Вы тут

Каб дзень нараджэння запомніўся надоўга


Вашаму дзіцяці хутка пяць, шэсць ці дзесяць гадоў? І вы, канешне ж, у роздумах: як і дзе адзначыць яго чарговы дзень нараджэння? Надакучылі батуты, горкі і клоўны? Хочаце, каб свята было незвычайным і запомнілася надоўга? Пры дапамозе дасведчаных бацькоў мы склалі падборку цікавых ідэй для дзіцячага дня нараджэння.


Ідэя 1. Навуковае шоу

Аляксандра на 9-годдзе сына выбрала менавіта гэты варыянт. І ніколькі не пашкадавала. Кажа, што навуковае шоу — гэта не проста эфектна і відовішчна, а яшчэ і пазнавальна. «Прычым не толькі дзеці, але і мы, іх бацькі, адкрылі для сябе шмат новага. Асабіста мне спадабалася, што сын і яго сябры не проста сядзелі і глядзелі, як аніматар праводзіць доследы з азотам, сухім лёдам і вуглякіслым газам, а былі актыўнымі ўдзельнікамі дзейства, сапраўднымі стваральнікамі цудаў. Для кожнага доследу да стала з прыборамі выклікаліся памочнікі, так што кожнае дзіця паспела адчуць сябе вучоным. На працягу 45 хвілін юныя эксперыментатары кіравалі маланкамі, дакраналіся да агню, вынаходзілі снег, будавалі віхравую пушку, вырошчвалі ледзяныя скульптуры... Усё гэта абсалютна бяспечна і вельмі цікава. Навуковае шоу — выдатнае выйсце са становішча, калі вы, як было ў нашай сітуацыі, вырашылі запрасіць у госці дзяцей рознага ўзросту і не ведаеце, што прыдумаць, каб усім было цікава. Кожны дослед вядучы тлумачыць на ўзроўні, зразумелым дзецям, якія яшчэ не вывучаюць хімію і фізіку». Аляксандра жыве за горадам, таму запрашала навуковае шоу да сябе дадому. Мая ж іншая знаёмая падзялілася, што яе сына аднакласніца запрасіла на дзень нараджэння ў музей навук «Квантум». Там, дарэчы, можна замовіць не толькі навуковае шоу, але і пазнавальна-забаўляльную экскурсію, якую правядзе аніматар. Найбольшай папулярнасцю цяпер карыстаецца новае магічнае Тэсла-шоу, падчас якога можна перамясціцца ў свет фантастыкі: дакрануцца да маланкі, уключыць лямпачку без правадоў і нават убачыць гук ужывую.

Ідэя 2. Квэст у поўнай цемры і не толькі

Год таму мы пісалі пра цэнтр крэатыўных рашэнняў «Нябачны свет», які не так даўно адкрыўся ў Мінску. У ім праводзяцца спатканні, трэнінгі, канцэрты і іншыя мерапрыемствы... у абсалютнай цемры. Аказваецца, цяпер там можна адзначыць і дзіцячы дзень нараджэння. Новы фармат свята складаецца з дзвюх частак: непасрэдна квэсту ў цемры і чаявання ва ўтульным «Італьянскім дворыку». «Да нас прыходзяць не толькі сталічныя школьнікі, але і сем'і з рэгіёнаў, — распавяла кіраўнік праекта Вольга Палашавец. — Карыстаюцца папулярнасцю гульнявыя квэсты «Дэтэктыўнае агенцтва», «Гары Потэр», «Халоднае сэрца». Кожная з гэтых праграм разлічана на 12 чалавек ва ўзросце 8—12 гадоў. На працягу гадзіны дасведчаныя трэнеры даюць заданні, пры выкананні якіх дзецям прыйдзецца задзейнічаць усе свае пачуцці, акрамя зроку. Хлопчыкі і дзяўчынкі не проста гуляюць, але і вучацца канцэнтравацца на пастаўленай задачы, фантазіраваць, развіваць інтуіцыю, слухаць сябе і іншых, эфектыўна ўзаемадзейнічаць.

Апошнім часам квэсты з арыгінальнымі заданнямі і яркімі паваротамі дэтэктыўнага, гістарычнага ці фантастычнага сюжэта сталі папулярным баўленнем часу сярод дзяцей. Некаторыя з іх можна арганізаваць нават на прыродзе. Сутнасць у тым, што паміж удзельнікамі квэсту спачатку размяркоўваюцца ролі, у кожнай з якіх свая сакрэтная місія. У гульні, як правіла, удзельнічаюць прафесійныя акцёры, якія з'яўляюцца ў самы нечаканы момант і падкідваюць дзецям новыя доказы, ідэі і артэфакты.

Сёння знайсці квэст на любы густ не праблема. Іх прапаноўваюць многія ўстановы для сямейнага адпачынку. У прыватнасці, шмат цікавых квэстаў ладзіць цэнтр акіянаграфіі «Адкрыты акіян». Акрамя таго, ёсць цэлы сайт «Свет квэстаў», дзе вялікі выбар закручаных сюжэтаў на любы ўзрост, прычым квэсты праводзяцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых беларускіх гарадах.

Ідэя 3. Стварэнне мультфільма

«Дзень нараджэння — час, калі чакаеш цуду. І ён абавязкова адбудзецца, калі вы зазірняце ў чароўную школу дзіцячай мультыплікацыі «Энфіс», — кажа мама Кацярына. — Мы доўга ламалі галаву, дзе адзначыць свята дачушкі. Яна ў нас дзяўчынка вельмі творчая, любіць ляпіць, маляваць, рабіць аплікацыі. Зусім выпадкова даведаліся, што ў Мінску ёсць месца, дзе дзяцей вучаць ствараць сапраўдныя мультфільмы. Гэта незвычайна, пазнавальна і весела».

У праграму свята ўваходзіць: дэкор памяшкання, забаўляльная праграма з удзелам мультыплікатараў, творчы майстар-клас, падчас якога дзеці пад кіраўніцтвам прафесійнага мультыплікатара ствараюць персанажаў і «ажыўляюць» іх, пакадрава здымаючы сюжэт на сапраўдных мультстанках, малююць двухфазоўкі, самі агучваюць мультфільм. Акрамя таго, знаёмяцца з тэхнікай «стоп моўшэн», з дапамогай якой дасягаюцца вельмі цікавыя эфекты: ператварэнне аднаго дзіцяці ў іншае, палёты, ажыўленне прадметаў мэблі. У канцы майстар-класа манціруецца кароценькі мультфільм, які абавязкова высылаецца бацькам.

На такіх своеасаблівых уводзінах у прафесію мультыплікатара будзе шмат адкрыццяў і здзіўлення. Дзеці ўбачаць, што для стварэння просценькага мульціка трэба нямала часу і намаганняў. Не варта непакоіцца, што гасцям вашага імянінніка надакучыць маляваць і назіраць за пакадравай здымкай мультфільма. Прафесійны вядучы чаргуе актыўныя і творчыя моманты падчас майстар-класа.

Ідэя 4. Кулінарны і іншыя майстар-класы

Сярод творчых майстар-класаў найбольшай папулярнасцю карыстаецца кулінарны. Эмацыянальнае свята, падчас якога дзеці ў фартухах і каўпаках самі гатуюць пачастункі, можна арганізаваць у тым ліку і ў сапраўднай кулінарнай студыі. Дачка маёй прыяцелькі з сяброўкамі, напрыклад, пад кіраўніцтвам прафесійнага кухара рабілі піцу. А потым частавалі ёй сваіх бацькоў. Акрамя піцы, можна прыгатаваць сушы і салодкія ролы, шакаладныя бісквіты на палачцы і іншае. Гэты фармат свята не толькі смачны, але і вельмі фотагенічны. Дарэчы, падобная ідэя апошнім часам карыстаецца папулярнасцю і сярод дарослых.

Выбар творчых майстар-класаў, у прыватнасці ў адным са сталічных сямейных цэнтраў, вельмі вялікі. Найбольш арыгінальнымі падаліся роспіс футболак і сумак-шопераў, лепка з цукровай мастыкі, мылаварэнне і выраб гелевых свечак, маляванне пяском з бутэлькі, слаймы сваімі рукамі, дэкор у тэхніцы дэкупаж, выраб «лаўцоў сноў», вінтажны роспіс посуду. Прынамсі я хацела б, калі сын крыху падрасце, зладзіць яго дзень нараджэння ў ганчарнай майстэрні. Мае знаёмыя вадзілі на падобны майстар-клас за ганчарным колам сябровак сваёй дачкі. Усе засталіся ў захапленні. Творчыя майстар-класы цікавыя яшчэ і тым, што на памяць кожнаму госцю застаюцца сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі.

Ідэя 5. Запрасіце тэатр да сябе

Нядаўна я была на дні нараджэння ў сваёй хрэсніцы. Яе бацькі замест больш звыклых аніматараў запрасілі на свята... сапраўдны мабільны тэатр. Сямейная пара ставіла на імправізаванай сцэне спектакль «Церамок». Ён аказаўся вельмі інтэрактыўным, таму дзеці былі не проста гледачамі, а і непасрэднымі ўдзельнікамі казачнай гісторыі. Думаю, у кожным горадзе знойдуцца падобныя самадзейныя артысты, якія з задавальненнем прынясуць казку на дзень нараджэння вашага малога.

Ідэя 6. Вечарына ў фотастудыі

Больш падыходзіць для дзяўчынак-падлеткаў, якія любяць пазіраваць і мяняць вобразы. Збярыце некалькі сябровак з разнастайнымі ўборамі, прывядзіце ў прафесійную фотастудыю, няхай пагуляюць у фотамадэляў. Фотавечарыну, як правіла, праводзяць вядучая, візажыст-цырульнік і фатограф.

Ідэя 7. Бяспройгрышная: усё прыдумаць і зрабіць самім

Калі ў вас, мамы і таты, ёсць арганізатарскія здольнасці і крыху вольнага часу, вы, безумоўна, справіцеся лепш за ўсіх. Бо менавіта вы, як ніхто, ведаеце, што падабаецца вашаму дзіцяці і выкліча ў яго найбольшае захапленне. Як варыянт, можна распрацаваць сцэнарый ці той жа квэст па матывах яго любімай кнігі ці камп'ютарнай гульні. Ідэі для афармлення пакоя, упрыгажэння стала, рэцэпты дзіцячых святочных страў, гульні, конкурсы можна пашукаць у інтэрнэце і адаптаваць пад сябе.

Дарэчы, калі вы святкуеце дзень нараджэння дома і ў вас няма магчымасці запрасіць навуковае шоу, можна прыўнесці ў сваё свята асобныя яго элементы. Шмат падказак знойдзеце ў інтэрнэце, увёўшы ў пошук «простыя эксперыменты для дзяцей». Напрыклад, мы з сынам рабілі дослед «Як незвычайным чынам надзьмуць шарык». Насыпалі ў паветраны шарык дзве чайныя лыжкі соды. У пластыкавую бутэльку акуратна налілі 3 сталовыя лыжкі воцату. Затым нацягнулі шарык з содай на гарлавіну бутэлькі і высыпалі соду ў воцат. Шарык пачаў паступова надзімацца. (Пры змешванні соды і воцату ўзнікае хімічная рэакцыя, у выніку якой выдзяляецца вуглякіслы газ. Яго становіцца ўсё больш і больш, ён не можа змясціцца ў бутэльцы і выходзіць з яе, трапляючы ў шарык.)

Цудоўная ідэя адсвяткаваць дзень нараджэння на прыродзе. А яшчэ лепш — пайсці ў паход з начлегам, асабліва калі вы сябруеце сем'ямі. Там дзецям можна павучыцца пры дапамозе бацькоў распальваць вогнішча, смажыць сасіскі на палачцы, вудзіць рыбу, раскладваць палатку...

Ну а завяршыць святкаванне можна вясёлай мексіканскай традыцыяй. Для гэтага трэба купіць альбо зрабіць сваімі рукамі з пап'е-машэ піньяту. Гэта вялікая полая цацка, якую напаўняюць цукеркамі, дробнымі падаруначкамі, серпанцінам і канфеці. Піньяту звычайна падвешваюць на галіну дрэва, і дзеці па чарзе спрабуюць разбіць цацку палкай. Фігурка можа быць любой формы, чым ярчэй, тым лепш. У інтэрнэце шмат майстар-класаў па вырабе такой цацкі і відэа з пакрокавымі фотаінструкцыямі. Складана? Але ж дзіцячы дзень нараджэння гэтага варты!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.