Вы тут

Выстаўку да юбілею Аляксандра Кішчанкі адкрылі ў НММ


Учора, 13 мая, аматары беларускага мастацтва ўспаміналі Аляксандра Кішчанку — сёлета ў гэты дзень яму б споўнілася 90 гадоў. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі да юбілею прымеркавалі выставу «Неба і зямля Аляксандра Кішчанкі». Яго няма на гэтым свеце больш за 25 гадоў, але жывая памяць, як і жывое яго мастацтва, якое дагэтуль пакідае падставы для разваг пра аўтарскі погляд і прызначэнне творцы. А ён вельмі яркі аўтар.


Быў і застаецца — сведчаць творы. Найперш жывапіс — у часы сацрэалізму Аляксандр Кішчанка здолеў здзівіць колерамі, якія надавалі дзіўную экспрэсію, і гэта падавалася лагічна: хто мог аспрэчыць радасць і захапленне жыццём у пасляваенны перыяд? У яго творчасці нібыта аддадзена належнае сусветным тэндэнцыям (і майстрам), але ён рабіў гэта так, што навідавоку апынулася найперш асоба самога творцы, захопленага мастацтвам. І людзьмі — добрымі і любімымі, працавітымі і клапатлівымі. Момантамі — прыгожымі і напоўненымі сэнсам.

Ён не баяўся яркасці ў мастацтве, бо ўмеў яе выкарыстаць так, што заставалася пагадзіцца: свет насамрэч стракаты. Да таго ж, мастак мае права на аўтарскі погляд. Гэта справядліва было не толькі для жывапісу, але і для манументальных твораў Аляксандра Кішчанкі, якія можна бачыць на вуліцах Мінска, нават не ўсведамляючы гэтага: мазаіка высотак ля станцыі метро «Усход» у Мінску, на Юбілейнай плошчы ці на сцяне гатэлю «Турыст».

Між іншым, у манументальным мастацтве Беларусі яго роля вельмі значная, і не толькі як творцы, але і як выкладчыка, які рыхтаваў спецыялістаў на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Тады толькі пачынала працаваць кафедра, заснаваная Гаўрыілам Вашчанкам. На яго запрашэнне працаваць адгукнуўся Аляксандр Кішчанка, які прыехаў у Беларусь з Украіны. Там ён вучыўся ў Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва ( як, дарэчы, і Вашчанка). Але ў інстытут прыйшоў, папрацаваўшы пару гадоў маляром па мастацкім аздабленні на заводзе «Азоўсталь». Вялікія памеры яго не палохалі, а напаўняць іх хацелася асэнсавана і густоўна. Гэта да таго, што ў жыцці не бывае нязначных эпізодаў, яны закладваюць лінію, якую мы звычайна называем лёсам. Лёс маладога чалавека, які нарадзіўся ў Варонежскай вобласці Расіі, вёў да таго, каб павучыўшыся ва Украіне, ён рэалізаваўся ў Беларусі. Стаў народным мастаком Беларусі. Двойчы яго працы адзначаліся Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Было за што: будавалі тады шмат, праца манументалістаў была запатрабаваная, а Аляксандр Кішчанка быў вельмі актыўны і працавіты.

Гэта можна зразумець і па выстаўцы «Неба і зямля Аляксандра Кішчанкі», дзе сярод твораў жывапісу, прадстаўлены той кірунак творчасці, дзякуючы якому імя майстра занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Гаворка, вядома, пра габелены, у якіх ён быў прыкладам для беларускіх майстроў. Але не чакайце ўбачыць тут самую рэзанансную працу Кішчанкі «Габелен стагоддзя» — надта вялікі. Але, можа быць, гэта і да лепшага ў дадзеным фармаце выстаўкі, бо такі твор узяў бы на сябе асноўную ўвагу, прымусіўшы разважаць пра гісторыю ад стварэння свету да нашых дзён, пра людзей, якія на яе ўплывалі ў розны час, пра дабро і зло, што змагаюцца ў свеце. А тут задача іншая — паказаць адметнага творцу. Але на ўваходзе ўсё ж сустракае габелен: хвалі прыадчыняюць таямніцы марскіх глыбінь, адкрываюць дзівосных істот, якія зацікаўлена пазіраюць на гледачоў. Кожнаму з тых, хто прыйдзе, таксама прыйдзецца адкрываць прасторы і глыбіні мастацтва Кішчанкі, у якім шмат падасца дзіўным.

Нават тое, што выстаўка мастака, чые імя звязваюць з манументалістыкай (і атрымалася яна не маленькай), пайшла ўсё ж больш у чалавечае вымярэнне. Нездарма тут шмат партрэтаў, сярод якіх – любімыя родныя людзі мастака. Тут адчуванне цеплыні, якую нараджае зямля, даючы прытулак людзям. Сюды ўрываецца сонечны настрой, надаючы адчуванне лёгкасці, нават, калі выяўлена жыццёвая трываласць. Ці трываласць часам у яго падаецца амаль неадчувальнай, калі жыццё ідзе натуральна і арганічна, мабыць, так і ёсць. Але ж і колер!.. Кішчанка ім распараджацца ўмеў. Якім ён быў чалавекам, сведчаць фатаграфіі, публікацыі, што прадставіла сям’я мастака, а таксама з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у зборы якога сёння знаходзіцца частка творчай спадчыны Аляксандра Кішчанкі, але яго творы ёсць у калекцыях розных музеяў краіны.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.