Вы тут

Што складана прыняць у сучасніцах і дзе знаходзіць апору ў цяжкія часы?


Ларыса Маршалава. Вядучы майстар сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Занята ў спектаклях: «Пігмаліён», «Ганна Снегіна», «Як выходзяць у людзі, або На ўсякага мудраца даволі прастаты», «№ 13», «Сродак Макропуласа», «Хто смяецца апошнім», «Безыменная зорка», «У пошуках сапраўднага Я», «Аліса ў Залюстроўі», «Жанчыны без межаў» і іншых. Сыграла звыш 120 кінароляў. У тым ліку ў карцінах: «Псеўданім «Албанец», «Сорам», «Барбі і мядзведзь», «Яна не магла інакш», «Лялькі», «Пад’ём з глыбіні», «Маці і мачаха», «Акварэлі», «Плюс каханне», «Нядзеля ў жаночай лазні», «Дэтэктыўнае агенцтва «Іван ды Мар’я», «Тонкі лёд» і іншых.


Чаму яе часта запрашаюць на ролю медсястры? Што складана прыняць у сучасніцах? У чым знаходзіць апору ў цяжкія часы? Пра ўсё гэта гутарым з вядучым майстрам сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ларысай Маршалавай.

Заслужаны медработнік кіно

— Ларыса, Ваша працоўная біяграфія пачалася не на сцэне, а ў траўматолага-артапедычным аддзяленні № 3 мінскай ГКБ № 6. Якімі запомніліся медыцынскія будні?

— Як вельмі цікавы час. Я прыйшла ў «шасцёрку» пасля заканчэння медвучылішча № 1. Мне адразу так спадабалася, што затрымалася там амаль на 7 гадоў. Выдатны быў калектыў, я і сёння ўспамінаю сваіх калег з любоўю. У траўматалогіі з яе рэжымам пастаяннай экстраннай дапамогі працаваць няпроста, затое хутка ўсяму вучышся: апрацоўваць раны, перавязваць, рабіць уколы, ставіць кропельніцы. А якія біцэпсы ў мяне з’явіліся, таму што даводзілася разам з калегай перакладваць пацыентаў вагой часам больш за 100 кг з ложка на каталку, а адтуль — на аперацыйны стол!..

— І ўсё ж Вы пайшлі з клінікі. Чаму?

— З самага дзяцінства марыла стаць актрысай. Але мая мама, выкладчык вышэйшай матэматыкі, настаяла, каб я атрымала прафесію, з якой «у жыцці ніколі не прападзеш». Я страшна бунтавала тады супраць умяшання ў маё жыццё і навязвання чужога сцэнарыя. У медвучылішчы займалася без асаблівага энтузіязму. Напярэдадні дзяржэкзаменаў замест кансультацый па профільных прадметах адправілася «штурмаваць» вядучыя тэатральныя ВНУ Масквы. І ўсё складвалася нядрэнна. Ва УДІКу пасля праслухоўвання трапіла адразу на трэці тур. Але ён супаў з днём здачы выпускнога экзамену па хірургіі, і мама не адпусціла мяне ў Маскву. Пераканала атрымаць спачатку дыплом медыцынскай сястры. Я палюбіла бальнічныя будні, але з запаветнай марай — паступіць у тэатральны — не рассталася.

— Палічылі за лепшае рэалізоўваць сваю мару ў Мінску?

— Да таго часу я выйшла замуж, таму і вырашыла паступаць у БДАМ. Стаўшы студэнткай творчай ВНУ, працягвала працаваць у бальніцы суткі праз двое: за месяц выходзіла 7-8 дзяжурстваў. У канцы другога курса ў нас з Даніілам нарадзіўся сынок. Акадэмічны адпачынак браць не стала — сумяшчала сям’ю, вучобу, працу. Пасля заканчэння БДАМ мяне прынялі ў штат Тэатра-студыі кінаакцёра, з’явіліся першыя ролі, узялі на тэлебачанне ў якасці вядучай, сталі больш актыўна запрашаць у кіно. Толькі тады і пайшла з роднага аддзялення.

— Вас можна назваць заслужаным медработнікам кіно — столькі медсясцёр Вы сыгралі ў фільмах і серыялах: «Сляпое шчасце», «Адзін-адзіны і назаўсёды», «Айчым», «Мы ўсё роўна будзем разам», «Пад’ём з глыбіні», «Каварныя гульні», «Родная крывіначка». На падобныя ролі запрашаюць, ведаючы пра ваша медыцынскае мінулае?

— Мусіць, і таму таксама. Калі знутры ведаеш прафесію, прасцей быць свабоднай у кадры і на экране. Часам мяне запрашаюць як актрысу, а я заадно дапамагаю на пляцоўцы як кансультант. Калі ўсе дробязі ў сцэнах выбудаваны з веданнем медыцынскіх рэалій, сюжэт у цэлым выглядае больш пераканаўча.

А ўвогуле мая першая прафесія заўсёды пры мне і не аднойчы выручала ў жыцці. Магу памераць ціск калегам, падказаць, якія лекі прыняць, калі хто занядужаў; ведаю, што з чым лепш спалучаць. Для мужа, сына і мамы я заўсёды першая хуткая дапамога; яны мне давяраюць. І сабе зраблю ўкол, калі трэба.

Лекаванне мастацтвам

— Вам цікавей іграць у класічных або ў сучасных п’есах?

— Класіка абавязкова павінна заставацца ў рэпертуары — яна дазваляе зразумець складанасць жыцця, шматграннасць чалавека. Людская натура застаецца нязменнай. А вось уяўленні пра нормы, маральныя каштоўнасці ў прадстаўнікоў розных эпох, вядома, адрозніваюцца. Часам чую ад маладых юнакоў і дзяўчат: «А чаму герой п’есы з-за здрады каханай расстаўся з ёй? Што ў гэтым такога?» Некаторым юным складана зразумець такія рэчы, як недапушчальнасць адзюльтэра.

— Больш прыцягваюць ролі гераінь, якія падобныя на Вас, ці, наадварот, антыподы?

— Прыцягваюць перш за ўсё складаныя персанажы. Чым цяжэй даецца роля, тым больш блізкай, дарагой яна ў выніку становіцца. Праз пераадоленне, «супраціўленне матэрыялу» прафесійна расцеш. Калі рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў прапанаваў мне сыграць мадэмуазель Куку ў «Безыменнай зорцы», адразу падумала: гэта зусім не маё, не спраўлюся. Але якое ж задавальненне атрымала ў выніку! Дрэнны характар мадэмуазель Куку — гэта абарона ад знешняга свету. Насамрэч яна вельмі адзінокая і няшчасная, лепшыя парывы яе душы аказаліся непадзеленымі, пачуцці — нерэалізаванымі.

— Надыход сталасці прыкметна звужае кола роляў. Гэта прычына для хвалявання?

— У кожным узросце — сваё хараство. У нейкі момант адзначыла, што замест роляў легкадумных палюбоўніц і сакратарак сталі прапаноўваць іншых персанажаў — жонак, мам, начальніц. Ну і што? Галоўнае, каб ролі былі цікавыя. Іграць сёння складаней, чым на «старце», таму што да сябе прад’яўляеш больш патрабаванняў. Каб гераіні атрымліваліся жывымі, пераканаўчымі для гледача, імкнешся глыбей унікаць у матывы іх паводзін.

Боязь страты твару

— Што Вам складана бывае прыняць у сучасніцах?

— Тое, з якой лёгкасцю жанчыны ўніфікуюць сваю знешнасць. Я лічу, што індывідуальнасць — гэта дар божы, і цяжка зразумець, навошта, напрыклад, як па камандзе, «надзімаць» сабе вусны, рабіць аднолькавыя бровы, станавіцца сёстрамі-блізнятамі. У барацьбе за маладосць і прыгажосць некаторыя жанчыны пазбаўляюць свой твар той самай разыначкі, якая рабіла іх непаўторнымі.

— А самі Вы часта звяртаецеся да паслуг індустрыі прыгажосці?

— Не вельмі. Хоць, зразумела, да цырульнікаў наведваюся рэгулярна. Наведваю касметолагаў. Але ніякіх радыкальных умяшанняў у сваю знешнасць не дапускала. Як медык, старанна вывучаю новыя працэдуры і тэхналогіі, якія з’яўляюцца ў індустрыі прыгажосці, улічваю пабочныя эфекты ад іх. Калі-небудзь, магчыма, і скарыстаюся дасягненнямі эстэтычнай хірургіі, але пакуль «трымаюся».

— Якому стылю ў адзенні аддаяце перавагу?

— Залежыць ад сітуацыі і настрою. Часта для зручнасці выбіраю спартыўны стыль. Калі трэба быць на ўрачыстасці — рамантычны. Бывае, хочацца эклектыкі, а часам — мінімалізму.

Самая вялікая каштоўнасць

— Лічыцца, што творчыя людзі — не лепшыя партнёры для сумеснага жыцця. Але ваш 26-гадовы шлюб абвяргае гэта…

— Мы з мужам прайшлі агонь, ваду і медныя трубы. Навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова, ведаем, калі трэба прамаўчаць, а калі выгаварыцца, калі пакінуць у спакоі, а калі пажартаваць, парадаваць. Бывала, вядома, усякае. Але ў цяжкія хвіліны мы падтрымлівалі адзін аднаго, гэта ўмацоўвае адносіны.

— Якія хатнія справы Вы любіце, а што для Вас — сапраўдная павіннасць?

— Маё захапленне — кулінарыя. Люблю гатаваць усё: супы, мяса, салаты, але асабліва — выпечку. Ведаю шмат рэцэптаў, люблю імправізацыю. Мае стравы часам — сапраўдныя шэдэўры. Наогул я ніколі не сумую дома, імкнуся зрабіць яго цёплым і ўтульным. Нядаўна пашыла для залы новыя шторы. Дробязь, але як прыемна! А вось аплату камунальных паслуг, мыццё падлогі муж узяў на сябе.

— Сын падхапіў ад Вас «тэатральны вірус»?

— Уладзіслаў займаецца камп’ютарнай графікай, прычым з вялікай ахвотай. Сын ніколі не марыў пайсці па маіх слядах, хоць па-сапраўднаму любіць тэатр. Некаторыя спектаклі, напрыклад, «Фальшывую ноту», не раз пераглядаў.

— Якую якасць Вы ў сабе больш за ўсё цэніце?

— Прызнаюся, наогул я вялікая панікёрка. Але калі трэба, магу мабілізавацца, узяць сябе ў рукі. Часам здаецца: гэтага я проста не вытрываю. Аднак абставіны патрабуюць, і пераконваешся — вытрымаць можна амаль усё. Жыццё вучыць трымаць удар. Імкнуся праходзіць праз выпрабаванні, не страчваючы годнасць.

— Вам знаёмае пачуццё зайздрасці?

— Часам зайздрошчу людзям, якія не прымаюць усё так блізка да сэрца, як я. З-за гэтага, на жаль, губляю здароўе.

— Ці ёсць кнігі, якія Вам хочацца перачытаць?

— Нядаўна перачытала «Караля Ліра» У. Шэкспіра. Многае прагучала для мяне як адкрыццё, зусім па-новаму. Вельмі шмат у сусветнай літаратуры шэдэўраў, да якіх хочацца вярнуцца.

— Ларыса, пра што Вы марыце сёння?

— Многае з таго, што было важна ўчора (кар’ера, поспех, ролі), сёння здаецца ўжо другасным, адносным. Апошнім часам перастала будаваць далёка ідучыя планы. Прытрымліваюся прынцыпу: «Дзень пражыла, і дзякуй богу». Але стараюся напоўніць гэтыя дні сэнсам, зрабіць хоць нешта добрае, карыснае. Навучылася радавацца дробязям.

— На што абапіраецеся ў складаныя часы?

— Перш за ўсё на сям’ю. Гэта самая вялікая каштоўнасць, на маю думку. А калі ўсведамляеш, якое жыццё кароткае, то пачынаеш даражыць кожнай магчымасцю сабрацца разам, пагутарыць, пасмяяцца. Акрамя родных, апорай у жыцці з’яўляюцца праца, сябры, вера.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва Ларысы МАРШАЛАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.