Вы тут

Журналісты ўшанавалі памяць Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Амельянюка


Звяздоўцы, супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва «Мінск-навіны» і прадстаўнікі Беларускага саюза журналістаў ушанавалі памяць Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Амельянюка і іншых журналістаў-падпольшчыкаў, якія ў акупаваным Мінску выпускалі падпольную «Звязду». Сімвалічна, што гэта адбылося ў Дзень друку і напярэдадні найгалоўнейшага свята краіны — Дня Перамогі. 


Помнік журналістам-падпольшчыкам устаноўлены ў самым цэнтры сталіцы — на плошчы Незалежнасці. Тут, каля Чырвонага касцёла, 26 мая 1942 года загінуў галоўны рэдактар першага падпольнага нумара газеты «Звязда», Герой Савецкага Саюза Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк. У той дзень 25-гадовы падпольшчык якраз ішоў у аптэку, якая з’яўлялася для падпольшчыкаў месцам перамоў. Калі выйшаў, адчуў, што за ім сочаць. Пачалася перастрэлка. Журналіст-патрыёт не паспеў схавацца ад варожай кулі…

Многія, хто ўдзельнічаў у выпуску падпольнай газеты, а таксама прадастаўляў свае кватэры пад патрэбы нелегальнай рэдакцыі, былі схоплены гітлераўцамі і закатаваны да смерці. Сярод іх былі нават дзеці — сыны Пятра і Альбіны Хадасевічаў, на кватэры якіх выйшаў чацвёрты і быў падрыхтаваны выпуск падпольнага выдання, які так і не ўбачыў свет. Лёс некаторых журналістаў-падпольшчыкаў дагэтуль не высветлены.

Як адзначыў старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў, уклад нашых калег-журналістаў у агульную Перамогу складана пераацаніць. «З першых дзён акупацыі нашы папярэднікі ад рукі перапісвалі зводкі Саўінфармбюро, заклікалі народ узняцца на барацьбу з нацызмам, — заўважыў ён. — Ужо ў лістападзе 1941 года з’явіліся першыя газеты, якія, у прыватнасці, распаўсюджваліся ў горадзе Мінску. Аднак сапраўдны подзвіг здзейснілі нашы калегі з газеты „Звязда“: Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк і вялікая каманда журналістаў, якія, рызыкуючы жыццём, выдалі ў друк чатыры нумары газеты „Звязда“. Пяты, на жаль, застаўся ў рукапісным варыянце. Калегі заплацілі жыццём за выданне падпольнай газеты. Аднак яна не спыніла свайго існавання — пасля „Звязда“ выдавалася ў партызанскай зоне ў Мінскай вобласці».

Андрэй Крывашэеў падкрэсліў, што выхад падпольнай «Звязды» з’яўляўся неверагодным подзвігам. Увогуле, па яго словах, падпольнай і партызанскай прэсы на акупаванай тэрыторыі было больш і колькасна, і якасна, чым той, якая выдавалася калабарацыяністамі і нацысцкай адміністрацыяй. «Гісторыкі сведчаць, што гэта больш 170 рэгулярных газет і часопісаў, якія распаўсюджваліся па тэрыторыі Беларусі, у тым ліку сіламі партызан і падпольшчыкаў, — удакладніў старшыня грамадскага аб’яднання. — Для параўнання нацысцкай прэсы было каля ста найменняў. І тут, у жорсткіх умовах акупацыі, калі за слова плацілі жыццём, беларускія патрыёты выйгралі ў першую чаргу інфармацыйна-медыйны фронт і, дзякуючы ім у тым ліку, было арганізавана каласальнае супраціўленне нацыстам. Дзякуючы журналісцкаму слову, ведалі, што Масква не ўзята, вораг пацярпеў паражэнне ў Сталінградзе, на Курскай дузе. Гэта набліжала Перамогу, давала сілы тым, хто ў акупацыі вёў барацьбу з нацыстамі».

Як звярнуў увагу Андрэй Крывашэеў, сучасныя прадстаўнікі мас-медыя памятаюць уклад вялікіх журналістаў, многія з якіх былі маладымі. «Уладзіміру Сцяпанавічу на момант гібелі было ўсяго 25 гадоў, — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза журналістаў. — Як і тады, так і цяпер гараць вочы маладых патрыёта-журналістаў, якія прыходзяць у аўтарскую журналістыку, блогерства, у шэрагі калектываў дзяржаўнай прэсы. Гэта памяць важная яшчэ і таму, што мы захоўваем і матэрыяльную спадчыну. Не сакрэт, што два гады таму асобныя дзеячы спрабавалі перамясціць помнік Уладзіміру Амельянюку і іншым журналістам падпольшчыкам. Уся журналісцкая супольнасць, Мінгарвыканкам сталі на абарону святога для нас месца і сказалі, што новыя помнікі патрэбна ўзводзіць на новых месцах, а месца, палітае крывёю нашага калегі, павінна быць недатыкальным». 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».