Вы тут

Новая траекторыя стварае пераемнасць паміж рознымі ступенямі адукацыі


Міністр адукацыі Андрэй Іванец — самы малады доктар хімічных навук у нашай краіне: гэтую вучоную ступень ён атрымаў, калі яму было 33 гады. А ў 35 стаў галоўным вучоным сакратаром Нацыянальнай акадэміі навук, потым быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. На момант прызначэння на пасаду міністра адукацыі Андрэю Іванцу было ўсяго 37 гадоў. Многіх, безумоўна, цікавіць, а якую ж адукацыю атрымаў цяперашні кіраўнік ведамства?


— Калі ў мяне пра гэта пытаюцца, з гонарам кажу, што я — выпускнік хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і профільнага хімічнага класа Ліцэя БДУ, — расказаў Андрэй Іванец цяперашнім ліцэістам падчас сустрэчы ў рамках Фестывалю факультэтаў, арганізаванага ў БДУ. — З часоў маёй вучобы ў ліцэі прайшло ўжо больш за дваццаць гадоў. Гэта былі крыху іншыя часы, мы не сустракаліся ні з кіраўніцтвам універсітэта, ні тым больш з міністрам адукацыі, у нас не было фестываляў факультэтаў, і ўмовы, у якіх мы вучыліся, не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, што маеце сёння вы. Напрыклад, на стадыён мы хадзілі ў суседнюю школу, бо свайго не было. Але ў нас панаваў асаблівы ліцэйскі дух, мы адчувалі сябе часткай адной вялікай каманды. І калі я заканчваў вучобу, у нас ніхто не пытаўся, дзе мы хацелі б навучацца, таму што адказ быў відавочны: кожны з маіх аднакласнікаў марыў паступіць у БДУ. Выбар на карысць любой іншай ВНУ разглядаўся як нешта надзвычайнае. І толькі адзін чалавек з нашага класа пайшоў навучацца не ў Белдзяржуніверсітэт, а ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. І адбылося гэта толькі таму, што яму не хапіла ўпэўненасці ў сваіх сілах пры паступленні. Але і ў яго кар'ера склалася паспяхова. Сёння ён ужо кандыдат навук, узначальвае ў БДТУ навуковую лабараторыю.

У мяне як міністра таксама часта пытаюцца аб прызнанні ці непрызнанні нашых дыпломаў за мяжой. Скажу так: я не бачыў ніводнага вучонага з нашай краіны, які прыехаў бы працаваць за мяжу ў навуковы цэнтр і ў якога папрасілі б паказаць дыплом або яго пацвердзіць. Таму што калі з Беларусі прыязджае вучоны, гэта значыць, што ў яго найвышэйшы ўзровень падрыхтоўкі і прафесіяналізму.

Сустрэча ліцэістаў з міністрам адукацыі і рэктарам БДУ была арганізавана, каб пазнаёміць патэнцыяльных абітурыентаў з новымі магчымасцямі, якія адкрыліся для іх сёлета. Так, выпускнікі трох устаноў адукацыі (Ліцэя БДУ, Ліцэя Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта) змогуць стаць студэнтамі гэтых ВНУ без здачы экзаменаў. Такая прывілея распаўсюджваецца на тых, хто мае ў дакуменце аб адукацыі адзнакі не ніжэй за «9» балаў па вучэбных прадметах, што адпавядаюць прадметам профільных іспытаў, і адзнакі не ніжэй за «8» балаў па ўсіх астатніх вучэбных прадметах.

Між іншым, дадзеным крытэрыям адпавядае больш за 70 працэнтаў выпускнікоў Ліцэя БДУ бягучага года — 195 чалавек з 252. На думку дырэктара навучальнай установы Ганны Чубаравай, магчымасць стаць студэнтамі Белдзяржуніверсітэта без праходжання дадатковых выпрабаванняў, якая з'явілася ў паспяховых ліцэістаў, — надзвычай важная. Яна стварае пераемнасць паміж агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Унікальнасць гэтай магчымасці заключаецца ў тым, што ліцэісты ўжо з 10-га класа займаюцца па напрамках тых спецыяльнасцяў, якія яны абралі (гаворка ідзе аб прафілізацыі). У ліцэі з імі працуюць выкладчыкі той жа ўстановы вышэйшай адукацыі, у якую яны пойдуць вучыцца пасля заканчэння ліцэя. Гэта матываваныя дзеці, у якіх зацікаўленыя ў ВНУ.

У папярэднія гады працэнт выпускнікоў Ліцэя БДУ, якія паступалі менавіта ў свой універсітэт, вагаўся ад 40-50 да 70-80 працэнтаў. Выпускнікі біялагічнага профілю часта нацэленыя на атрыманне вышэйшай медыцынскай адукацыі і паступаюць у медыцынскія ўніверсітэты краіны. І гэта нармальна...

Але вось, напрыклад, навучэнка 11-га класа біялагічнага профілю Ліцэя БДУ Паліна Жабінская плануе паступаць без экзаменаў сёлета на біяфак на спецыяльнасць «біятэхналогіі». «У мяне сярэдні бал атэстата — 9,5. Я лічу, што ліцэісты заслугоўваюць права без іспытаў паступаць у БДУ, бо мы ўклалі вельмі шмат сіл у тое, каб паступіць у ліцэй, і на вучобу тут. Таму, лічу, усё справядліва», — разважае дзяўчына.

Выпускнік 11-га класа фізічнага профілю Ліцэя БДУ Арсеній Канапелька прызнаўся, што калі паступаў у ліцэй, думаў над тым, у які ўніверсітэт пойдзе вучыцца далей. Разглядаў розныя варыянты. Але цяпер, калі з'явілася магчымасць паступаць без экзаменаў у БДУ, ён абавязкова ёю скарыстаецца і пойдзе вучыцца на фізічны факультэт. «У мяне сярэдні бал 9,8. Але ўсё роўна новая траекторыя значна спрашчае маё паступленне і зніжае напружанне і хваляванне. Мы ўжо ведаем, што для нас дакладна ёсць месца на першым курсе», — падкрэсліў малады чалавек.

Яго аднакласніца Маргарыта Кітаева таксама будзе паступаць па льготнай траекторыі, але дзяўчына стаіць перад выбарам: пайсці на фізічны факультэт або на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. «Дадзеная нам магчымасць паступаць у БДУ без іспытаў — вельмі зручны варыянт. Але я, як заўсёды, падстрахуюся і буду здаваць ЦТ на ўсялякі выпадак, а далей буду глядзець і выбіраць», — падзялілася сваімі планамі дзяўчына.

— Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — найстарэйшы класічны ўніверсітэт у нашай краіне, які складае аснову дзяржаўнай ідэнтычнасці беларускага народа. У яго больш чым стогадовую гісторыю ўпісана шмат імёнаў славутых вучоных, заснавальнікаў навуковых школ, даследчыкаў беларускай культуры. Былі розныя часы, рознае адчуванне часу, але каштоўнасці застаюцца нязменнымі. Ліцэй БДУ — гэта частка вялікай карпарацыі, і вам пашанцавала апынуцца ўнутры адной вялікай сям'і. Вельмі каштоўна быць членам унікальнай супольнасці, — звярнуўся да ліцэістаў рэктар універсітэта Андрэй Кароль. — Жыццё вельмі імкліва цячэ, паскарэнне адбываецца літаральна ва ўсім, што нас акружае. І ўсё больш складана спыніцца і задаць сабе крытычныя пытанні: а што мне трэба ў жыцці, а для чаго я тут? Усё больш складана размаўляць з самім сабой.

Я глыбока перакананы, што ваша навучанне ў ліцэі не выпадковасць. І на парозе вызначэння далейшага свайго жыццёвага шляху адкажыце сабе сумленна на пытанні, што трэба мне тут, цяпер і ў будучыні. Я не вельмі люблю разважанні пра поспех. Упэўнены, што ў кожнага ў гэтай аўдыторыі ёсць сваё яго бачанне. Хачу пажадаць усім ліцэістам рэалізаваць сваю жыццёвую місію і пражыць жыццё як лёс. Зрабіце правільны выбар і адкажыце правільна на сваё пытанне, таму што ад гэтага будзе залежаць ваша будучыня і ваш поспех.

Андрэй Кароль адзначыў, што новая льготная траекторыя паступлення ў ВНУ для ліцэістаў — гэта выдатная магчымасць, якая дазваляе працаваць з матываванымі абітурыентамі для таго, каб ва ўніверсітэце вучыліся перш за ўсё тыя, хто хоча гэтага, звёўшы да мінімуму колькасць тых, хто зрабіў свой выбар неўсвядомлена, напрыклад, па парадзе бацькоў. Вынік пілотнага праекта, які датычыцца асаблівых умоў для паступлення навучэнцаў трох універсітэцкіх ліцэяў у адпаведныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, мы ўбачым праз некаторы час. Але рэктар БДУ вельмі аптымістычна настроены ў гэтым плане...

«Будзьце ўпэўненыя, што, выбраўшы шлях навучання ў Белдзяржуніверсітэце, вы не памыліцеся. Удачы, поспехаў і беражыце той багаж ведаў, які ў вас ёсць, для таго каб яго раскрыць па-сапраўднаму на карысць не толькі сабе, але і нашай краіне. Дзяржава стварае для вас усе магчымасці», — падсумаваў Андрэй Іванец.

Завяршэннем афіцыйнай часткі мерапрыемства стала ўручэнне ліцэістам імянных запрашэнняў да паступлення ў БДУ. Іх перадалі класным кіраўнікам. Далей на пляцоўцы Фестывалю факультэтаў ліцэісты змаглі задаць усе пытанні аб новаўвядзеннях уступнай кампаніі, пазнаёміцца з унікальнымі спецыяльнасцямі, даведацца аб умовах, створаных у ВНУ для заняткаў навукай, спортам і культурнай дзейнасцю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.