Зялёнае шкельца.

Выцер яго,

Да вока прыклаў —

Так яно свет змяніла.

Быццам вясна

Па зямлі прайшла,

Чарнату ўсю змыла...

Колькі прыходзіла

да мяне пасля

Хлопцаў,

Як за патрэбай,

Каб паглядзець,

Якая зялёная зямля

І якое святочнае неба!

Толькі бацька адзін

Не глядзеў.

Тапарышча сціскаў рукамі...

Нам усміхаўся зялёны дзень,

Зялёнае сонца

Ішло над намі...»

Уладзімір Карызна шмат паўтараў, што вучыўся паэзіі ў народнай песні. Ён хадзіў у Крупіцкую школу, адкуль паходзіць ансамбль «Крупіцкія музыкі». «Песня праганяла стому, уздымала дух, ратавала прыгожым зместам. Бацькі і аднавяскоўцы, калі прыходзілася цяжка, гуртам збіраліся і спявалі». А вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Гніламёдаў так заўважае пра дзве грані таленту паэта і яго светаўспрымання: «Адна — здольнасць адчуваць і бачыць супярэчнасці свету, негатыўныя, балючыя з'явы, другая — імкненне да гармоніі, прыгажосці, да ідэальнага боку жыцця». Не дзіва, што менавіта Уладзімір Карызна, з яго тонкім адчуваннем мелодыкі беларускага слова, і выйграў конкурс на тэкст Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

«Сэрцам разумеў, што Дзяржаўны гімн — гэта святое. Гучанне яго надае гонару за сваю краіну, узмацняе ўпэўненасць. Прыняў рашэнне ўдзельнічаць і ўсе іншыя справы адклаў. Перад тым як нешта сваё ствараць, хацелася паслухаць, што прапануюць іншыя ўдзельнікі конкурсу. Скажу шчыра: мяне агарнулі вялікая напружанасць і адказнасць. Разумеў, што Дзяржаўны гімн не проста песня, а самы галоўны музычны твор краіны. За ім стаяць дзяржава, народ. Для напісання такога надзвычай важнага твора патрэбна мець вялікі творчы запас. Вось у такіх развагах і працаваў».

Праца, як успамінае Уладзімір Карызна, ішла нялёгка, бо ўзважвалася, адточвалася кожнае слова... «Як марскія хвалі нястомна шліфуюць прыбярэжныя каменьчыкі, так абкатвалася кожная фраза для больш трапнага выказвання думкі».

Творца безліч разоў казаў пра шчырасць паэзіі... Паэт мусіць раскрываць сябе людзям, як блізкім сябрам. Сапраўды, хіба не падобны на шчырую споведзь вось гэты верш:

«НА ГАНКУ

З мамай сядзім на ганку,

Удваіх.

І болей нікога.

Калі не лічыць восень,

Але яна не гаворыць,

А толькі слухае звонка,

Як мама перапрашае —

Што нам захавала памяць?

Што калісьці гармонік

Мне не купіла.

І гэта тады,

Калі ў хаце

Не начаваў

Хлеб ніколі,

Бо не было і хаты,

А значыць,

І печы цёплай,

Ні стала,

Ні ложка...

А што гаварыць

Пра капейку?!

 

Мама перажывае,

Што пёры з гусей пазычалі,

Чарніла рабілі з сажы,

І, босыя, снег сустракалі...

Мілая, добрая мама,

Гэта зусім не галоўнае!

Я дзякую табе шчыра,

Што ты падарыла мне тое,

Чаго ніколі не купіш,

Але за што сёння маю

Усё, аб чым некалі

марыў...»

«Паэзія — гэта пачуццё, жывое, трапяткое... Для мяне кожны радок — як гарачыя вугалькі, як вочы дзявочыя, якія спаць не даюць...» — сцвярджае Уладзімір Карызна. Нездарма да свайго зборніка «Музыка ў свеце», які выйшаў у 1985 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», ён узяў словы Янкі Купалы «Музыка зычная ў свеце — моўкнуць нягоды напасці... Хочацца думаць, як дзеці, верыць, як дзеці, у шчасце».

Уладзімір Карызна напісаў шмат цудоўных лірычных вершаў, якія сталіся песнямі. Некаторыя з іх успрымаюцца сапраўды народнымі, напрыклад «Салавей спявае», «Паверце, дзеванькі», «Зорачка мая». Дасягнуўшы вядомасці, выдаўшы дзясяткі зборнікаў, пачуўшы свае песні ў выкананні найлепшых спевакоў на найлепшых сцэнах, паэт не страціў здольнасці ўзірацца ў навакольны свет са спагадай і спачуваннем і бачыць тое, што бачаць толькі паэты. Напрыклад, у вершы «Вяртанне на радзіму» лірычны герой ідзе ўвечары каля опернага тэатра і бачыць пілігрыма:

«Дамоў вяртаўся ён.

Ці, можа,

быў занадта цёмны вечар.

Ці што бадзягу

так усхвалявала,

І ён спяшаўся

Да гары Траецкай, —

Я не пазнаў, хто гэта.

Маўкліва,

прайшоў задумны ён.

Ды бліснула маланка —

І я твар Багдановіча

пабачыў:

Па ім сляза кацілася...»

Любоў да роднай зямлі — гэта не поза і не фармальнасць для паэта. Калі ў Крупіцкай сярэдняй школе святкавалі 65 гадоў выпуску, у якім вучыўся Уладзімір Карызна, паэт запісаў для роднай школы і былых аднакласнікаў відэаролік, дзе пералічыў сваіх любімых настаўнікаў, пра якіх не забыўся праз доўгія гады, і прачытаў верш «Вербы маленства», напісаны там, на малой радзіме:

«Мясцін тых павек

не забыцца,

Дзе свецяць маленства

сляды.

З крыніцы чароўнай напіцца

Не раз удалося тады.

Старыя былінныя вербы,

Ля вас яшчэ бацька мой рос.

Я кожнай крывінкай

вам верны,

Бо вы ўскалыхалі мой лёс».

Мы віншуем Уладзіміра Іванавіча Карызну, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, з пачэсным юбілеем, жадаем моцнага здароўя. Няхай яго паэтычныя радкі на крылах музыкі вечна кружляюць над роднай зямлёй, якую паэт так шчыра любіць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.