Вы тут

Подзвіг журналістаў-падпольшчыкаў, якія ў гады акупацыі выпускалі газету «Звязда», увекавечаны ў помніках


А дзякуючы ініцыятыве народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна ў чэрвені 2005 года ў Мінску з’явіўся праспект газеты «Звязда». За вялікія заслугі ў мабілізацыі беларускага народа на барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны найстарэйшае рэспубліканскае перыядычнае выданне краіны было ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны І ступені (1965 г.) і Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967 г.). «Звязда» — адзінае выданне былога Савецкага Саюза, якое мае баявую ўзнагароду, адзіная газета ў свеце, якой народ паставіў столькі помнікаў.


Каля помніка Уладзіміру Амельянюку і іншым журналістам-падпольшчыкам.

Такое прызнанне газета заслужыла сваім выхадам у адзін з найбольш трагічных перыядаў у гісторыі беларускага народа — у гады Вялікай Айчыннай вайны. Выпуск падпольнай «Звязды» ў акупаваным Мінску стаў беспрэцэдэнтнай з’явай у гісторыі беларускай і сусветнай журналістыкі, увайшоў у гістарыяграфію як прыклад самаахвярнасці і гераізму беларусаў.

Аднак за гэты подзвіг была заплачана вельмі высокая цана — ад рук акупантаў і іх памагатых загінулі многія журналісты-падпольшчыкі, а таксама тыя, хто ахвяраваў пад патрэбы рэдакцыі сваё жыллё, у тым ліку дзеці. Доўгі час іх імёны незаслужана не згадваліся, непрызнанымі былі і тыя са стваральнікаў падпольнай газеты, каму пашчасціла выжыць. З рэабілітацыяй дзейнасці мінскіх падпольшчыкаў гістарычная справядлівасць была ўстаноўлена. Некаторыя з тых, хто прымаў удзел у выпуску нелегальнай «Звязды», пасмяротна атрымалі ўзнагароды. Імёнамі Уладзіміра Амельянюка і Вячаслава Нікіфарава ў Мінску былі названы вуліцы. Памяці журналістаў-падпольшчыкаў у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прысвяцілі асобную экспазіцыю. Імёны людзей, якія ў вельмі складаных умовах, рызыкуючы ўласным жыццём, даносілі да грамадскасці праўдзівую інфармацыю, беражліва захоўваюцца ў школьных музеях краіны.

Подзвіг журналістаў-падпольшчыкаў увекавечаны ў помніках на плошчы Незалежнасці і на вуліцы Кульман, у мемарыяльных дошках на вуліцах Караля і Беламорскай, на праспекце Незалежнасці ў Мінску, а таксама на востраве Зыслаў у Любанскім раёне, дзе пасля правалу ў кастрычніку 1942 года выдавецкая дзейнасць «Звязды» была адноўлена ў студзені 1943 года. Гэта святыя месцы для кожнага супрацоўніка сучаснай рэдакцыі газеты.

Штогод напярэдадні Дня друку і Дня Перамогі мы наведваем гэтыя месцы, каб прывесці іх у парадак, а таксама аддаць даніну павагі нашым папярэднікам, якія ўнеслі свой уклад у сённяшні мірны дзень. Больш падрабязна аб звяздоўскіх месцах-сімвалах — у нашым матэрыяле.

У логаве ворага

Мемарыяльная дошка на будынку сучаснага Дома друку (перад вайной гэта была друкарня імя Сталіна), які знаходзіцца на сталічным праспекце Незалежнасці, распавядае, што тут у першыя месяцы вайны таемна друкаваліся падпольныя ўлёткі, а ў маі 1942 года быў набраны першы нумар падпольнай «Звязды». Сёння складана ўявіць, што матэрыялы гэтага нумара набіраліся ў логаве ворага — у гады акупацыі ў цяперашнім Доме друку знаходзілася нямецкая друкарня.

Шыльда на Доме друку, дзе ў гады акупацыі быў набраны першы падпольны выпуск «Звязды».

Гэта стала магчымым дзякуючы рабочым друкарні: бацьку і сыну Воранавым, Барысу Пупко, Міхаілу Свірыдаву і Броні Гофман, якія з’яўляліся членамі адной з першых падпольных груп Мінска. Пасля таго, як падпольшчык Уладзімір Амельянюк, прызначаны рэдактарам падпольнай «Звязды», устанавіў з імі сувязь, рабочыя ажыццявілі набор матэрыялаў першага нелегальнага нумара непасрэдна ў самой друкарні. Усё астатняе, што патрэбна было для выпуску газеты — наборныя касы, паперу, фарбы, гранкі, вярстаткі — патрыётам удалося незаўважна вынесці.

Слова страляла ва ўпор

У выніку першы падпольны нумар «Звязды» быў надрукаваны 18 мая 1942 года. Гэтая важная падзея адбылася ў доме Міхаіла Воранава і яго сына Міхаіла па вуліцы Рымарскай, 13 (у раёне сучаснай вуліцы Караля). У працы над гэтым выпускам прымалі ўдзел Уладзімір Амельянюк (рэдактар), Міхаіл Міхайлавіч і Міхаіл Паўлавіч Воранавы, Барыс Пупко (наборшчык), Броня Гофман (дастаўляла шрыфты і матэрыялы), Цімафей Аляксандравіч Трафімюк, Дар’я Іванаўна Трафімюк, Алена Паўлаўна Саланец.

Арыгіналы першага падпольнага нумара, які быў перавыдадзены ў чэрвені 1942 г. у памяць аб загінулым рэдактары У. Амельянюку, сёння захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, а таксама ў рэдакцыі газеты «Звязда». «...Бязлітасна знішчайце фашысцкіх гадаў, пашырайце партызанскую барацьбу. Зрабіце ўсё, каб наблізіць час разгрому і гібелі крывавага фашызму!» — заклікалі журналісты-падпольшчыкі. Кожнае слова, быццам куля, страляла ва ўпор. Сваім з’яўленнем «Звязда» ашаламіла фашыстаў. Мінскія падпольшчыкі гучна заявілі аб сваім існаванні.

Для пошуку падпольнай друкарні з Берліна выклікалі вопытных разведчыкаў. Гітлераўцы ўсведамлялі: знішчэнне самай вядомай і аўтарытэтнай беларускай газеты нанясе непапраўны ўрон падпольнаму руху. Тым, хто ўкажа на нелегальную друкарню, акупанты абяцалі заплаціць 75 тысяч нямецкіх марак — па тым часе велізарныя грошы. У грамадскіх месцах і на заводах пачаліся павальныя вобыскі і арышты: тых, у каго знаходзілі хаця б адзін экзэмпляр газеты, расстрэльвалі.

Незайздросны лёс напаткаў бацьку і сына Воранавых, на кватэры ў якіх быў надрукаваны першы падпольны выпуск «Звязды». Па інфармацыі падпольшчыка Васіля Сайчыка, іх выпадкова выдала родная цётка: «Яе затрымалі ў краме, у яе было дзесяць картак хлебных. Спыталі, дзе яна іх бярэ, тая і сказала, што Воранаў даў. Паехалі да Воранава, зрабілі старанны ператрус». Як аказалася, на кватэры падпольшчыкаў таксама друкаваліся хлебныя карткі, карткі для дадатковага пайка, пашпарты, біржавыя карткі, даведкі з месца працы, падробліваліся пячаткі і штампы. Менавіта дзякуючы Міхаілу Воранаву мінскім падпольшчыкам удалося здабыць два экзэмпляры спіса шпіёнаў, якія праз партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі» былі адпраўлены ў Маскву.

За гэта, а таксама за ўдзел у выпуску газеты была заплачана вельмі высокая цана: у канцы 1942 года ў фашысцкім засценку загінула сям’я Воранавых — бацька, сын і яго жонка. Сёння на адным з дамоў па сучаснай мінскай вуліцы Караля, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаяла іх хата, у якой быў надрукаваны першы падпольны нумар «Звязды», устаноўлена мемарыяльная дошка.

Рэдактар — Герой

Трагічна склаўся лёс і ў першага рэдактара падпольнай «Звязды» Уладзіміра Амельянюка. Рэдакцыю самай вядомай і папулярнай па тым часе беларускай газеты ўчарашні студэнт Камуністычнага інстытута журналістыкі ўзначаліў у няпоўныя 25 гадоў. Праз некалькі дзён пасля выхаду першага нелегальнага нумара (па афіцыйных звестках, 26 мая 1942 года) у ходзе перастрэлкі з агентам СД Уладзімір Амельянюк быў забіты каля Чырвонага касцёла ў Мінску. Аптэка непадалёк ад касцёла, каля якой адбылася трагедыя, працяглы час з’яўлялася для падпольшчыкаў месцам сустрэчы.

«Яго цела ляжала каля аптэкі не адзін дзень, — удакладняла падчас інтэрв’ю пляменніца рэдактара падпольнай „Звязды“ Надзея Амельянюк. — Маці Уладзіміра Амельянюка, мая бабуля, неаднойчы праходзіла каля нежывога сына, але нічога зрабіць не магла: інакш выдала б і сябе, і іншых падпольшчыкаў. Магілы дзядзька не мае...»

Няма яе і ў роднай сястры журналіста. Па дарозе ў эвакуацыю ў машыну, у якой ехала Зінаіда Амельянюк, трапіла бомба — жанчына загінула разам з двума дзецьмі. Яе муж, ваеннаслужачы, не вярнуўся з фронту. Бацьку Уладзіміра Амельянюка, Сцяпана Кандратавіча, які таксама супрацоўнічаў з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б, замучылі ў Трасцянцы. Маці, Паўліна Сцяпанаўна, памерла ўсяго праз некалькі дзён пасля Перамогі: 24 мая 1945 года яна ўпала на вуліцы — жаночае сэрца не вытрымала пакут, якія прынесла іх сям’і вайна. Сын будучага Героя Савецкага Саюза загінуў па дарозе ў эвакуацыю.

Уладзімір Амельянюк — адзіны рэдактар у час Другой сусветнай вайны, якому было прысвоена найвышэйшае званне — Герой Савецкага Саюза (падобных прыкладаў у гісторыі СССР не было). На тым месцы, дзе ён загінуў (сучасная плошча Незалежнасці), 24 верасня 1980 года быў адкрыты помнік першаму рэдактару падпольнай «Звязды», а таксама іншым журналістам-падпольшчыкам, якія падчас акупацыі ўдзельнічалі ў выданні газеты. Помнік журналісту-Герою ўстаноўлены і на тэрыторыі Самахвалавіцкай сярэдняй школы, дзе ён вучыўся.

Насупраць друкарні — гестапа

Пасля трагічных падзей падпольная рэдакцыя вымушана была змяніць прапіску — працягваць выпуск газеты вырашылі ў хаце Таццяны Якавенка па вуліцы з сімвалічнай назвай Выдавецкая (цяпер Кульман). Тут былі надрукаваны другі і трэці нумары падпольнага выдання. Аб подзвігу журналістаў-падпольшчыкаў, якія мелі да гэтага дачынення, сведчыць сціплы помнік, усталяваны па вуліцы Кульман (насупраць Камароўскага рынку) — акурат на месцы хаты, дзе і днём, і ноччу кіпела работа. І гэта нягледзячы на тое, што насупраць падпольнай рэдакцыі знаходзілася гестапа.

Над другім і трэцім выпускамі падпольнай газеты працаваў невялікі рэдакцыйны калектыў: Вячаслаў Нікіфараў, Ядвіга Савіцкая, Уладзімір Казачонак, Хасан Александровіч, Сяргей Благаразумаў, Клаўдзія Фалдзіна і Анастасія Карпусенка. Дагэтуль няма адзінага меркавання, на каго пасля гібелі Уладзіміра Амельянюка былі ўскладзены рэдактарскія функцыі: і Вячаслаў Нікіфараў, і Ядвіга Савіцкая ў роўнай ступені адказвалі за выхад падпольнай «Звязды».

Помнік на вуліцы Кульман, дзе патрыёты падрыхтавалі другі і трэці газетныя выпускі.

Сын наборшчыка падпольнай «Звязды» Барыс Александровіч доўгі час сябраваў з нашай рэдакцыяй, нават меў пасведчанне ганаровага карэспандэнта «Звязды». Менавіта ад яго мы даведаліся шмат цікавых дэталяў, звязаных з выхадам выдання ў акупаваным Мінску. З вуснаў бацькі Барыс Александровіч ведаў, што выпускаць газету было вельмі складана: увесь час нечага не хапала — то паперы, то фарбы, то друкарскіх прылад. Яго маці, Галіна Александровіч, пашыла з марлі каля двухсот мяшэчкаў, у кожным з якіх захоўвалася літара. Пасля таго, як нумар быў адціснуты, літары зноў складваліся ў свае «рэзервуары».

Кожны падпольны нумар ствараўся ў найцяжэйшых умовах: паўсюль былі шпіёны і правакатары. Калі Ядвіга Савіцкая займалася апрацоўкай матэрыялаў або пісала іх, яе дачка заўсёды знаходзілася на вуліцы, маці — у двары. Пры найменшым падазрэнні падпольшчыца атрымлівала сігнал і хавала матэрыялы ў падаконнік. «Пры добрых умовах газету можна было зрабіць за два-тры дні, а рабілі яе месяцамі, — расказвала Савіцкая. — Не паспявалі ўзяць у рукі аловак, як паступае сігнал трывогі. Заходзіць у кватэру хто-небудзь — усялякая праца спыняецца».

Акрамя непасрэднай журналісцкай работы, Ядвіга Савіцкая неаднойчы насіла надрукаваную газету ў мястэчкі і сёлы. Па яе словах, былі моманты, калі газету аддавала сялянам публічна, не хаваючыся. Пры гэтым не было ні аднаго выпадку, каб з-за страху нехта адмовіўся яе ўзяць. Насельніцтва той ці іншай вёскі хутка знаёмілася за зместам выдання, якое затым перадавала іншым людзям. Падпольшчыкі, якія прыходзілі ў гэты населены пункт другі раз, былі тут жаданымі гасцямі.

Загінулі разам з дзецьмі

Чацвёрты нумар нелегельнай «Звязды» выйшаў на кватэры сям’і Хадасевічаў па вуліцы 3-я Лінія, 26 (у раёне сучасных мінскіх вуліц Цнянская і Беламорская). Выпуск пятага планаваўся на 27 верасня 1942 года. Аднак у свет ён так і не выйшаў: у ноч на 26 верасня гітлераўцы арыштавалі 21 падпольшчыка, сярод якіх быў і Вячаслаў Нікіфараў, на якім пасля гібелі У. Амельянюка ляжала адказнасць за выхад газеты.

Пасля арышту Вячаслаў Нікіфараў трапіў у СД, дзе падпольшчыка жорстка катавалі. Зверскімі спосабамі яго прымушалі адмовіцца ад камуністычнай партыі. Вядома, што 8 снежня 1942 года В. Нікіфарава перавезлі ў мінскую турму, пасля — зноў у СД. Далейшы лёс Вячаслава Нікіфарава невядомы. Указам 10 мая 1965 года Вячаслаў Кандратавіч пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Яго імем названая адна з мінскіх вуліц, памяць аб падпольшчыку захоўваецца ў навучальных установах сталіцы. Адна з мінскіх школ носіць імя падпольшчыка.

Пётр і Альбіна Хадасевічы, на кватэры якіх ствараліся чацвёрты і пяты нумары падпольнай «Звязды», разам са сваімі сынамі Канстанцінам і Паўлам загінулі ў фашысцкай турме (па іншых звестках, у Трасцянцы). На доме, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася кватэра Хадасевічаў (на цяперашняй вуліцы Беламорская, 7), якую патрыёты аддалі пад патрэбы рэдакцыі, устаноўлена мемарыяльная дошка. Лёс іншых арыштаваных падпольшчыкаў, якія былі задзейнічаны ў выдавецкай дзейнасці, не вядомы да сённяшняга часу.

Газета-партызанка

Пасля правалу Мінскага падполля ў студзені 1943 года выпуск «Звязды» быў адноўлены ў зоне партызанскіх злучэнняў у Любанскім і Салігорскім раёнах. У зоне партызанскіх злучэнняў першы нумар газеты-партызанкі выйшаў 27 студзеня 1943 года. Над выпускам «Звязды», як і «Чырвонай змены» (маладзёжная газета таксама аднавіла спыненую вайной дзейнасць), у партызанскай зоне працавала ўсяго некалькі чалавек: былы рэдактар Любанскай раённай газеты Піліп Касцюкавец, карэспандэнт даваеннай «Советской Белоруссии» Георгій Шчарбатаў, супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты Амяльян Шурпач, Аляксандр Сакевіч, Мікалай Курыка і Ніна Цылько. Узначальваў абагульненую рэдакцыю дзвюх газет даваенны рэдактар «Чырвонай змены» Міхаіл Барашкаў.

На востраве Зыслаў, дзе выходзіла партызанская «Звязда».

У партызанскай зоне было выпушчана 105 нумароў «Звязды». У тыле ворага выйшла 48 выпускаў «Чырвонай змены». Уклад гэтых дзвюх газет у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі вельмі істотны. Журналісцкае слова праўдзіва расказвала аб падзеях на фронце, выкрывала сапраўдныя намеры акупантаў, заклікала папаўняць шэрагі народных мсціўцаў. Насельніцтва з нецярпеннем чакала чарговыя выпускі газет, чытала кожную змешчаную публікацыю і, вядома, добра разумела, што кожны радок быў напісаны ў неверагодна складаных умовах, з рызыкай для жыцця. Подзвіг журналістаў, якія выдавалі газеты ў партызанскай зоне, увекавечаны ў мемарыяльным комплексе, устаноўленым на востраве Зыслаў.

***
Нядаўна супрацоўнікам сучаснай рэдакцыі «Звязды» ўдалося ўстанавіць новае памятнае для калектыву месца. На вуліцы Усходняй, на доме пад нумарам 28, корпус 1, устаноўлена мемарыяльная шыльда, якая сведчыць аб тым, што на гэтым месцы знаходзілася хата, у якой у 1941–1942 гадах размяшчалася канспіратыўная кватэра Мінскага партыйнага падполля. Яе ўтрымлівалі бацька і сын Амельянюкі, якія загінулі ад рук нацыстаў вясной 1942 года.

Гэтае месца стане яшчэ адным прыпынкам у маршруце памяці, які кожны год напярэдадні Дня друку і Дня Перамогі здзяйсняюць журналісты найстарэйшага рэспубліканскага выдання краіны з гераічнай гісторыяй.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы  ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта  № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.