Вы тут

Як «ажывіць» сядзібу без гаспадара? Прадаць за адну базавую. Або арганізаваць... музей


Праблема скарачэння пустых і аварыйных дамоў знаходзіцца ў полі зроку органаў мясцовага самакіравання. Эфектыўнасць работы ў дадзеным кірунку абмеркавалі члены выязнога пасяджэння прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў у Свіслацкім раёне. Галоўны пасыл, дзеля чаго такая работа праводзіцца, — навесці парадак на зямлі.


Даць другое жыццё

Нарматыўная база па пустых дамах пастаянна ўдасканальваецца. Гэта і 70-ы Указ Прэзідэнта, і 357-ы, і апошні па даце — 116-ы, які дзейнічае з канца верасня 2021 года. Менавіта ён значна спрашчае работу па адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці. Напрыклад, у Свіслацкім раёне, па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Суботкі, летась амаль па 70 пустых дамах пытанне ўдалося вырашыць. Было прададзена 18 дамоў і паўсотні знесена. А вось сёлета з 23 дамоў большую частку ўдалося прадаць.

Даць пустым дамам другое жыццё — на гэта скіраваны і ў Поразаўскім сельскім Савеце Свіслацкага раёна. Яго старшыня Віктар Акудовіч адзначыў, што дзякуючы 116-у Указу Прэзідэнта тут пачалі больш актыўна прадаваць будынкі за адну базавую велічыню. З восені мінулага года на тэрыторыі сельскага Савета такім чынам прададзена 11 дамоў. Яшчэ па трох вядзецца юрыдычная працэдура ў згаданым кірунку. Ёсць і патэнцыяльныя пакупнікі.

— Для нас гэта вельмі важна, таму што дамы працягваюць жыць, ідзе паўторнае засяленне, а самае галоўнае, што тут людзі наводзяць парадак. Таму мы не імкнёмся зносіць дамы, а стараемся, каб іх прыдбалі новыя гаспадары, — расказаў Віктар Акудовіч.

Старшыня сельскага Савета прызнае, што работы ў дадзеным кірунку яшчэ даволі шмат. Сельсавет вялікі — каля дзвюх тысяч сядзіб, з іх больш за 700 стаіць пустымі. Але распараджацца імі мясцовыя ўлады не ў стане. Работа са спадчыннікамі вельмі карпатлівая. Тут трэба прайсці даволі працяглыя працэдуры, у тым ліку судовыя. Толькі пасля таго дом прызнаецца безгаспадарным і пераходзіць на баланс сельскага Савета. Напрыклад, за апошнія пяць гадоў такі статус атрымалі 104 дамы. Каля 40 старых і аварыйных хат знесена. А вось больш прыстойныя сядзібы маюць попыт.

— Тут даволі маляўнічыя мясціны, трэцюю частку тэрыторыі сельскага Савета займае Белавежская пушча, таму купляюць дамы ў асноўным пад дачы жыхары Свіслачы і Ваўкавыска. Але не толькі. Адзін з дамоў купіў літовец, збіраецца сюды пераехаць. Дзве сядзібы з гектарам зямлі набыў у вёсцы Варонічы жыхар Ваўкавыска, які збіраецца заняцца садаводствам, вырошчваць буякі ў прамысловых маштабах. У яго планах набыць яшчэ некалькі дамоў у гэтай вёсцы, якія ўжо прызнаны безгаспадарнымі. На вачах мяняецца аблічча населенага пункта, наводзіцца парадак. Таму там, дзе дамы прыгодныя для жыцця, яны прадаюцца, — распавядае старшыня сельсавета.

Як правіла, пустыя дамы прадаюцца за адну базавую велічыню. І хоць прыбытак невялікі, але ж няма затрат бюджэту, як, напрыклад, пры зносе дамоў. Але і тут ёсць магчымасць мінімізаваць затраты. Чалавек можа звярнуцца ў сельскі Савет з просьбай разабраць дом для сваіх патрэб з умовай, што ён поўнасцю ачысціць участак. Такі своеасаблівы ўзаемаразлік. Калі стары дом знаходзіцца на ўскрайку вёскі, падключаецца гаспадарка. Пазней такі ўчастак ўводзіцца ў севазварот.

Знос як вырашэнне праблемы

Вядома, не ўсюды дамы прадаюцца. Нават калі хата ў добрым стане, але знаходзіцца ў глыбінцы, пакупнікоў на яе знайсці цяжка. Па словах старшыні Вердаміцкага сельскага Савета дэпутатаў Алены Салавей, многае залежыць ад мясцовасці, наколькі яна прывабная і па лагістыцы, і па ландшафце. Напрыклад, важнае значэнне мае наяўнасць вадаёмаў і добрых дарог.

— Тэрыторыя нашага сельскага Савета знаходзіцца далей ад трас, у глыбінцы, да таго ж якасць дарог адыгрывае ролю. Калі дарогі асфальтаваныя, тады і попыт на дамы большы. Напрыклад, у аграгарадках няма такіх дамоў, якія прызнаныя пустымі. Гэта рэдкая з'ява. У большасці такія дамы знаходзяцца ў аддаленых вёсках, дзе і жыхароў зусім мала. За пяцігодку ў нас было прызнана пустымі і безгаспадарнымі 35 дамоў. Яны перададзены на баланс сельскага Савета. У асноўным усе гэтыя дамы пад знос, і работа па іх амаль завершана. У хуткім часе на разгляд раённай камісіі па абследаванні будзе прадстаўлена яшчэ шэсць дамоў. Калі яны будуць прызнаныя пустымі, матэрыялы паступяць у суд. Усе гэтыя дамы закінутыя, іх уласнікаў няма на свеце, а нашчадкі не прыязджаюць. Мы шукаем тых людзей, тэлефануем. Прадаць за базавую ўдалося пакуль толькі адзін дом. Таму мы скіраваныя на знос. Ды і самі дамы ўжо ў паўразбураным стане, аварыйныя, — расказала Алена Салавей.

Як паскорыць тэмпы работы

Алгарытм работы па адчужэнні пустых дамоў, можна сказаць, адпрацаваны і дае добры вынік.

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Царанкова, да 1 студзеня 2023 года ў раённых выканаўчых камітэтах склалі рэестр пустых дамоў, што ўнесены ў дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Адзіны рэестр пустых дамоў». Ён пастаянна папаўняецца. Звесткі павінны паступаць праз тры дні пасля заключэння камісіі па абследаванні пустых дамоў. Гэта дазваляе паскорыць тэмпы работ з пустымі дамамі, колькасць якіх пастаянна расце.

Так, на пачатак мінулага года ў вобласці налічвалася амаль 540 пустых дамоў, на пачатак сёлетняга — 705, а на канец красавіка — каля 1 тысячы.

— Зразумела, што гэта менавіта тыя дамы, якія прайшлі працэдуру пераходу іх на баланс мясцовых Саветаў. Дамоў, якія стаяць пустыя, значна больш, але па іх яшчэ не прынята рашэнне камісіі. Для таго, каб тое адбылося, патрэбна зрабіць пэўныя нарматыўныя крокі. Уладальнік дома таксама можа падаць заяву на знос дома і адмовіцца ад зямельнага ўчастка. Судовая справа ў такім выпадку неабавязковая. Далейшы лёс дома вырашаюць мясцовыя органы ўлады, — растлумачыла прадстаўнік ЖКГ.

Калі ў 2021 годзе было прададзена ўсяго 4 дамы, то ў наступным 2022-м — ужо 94. Дзякуючы здзелкам атрымана амаль 50 тысяч рублёў. Для пакупнікоў прадугледжаны крэдыт на аднаўленне дома.

— Пакупніку трэба ведаць, што нават калі ён купіў дом за адну базавую велічыню, расходы на афармленне права ўласнасці і іншай дакументацыі складуць каля 700 рублёў. Таксама пакупнік, згодна з Указам Прэзідэнта, можа атрымаць крэдыт на рэканструкцыю дома ў памеры 90 працэнтаў ад аб'ёму кошту затрат, — адзначыла спецыяліст.

Больш актыўна вядзецца і знос дамоў. Летась пад бульдозер трапілі 323 будынкі, што амаль у два разы больш, чым у папярэднім годзе. Такая тэндэнцыя сведчыць аб зусім непрыдатным для выкарыстання стане пустых дамоў. Адпаведна павялічылася і плошча зямлі, уцягнутай у севазварот.

Ірына Царанкова звярнула ўвагу на некаторыя праблемныя пытанні, якія тармозяць работу з пустымі дамамі. Адным з іх з'яўляецца немагчымасць знайсці праваўладальніка. Аблвыканкаму прапанавана распрацаваць спрошчаны парадак работы з такімі пустымі дамамі.

Яшчэ адным праблемным пытаннем з'яўляецца ўцягванне ў севазварот зямельных участкаў пасля зносу. Калі пусты дом знаходзіцца на ўскраўку вёскі, гэта прасцей, а вось калі ў цэнтры — значна больш праблематычна. Таксама разглядаецца пытанне аб вызваленні органаў мясцовага самакіравання ад аплаты за выраб акта па зносе дамоў, а гэта каля 260 рублёў. Такім чынам, відавочна, што ў дадзенай справе яшчэ ёсць куды расці, каб праблем было менш, а парадку — больш.

Быў пусты дом — стаў музей

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта паставіла задачу перад членамі прэзідыума больш актыўна заняцца праблемай пустых дамоў. У першую чаргу ў інфармацыйным плане. І дамы, і ўчасткі павінны быць у дзяржаўным рэестры.

Другім важным аспектам работы могуць стаць праекты па развіцці тэрыторый. Маецца на ўвазе стварэнне ў такіх дамах музеяў, летніх домікаў адпачынку ці проста месцаў для агульных сустрэч вяскоўцаў. І вопыт такі ў рэгіёне ўжо ёсць.

— Іншы раз дом добры, але ён прызнаецца пустым і яго ніхто не купляе. Калі такі дом на балансе сельвыканкама, распараджацца ім прасцей. Можа дапамагчы і сельгаспрадпрыемства — штосьці падрамантаваць, аднавіць, а ўжо самі жыхары будуць напаўняць яго зместам пад кіраўніцтвам старасты. У такім выпадку можна пайсці па шляху Зэльвенскага раёна і стварыць дамы сельскага быту. Такія музеі ўжо ёсць ва ўсіх сельскіх Саветах раёна, — звярнула ўвагу Алена Пасюта. — Я ведаю, што ідэяй зацікавіліся ўлады Лідскага раёна, дэлегацыя якога наведала тыя музеі. Трэба сказаць, што праект зэльвенцаў цікавы не толькі для Гродзенскай вобласці, а можа, і для ўсёй краіны, бо ён своечасовы і датычыцца работы мясцовых органаў самакіравання па развіцці тэрыторый.

Старшыня аблсавета прапанавала разгарнуць работу менавіта ў такім перспектыўным кірунку, каб кожны з 17 раёнаў вобласці меў вясковы самабытны музей. Пры развіцці дадзенай справы такія музеі варта ўключыць у турыстычны маршрут. Можна прыдумаць іншыя формы «другога жыцця» безгаспадарных сядзіб. На думку Алены Пасюты, нарматыўная база спрыяе таму, каб гэтыя дамы атрымалі новае жыццё.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?