Вы тут

Поспехамі экацэнтра «Экасвету» падзялілася настаўніца геаграфіі Таццяна Пяткевіч


У гімназіі № 21 Мінска шмат гадоў працуе цэнтр «Экасвет». Адным з апошніх дасягненняў у яго дзейнасці стала правядзенне анлайн-конкурсу чытанняў «Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы». Поспехамі «Экасвету» падзялілася настаўніца геаграфіі Таццяна Пяткевіч, якая нядаўна пераняла арганізацыйныя абавязкі кіраўніцы цэнтра ў гімназіі.


На станцыі «Кніжкі разумныя чытаем і прыроду абараняем»

Да ўдзелу ў конкурсе ў Беларусі ўдалося прыцягнуць навучэнцаў з Бабруйска і Мінска. Міжнароднае вымярэнне яму надаў удзел школьнікаў з расійскага Навасібірска. Цалкам верагодна, што гэтаму паспрыяла супрацоўніцтва з факультэтам геаграфіі і геаінфармацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таццяна Пяткевіч паінфармавала пра ўдзел у журы прадстаўнікоў яго кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій. Акрамя настаўнікаў гімназіі, вынікі конкурсу падводзілі загадчыца кафедры Кацярына Мацюшэўская і дацэнт Яўген Казлоў.

Абсалютнымі пераможцамі сталі навучэнцы з Мінска. Дамір Уласевіч з гімназіі № 40 імя Янкі Купалы прапанаваў стварыць біяраскладальную ўпакоўку для вадкіх харчовых вырабаў. Караліна Юхновіч са школы № 141 падзялілася вынікамі даследавання шызага голуба ва ўмовах гарадскіх краявідаў. Вера Паліванава і Дар’я Юшко з гімназіі № 146 параўналі чысціню касметычных крэ­маў. Вартасці даследаванням пераможных канкурсантаў надало супрацоўніцтва з прадстаўнікамі навукова-даследчых інстытутаў і ўніверсітэтаў.

Іншай працай, што атрымала ўхвальную адзнаку журы, стаў выраб хатняга ёгурту, які прапанавалі Марыя Радненка і Марыя Сядова са школы № 178 імя Трыфана Лук’яновіча. Навучэнцаў жа гімназіі № 21 прызналі найлепшымі ў намінацыі «Экалагічная культура» за вывучэнне ўплыву Мінскай кальцавой аўтадарогі на экалагічны стан у мікрараёне Ангарская-3. Славу навучальнай установе прынеслі гімназісты Глеб Уласаў, Ганна Кучура і Аляксандра Ступкіна.

На станцыі «Three R’S»

Сярод іншых поспехаў, якімі падзялілася Таццяна Пяткевіч, стала правядзенне ў гімназіі гульні «Зялёная карусель». У адпаведным гульнявым квэсце ўзялі ўдзел каманды сямікласнікаў з некалькіх школ Заводскага раёна Мінска. Яны набіралі гульнявыя балы за кошт праходжання маршруту па дзевяці станцыях. Найбольш станоўчых водгукаў удзельнікаў выклікалі такія станцыі, як «Музыка прыроды», «У гасцях у леса», «Вецер падарожжаў», «Папацей, грамацей!» і «Зялёная матэматыка».

Гэтак на станцыі «У гасцях у леса» гульцы вызначалі жывёл, грыбы і расліны, у тым ліку кветкі. На станцыі «Вецер падарожжаў» школьнікі адказвалі на пытанні віктарыны, рашалі галаваломкі, рэбусы і фотазагадкі, а таксама гулялі ў «Кракадзіла». Сувязь музычных твораў са з’явамі жывёльнага свету вызначалі на станцыі «Музыка прыроды». Тамсама адгадвалі імёны кампазітараў і назвы іх твораў. Урэшце, веданне айконімаў Заводскага раёна па-беларуску праверылі на станцыі «Папацей, грамацей!».

Як бачым, гімназія № 21 стала не толькі асяродкам экалагічнай асветы Мінска, але і іншых гарадоў, у тым ліку ў іншай частцы свету. Такі прыклад супрацоўніцтва разнастайных навучальных устаноў сапраўды варты пераймання і метадалагічнага апісання.

Уладзімір РУСАКОВІЧ

Фота з архіва гімназіі № 21

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.