Вы тут

ProfSkіlls Belarus 2023: новыя «зоркі»


Клеявы пісталет, шурупавёрт з насадкамі для свідравання і закручвання, кусачкі, абцугі, круглагубцы, свечка, запальнічка, стэплер са скабой, клеявыя стрыжні, секатар, харчовая плёнка... Як вы думаеце, прадстаўнікі якой прафесіі карыстаюцца такім наборам інструментаў? Не марнуйце час у пошуках адказу, таму што усё роўна «трапіце ў малако». Гэта звычайны набор інструментаў для... фларыстаў. Менавіта так: Рэспубліканскі конкурс ProfSkіlls Belarus 2023 даў адказы на многія пытанні і стаў сапраўдным гідам у свет сучасных прафесій. На два дні Футбольны манеж у сталіцы пераўтварыўся ў магутную прафарыентацыйную пляцоўку, якую наведалі тысячы школьнікаў.


«Можна любавацца, рукамі не чапаць...»

— У 2014 годзе мы перафарматавалі нашы конкурсы прафесійнага майстэрства з улікам міжнароднага вопыту і найлепшых сусветных практык. Час паказаў, што конкурс прыносіць карысць па шэрагу напрамкаў. Самае галоўнае — у яго вельмі магутны прафарыентацыйны складнік, — падкрэслівае рэктар Рэспубліканскагага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі. — Конкурс пастаянна прырастае новымі кампетэнцыямі, і ў адным месцы ўсім ужо становіцца цесна. Таму ў гэтым годзе мы выкарысталі размеркаваны фармат: 42 кампетэнцыі прадстаўлены ў Футбольным манежы, а сем — на іншых пляцоўках. Так, напрыклад, спаборніцтвы ў кампетэнцыі «Інфармацыйныя кабельныя сеткі» праходзяць на базе Беларускай акадэміі сувязі, кампетэнцыя «Кузаўны рамонт» — у філіяле РІПА «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж». На базе цэнтра кампетэнцый Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, у якім мы нядаўна адкрылі новую лабараторыю, абсталяваную сучасным абсталяваннем, спаборнічаюць канкурсанты па кампетэнцыях «Такарныя работы» і «Фрэзерныя работы». А Слуцкі дзяржаўны каледж прымае кампетэнцыі «Кулінарнае мастацтва», «Рэстаранны сэрвіс» і «Хлебапячэнне».

«Можна любавацца, рукамі не чапаць. Адцягваць увагу ўдзельніка забаронена» — такія фразы на імправізаваных «шыльдах » сустракалі гасцей на конкурснай пляцоўцы, дзе стваралі сапраўдную прыгажосць фларысты. У 2018 годзе гэта кампетэнцыя была на трэцім рэспубліканскім чэмпіянаце прафесійнага майстэрства дэбютантам. І тады канкурсантаў, а гэта могуць быць толькі маладыя людзі ва ўзросце да 22 гадоў, збіралі літаральна па «крупінках» па ўсёй краіне. Прафесійная фларыстыка была даволі маладой сферай. У дзяржаўных установах адукацыі фларыстаў не рыхтавалі. Гэтым займаліся пераважна прыватныя школы і курсы або практыкавалася індывідуальнае навучанне. Але, нарэшце, у бягучым годзе ў Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. Кедышкі распачнецца падрыхтоўка фларыстаў. Набіраць на гэты кірунак будуць як на ўзровень прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асноўныя арганізацыі — заказчыкі кадраў — Мінскі парнікова-цяплічны камбінат, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і «Ружа.Бел».

Хлопцы ў фларыстыцы — нарасхват

— Нацыянальны чэмпіянат для нас — гэта яшчэ і магчымасць папулярызаваць фларыстыку сярод моладзі, — падкрэслівае галоўны эксперт у кампетэнцыі, кіраўнік Мінскай школы фларыстыкі Раман Федаровіч. — На гэту прафесію зараз вялікі попыт, паўсюдна патрабуюцца кампетэнтныя спецыялісты. Фларыст — гэта гісторыя не толькі пра звычайны букет у прыгожай упакоўцы, які мы бачым у краме. Сёння запатрабаванае дэкаратыўнае кветкавае афармленне розных памяшканняў, сацыяльных і культурных мерапрыемстваў, прэзентацый, вяселляў, фармальных і нефармальных сустрэч.

Але хоць фларыстыка і лічыцца творчасцю, гэта яшчэ цяжкая фізічная праца: кветкі захоўваюцца ў халадзільніку, а гэта пастаянны холад, плюс тэхніку трэба мыць, могуць быць праблемы з запясцямі і скурай... Дзяўчаты не пырхаюць як матылькі вакол кветак, як можна падумаць, а цягаюць іх на сабе. Фларыстыка — гэта рамяство, якое патрабуе ведання раслін, батанічных і небатанічных матэрыялаў і аксесуараў, прынцыпаў і элементаў дызайну кампазіцыі, мастацкіх ведаў, колеразнаўства. Аднаго толькі валодання тэхнікай складання букета фларысту недастаткова. Для спецыяліста вельмі важныя навыкі работы з кліентам, якому ён можа даць экспертную параду, таксама важнае ўменне працаваць у вялікай камандзе на маштабных праектах. Каб стаць эксклюзіўным майстрам, трэба мець густ, уласныя ідэі, увесь час удасканальвацца, у кожную сваю работу ўкладваць не толькі прафесійныя навыкі, але і сэрца і душу.

Падчас конкурсу было прадугледжана шэсць заданняў. Згодна з умовамі спаборніцтваў, усім канкурсантам былі прапанаваныя аднолькавыя расліны, інструменты, расходныя матэрыялы, спецыяльныя каркасы і прыстасаванні. Толькі вынікі атрымаліся ва ўсіх розныя. На конкурсе можна было пабачыць сапраўдныя аўтарскія работы.

— Было б занадта проста, калі б мы далі заданне канкурсантам проста зрабіць вясельны букет, — усміхаецца Раман Федаровіч. — Ім трэба стварыць аксесуар у выглядзе букета-кроплі на порт-ручцы з абавязковым выкарыстаннем гірлянднай тэхнікі. Такі букет выглядае цікава і незвычайна. Таксама канкурсанты працуюць над крэатыўным букетам, кампазіцыяй з інтэграцыяй гаршковых раслін і гэтак далей.Цікавімся, чаму сярод канкурсантаў толькі дзяўчаты.

— У нашай краіне так склалася, што ва ўяўленні многіх фларыст — жаночая прафесія. Хоць у Еўропе і Азіі мужчыны дамінуюць у гэтай прафесіі, — канстатуе Раман Федаровіч. — У міжнародных конкурсах таксама пераважаюць менавіта прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. У нашай школе сярод навучэнцаў на дзесяць дзяўчат прыпадае толькі адзін хлопец. Заўважу, што мужчыны ў нашай прафесіі цэняцца вельмі высока. Яны яшчэ не паспяваюць завяршыць навучанне, як іх запрашаюць на працу. Таму, калі хтосьці з хлопцаў сумняваецца ў сваім выбары ці саромеецца яго, не сумнявайцеся — смела прыходзьце ў фларыстычны дызайн.

Будаўнічыя нюансы

Яшчэ адна кампетэнцыя, якая спачатку з’явілася на рэспубліканскім чэмпіянаце рабочых прафесій, а толькі потым у навучальных установах краіны — «Сухое будаўніцтва».

— Яна прысутнічае на конкурсе з 2014 года. І паралельна з правядзеннем конкурсаў адбывалася «легітымізацыя» прафесіі мантажнік каркасна-абшыўных канструкцый. Такія работы на будаўнічых аб’ектах раней выконвалі цесляры, тынкоўшчыкі, сантэхнікі, а спецыялізацыі не было, — тлумачыць галоўны эксперт у кампетэнцыі «Сухое будаўніцтва, тынковачныя работы» Аляксандр Іўчанка. — Удзел у конкурсе, вялікая колькасць зваротаў аб неабходнасці ўвядзення гэтай прафесіі прынеслі свой плён. І ў 2018 годзе ў першых трох навучальных установах краіны з’явілася новая спецыяльнасць. У бягучым навучальным годзе такіх устаноў ужо шэсць. Мы — яскравы прыклад супрацоўніцтва бізнесу (як заказчыкаў кадраў) і сістэмы адукацыі. Чэмпіянат спрыяў папулярызацыі новай прафесіі.

Аляксандр Іўчанка: «Мы — яскравы прыклад супрацоўніцтва бізнесу і сістэмы адукацыі»

Між іншым, сухое будаўніцтва не стаіць на месцы. Пашыраецца рэнавацыя жылля. Можна прыгадаць фільм «Дзяўчаты», у якім галоўная гераіня пералічвае, колькі страў можна прыгатаваць са звычайнай бульбы. Дык вось і мы можам расказваць бясконца пра ўсе нашы нюансы. Большая частка сучасных унутраных работ выконваецца з выкарыстаннем гіпсакардонных сістэм, якія маюць на ўвазе стварэнне металічных каркасаў (яны могуць быць вельмі складаныя, з адтулінамі для дзвярэй і вокнаў) і ўстаноўку гіпсакардону. Гіпсакардон можа быць самых розных відаў: устойлівы да вільгаці, вогнетрывалы, ударатрывалы, устойлівы да вільгаці і да высокіх тэмператур адначасова, гукаілязацыйны, рэнтгенаахоўны і гэтак далей. Усё залежыць ад мэт памяшканняў, у якіх гэты матэрыял выкарыстоўваецца.

У нашых канкурсантаў было чатыры заданні. Першы модуль — тэарэтычны — навінка гэтага чэмпіянату. Хлопцам трэба было адказаць на 50 пытанняў у выглядзе тэста па сухім будаўніцтве і тынковачных работах. Другі модуль — зборка канструкцыі з выкарыстаннем ліставых матэрыялаў і металічных профіляў. Трэці — тынковачныя работы з дапамогай арміравальных стужак. І апошні модуль — устаноўка дэкаратыўных элементаў (гіпсавых молдынгаў).

Сапраўдны найвышэйшы пілатаж у сваёй прафесіі трэба было праявіць канкурсантам у кампетэнцыі «Цагляная кладка».

— Конкурснае заданне ўяўляе сабой канструкцыю з керамічнай двухколернай цэглы з графічнай канфігурацыяй акружнасцяў, — тлумачыць галоўны эксперт Уладзімір Дудараў. —. Модуль складаецца з трох акружнасцяў, у цэнтры знаходзіцца арнамент у выглядзе валошкі. Акружнасці — гэта найскладанейшы элемент дэкаратыўнай кладкі. Прычым адзін з кругоў выкладаецца парэбрыкам, гэта значыць, што цэгла выкладаецца пад вуглом да паверхні сцяны. Каб выканаць конкурснае заданне, трэба было спачатку ўсё расчарціць, а для гэтага патрабуецца веданне чарчэння і начартальнай геаметрыі, трэба валодаць фігурнай рэзкай на станку, тэхналогіямі выканання элементаў дэкаратыўнай кладкі, якая ўключае геаметрычныя формы, лічбавыя знакі і надпісы з літар. Канкурсанты выконваюць складаныя элементы ўжо шостага разраду, хоць на выхадзе з установы адукацыі звычайна прысвойваецца трэці ці чацвёрты разрад. Мы будзем потым правяраць усе градусы электронным прыборам, бо ўсе элементы павінны выконвацца з дакладнасцю аж да міліметра. Поўны час выканання задання —13 гадзін

«Доктар» для вашага аўто

Усе, у каго ёсць аўтамабіль, ведаюць, што знайсці «свайго» аўтамеханіка не менш важна і складана, чым знайсці «свайго» стаматолага або цырульніка. Невыпакова побач з конкурснай пляцоўкай кампетэнцыі «Аўтамабільныя тэхналогіі» ўвесь час было шматлюдна. Усім цікава, ці «рэанімуюць» аўтамабіль канкурсанты?

— Калі аўтаслесар выконвае выключна механічную работу, рамонт механічнай часткі аўтамабіля, то аўтамеханік — яшчэ і кантрольна-дыягнастычную, ён ведае і электрыку. Аўтамеханік — гэта рабочы з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, — тлумачыць галоўны эксперт у гэтай кампетэнцыі Алег Царук. — Хлопцы, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, павінны ўмець устанавіць няспраўнасці ў электрычнай частцы аўтамабіля (няспраўнасці ўнесены ў сістэму пуску і ў сістэму кіравання рухавіка). Два модулі прысвечаны электраабсталяванню аўтамабіля: на адным няспраўнасці ўнесены ў сістэмы асвятлення (унутранага і вонкавага), а таксама ў сістэму гукавой і светлавой сігналізацыі. На другім аўтамабілі няспраўнасці закладзены ў сістэме камфорту, шклопад’ёмнікаў і цэнтральнага замка. Асобны модуль — электрамабіль, які не запускаецца, трэба знайсці няспраўнасці і ўстараніць. Яшчэ два модулі прысвечаны механічнай частцы: гэта разборка і зборка рухавіка і яго дэфектоўка з запаўненнем пратаколаў вымярэнняў. На выкананне кожнага модуля даецца 90 хвілін. Галоўным партнёрам выступіла прадпрыемства «БелДЖЫ», якое прадставіла нам свае аўтамабілі.

У рамках V Рэспубліканскага конкурсу былі таксама арганізаваны конкурсныя мерапрыемствы для асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя па сямі кампетэнцыях Іnclusіon Skіlls: «Тэхналогія моды», «Вэб-дызайн і распрацоўка», «Графічны дызайн», «Сістэмнае адміністраванне», «Малярныя і дэкаратыўныя работы», «Агароднінавод», «Рабочы зялёнага будаўніцтва». Беларускай сістэмай адукацыі ўзяты курс на інклюзію, і кола прафесій для гэтай катэгорыі навучэнцаў працягвае пашырацца. Для хлопцаў і дзяўчат, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, гэта быў бясцэнны досвед і магчымасць даказаць, што яны ні ў чым не саступаюць сваім равеснікам «без асаблівасцяў».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.