Вы тут

Наталля Тамэла: «Трэба часцей прыслухоўвацца да сябе»


З першага імгнення спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, салістка Нацыянальнага канцэртнага аркестра імя М. Я. Фінберга Наталля Тамэла адорвае мяне сонечнай усмешкай. Жыццярадаснасць у яе асобе яднаецца з пунктуальнасцю і патрабавальнасцю, што ў суме стварае прафесіянала, якога ведаюць на беларускай эстрадзе гадамі. Яна заўсёды імкнецца дзейнічаць, шукаць свае адказы на пытанні і жыць у гармоніі, якую даюць творчасць і блізкія людзі побач. З нагоды юбілею распыталі ў Наталлі Уладзіміраўны, як скласці ўласны рэцэпт шчасця, чаму яна вучыцца ў калег і што прымае за арыенціры.


— Наталля, для вас новы год жыцця пачынаецца па календары ці ў дзень нараджэння?

— Ведаеце, сёлета я злавіла сябе на думцы, што хачу пачаць адлік новага жыцця з Вялікадня. А так штогод рабіла тое, як і многія, з 1 студзеня, калі хочацца пажадаць сабе чагосьці новага, каб усе былі здаровыя, і будаваць новыя планы, праекты.

— А дзень нараджэння як святкуеце?

— У дзяцінстве мы ўсе вельмі чакаем гэтае свята. А ў дарослым узросце, калі ўжо сам сабе дні нараджэння рыхтуеш, то часам стамляешся. Таму ў гэтым годзе я вырашыла адпачываць і даручыла ўсю падрыхтоўку свята людзям, якія ўмеюць рабіць гэта прафесійна. Каб самой не гатаваць, не прыбіраць потым і не бегаць паміж гасцей, замовіла кейтэрынг. У сам дзень нараджэння разам з маімі найлепшымі сябрамі і роднымі людзьмі мы збярэмся за горадам, і ў мяне будзе цудоўнае свята. Думаю, я гэтага вартая. Спадзяюся, што і надвор'е паспрыяе!

— Выпадала вам адзначаць дзень нараджэння на сцэне?

— Не, такога ў мяне не здаралася. У сакавіку толькі быў канцэрт невялікі «Бенефіс», прысвечаны юбілею работы ў аркестры. А іншую вялікую канцэртную праграму я планую зрабіць у наступным годзе. І для мяне не маюць значэння лічбы, даты, бо галоўнае, каб выспеў музычны матэрыял, канцэпцыя — і тады наперад!

— Чаму вы навучыліся, працуючы побач з Міхаілам Фінбергам?

— Мая артыстычная дзейнасць пачалася з аркестра і працягваецца ў ім. А з Міхаілам Якаўлевічам наш калектыў быў як за каменнай сцяной. Мы мелі магчымасць працаваць і больш ні пра што не думаць, хаця, вядома, існавалі і розныя праблемы, але ўсе яны вырашаліся. А пасля яго сыходу калектыву стала ўжо цяжэй існаваць. І цяпер я, напрыклад, вучуся жыць па-іншаму: больш праяўляю актыўнасці ў плане развіцця, сама думаю і за ўсё адказваю. Але працягваю працаваць так, як ён мяне вучыў. Раблю ўсё па праўдзе і на тым прафесійным узроўні, які Міхаіл Якаўлевіч нам паказаў. І спадзяюся, што гэты высокі ўзровень майстэрства, які ён нам прывіў і да якога мы прыйшлі з ім, застанецца ў нашым калектыве. Увогуле, мне хочацца на ўсёй нашай эстрадзе бачыць прафесійных і адукаваных артыстаў, каб яны былі не выпадковымі людзьмі. А што датычыцца нашага аркестра, то я заўсёды буду апорай у тым, каб падняць яго на новы ўзровень і захаваць усё, што было зроблена і дасягнута Міхаілам Якаўлевічам.

— Вы ніколі не бачылі сябе па-за гэтым калектывам?

— У аркестры я працую дзясяткі гадоў. І з Міхаілам Якаўлевічам мы так зблізіліся (кожны дзень стэлефаноўваліся, размаўлялі, раіліся), што проста нават не ўзнікала думкі змяніць нешта. Я ўвесь час працавала ў аркестры і паралельна займалася нейкімі сваімі сольнымі праектамі: песні запісвала, кліпы здымала. Зараз пасля перапынку думаю зноў вярнуцца да такой дзейнасці. Быў час, калі ўвогуле нічога не пісалася. Толькі сумныя думкі ўзнікалі, а ў музыцы хочацца зусім іншы настрой трансліраваць. Таму паціху выходжу з паўзы і буду працягваць тварыць.

— Вы прыйшлі ў аркестр у 19 гадоў. Колькі часу спатрэбілася, каб уліцца ў калектыў, і ці давялося даказваць, што годныя быць яго салісткай?

— Я, калі пайшла на праслухоўванне ў аркестр, нічога не ведала пра калектыў, бо была ўся ў акадэмічнай музыцы. Аднак калі жылі мы яшчэ ў Калінінградзе, то слухала і рок, і джаз. А паспрабаваць сябе як салістка вырашыла падчас вучобы. Я тады з'яўлялася студэнткай трэцяга курса харавога дырыжыравання музычнага вучылішча імя Глінкі (сёння гэта музычны каледж). Там сабраны выдатныя педагогі. Мая вялікая любоў — Яўгенія Адамаўна Дзягілева, якая аказала моцны ўплыў на мяне як на музыканта. Таму, трапіўшы ў аркестр, я была даволі ўпэўненай у сабе дзяўчынай, якая думала, што яна самая лепшая. Праспявала сваю ўласную песню, потым яшчэ выканала Гершвіна «Каханне ўвайшло» (помню, мне акампаніраваў народны артыст Андрэй Шпянёў, які працаваў тады ў аркестры), а пасля быў мастацкі савет, дзе я ўвогуле нікога не ведала. У выніку Міхаіл Якаўлевіч сказаў прыйсці праз два тыдні. Прыйшла, выступіла, а людзей — яшчэ больш у зале. І тады ўжо напружылася, але мяне ўсё ж узялі! Праўда, з умовай, што трэба яшчэ папрацаваць, перш чым ісці выступаць з аркестрам. Год я была вучаніцай заслужанай артысткі Тамары Раеўскай. Пасля яна мне падарыла сваю песню «Грэх», з якой я пайшла на конкурс «Маладзечна 94». А да гэтага была яшчэ складанейшая кампазіцыя Эдуарда Зарыцкага «Былая страта», і з ёй я ўпершыню выйшла на сцэну як салістка.

— Як лічыце, сёння артыста вызначае прафесіяналізм ці супадзенне шэрагу іншых фактараў, накшталт пазнавальнасці, удачы і г. д.?

— Усё мае аднолькава важнае значэнне. Таму што калі ў патрэбны час і ў патрэбным месцы ты не сустрэнеш сваіх людзей, то са сваім прафесіяналізмам можна застацца дома. У творчасці ўсё важна. Тыя ж сацыяльныя сеткі, дзе можна выкласці свае песні, — і аўдыторыя даведаецца пра цябе. Сама так нядаўна прадставіла там прома некаторых кампазіцый, і людзі пачалі пісаць «Якія песні!», а я ўжо даўно іх спяваю. Таму думаю, што ўсё ўзаемазвязана, але прафесіяналізм, у плане таго, што ты павінен адвучыцца профільна, — абавязковы складнік. Глядзіце, рабіць аперацыі ніхто не спрабуе без адукацыі, а ў артысты ідуць. Ніколі не варта спыняць вучобу, бо толькі тады ты застанешся запатрабаваным у сваёй прафесіі.

— Калі азірнуцца на пражытыя гады, чаму вы вучыцеся ў бацькоў, вучняў, свайго акружэння?

— Тата ў мяне ваенны. І кожны раз, калі мы збіраемся разам усёй сям'ёй, ён крыху пасядзіць з намі і бяжыць па справах. Даводзіцца ўгаворваць яго запаволіцца. Часам атрымліваецца. Бацька заўсёды быў на працы, у камандзіроўках, ён у мяне прафесар Расійскай ваеннай акадэміі. Зараз тату 82 гады, а ён усё яшчэ чытае вершы па памяці. І столькі ўсяго ведае, што я кожны раз не перастаю яму здзіўляцца. Маму я бачыла часцей, і, як малодшая дачка, увесь час праводзіла пераважна з ёю. Бачыла, як маці займаецца хатнімі справамі. У нас заўсёды было чыста, нагатавана, утульна, і таму я вырасла з любоўю да парадку і чысціні. Яшчэ мае бацькі — прыклад таго, як варта аберагаць сваю сям'ю. Нас, дзяцей, тата з мамай адмяжоўвалі ад усіх праблем. У мяне заўсёды было ўсё самае найлепшае, прычым я нават не ведала, адкуль яно бярэцца. Хаця жылі мы і ў гады дэфіцыту, калі, бывала, з мамай стаялі ў чарзе па прадукты. Але дома ў нас усяго было ў дастатку. Таксама пакаленне маіх бацькоў — гэта людзі, якія ўмелі цаніць час. А што датычыцца маіх вучняў, то ў іх я вучуся мабільнасці, яны натхняюць на тое, каб няспынна працягваць самаўдасканальвацца. У сваю чаргу Міхаіл Якаўлевіч многаму навучыў мяне як прафесіянал, а як чалавек ён для мяне прыклад пэўнай бескампраміснасці ў справах. Пры ўсёй знешняй сваёй строгасці ён быў светлы і адкрыты чалавек. І заўсёды ўмеў шчыра пажартаваць.

— Вы па жыцці кіруецеся сэрцам ці розумам?

— Сэрца заўсёды на ўзроўні інтуіцыі падказвае мне, куды рухацца. І ўвогуле трэба часцей да сябе прыслухоўвацца. Я хоць і аналізую нейкія моманты з пазіцыі логікі, аднак заўжды адчуваю, варта мне туды ісці альбо не. Калі адчуваю, як унутры нешта запальваецца, то разумею, што ўсё будзе добра, і згаджаюся. Любыя перамены ў сваім жыцці я прадчуваю загадзя.

— І мужа інтуіцыя дапамагла вам разгледзець?

— Так, бо з Ігарам мы сустрэліся абсалютна выпадкова. І адразу неяк пацягнуліся адно да аднаго. Я проста ўбачыла будучага мужа, і далей спрацавала ўжо нейкая хімія. Вядома, давялося прызвычайвацца да нейкіх момантаў, а ў астатнім з самага пачатку разумела, што знайшла свайго чалавека.

— А штамп у пашпарце для вас меў значэнне?

— Мы пражылі разам сем гадоў, а потым мая мама ўзняла гэтую тэму. І вяселле мы рабілі больш для гасцей, чым для сябе, але выдатнае свята атрымалася, бо госці — артысты, музыканты. Я проста неяк адразу ўсвядоміла, што з гэтым мужчынам для мяне ўсё сур'ёзна і надоўга. Штамп нічога не змяніў.

— Замужжа змяніла ваш погляд на прафесію, улічваючы яе публічнасць?

— Я чалавек свабодны, але ў паводзінах з іншымі ў мяне заўсёды ёсць межы. І муж прытрымліваецца такога ж меркавання. Напрыклад, ты можаш дазволіць сябе абняць, пацалаваць у шчаку, але не пяройдзеш мяжы, дзе пазначана «стоп!»

— Як лічыце, варта падсілкоўваць адносіны, калі за плячыма ўжо гады ў шлюбе?

— Нам з мужам з самага пачатку добра быць удваіх, і ніякага лішняга антуражу не хочацца. У нас якраз тая сітуацыя, калі, бывае, нават маўчаць побач камфортна. І адпачынак для мяне — гэта не паход у рэстаран, а калі проста вяртаешся дадому, гатуеш разам вячэру і дзеліш вечар на дваіх. І мы робім тое не дамаўляючыся, а проста інтуітыўна і па ўзаемным жаданні. Ці калі, вяртаючыся з канцэрта, я ведаю, што дома мяне чакаюць. Мы здольныя разумець адно аднаго без слоў. І таму вельмі добра, што мы сустрэліся.

— Вы артыстка, чалавек, які пастаянна ў кампаніі людзей. А як успрымаеце адзіноту?

— Я люблю пабыць сам-насам, схаваўшыся ад навакольнага свету. Мая сям'я пераважна жыве за горадам, таму я на некалькі дзён магу заставацца сама ў нашай гарадской кватэры. Хаджу на бодзі-балет, займаюся сваімі справамі, перазагружаюся і сілкуюся энергіяй. Любога чалавека патрэбна час ад часу пазбаўляць сваёй прысутнасці. А потым зноў радавацца сустрэчы.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Наталлі Тамэла

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».