Вы тут

Асягнуць неабсяжны Стамбул за 5 дзён і перазагрузіцца


Перазагрузка... Дзе знайсці гэтую чароўную кнопку reboot людзям, работа якіх звязана з пастаянным стрэсам і каласальнай эмацыянальнай аддачай? Я заўсёды задаю гэтае пытанне вядомым людзям Беларусі. Самы папулярны адказ — падарожжа. І няважна, куды: па любай Беларусі ці за яе межы. Нават адпачынак на 5 дзён дае магчымасць пераключыцца. Галоўныя ўмовы: абавязковая змена лакацыі, каб звыклае жыццё засталося далёка, і дакладны план дзеянняў, каб дазволіць сабе поўнасцю аддацца новым уражанням. І тады вам становіцца няважна, што за дзень вы праходзіце 20 000 крокаў, бо базавая эмоцыя гэтых дзён — здзіўленне. Вы траціце вельмі шмат сіл і энергіі на пазнанне новага. Але такая ўжо натура чалавека: чым больш ён траціць, тым больш атрымлівае!


Ідэя наведаць Стамбул з’явілася літаральна за некалькі дзён да лютаўскага землятрусу ў Турцыі. Гледзячы, як з кожным днём расце колькасць ахвяр, злавіла сябе на думцы: можа, не зараз? Але душа так прасіла перазагрузкі, што я вырашыла: лячу. «Чаму не ў Еўропу?» — пыталі мяне знаёмыя. «А чаму не ў Азію?» — адказвала я пытаннем на пытанне.

Для наведвання Стамбула вельмі важна правільна выбраць час. Гэта або сярэдзіна вясны, калі ў горад нарэшце прыходзіць сапраўднае цяпло, або сярэдзіна восені, калі спадае бязлітасная летняя спёка. Вельмі важная ў такіх вандроўках і кампанія. Ваш кампаньён павінен падзяляць вашыя інтарэсы, аказваць дапамогу ў арганізацыі падарожжа, быць пазітыўным і мабільным у прыняцці рашэнняў.

Я не з тых людзей, якія падарожнічаюць самастойна. Але гэтым разам я вырашыла выйсці з зоны камфорту, і пры падтрымцы сяброў сама спланавала падарожжа. Аказалася, усё проста! Купляем білет на самалёт, браніруем гатэль, спампоўваем праграму maps. me, карту метро Стамбула — і ў дарогу. Самае галоўнае ў такіх вандраваннях — мець дакладны план дзеянняў.

Дабрацца з аэрапорта ў Стамбул можна без трансферу. У горад ідзе звычайны аўтобус. Аплаціць праезд у ім можна пры дапамозе Istanbul card. Па кошце — як паездка ў грамадскім транспарце. Потым, каб даехаць да гатэля, скарыстацца метро або таксі. Па таксометры ехаць не раю, бо ў Стамбуле вялізныя пробкі. Лепш адразу абгаварыць кошт паездкі з кіроўцам, разняволіцца і пачаць візуальнае знаёмства з горадам.

«Стамбул — горад кантрастаў!» Памятаеце гэтую знакамітую фразу з фільма «Брыльянтавая рука»? Ажыўленыя магістралі з аднаго боку, вузкія брукаваныя вулачкі — з другога. Сучасныя хмарачосы, і побач — напаўразбураныя будынкі. Горад-музей, горад-кірмаш... Колькасць жыхароў мегаполіса — 20 млн чалавек. Вы толькі ўявіце: у адным горадзе жывуць дзве Беларусі!

Выбіраючы гатэль, рэкамендую адштурхоўвацца ад уласных пажаданняў. Для аматараў тусовак падыдзе поўнач еўрапейскай частцы горада. Калі ж вы, як і я, аматар гісторыі, раю спыніцца на поўдні Стамбула. Гэта гістарычная частка горада. У некалькіх хвілінах хады — плошча Султанахмет, Блакітная мячэць, Айя Сафія, Топкапы Сарай, Стамбульскі археалагічны музей, Цыстэрна «Базіліка», Музей ісламскага мастацтва. Непадалёк — вядомы на ўвесь свет «Гранд базар» і мячэць Сулейманія, дзе знаходзяцца мошчы султана Сулеймана і яго каханай жонкі Хюрам. Выходзячы на турыстычныя маршруты, будзьце гатовыя да таго, што вам бясконца і дакучліва будуць прапаноўваць прагулкі па Басфоры, індывідуальныя экскурсіі па горадзе. Паверце, усё гэта вы можаце арганізаваць сабе самі!

Калі плануеце наведаць музеі і палацы, раю набыць электронны ўваходны білет Museum pass. Ён дае магчымасць не толькі сэканоміць, але і без чаргі наведаць каля 13 музеяў горада. Сярод іх — і музей нашага суачынніка, сусветна вядомага паэта Адама Міцкевіча. Дарэчы, Цыстэрна «Базіліка» не ўваходзіць у Museum pass, але, калі ў вас ёсць турэцкі нумар тэлефона, вы можаце спампаваць бясплатны білет і наведаць музей у пэўны час.

У мячэці ўваход бясплатны. Галоўнае пры іх наведванні — не забываць здымаць абутак, а жанчынам мець пры сабе галаўны ўбор. Дарэчы, вядомы на ўвесь свет Сафійскі сабор у Канстанцінопалі, які некалі лічыўся адной з апор хрысціянства, у 2020 годзе пераўтвораны ў мячэць. Цяпер гэта Ая Сафія. Каб увайсці ў яе, давядзецца адстаяць вялікую чаргу, асабліва з раніцы, калі шмат турыстычных груп. Як варыянт, можна прыйсці сюды пасля захаду сонца, людзей будзе значна менш.

На наведванне Археалагічнага музея трэба выдаткаваць некалькі гадзін. Выдатны варыянт культурнага баўлення часу, калі раптам падвяло надвор’е. Экспазіцыя займае некалькі паверхаў і ўражвае багаццем барэльефаў, скульптур, ювелірных упрыгожванняў і прадметаў побыту, якія пераносяць вас у эпоху Старажытнай Грэцыі і Рыма. Палацавая культура займае асаблівае месца ў вывучэнні гісторыі Турцыі. Раю наведаць Палац Топкапы, а затым — Долмабахчэ. Не адмаўляйцеся ад магчымасці адчуць сябе гераіняй серыяла «Цудоўны век»!

Аматараў вышыні і прыгожых відаў на Басфор не пакіне абыякавым наведванне Галацкай вежы. Наверх вас падыме хуткасны ліфт, уніз давядзецца спускацца самім. Нечым нагадвае Мірскі замак. Раю прагуляцца і па Галацкім мосце. Ён мае два ярусы. На ніжнім, каля вады, вы знойдзеце мноства рэстаранаў. Абавязкова паспрабуйце свежую рыбу, прыгатаваную на грылі. На верхнім ярусе можна ўбачыць вялікую колькасць рыбакоў. І як тут не задацца пытаннем: чаму гэтыя людзі ў разгар рабочага дня стаяць на мосце і ловяць рыбу? Непадобна, што гэта іх асноўнае месца работы.

Яшчэ адна адметнасць Стамбула — гандаль. Тут можна купіць усё! Вялікая колькасць крытых і вулічных кірмашоў, розных па плошчы гандлёвых цэнтраў. Асартымент здзіўляе разнастайнасцю. Калі вы любіце спалучаць шопінг і шпацыр на свежым паветры, прагуляйцеся па вуліцы Ісцікляль. Тут ж вы зможаце праехаць на найстарэйшым у свеце падземным фунікулёры «Цюнэль» і наведаць плошчу Таксім. Па абодва бакі вуліцы — крамы, крамы, крамы... На любы густ і кашалёк. Тут можна пракаціцца і на старым чырвоным трамвайчыку.

Яшчэ адно месца для шопінгу — Гранд базар. Хаця для мяне гэта хутчэй мясцовая славутасць. Кошты тут вельмі завышаныя, і варта выйсці за яго межы, як выяўляецца, што той жа тавар каштуе ў 5–6 разоў танней. Але, калі вы любіце таргавацца, не адмаўляйце сабе ў гэтым задавальненні.

Прагулкі па Басфоры карыстаюцца попытам у турыстаў. Праліў асабліва прыгожы ў яснае сонечнае надвор’е. Раю арганізаваць падарожжа самім. Сэканоміце ў разы! Па абодвух берагах Басфора вы знойдзеце велізарную колькасць пірсаў. Выбірайце маршрут на карце — і ў плаванне. Паром — такі ж грамадскі транспарт, як і аўтобусы, трамваі, метро. Праезд можна аплаціць пры дапамозе Istanbul card, а даехаць — куды нашэпча вецер.

У Стамбуле абавязкова знайдзіце ўтульнае кафэ і пакаштуйце сапраўдную турэцкую гарбату з кавалачкам смачнага тварожніка «Себасцьян», а яшчэ — прыміце ўдзел у кававай цырымоніі, якая, дарэчы, уключаная ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

І няхай увесь свет пачакае! Бо ў вас – перазагрузка…

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».