Вы тут

Штучны інтэлект і канікулы для пошукаў... прыгажосці і кахання


Людзі і кнігі, якія мяняюць жыццё да лепшага

У Год педагога і настаўніка Расійская дзяржаўная бібліятэка для моладзі і Усерасійскі Рух «Натхняльнікі» запускаюць матывацыйны праект для моладзі «Бібліятэка Натхняльнікаў: Людзі і кнігі, якія мяняюць жыццё да лепшага».


Фота: pixabay.com

Гэты праект — цыкл адукацыйных сустрэч у фармаце інтэрактыўных лекцый з удзелам лідараў розных прафесій, чыя дзейнасць прыносіць карысць людзям, краіне і свету. Мерапрыемствы будуць рэгулярна праходзіць у зале візуальных мастацтваў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі для моладзі.

Спікеры праекта будуць дзяліцца з моладдзю сваімі гісторыямі поспеху, прафесійнымі дасягненнямі, планамі на будучыню і раскрыюць сакрэт, што ж натхняе на здзяйсненні іх саміх. Акрамя таго, яны прадставяць уласныя работы ў фармаце аўдыявізуальнага кантэнту ці кніг і падзеляцца спісамі літаратуры, якая будзе цікавая і карысная падлеткам.


Працаваць па спецыяльнасці — з другога курса

Студэнты ва Узбекістане змогуць працаваць па спецыяльнасці падчас навучання ва ўніверсітэтах. Для гэтага спатрэбіцца спецыяльны дакумент.

Міністэрства занятасці і скарачэння беднасці вынесла на грамадскае абмеркаванне праект дакумента, які прапануе дазволіць студэнтам ВНУ працаваць па спецыяльнасці ў вольны ад навучання час.

Для прыёму на працу спатрэбіцца сертыфікат ад кіраўніка ВНУ. Яго можна будзе атрымаць студэнтам з другога курса.

Пры гэтым для працаўладкавання студэнтаў, якія праходзяць аплачваную вытворчую практыку і аплачваную стажыроўку, сертыфікат не спатрэбіцца.

Па якіх кірунках і як будуць выдаваць сертыфікат, вырашаць асобна на працягу двух месяцаў.


Штучны інтэлект у адукацыі: добра, але...

СберУніверсітэт і платформа GeekBraіns прааналізавалі стаўленне да штучнага інтэлекту ў сферы адукацыі, апытаўшы расійскіх выкладчыкаў і студэнтаў.

Даследчыкі высветлілі, што ў цэлым абедзве групы рэспандэнтаў станоўча ставяцца да ўкаранення яго ў адукацыйны працэс. Так, сярод выкладчыкаў пазітыўную адзнаку выказалі 51 працэнт рэспандэнтаў, сярод студэнтаў — 77 працэнтаў. Пры гэтым сярод апошніх доля скептыкаў у адносінах да штучнага інтэлекту ў адукацыі ў два разы вышэйшая.

Сярод асноўных магчымасцяў генератыўнага штучнага інтэлекту ў індустрыі адукацыі былі названыя: эканомія часу, а таксама павышэнне ўцягнутасці студэнтаў у працэс навучання. Практычна аднолькавая доля выкладчыкаў і студэнтаў лічаць, што генератыўны штучны інтэлект будзе карысны ў кансультацыйнай падтрымцы студэнтаў па пытаннях навучання ў рэжыме 24/7.

У цэлым выкладчыкі бачаць больш магчымасцяў штучнага інтэлекту ў сферы адукацыі, але больш асцерагаюцца за кваліфікацыю студэнтаў з-за недакладнай інфармацыі, якую ён можа выдаць. Такой думкі прытрымліваюцца 72 працэнты выкладчыкаў і ўсяго 35 працэнтаў студэнтаў.

Нягледзячы на ажыятаж вакол генератыўнага штучнага інтэлекту, узровень пранікнення гэтай тэхналогіі ў акадэмічнае асяроддзе пакуль даволі нізкі. У асноўным выкладчыкі і студэнты знаходзяцца ў статусе назіральнікаў тэхналагічнага прагрэсу. У абедзвюх групах супастаўная доля «піянераў», якія паспрабавалі інструменты генератыўнага штучнага інтэлекту ў адукацыі (13 працэнтаў выкладчыкаў і 10 працэнтаў студэнтаў).


Канікулы для пошукаў... прыгажосці і кахання

Дзевяць прафесійных каледжаў Кітая, у якіх рыхтуюць супрацоўнікаў авіяцыйнай галіны (пілотаў, бортправаднікоў, авіядыспетчараў і супрацоўнікаў службы бяспекі аэрапортаў), адправілі студэнтаў на веснавыя канікулы, каб тыя нацешыліся прыгажосцю прыроды і знайшлі каханне. Аб гэтым піша «Іnsіder».

«Школа ўкараняе сістэму веснавых вакацый у надзеі, што навучэнцы змогуць навучыцца любіць прыроду, любіць жыццё і атрымліваць асалоду ад кахання», — пракаментавалі ініцыятыву ў адной з устаноў. Студэнты атрымалі і хатняе заданне: весці дзённік падарожжаў, ствараць вырабы і здымаць фота і відэа аб сваіх прыгодах.

Гэтая ініцыятыва з тыднем адпачынку праводзіцца ў Кітаі з 2019 года, але гэтым разам арганізатары вызначыліся незвычайнай тэмай — «атрымлівайце асалоду ад колераў, шукайце і ўлюбляйцеся». Гэта звязана з запускам дзяржаўнай сацыяльнай праграмы па барацьбе са зніжэннем нараджальнасці.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».