Вы тут

І гэта ўсё — пра яе. Як правільна выбіраць сукенку? Карысныя парады ад дызайнера


Прыгожая сукенка здольна палепшыць настрой, нават падняць самаацэнку, выклікаць да жанчыны цікавасць, стаць «выратавальным колам» пасля растання.

Праўда, аблічча нашай сучасніцы ўжо складана ўявіць без рэчаў, запазычаных з мужчынскага гардэроба. Але прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ў сваёй большасці не адмаўляюцца ад традыцыйна жаночага адзення. 

Як у неабсяжным моры рэчаў знайсці «сваю» сукенку, нам расказала дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда.


Фота: pixabay.com

— На што варта звяртаць увагу пры выбары сукенкі?

— Сукенкі, якая б падышла ўсім жанчынам без выключэння, у прыродзе няма, — перакананая Марына Машэда. — Нават «маленькая чорная», шэдэўр Шанэль, не на ўсіх фігурах будзе глядзецца эфектна. Але ў гардэробе кожнай жанчыны, бясспрэчна, павінна быць сукенка, якая адпавядае яе колератыпу, выдатна сядзіць і здольна выручыць у любой жыццёвай сітуацыі. Пры выбары гэтага прадмета гардэроба трэба кіравацца не столькі моднымі трэндамі, колькі тым, куды мы плануем сукенку апранаць (на работу, у тэатр, на шпацыр у парк і г. д.), і асаблівасцямі складу свайго цела.

Адрозніваюць 5 тыпаў жаночай фігуры:

  • «Прамавугольнік». Пры такім тыпе фігуры лепш рабіць акцэнт на гарлавіне, рукавах, паэксперыментаваць з аб’ёмам унізе, абраць мадэль з валанамі або фальбонамі. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на сукенкі з асіметрычным кроем і такога кшталту малюнкам. Субтыльным жанчынам, каб візуальна павялічыць сцёгны і стварыць ілюзію таліі, можна скарыстацца баскай.
  • «Кола». Уладальніцам такой фігуры нельга яе абцягваць. Рэкамендуецца выбіраць мадэлі больш свабодныя, якія ствараюць эфект стройнасці. Звярніце ўвагу на сукенкі А-падобнага сілуэта. Выпраўляюць недахопы такіх фігур аднатонныя сукенкі, сукенкі-кашулі, мадэлі асіметрычнага крою, а таксама тыя, дзе талія знаходзіцца ніжэй або вышэй фізіялагічнай лініі.
  • «Трохкутнік». Зрабіць такую фігуру больш гарманічнай можна, дадаўшы больш аб’ёму ў верхнюю частку. Для стварэння больш выразнай плечавой лініі выкарыстоўвайце падплечнікі або падбірайце сукенкі з аб’ёмным рукавом. Аблічча такой дамы візуальна ўраўнаважыць сукенка са светлым верхам і больш цёмным нізам.
  • «Перавернуты трохкутнік». Пры вузкіх сцёгнах і шырокіх плячах трэба выбіраць мадэлі, якія дададуць аб’ёму нізу. Аддайце перавагу сукенкам, у якіх верх больш цёмны, чым ніз. Для візуальнага звужэння плячэй рукавы павінны быць гладкімі, мяккімі. Візуальна павялічыць сцёгны дапаможа баска. Добра глядзяцца на такіх фігурах сукенкі-кашулі, сукенкі А-сілуэта.
  • «Пясочны гадзіннік». Такая фігура сёння на піку папулярнасці. Талію можна падкрэсліць, але важна не перабраць. Часта дзяўчаты, уладальніцы апетытных формаў, залішне сябе перацягваюць, і ўвагу прыцягвае не столькі талія, колькі шырокія сцёгны і пышныя грудзі.

Даўжыня сукенкі: дзе «спыніцца»

Многія беларускі імкнуцца візуальна дадаць крыху росту, выцягнуць фігуру. Сучасны трэнд на максі падахвочвае звярнуць увагу на доўгія сукенкі. Актуальныя цяпер разрэзы (спераду, па баках, ззаду) робяць такія мадэлі вельмі жаноцкімі і досыць практычнымі. Калі максі ўжо ёсць у вашым гардэробе, лепш выбіраць сукенку даўжынёй крыху ніжэй калена або да месца звужэння ікраножнай мышцы. Мадэлі даўжынёй па калена візуальна кароцяць постаць.

Аматаркам міні раіла б «дацягнуць» даўжыню хоць бы да сярэдзіны сцягна. У гэтых выпадках для балансу візуальнага ўспрымання фігуры лепш «закрыць» верх, рукі. Пры адкрытай спіне не трэба выразаў спераду. І наадварот. Што да міні, іх часта могуць дазволіць сабе толькі маладыя жанчыны са стройнымі нагамі. На сталых дамах кароткія сукенкі рэдка глядзяцца гарманічна.

Хаваем недахопы

— У рэальнай практыцы я не сустракала ўладальніц ідэальных параметраў «90-60-90». Большасці жанчын ёсць што схаваць або ўраўнаважыць, — адзначае Марына Машэда. — Жанчынам з памерам адзення 50+ зусім не абавязкова апранацца толькі ў чорнае, карычневае, цёмна-сіняе. На мой погляд, поўная жанчына ў сукенцы такіх «змрочных» колераў выглядае грувастка. А вось мяккая светлая гама стварае ўражанне лёгкасці.

Шырокія месцы фігуры візуальна паменшаць натуральныя, цялесныя, няяркія адценні, а вузкім і худым дададуць аб’ёму больш светлыя колеры.

Для гарманізацыі каржакаватай і поўнай фігуры лепш адмовіцца ад «дзяленняў» на сектары, пазбягаць паясоў, какетак і г. д.

Візуальна «выцягнуць» фігуру можна не толькі за кошт даўжыні сукенкі, але і дзякуючы малюнку на тканіне. У прыватнасці, дробнаму прынту. Вельмі рамантычна і па-жаноцку глядзяцца сукенкі з віскозы, шоўку ў дробныя кветачкі, гарошак, сэрцайкі. Нават пры вялікіх грудзях, сцёгнах такія мадэлі выгадна глядзяцца на фігуры.

Візуальна дадаюць стройнасці сукенкі з канструктыўна-дэкаратыўнымі або дэкаратыўнымі вертыкальнымі лініямі: плісэ, гофры. Падобны эфект стварае і тканіна ў вертыкальную палоску. Аднак пры памерах 50+ не варта выбіраць сукенкі ў шырокую і кантрасную па колеры палоску.

Сталым жанчынам лепш выбіраць сукенку з рукавом — доўгім, 7/8 або 3/4 — гэта дазволіць схаваць узроставыя змены ў верхняй частцы рук.

Узрост жанчыны часта выдае шыя, таму яе можна прыхаваць за кошт каўняра-стойкі, упрыгожванняў, хусткі.

Падкрэсліваем добрыя якасці

— Правільна заўважана: французы не хаваюць недахопы — яны падкрэсліваюць добрыя якасці. Кожнай жанчыне трэба звяртаць увагу на свае плюсы, на тое, што ў яе прыгожае, — кажа Марына Машэда. — Калі вам падабаецца ўласная зона дэкальтэ, старайцеся ўпрыгожыць гэтую зону хустачкай, каралямі, кулонам. У вас тонкія арыстакратычныя запясці — абярыце гадзіннік або бранзалеты, якія звернуць на сябе ўвагу. Прыгожая лініяй плячэй — узмацніце эфект з дапамогай аксесуараў, накіньце на сукенку шаль.

Якія сукенкі папулярныя летам 2023-га

Сукенкі-кашулі. Універсальныя і практычныя. Дадатковыя дэталі — какетка, пояс, абшэўкі, кішэні — дазваляюць скарэктаваць недахопы.

Сукенкі з запахам. Таксама могуць выгадна падкрэсліць добрыя якасці і схаваць недахопы. Каб не рабіць акцэнт на таліі, пераносім завязку на спіну, а калі хочам звярнуць на яе ўвагу — пакідаем спераду. Розны верх такіх сукенак, рукавы рознай формы дазваляюць карэкціраваць аб’ём.

У трэндзе цяпер сукенкі-камбінацыі. Яны эфектна спалучаюцца з жакетамі, аб’ёмнымі світэрамі. Яны не павінны шчыльна абліпаць фігуру, таму ўладальніцам пышных формаў ад іх лепш адмовіцца.

Папулярнымі гэтым летам становяцца сарафаны. Жанчынам з шырокімі плячыма трэба выбіраць мадэлі з шырокімі шлейкамі, а вузкаплечым — з больш тонкімі. Пад сарафан пры жаданні можна апрануць блузку, кашулю, футболку. Калі ж такое спалучэнне не падабаецца, то можна зверху накінуць паланцін, балеро.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».