Вы тут

У памяць пра трагедыю вёскі Лескі Камянецкага раёна прайшоў мітынг-рэквіем


Лескі знішчылі прыгожым майскім днём 80 гадоў таму. Да гэтай жалобнай даты школьнікі ўсяго раёна падрыхтавалі наглядныя матэрыялы, вырабы, інсталяцыі пад назвай «Лескі вачыма дзяцей». На адной з іх — акно вясковай хаты, завешанае святочным ручніком, полымя, клубы чорнага дыму. Зверху на плакаце шчымлівыя радкі:

«Абгарэлі ў бусла крылы,

Пачарнелі ўсе пралескі.

Дзе вы, Лескі? Зніклі Лескі»


Вёска з прыгожай назвай, размешчаная ў глыбіні Белавежскай пушчы, не проста знікла, яна была спаленая чужынцамі-злыднямі. Яе лёс у многім вызначыла яе месцазнаходжанне. Карнікі лічылі такія паселішчы патэнцыяльна небяспечнымі. Тым больш што побач базіраваўся партызанскі атрад імя Чкалава. Жыхары дапамагалі партызанам прадуктамі, медыкаментамі, прытулкам. І акупанты расправіліся з Лескамі.

Напярэдадні карнай аперацыі старастам навакольных вёсак загадалі падрыхтаваць павозкі, арганізаваць мужчын з рыдлёўкамі. А жыхарам Лесак было загадана не выпускаць жывёлу на пашу, сядзець па хатах. Пакуль немцы вывозілі нарабаванае дабро, пад’ехаў карны батальён. Усім загадалі выйсці з хат. Потым жанчын з дзецьмі пагналі ў адзін з хлявоў, а мужчын — у будынак пачатковай школы. На другім канцы вёскі ўжо была выкапаная вялізная яма. Выводзілі па 8-10 чалавек і расстрэльвалі. Затым немцы падпалілі хаты. У той чорны для Лесак дзень загінула 216 жыхароў, з іх — 89 дзяцей, згарэла 54 сядзібы.

Першы сціплы помнік трагічнай падзеі з’явіўся ў 1960-я. Праз дваццаць гадоў яго замянілі на новы. На гэтым абеліску ў выглядзе раскрытай кнігі высечаны прозвішчы бязвінных ахвяр: сем’і па пяць, восем, дванаццаць чалавек, усе пакаленні: прабабулі, бабулі, маці, дзеці-немаўляты... У 2013-14 гадах помнік адрамантавалі за кошт раённага бюджэту. Правялі добраўпарадкаванне, спілавалі старыя дрэвы. Сам помнік атынкавалі і пафарбавалі. Вакол паклалі новую плітку, зрабілі дарожкі, паставілі лаўкі. Два гады таму зноў правялі рамонт і абнаўленне.

Лескі пасля вайны адрадзіліся. Праўда, цяпер засталася жменька жыхароў. Штогод у маі тут збіраюцца вяскоўцы, прыязджаюць нават далёкія сваякі загінулых. На гэты раз сюды прыехала шмат людзей з усяго раёна. Ніна Новік з Камянца з цяжкасцю стрымлівала слёзы. Сярод загінулых была яе родная цётка з двума малымі. Жанчына расказвала, што да гэтага цётка гасцявала ў яе маці ў суседніх Чамярах, а за дзень да бяды раптам зазбіралася дадому. Такі вось лёс... У Ніны Паўлаўны застаўся толькі здымак цёткі, з якога глядзіць зусім маладая Ефрасіння. З гэтым здымкам і прыйшла сталая жанчына на мітынг.

Напярэдадні 80-й гадавіны трагедыі ў ААТ «Відамлянскае» зрабілі вялікі металічны крыж, якім і дапоўнілі мемарыял спаленай вёсцы. Пасля асвячэння крыжа і літургіі настаяцель храма Сімяона Столпніка і благачынны цэркваў Камянецкай акругі Сергій Буркоўскі сказаў, што месцы, дзе людзі прымалі пакутніцкую смерць, здаўна лічацца святымі: «Сюды трэба прыходзіць, каб памятаць пра людзей, што ляжаць пад крыжам, памятаць пра трагедыю і малітоўна прасіць Бога, каб бярог нашу краіну, наш народ, нашых дзяцей».

Старшыня Камянецкага райвыканкама Віталь Кулак у сваёй кароткай прамове нагадаў пра важнасць захавання гістарычнай памяці:

— Наш агульны абавязак перад усімі, хто жыў да нас, перадаць у спадчыну дзецям і ўнукам самую каштоўную заваёву дзядоў і прадзедаў — мір, згоду, дабрабыт нашай Радзімы.

Кіраўнік раёна падзякаваў школьнікам за тое, што так пранікнёна адлюстравалі тэму, зрабілі такія красамоўныя творчыя работы, ад якіх мароз прабягае па скуры: "Значыць, нашы дзеці ўважліва вывучаюць гісторыю сваёй краіны, робяць правільныя высновы".

Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр вайны хвілінай маўчання. На брацкай магіле адкрылі памятную таблічку з QR-кодам. Аналагічныя таблічкі, згодна з рашэннем райвыканкама, будуць пастаўленыя на ўсіх вайсковых пахаваннях. Пасля жалобных мерапрыемстваў адбылася гістарычная рэканструкцыя падзей 80-гадовай даўніны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАЛАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.