Вы тут

Якія формы махлярства найбольш распаўсюджаныя і як засцерагчы сябе ад ашуканцаў?


Кібермахляры працягваюць «разводзіць» людзей на грошы. Прычым знаходзяць усё новыя спосабы атрымаць доступ да чужых сродкаў. Не грэбуюць і праверанымі злачыннымі схемамі. А людзі, якім, здаецца, ужо з кожнага праса расказваюць аб ашуканцах і спосабах падману, па-ранейшаму даверліва расстаюцца з апошнімі грашыма. Як заўважаюць праваахоўнікі, віды кібермахлярства не мяняюцца. Становяцца іншымі толькі прычыны, дзякуючы якім злачынцы спрабуюць атрымаць доступ да сродкаў грамадзян.


Фота: pixabay.com

Ці патрэбен вам крэдыт?

Як расказаў начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксей Новаш, з пачатку года зноў актывізаваліся злачынцы, якія выманьваюць у грамадзян грошы пад выглядам супрацоўнікаў банкаўскіх устаноў. «У Мінску за першы квартал 2023 года было здзейснена 23 цяжкія злачынствы, звязаныя з крадзяжамі шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі (крадзяжы, дзе памер шкоды перавышае 250 базавых велічынь. — Заўв. «Зв».), — удакладніў ён. — У 14 выпадках грамадзянам прапаноўвалася запазычыць крэдытныя сродкі: людзі аформілі на сябе 33 крэдыты».

Як сцвярджаюць праваахоўнікі, ашуканцы не адмаўляюцца ад гэтага віду злачынства, бо яно прыносіць вялікі даход. Прычым зламыснікаў ужо не задавальняюць малыя сумы — асабліва даверлівых пад рознымі маркамі (у тым ліку пад выглядам удзелу ў спецыяльных сакрэтных аперацыях па выяўленні зламыснікаў) яны накіроўваюць у банкаўскія ўстановы, каб тыя бралі крэдыты і папаўнялі свае рахункі. У выніку за адну-дзве транзакцыі ашуканцам удаецца скрасці як мага большую суму сродкаў. Дзякуючы супрацоўнікам органаў унутраных спраў, пэўную долю пераведзеных грошай удаецца ўратаваць. Аднак пры ўмове, калі чалавек своечасова паведаміць у міліцыю аб тым, што стаў ахвярай кіберзлачынцаў.

— Калі нехта ў тэлефоннай размове патрабуе ад вас атрымання асабістых даных, трэба разумець, што з вамі мае зносіны ашуканец, — звяртае ўвагу Аляксей Новаш. — Сапраўдны супрацоўнік банка або праваахоўных органаў асабістую інфармацыю ў тэлефоннай размове, тым больш не па мабільнай сувязі, а праз месенджары, высвятляць не будзе. Чаму нашы грамадзяне расстаюцца са сваімі сродкамі? Усе гэтыя крадзяжы пабудаваны на метадах так званай сацыяльнай інжынерыі — гэта псіхалагічнае ўздзеянне на свядомасць, якое падштурхоўвае чалавека здзяйсняць пэўныя дзеянні, адключаючы рацыянальнасць мыслення, логіку. Баючыся страціць свае сродкі, людзі гатовы выконваць маніпуляцыі, на якія іх скіроўваюць зладзеі.

Грамадзяне павінны раз і назаўсёды ўсвядоміць: ні пры якіх абставінах нельга паведамляць асобе, якую вы нават не бачыце, інфармацыю канфідэнцыяльнага характару: нумары банкаўскіх картак, праверачныя коды, логіны, паролі, сеансавыя коды і інш. Лічыце, што гэта ключы ад вашага жылля, якія вы нікому ні пры якіх абставінах перадаваць не павінны.

Наступствы віртуальных узаемаадносін

Карыстальнікам сацыяльных сетак варта ведаць, што з'явіўся новы спосаб кіберзлачыннасці. Калі раней злачынцы ўзломвалі асабістыя акаўнты «УКантакце» і ад імя сяброў уладальніка прасілі перавесці пэўную суму, то цяпер усё часцей фіксуецца несанкцыяваны доступ да месенджара «Telegram». Зноў жа, атрымліваючы доступ да акаўнта, ад імя ўладальнікаў зламыснікі адпраўляюць паведамленні сябрам з просьбай аказаць дапамогу або садзейнічанне шляхам пераводу пэўнай грашовай сумы. Як лічыць Аляксей Новаш, такіх злачынстваў можна было б пазбегнуць, калі б людзі часцей кантактавалі адзін з адным.

У якасці пляцоўкі для падману грамадзян ашуканцы ўсё часцей выбіраюць сацыяльную сетку «Іnstagram». З пачатку года зарэгістравана звыш 700 такіх фактаў, калі людзі пераводзілі грошы за выбраны ў сацыяльнай сетцы тавар, але не атрымлівалі яго. Зламыснікі выкарыстоўваюць наступную схему: размяшчаюць падробныя старонкі па продажу тэхнікі, мэблі, адзення і за кошт узятых з інтэрнэту фота ствараюць бачнасць вядзення буйнога бізнесу. Сфальсіфікаваныя водгукі і накручаныя падпісчыкі знешне дэманструюць карціну добранадзейнасці. Прыцягвае патэнцыяльных ахвяр і цана, ніжэйшая за рыначную. Людзі, не ацэньваючы сітуацыю ў поўнай меры, пераводзяць перадаплату або ўсю суму за жаданую рэч. А праз некалькі дзён, калі прадавец перастае выходзіць на сувязь і выдаляе акаўнт, разумеюць, што іх падманулі.

Дастаткова распаўсюджаны і такі від махлярства, як аплата білетаў у тэатр або ў кіно. На сайтах знаёмстваў, у сацыяльных сетках дасягаецца дамоўленасць аб сустрэчы падчас пэўнага культурна-масавага мерапрыемства. Віртуальная дзяўчына прапаноўвае маладому чалавеку набыць білеты. Даецца спасылка, па якой ён павінен гэта зрабіць. Спасылка імітуе ўсім вядомы сайт (напрыклад кінатэатра або афішы). Малады чалавек уводзіць свае даныя, быццам бы набывае білеты коштам некалькі дзясяткаў рублёў, разам з тым ён дае махлярам доступ да ўсёй сваёй плацежнай інфармацыі. Некалькі дзясяткаў такога роду выпадкаў летась былі зафіксаваны, і сёлета яны працягваюцца.

«Дарагія» званкі

У сакавіку мінулага года з'явіўся новы від махлярства, які дагэтуль актуальны. Выпадкі рэгіструюцца на тэрыторыі ўсёй краіны. На стацыянарны тэлефон паступае званок, дзе абанент, які плача, гаворыць аб тым, што ён трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне і з'яўляецца яго віноўнікам. Калі абанент верыць словам таго, хто тэлефануе, трубка перадаецца іншай асобе, якая прадстаўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў і працягвае размову. У ходзе гутаркі злачынец высвятляе ўсю кантактную інфармацыю, наяўнасць мабільных тэлефонаў, пасля чаго пачынаюцца званкі на ўказаныя мабільныя тэлефоны, каб пацярпелы не меў магчымасці звязацца са сваякамі і ўдакладніць інфармацыю. Мэта такіх званкоў — выманіць у чалавека грошы. Размова ідзе пра дзясяткі тысяч долараў ЗША. Сродкі, якія ёсць у наяўнасці, просяць перадаць кур'еру, які прыедзе і па легендзе забярэ грошы, каб перадаць супрацоўніку праваахоўных органаў — толькі ў такім выпадку, як завяраюць ашуканцы патэнцыяльных ахвяр, іх сваяк не будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Асноўная праблема, як заўважаюць праваахоўнікі, — людзі думаюць, што гэта іх не закране і яны змогуць распазнаць ашуканца. Але практыка паказвае: любы чалавек можа пацярпець ад махлярскіх дзеянняў тэлефонных злачынцаў. Каб не трапіць на хітрыкі ашуканцаў, супрацоўнікі міліцыі рэкамендуюць пры паступленні падобных званкоў пакласці трубку і патэлефанаваць сваякам, каб удакладніць інфармацыю. Калі званкі працягваюцца, у любым выпадку трэба звязацца са сваімі блізкімі або паведаміць аб гэтым у міліцыю. І самае галоўнае, што павінна насцярожыць кожнага грамадзяніна, — супрацоўнікі праваахоўных органаў нікога не будуць прасіць аб перадачы грашовых сродкаў з мэтай пазбягання адказнасці за здзейсненае злачынства!

Як правіла, махляры тэлефануюць з-за мяжы. Адна з мер прафілактыкі, якую прапаноўваюць праваахоўнікі, — у выпадку, калі ў вашага пажылога сваяка няма родных, якія жывуць за мяжой, па заяве Белтэлекам можа адключыць уваходныя міжнародныя званкі. Гэтым вы засцеражаце сваіх родных ад такіх сітуацый — ім проста не патэлефануюць.

— Часта пацярпелымі з'яўляюцца пажылыя людзі, да якіх зламыснікам удаецца ўвайсці ў давер і падмануць, — заўважае начальнік аддзела ўпраўлення крымінальнага вышуку галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Андрэй Арлоўскі. — Кур'ер забірае гэтыя грошы ў грамадзян, аддае іх трэцяй асобе, якая пераводзіць іх у крыптавалюту, або грашовыя сродкі пералічваюцца на іншыя рахункі і праз шматлікія банкаўскія карткі пакідаюць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. У асноўным так званыя кур'еры з'яўляюцца грамадзянамі нашай краіны ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Яны беспрацоўныя, да крымінальнай адказнасці раней не прыцягваліся.

Трывогу праваахоўнікаў выклікае тое, што апошнім часам арганізатары злачыннага бізнесу далучаюць да сваёй незаконнай дзейнасці непаўналетніх. Нядаўна міліцыянеры затрымалі чацвярых юных мінчан, якія сталі ўдзельнікамі злачынстваў у Лепелі. Школьнікі ва ўзросце 14 і 16 гадоў працавалі кур'ерамі тэлефонных махляроў. У 55-гадовага жыхара райцэнтра яны забралі 4,3 тысячы долараў. Дваім іншым падлеткам 84-гадовая пенсіянерка аддала 2,8 тысячы долараў і 100 еўра. Міліцыянеры нагадваюць: кур'еры тэлефонных ашуканцаў нароўні з іншымі ўдзельнікамі злачынных схем падлягаюць крымінальнай адказнасці і абавязаны пакрыць прычыненую шкоду.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».