Вы тут

Як мы глядзелі тэлевізар у красавіку. Дадзеныя медыявымяральніка


Хоць сёлета вясна і халодная, але цыбулю садзіць трэба. Таму, напэўна, у красавіку параўнальна з сакавіком знізіўся і рэйтынг тэлебачання, і сярэднясутачны час прагляду «блакітнага экрана» амаль на 10 працэнтаў. На 4,5 працэнта скараціўся сярэднясутачны ахоп аўдыторыі.


Фота: pixabay.com

На чвэрць гадзіны пазней пасунуўся максімальны аб'ём аўдыторыі тэлебачання: з 17 да 22 гадзін. Павышэнне глядацкай актыўнасці ў выхадныя ў мінулым месяцы зафіксавана на гадзіну раней — з 8 раніцы. Гледзячы па зменах ва ўзроставай структуры гледачоў, на градкі першымі выйшлі людзі, якім больш за 65 гадоў, — іх колькасць перад тэлевізарам працягнула змяншацца. А вось «маладыя пенсіянеры», напэўна, вырашылі пачакаць, пакуль зямля лепш прагрэецца, — іх зноў было трошкі больш.

Нічога не змянілася ў топ-5 любімых жанраў сярод гледачоў: кіно, забаўляльныя праграмы, навіны, пазнавальныя праграмы, музыка. У красавіку незадаволеным застаўся попыт на кіно, навіны, сацыяльна-палітычныя і пазнавальныя праграмы. Прапанова спартыўных, забаўляльных, музычных і дзіцячых праграм перавысіла попыт.

Амаль усе каналы страцілі сярэднясутачныя рэйтынг і ў дынаміцы сярэднясутачнага ахопу. Дынаміка сярэднясутачнай долі трошкі вырасла толькі ў «РТР-Беларусь», «Беларусь 3» і Plus TV. На працягу другога вясновага месяца ў сярэднім 57,43 працэнта насельніцтва нашай краіны штодня ўключала тэлевізар (у сакавіку — 60,19 працэнта). Дынаміку сярэдняга часу прагляду сярод гледачоў здолелі падняць «РТР-Беларусь», Plus TV і «Беларусь 3».

У лідарах топ-15 праграм на каналах усё тыя ж назвы: «Прывітанне, Андрэй» (у суботу, 29-га), «Весткі тыдня» (нядзеля, 9-га), «Песні ад усёй душы» (нядзеля, 16-га) — усе «РТР-Беларусь». Наступныя тры пазіцыі — інфармацыйныя праграмы: «Вынікі тыдня з Ірадай Зейналавай» («НТБ-Беларусь», 2 красавіка), вячэрнія «Весткі» («РТР-Беларусь», 28 красавіка) і вячэрнія «Нашы навіны» (АНТ, 17 красавіка). На сёмым месцы выпуск ток-шоу АНТ 17 красавіка, прысвечаны спецыяльнай ваеннай аперацыі, якую ўзброеныя сілы Расіі праводзяць ва Украіне. У рэйтынг таксама трапілі эпізоды серыялаў «Вельмі дрэнная нявеста», «Запалярны вальс», «Каханне пераадолее ўсё» («РТР-Беларусь») і «Стражнік» («НТБ-Беларусь»).

Топавыя праграмы на каналах «РТР-Беларусь», «НТБ-Беларусь» і АНТ названы вышэй, а вось на «Беларусь 1» такой стаў выпуск «Зразумелай палітыкі» 17 красавіка, прысвечаны адносінам Венгрыі і Еўрасаюза; на МІРы — эпізод шоу-віктарыны «Гульня ў кіно» 5 красавіка; на СТБ, «Беларусь 2», «Беларусь 3» — эпізоды серыялаў «Падсудны» (28 красавіка), «Сляпая» (3 красавіка) і «Вечны кліч» (15 красавіка).

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».