Вы тут

Дзіваграй пад зоркай Галубка. Цікавінкі XІV фестывалю «Чароўны куфэрак»


«Кола, кола,

круціцца кола...

Пан Галубок —

у дарозе да нас.

Слова, слова,

роднае слова

Для тэатралаў нам

сёння прыпас...»

З гэтых узнёслых радкоў пачынаўся кожны спектакль XІV абласнога фестывалю дзіцячай тэатральнай творчасці, які на тры апошнія дні красавіка ператварыў горад Любань у тэатральную сталіцу. Сёлета фестываль прайшоў пад зоркай аднаго са стваральнікаў беларускага тэатра Уладзіслава Галубка. Калі ён у 1920-х быў у Любані са сваёй трупай, ад'язджаючы, пакінуў запіс: «Тут быў Галубок з галубянятамі». Таму юныя акцёры ўзорнага тэатральнага калектыву «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў называюць сябе «птушкамі з гнязда Галубка». Кіраўнікі «Летуценнікаў», Васіль і Ала Каткаўцы, і прыдумалі калісьці фестываль, што праходзіць раз на два гады, збіраючы дзіцячыя калектывы Мінскай вобласці і не толькі. Хоць менавіта галоўнае ўпраўленне культуры Мінаблвыканкама — уважлівы і добразычлівы арганізатар свята.


Пад маўчанне гаманушак

«Адключыце, калі ласка, свае далькажыкі і гаманушкі!» — сакавітая фраза адразу змушала гледачоў усміхацца і перапытваць адзін аднаго: «Гэта пра мабільныя тэлефоны? Трэба запомніць!»

«От каб ва ўсіх беларускіх мястэчках такое адбывалася!» — часта чулася ад гасцей, захопленых размахам свята і гасціннасцю гаспадароў, якія прымалі ажно васямнаццаць тэатральных калектываў. Калі ўсе іх кіраўнікі выйшлі на сцэну, каб падчас адмысловага рытуалу за рознакаляровыя стужкі пакруціць сімвалічнае кола, — атрымаўся сапраўдны перформанс. Журы давялося нялёгка: у кожным спектаклі юныя артысты выкладваліся дарэшты, адпавядаючы словам гімна фестывалю «Сцэна тэатра — святое ўзвышша». А гімн з'явіўся сёлета намаганнямі тутэйшых аўтараў Надзеі Скрыпнік і Міхася Жураўскага.

Хваляванне ўдзельнікаў падагравалася і паважнасцю журы. Яго ўзначальваў дэкан тэатральнага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук. Сярод экспертаў — загадчык кафедры рэжысуры тэатральнага факультэта акадэміі мастацтваў Віталь Катавіцкі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Нарбекава, рэжысёр, магістр мастацтвазнаўства, кіраўнік курса «Рэжысура лялечнага тэатра» Беларускай акадэміі мастацтваў Таццяна Тоўсцік, актрыса тэатра і кіно Анжаліка Чумакова, рэжысёр, балетмайстар Алена Рыбчынская. Давялося папрацаваць у якасці сябра журы і мне... І гэта была вельмі эмацыянальна насычаная і адказная работа. Бо акрамя ацэначнага боку, адбываліся абмеркаванні з аўтарамі прагледжаных спектакляў, шчырыя, сумленныя, падрабязныя. Калі хтось з рэжысёраў прасіў аб індывідуальнай кансультацыі — майстры сцэны не адмаўлялі. Уладзімір Мішчанчук звярнуў увагу на праблему рэпертуару — цяжка знайсці добрую дзіцячую п'есу, і не заўсёды тут у рэжысёраў хапае густу, не хапае ім часам і ведання беларускай літаратуры, у якой яшчэ столькі нечаканых адкрыццяў можна зрабіць.

Камарык, амаль Гамлет

Немагчыма ў адзін артыкул змясціць усю шматколернасць спектакляў, з якімі тры дні смяяліся, плакалі, разважалі... Згадаю хоць бы асобныя. Напрыклад, той, дзе мы напружана сачылі за лёсам... звычайнага камара. Тэатральны гурток «Жаронцы» ракаўскага Цэнтра народнай творчасці з Валожыншчыны пад кіраўніцтвам харызматычнай Хрысціны Лямбовіч стаў сапраўдным адкрыццём фестывалю. З паэмы Максіма Багдановіча «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» атрымалася захапляльная вандроўка ў традыцыйную беларускую народную культуру. Тут вам і батлейка, і вясёлы расповед на сакавітай мове, як у розных рэгіёнах Беларусі гуляюць у пахаванне камара, і народныя інструменты, і спевы, і скокі... Пахаванне, вяселле, галашэнне, жарты… Касцюмы, пашытыя ўласнаручна. Усё шчыра, аўтэнтычна... Відаць, што людзі гэтым жывуць — побач з Хрысцінай Лямбовіч на сцэне яе муж і сын, дый увогуле ўвесь гурт выглядаў як вялікая сям'я... «Жаронцы» зламалі існуючую фестывальную традыцыю — дагэтуль Гран-пры атрымліваў драматычны спектакль, а гісторыя пра камарыка прадстаўлялася ў асобным блоку лялечных спектакляў... Але журы было аднадушнае: гэта варта Гран-пры!

Зрэшты, уразіў і яшчэ адзін лялечны спектакль, які ўганаравалі першай прэміяй, — тэатральны калектыў Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў «Маскі» прадставіў «Пунсовыя ветразі» паводле феерыі Аляксандра Грына ў пастаноўцы Іны Сарокі. Колькі ўвасабленняў гэтай рамантычнай гісторыі існуе! А «Маскі» звярнуліся да тэатра ценяў. 7 юных артыстаў 12-13 гадоў працуюць з 86 стыльнымі папяровымі фігуркамі, да таго ж іх зрабілі яны самі з настаўніцай Ірынай Дубінінай.

А вось у драме адразу два спектаклі атрымалі дыплом лаўрэатаў І ступені. Гэта работа гаспадароў Любанскай сцэны, узорнага тэатра «Летуценнік» «Сумны тэлевізар». П'еса пастаўлена Алай Каткавец па раздзеле з кнігі «Апавяданні пра Ромку і яго бабулю» ўраджэнкі Гомеля Софіі Агачэр. Матэрыял дапісваўся проста на рэпетыцыях, таму, мабыць, атрымалася так сучасна. Дзеці знаходзяць выкінуты стары тэлевізар. А ён такі самотны, пад дажджом мокне... Хлопчык Ромка ад імя тэлевізара заводзіць блог, каб небарака знайшоў сяброў і, магчыма, новае месца жыхарства. І дзеці адгукаюцца — бо і ў свеце гаджэтаў ім уласцівыя дабрыня і спагада. Мы бачым і запісы ў блогу на вялікім экране, і маналогі персаніфікаванага тэлевізара... Ды пераконваемся, што ўнук і бабуля могуць быць «на адной хвалі», калі чалавек, стаўшы дарослым, не заб'е ў сабе цікаўнае і чулае дзіця. Дарэчы, выканаўцы роляў Ромкі і бабулі Соні, Міхаіл Пракаповіч і Анастасія Шаплыка, атрымалі дыпломы за акцёрскае майстэрства.

Яшчэ адзін лаўрэат першай прэміі, узорны тэатр-студыя «Ступені» гімназіі № 1 г. Дзяржынска, уразіў сцэнічным увасабленнем сатырычнага твора Марка Твэна «Дзённікі Адама і Евы». Стыльныя лаканічныя дэкарацыі, «раздрабленне» кожнага персанажа на чатыры іпастасі, што надае глыбіні дзеянню, нарэшце, далікатная работа з няпростым матэрыялам... Безумоўна, гэта заслуга рэжысёра Алены Калюжынай, але і юныя артысты пераканалі.

Ад нон-фікшн да казкі

Вайна... Генацыд беларускага народа... Безумоўна, і гэтая актуальная тэма знайшла водгук. Спектакль «Запомніце нас такімі» ўзорнай тэатральнай студыі «Вясёлка» Людвіноўскага СДК Вілейскага раёна прымусіў плакаць усю залу і, не адрываючыся, сачыць за лёсамі пяці дзетак, што прайшлі праз вайну. Пасля рэжысёр Лілія Пратасава распавяла гісторыю спектакля: яе вучні наведваюць землякоў-ветэранаў, якіх застаецца ўсё менш. Цяпер у вёсцы жыве толькі адна бабуля, якая зведала пекла фашысцкай няволі. І вось для яе і быў пастаўлены спектакль. Як шчыра, як пранікнёна ігралі юныя артысты Кацярына Жарская, Наталля Карніловіч, Таццяна, Сяргей і Антон Буйвіды, звычайныя сучасныя вясковыя дзеці — не, не ігралі, а пражывалі лёсы сваіх равеснікаў ваеннага часу!

Лаўрэатаў трэцяй ступені таксама вызначылі два. Гэта ўзорны тэатр-студыя «Трыумф» Палаца культуры імя М. Горкага з Барысава — маладая рэжысёр Яўгенія Палонская ўзялася за найскладанейшы экзістэнцыяльны матэрыял, псіхалагічную драму «Клетка», з філасофскім асэнсаваннем свабоды асобы ўнутры грамадства. Яшчэ адзін лаўрэат, узорны драматычны тэатр «Мельпамена» Слуцкага гарадскога Дома культуры, паказаў добрую павучальную казку «Не вожык», пастаўленую рэжысёрам Марынай Аленікавай. Душэўнасці дадавала і тое, што пасля кожнага спектакля начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Таццяна Аляксеева трапна і неабыякава падсумоўвала ўбачанае — якія актуальныя праблемы падсвечваў спектакль, чым адметны.

І яшчэ кранальная дэталь асабіста для мяне: у спектаклі лялечна-драматычнага тэатра Салігорскай ДШМ «Бабуля Мяў» адным з галоўных артэфактаў на сцэне быў... нумар газеты «Звязда».

Птушаняты з гнязда Галубка

«Памятаю, у 1896 годзе за грошы, заробленыя ад выгрузкі дроў, я купіў білет на галёрку ў Мінскі гарадскі тэатр... Мяне не цікавіла зала, увага мая была накіравана на занавес, за якім хавалася нешта новае, невядомае. Трэці сігнал. Занавес пайшоў угору. Перада мной артыст. Слова. Дзея. І тут у мяне ўзнікла думка стаць артыстам» — успамінаў калісь Уладзіслаў Галубок... Менавіта згаданы момант убачылі мы на відэароліку, якім адкрываўся праект «Тэатральны перасмешнік», конкурс мастацкага чытання. А потым і сам Галубок выйшаў да гледача (выканаўца ягонай ролі, Віктар Волахаў, адзначаны дыпломам).

Удзельнікі праекта чыталі творы Пімена Панчанкі, Яўгеніі Янішчыц, Петруся Макаля ды іншых беларускіх творцаў. Прагучаў і гумарыстычны твор самога Галубка «Бацюшкаў капялюш». Прызы найлепшым выканаўцам уручалі вядомы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі і вядучы майстар сцэны Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Максім Брагінец. Максім, дарэчы, выхаванец «Летуценнікаў». Вельмі кранальна было ўбачыць запіс спектакля, у якім удзельнічае ён маленькі.

— Я з любасцю заўсёды еду ў Любань, — кажа даўні сябар «Чароўнага куфэрка» Уладзімір Ліпскі. — Нейкі магніт тут ёсць... Тут Купала пісаў «Над ракой Арэсай»... Жыў пісьменнік-франтавік Іван Муравейка — я з ім сябраваў да апошняга. Ён жа адлучаўся са сваёй радзімы толькі раз — на вайну, дайшоў да Берліна і вярнуўся. Людзі тут усе сонечныя. А заманілі мяне сюды перш за ўсё Васіль і Ала Каткаўцы — сваёй улюбёнасцю ў гэтую зямлю, у творчасць. Я ўражаны, як яны здолелі сабраць тэатралаў пад сваё крыло. Гэта творчы подзвіг незвычайнай сям'і. А якія тут таленавітыя дзеці! Я пабываў на вялікім свяце.

Коціцца кола

«Чароўны куфэрак», як гурт галубіны, збірае сяброў пад адзіным крылом» — словы з гімна фестывалю спраўдзіліся. Трэба было бачыць эмоцыі ўдзельнікаў і гасцей падчас цырымоніі закрыцця і ўзнагароджання. Старшыня журы Уладзімір Мішчанчук адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі фестывалю, важкую падтрымку ўладаў. Што лепш за магчымасць кожнаму дзіцяці рэалізаваць свой творчы патэнцыял прывяжа да роднай зямлі, абудзіць любоў да яе?

— Дваццаць восем гадоў мы ладзім гэты фестываль, — кажа ініцыятар і стваральнік форуму Васіль Каткавец. — «Чароўны куфэрак» — збор найлепшых духоўных каштоўнасцяў беларускай літаратуры, традыцый. Кожны раз ён мае нейкую сваю тэматычную скіраванасць, сваю зорку — Караткевіч, Колас, Купала, Скарына... Сёлета — Галубок. Рыхтуючыся, я ездзіў у мінскі музей «Гасцёўня Уладзіслава Галубка», перачытаў усю творчасць гэтага драматурга. Дзякуючы асобе Галубка сёлетні фестываль працягнуў і захаваў традыцыі. Яго ідэя — творчае кола, якое круціцца і бярэ ў сваё асяроддзе новыя і новыя творчыя ідэі, памкненні новых людзей, але асновай яго застаюцца нашы беларускія карані. Фестываль — найперш свята. Атрыманыя дыпломы — добра, але галоўнае, каб тут маглі сустракацца, пагаманіць, абмяняцца думкамі.

Праз два гады адбудзецца юбілейны XV фестываль «Чароўны куфэрак»... Які ён будзе, пакажа час, але пажадаем нам усім, каб не спыняліся колы «вандроўнага дзіваграю».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота дадзены аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.