Вы тут

Як ліст Мікалая Матукоўскага паўплываў на кампазіцыю мемарыяла «Прарыў»


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у пошце Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусь Пятра Машэрава захоўваюцца і лісты, у якіх пісьменнікі, мастакі, дзеячы культуры выказвалі сваю пазіцыю, уласныя, часам вельмі суб'ектыўныя, меркаванні ў частцы ацэнкі тых ці іншых твораў мастацтва, помнікаў, архітэктурных рашэнняў...


Адзін з такіх зваротаў — ліст Мікалая Ягоравіча Матукоўскага (1929—2001), беларускага драматурга, журналіста. Нарадзіўся Мікалай Матукоўскі на Расоншчыне, у вёсцы Калюціна. Скончыў Тродавіцкую сярэднюю школу. Працаваў у Расонскім райкаме ЛКСМБ, у расонскай раённай газеце «Сацыялістычная праца». Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). У 1952—1960 гг.

М. Матукоўскі працаваў у газеце «Звязда»: літработнік, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва. У 1960—1964 гг. — галоўны рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. У 1964—1966 гг. — галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1966 года — уласны карэспандэнт, у 1970—1993 гады — загадчык карпункта газеты «Известия» па Беларусі. У 1993—1995 гады — у газеце «Рэспубліка». У 1995—1998 гг. — кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Лёс гэтага творчага чалавека ўвесь час звязаны з журналістыкай і тэатрам. Друкавацца Мікалай Ягоравіч пачаў у 1952 годзе. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар п'ес «Мужчына, будзь мужчынам!», «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя», «Паядынак», «Мудрамер»... Некаторыя п'есы сталі асновай і сцэнарыяў мастацкіх кінафільмаў...

Аўтарытэт Мікалая Матукоўскага ў рэспубліцы ў 1970-я і пазней быў даволі высокі. Яго добра ведалі першыя асобы ў кіраўніцтве БССР. Яно і зразумела. Акрамя асабістых заслуг, за асобай таленавітага журналіста і драматурга былі вага, аўтарытэт вядучай газеты Савецкага Саюза. Таму, пэўна, і цалкам лагічна, што нехта звярнуўся да Мікалая Ягоравіча з просьбай агледзець мемарыял «Прарыў»... Комплекс у гонар подзвігу партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (скульптар Анатоль Анікейчык, архітэктары Юрый Градаў, Леанід Левін) быў адкрыты ў гарадскім пасёлку Ушачы Віцебскай вобласці 30 чэрвеня 1974 года. Мемарыял пачынаецца з забетаванага адрэзка дарогі. Далей шлях на перападах рэльефу спускаецца прыступкамі. Шырэйшым становіцца каля бронзавай пліты. На ёй — карта са схемай абароны партызанскай зоны на 11 красавіка 1944 года. Ёсць надпіс: «Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх бітваў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года каля Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17 185 супраць 60 000. Мужнасць народа перамагла смерць і стала бяссмерцем». Пасля дарогу абступаюць бетонныя сцены. На іх замацаваны бронзавыя пласціны з назвамі партызанскіх брыгад, якія ўдзельнічалі ў прарыве. А напрыканцы, на ўзгорку, у разрыве бетоннай сцяны-глыбы (вышыня 11 метраў), што, відавочна, з'яўляецца сімвалам прарыву кальца блакады, — дзевяціметровая бронзавая фігура партызана з аўтаматам. На верхняй пляцоўцы, справа ад скульптуры, пахаваны 450 партызан з ліку тых, што загінулі ў час прарыву. Устаноўлены пліты з імёнамі 1452 удзельнікаў прарыву... На ўзгорку пасаджаны 16 дубоў, якія сімвалізуюць мужнасць байцоў 16 партызанскіх брыгад...

З ліста М. Матукоўскага (дарэчы, без даты, прастаўленай «известинцем»; а ў ЦК зарэгістраваны зварот 18 чэрвеня 1974 г.): «Паважаны Пётр Міронавіч!

На пачатку я хацеў было папрасіць у Вас паўгадзіны на размову, але, падумаўшы пра Вашу гранічную занятасць, вырашыў ужыць маналог у пісьмовай форме. З'яўляючыся глыбока перакананым у важкасці пытання, пра якое збіраюся весці размову, проста не магу не падзяліцца з Вамі сваімі меркаваннямі і сумненнямі.

Каб напісаць эпітафію да Ушацкага мемарыяла, пра што папрасіў мяне Аляксандр Трыфанавіч, я паехаў зірнуць на яго. Не ўтойваю, тое, што я ўбачыў там, мяне расчаравала. Я не мастак-прафесіянал, я проста чалавек, які любіць мастацтва і не можа заставацца абыякавым, сустракаючыся ці то з сапраўдным шэдэўрам, ці то з імітацыяй мастацтва. З майго пункту гледжання, мемарыял ва Ушачах зроблены нядобрасумленна. Баюся ўжыць болей рэзкі выраз — размова ідзе пра святую справу.

Маё адмоўнае стаўленне да мемарыяла падмацаваў і той факт, што заўвагі, зробленыя мною, дылетантам, непрафесіяналам, аўтары праекта прынялі без пярэчанняў і спрэчак. (Шкадуючы іх аўтарскае самалюбства, я гаварыў з імі без сведкаў)...»

Скульптару Анатолю Анікейчыку на той час было амаль 42 гады... Але гэта ўжо быў майстар са сваёй мастацкай біяграфіяй. Народны мастак БССР (званне атрымаў у 1972 годзе), лаўрэат Прэміі Ленінскага камсамола БССР (1967), ён ужо шмат што паспеў зрабіць... У тым ліку — і помнік Янку Купалу ў Мінску (1972; у суаўтарстве з А. Заспіцкім, Л. Гумілеўскім), за які будзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР... Шмат гадоў пазней народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін напіша ўспаміны пра свайго сябра — скульптара Анатоля Анікейчыка. Знойдзецца ў іх месца і наступным словам: «Працаваў скульптар Анікейчык і на свой час. Гэтыя ягоныя леніны яшчэ і цяпер паказваюць дарогу ў светлае заўтра; ягоны бетонаглыбісты партызан вырываецца з блакады на Ушаччыне. Тады, калі рабілася фігура партызана, чуліся заспінныя папрокі, што мала адухоўленасці ў позірку. А цяпер, калі падумаць, дык амаль першабытнасць гэтага героя лепей перадае сутнасць подзвігу. Па загадзе Панамарэнкі 16 партызанскіх брыгад мусілі мясам сваім трымаць значныя сілы нямецкае арміі, адцягваючы іх ад Полацка. Шкада, што не паспеў сказаць гэтага пры жыцці сябру свайму...»

З ліста М. Матукоўскага: «... Вось гэтыя заўвагі, якія я цяпер выношу на Ваш суд.

1. Бетонная сцяна, якая сімвалізуе нямецкае кальцо блакады, абсалютна нейтральная, індыферэнтная, што, з майго пункту гледжання, недапушчальна ў такога характару збудаванняў. Яна не мае ніводнай дэталі, якая паказвала б на тое, што гэта сцяна — нямецкая (падкрэслена аўтарам ліста. — В. С., М. Б.), фашысцкая. Яна — проста сцяна. Аўтары пагадзіліся і паабяцалі зрабіць зверху над праломам графічную выяву звергнутага фашысцкага арла. На скульптурнае адлюстраванне ў іх ужо проста няма часу і вытворчых магчымасцяў.

2. Фігура партызана выканана ў такой дынамічнай паставе, якая адпавядае моманту самога прарыву, кульмінацыі падзеі. Але ўсталявана яна ззаду «блакады», калі партызану ўжо няма ніякай неабходнасці бегчы. Такое размяшчэнне сцяны і фігуры патрабуе інакшага вобразнага рашэння, іншай умоўнасці. Аўтары пагадзіліся і вырашылі перасунуць фігуру бліжэй да пралому ў сцяне.

Але гэты кампраміс не выратоўвае становішча. Болей за тое, перасунутая бліжэй да пралому фігура «партызана» схавалася ад вачэй гледача і становіцца бачнай, зразумелай яму толькі тады, калі ён выйдзе на пляцоўку.

3. Пра 14 дубоў (ці ўсё ж 16? — В.С., М.Б.), якія, згодна з задумкай, павінны сімвалізіраваць партызанскія брыгады, якія вырваліся з кальца блакады... Я нарадзіўся і вырас на Віцебшчыне і ведаю, што дуб там амаль не расце. (Ён пачынаецца пад Мінскам і сыходзіць далей на поўдзень.) Тым болей ён не будзе расці на краі балота, якое як быццам складнікам, натуральным элементам уваходзіць у мемарыял. І потым, трэба ж думаць пра сучаснага маладога гледача, у якога слова «дуб» выклікае негатыўныя, іранічныя асацыяцыі. Аўтары пагадзіліся і паабяцалі замяніць дубы хвоямі ці елкамі.

На жаль (я не агаварыўся: менавіта — на жаль!), аўтары пагадзіліся са мною не з ветлівасці, не фармальна. Яны шчыра пераканаліся ў недасканаласці сваёй задумкі. У мяне нават нарадзілася думка, што пра гэтую недасканаласць яны ведалі даўно. Нешта яшчэ можна выправіць, скажам, замяніць «непаэтычныя» дубы «паэтычнымі» ялінкамі. Некаторыя ж пралікі праекта сыдуць на многія дзесяцігоддзі, стануць «здабыткам» нашых унукаў і праўнукаў, якія непазбежна будуць людзьмі эстэтычна болей граматнымі, чым сённяшняе пакаленне. Што яны будуць думаць пра нас, гледзячы на мемарыял, які закліканы ўвекавечыць мужнасць, гераізм, бессмяротнасць?..»

Але гэтымі ацэнкамі высокапастаўлены, пры сур'ёзнай пасадзе, журналіст не абмяжоўваецца... Ён імкнецца паставіць пытанне шырэй, асэнсаваць увогуле стан беларускай скульптуры, манументальнай прапаганды ў рэспубліцы. Яму, карэспандэнту «Известий», такое права дадзена. На ўсё трэба глядзець з вышыні, нават не «з боку»...

З ліста журналіста: «Ёсць у мяне і яшчэ адна прынцыповая заўвага (магчыма, не бясспрэчная), якую я выказваю толькі Вам. Па маім перакананні, аўтары праекта знаходзяцца пад уплывам той дзіўнай гігантаманіі, якая сёння літаральна захапіла беларускае манументальнае мастацтва. Фігура партызана выліта, прабачце мне, у памерах цыклопа, якому не каштавала вялікай цяжкасці прабіць пралом у сцяне. Штурхнуў яе кулаком — яна і развалілася. Думка ў лоб, прамалінейная, пра тое, што «народ вялікі», тут эмацыянальна не спрацоўвае.

А ўявіце на хвіліначку, Пётр Міронавіч, што фігура партызана выканана амаль у натуральную чалавечую велічыню... Я ўпэўнены, што яна выклікала б у нас болей моцныя эмоцыі: просты, звычайны чалавек праламаў такую жахлівую сцяну!

Калі б толькі адзін гэты партызан... А бронзавыя Янка Купала і Якуб Колас? Пераўтвораныя аўтарамі ў волатаў, гігантаў, яны «сышлі» ад нас. Сваімі памерамі яны па-
даўляюць, «прызямляюць» гледача, нязмушана падкрэсліваючы сваю велічыню і... нікчэмнасць гледача. Інакш кажучы, губляецца надзвычай важная сувязь, кантакт з гледачом. А помнікі ж, уласна кажучы, дзеля яе, гэтай сувязі, і ставяцца!»

Дзесяцігоддзі, пра якія пісаў М. Матукоўскі, прайшлі, — і сёння помнік Купалу, месца вакол яго прыцягваюць гледача. Прыцягваюць нязмушана, бо кожная новая сустрэча з бронзавым велічным Купалам выклікае самыя станоўчыя эмоцыі.

І ўсё ж — развагі Мікалая Матукоўскага: «...Параўнанні ў мастацтве — рэч небяспечная і непатрэбная і ўсё ж такі: няўжо А. С. Пушкін меней геніяльны, чым Я. Купала ці Я. Колас?.. Успомніце помнік Пушкіну (стаціь перад «Известиями»), зроблены Анікушыным, крыху большы, чым натуральны чалавечы рост, ці помнік таму самаму А. С. Пушкіну, зроблены Анікушыным у Ленінградзе. Нядаўна ў Кішынёве пастаўлены помнік Пушкіну памерамі нават меней за чалавечы рост. Але каля яго заўсёды натоўпы людзей.

І ўжо, канешне, Фальконэ мог бы зрабіць Пятра Вялікага ў літаральным сэнсе бронзава-вялікім, але ён толькі крыху павялічыў натуральныя памеры каня і самога Пятра. Ён цудоўна разумеў, што камень, граніт здольны быць глыбай, бронза — ніколі! Бронза, як і мармур, патрабуюць вытанчаных, зграбных форм і, зразумела, вызначаных маштабных прапорцый.

Чаму ж нараджаюцца «гіганты» ў сучасных дойлідаў? Мне думаецца, што гэта ідзе перш за ўсё ад творчай няздольнасці «ўразіць» гледача зместам, таму аўтары «ўражваюць» яго маштабамі, памерамі. Дыскутаваць з імі чалавеку недасведчанаму вельмі няпроста. Янка Купала вялікі! Канешне ж! Якуб Колас вялікі? Безумоўна!..»

Напрыканцы ліста М. Матукоўскі заўважае: «Прашу прабачыць мне такое бесцырымоннае ўварванне ў сферу, мне «непадведамасную», і за «перабольшванне ўлады». Пішу Вам толькі таму, што ўпэўнены: усё выказанае мною Вы зразумееце правільна...»

Пётр Міронавіч у рэзалюцыі на звароце М. Матукоўскага адзначыў, што выкладзены правільныя меркаванні, «за выключэннем асобных момантаў». Да адкрыцця мемарыяла заставаліся лічаныя дні...

А што да «ўліку меркаванняў на будучыню», то 19 ліпеня 1974 г. у дакладной запісцы сакратару ЦК КПБ А. Т. Кузьміну загадчык аддзела культуры ЦК Кампартыі С. Марцэлеў далажыў наступнае: «Аддзел культуры разгледзеў запіску ў ЦК КПБ т. Матукоўскага М. Я. і лічыць, што яе аўтар у асноўным правільна ўказвае на шэраг недахопаў, якія мелі месца пры ўсталяванні мемарыяльнага комплексу ва Ушачах.

На завяршальным этапе будаўніцтва з мэтай устаранення недахопаў і паляпшэння ўспрыняцця помніка «Прарыў» была праведзена падсыпка грунту каля «Сцяны прарыву», удакладнены месцы надпісаў з абазначэннем брыгад і месца ўсталявання скульптуры, прынцыпова зменена месца пахавання, значна зменшаны аб'ёмы скіраваных сцен і бетоннага пакрыцця «Дарогі прарыву», уведзены тэкставыя акцэнты. Помнік прыняты дзяржаўнай камісіяй, атрымлівае станоўчую ацэнку наведвальнікаў.

Зараз Міністэрства культуры БССР распрацоўвае канкрэтныя меры і прапановы па далейшым упарадкаванні праектавання помнікаў і манументаў...»

Цяжка сказаць, ці дасягнуў сваёй мэты аўтар ліста Машэраву. Але, відавочна, шмат каго прымусіў задумацца...

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?