Вы тут

Алімпійскія чэмпіёны ўспамінаюць вайну. На жаль, не спартыўную, а рэальную


Яны як ніхто іншы ведаюць, што такое выпрабаванні і перамогі. Яны шматкроць станавіліся трыумфатарамі, іх справядліва лічаць героямі. Гэтыя людзі на ўласным вопыце адчулі, што спорт — гэта пастаяннае змаганне. Так склалася, што ў іх насычаных рознымі падзеямі лёсах была і сапраўдная вайна. Яны бачылі яе ў дзяцінстве. Перажытае іх толькі загартавала. Сведчанне таму — іх перамогі на Алімпійскіх гульнях і іншых буйных турнірах. З нагоды Дня Перамогі мы сабралі ўспаміны легенд спорту пра Вялікую Айчынную вайну. 


Першыя алімпійскія чэмпіёны ў гісторыі беларускага спорту Сяргей Макаранка і Леанід Гейштар заваявалі залатыя медалі на Алімпійскіх гульнях 1960 года ў Рыме. Маладыя беларускія канаісты перамаглі на дыстанцыі 1000 метраў. 

«У памяці назаўсёды засталіся руіны Брэсцкай крэпасці»

Сяргей Макаранка — сын абаронцы Брэсцкай крэпасці Лаўрэнція Макаранкі, які загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Сяргей Лаўрэнцьевіч памятае, як немцы бамбілі крэпасць, дзе служыў бацька. Будучаму чэмпіёну тады было ўсяго чатыры гады. «У сям’і гадавалася трое хлопчыкаў: Воўчык, старэйшы на год за мяне, я і Лёнька, якому было ўсяго два гады. Калі пачалася бамбёжка, маці схапіла нас, і мы пабеглі ў сутарэнне. Памятаю, як спачатку ішоў дождж, а потым са столі пасыпалася тынкоўка. Маці вельмі хвалявалася. Калі наступіла зацішша, яна схапіла нас і выскачыла на вуліцу. А потым зноў пачаліся бамбёжкі. На шчасце, нас заўважыла дворнічыха і адвяла назад у схованку. Бацьку мы больш ніколі не ўбачылі, ён застаўся ў крэпасці. Ваенныя ведалі, што хутка можа пачацца вайна, і за некалькі дзён да 22 чэрвеня ўсе афіцэры пастаянна знаходзіліся ў крэпасці. А мы з мамай жылі ў горадзе, бо не ўсім сем’ям афіцэраў хапіла месца. У першыя дні ў нас не было ніякай інфармацыі пра бацьку, мы не ведалі, жывы ён ці не. Немцы нікога не пускалі ў крэпасць. Нікога…

У час акупацыі жонкі афіцэраў згуртаваліся і выжылі. З кім у першую чаргу наладжвалі сувязь партызаны і падпольшчыкі — з жонкамі ваенных. Яны выконвалі дробныя заданні, перадавалі інфармацыю. Мы былі маленькія, нічога не ведалі пра гэта. А пасля вайны цётка Дуся паказала нам старэнькую ватоўку, расказала, як яна ў ёй розныя зводкі праносіла. Маці разам з іншымі жанчынамі хадзіла па вёсках мяняць вопратку, іншыя рэчы на ежу — трэба было карміць дзяцей. Вось так яны і выжывалі. У першыя дні вайны нас выселілі з кватэры на Савецкай, мы перабылі вайну на хутары. Пасля вызвалення Брэста вярнуліся ў горад і пасяліліся ля Мухаўца.

Пасля вайны мы, хлапчукі, прабіраліся да развалін Брэсцкай крэпасці. Там знаходзілі шмат зброі. Хапала і небяспечных знаходак. Дэтанатар ад ліманаднай гранаты, напрыклад, узарваўся ў мяне ў руках. Дзіўна, што я не пацярпеў, толькі быў крыху аглушаны. Затым — бікфордаў шнур... Неяк я падабраў пісталет, які страляў порахам, і ён таксама ўзарваўся ў маіх руках. У памяці назаўсёды засталіся руіны Брэсцкай крэпасці: усё было знішчана, засталіся адны падземныя хады. Мы, хлапчукі, адны з першых убачылі на сценах надпісы: «Мы памром, але з крэпасці не выйдзем», «Я паміраю, але не здамся», напісаныя крывёй«, — расказвае Сяргей Лаўрэнцьевіч. 

«Жыць было вельмі цяжка, аднойчы пацукі ледзь не загрызлі сястрычку»

У чэрвені 1941-га чатыры гады было і другому члену залатога экіпажа рымскай Алімпіяды — Леаніду Гейштару. Вайна заспела іх сям’ю ў родным Гомелі, дзе яны жылі ў раёне з цікавай назвай Манастырок. Леанід Рыгоравіч успамінае, што жылі сціпла, але дружна. Сям’я была самая звычайная — мама, тата, чацвёра дзяцей. У 1941-м маці была цяжарная пятым дзіцём. 

«Калі немцы захапілі Гомель, нас выгналі з дому і пагналі ў Германію. Гналі па цяперашняй вуліцы Савецкай. Памятаю расцягнутую калону, немцаў з аўчаркамі і аўтаматамі. І памятаю, што людзі ўсе былі вельмі сумныя. Ноч заспела нас у полі. А была позняя восень, на зямлі ўжо замаразкі былі. Бацькі накрылі нас сенам, каб цяплей спаць было. Раніцай прачынаемся — а на нас снег ляжыць. Трэба нешта паесці. На тым полі людзі не паспелі выкапаць бульбу, і мы знайшлі некалькі бульбін. Дзякуй богу, з сабой быў чайнічак, у ім гэтую бульбу і зварылі, з’елі па адной штучцы. У маёй мамы з сабой былі прасфоры. Вырашылі папіць гарбаты. Толькі закіпяцілі чайнік на вогнішчы, адставілі ўбок, як да нас на кані пад’ехаў немец. Абвёў нас позіркам, а конь вазьмі і капытом піхні чайнік. Усё, натуральна, разлілося, немец заўсміхаўся і паехаў. А мы так і засталіся ў тым полі.

Я не ведаю, якім цудам мы засталіся жывыя і не трапілі ў Германію. Нам і яшчэ некалькім сям’ям удалося адстаць ад калоны. Хаваліся ў палях. Дайшлі да вёскі Старая Мільча. Грукаемся ў хату. Нас шэсць чалавек, і там людзей поўна. Гаспадыня кінула саломы на падлогу — кладзіцеся. Гэто было адзінае, чым яна магла нам дапамагчы. На той саломе і жылі. Маці там і сястру маю нарадзіла. Жыць было вельмі цяжка, аднойчы пацукі ледзь не загрызлі сястрычку…

Калі Гомель вызвалілі, мы вярнуліся дадому. Ды толькі дома больш не было — разбурылі. А спаць недзе трэба ж было. На беразе Сожа жылі манашкі, і нас пусцілі ў манаскі дом, пашкадавалі дзяцей. Бацька да таго часу ўжо на фронт пайшоў і там, на няшчасце, загінуў. Матуля засталася адна з пяццю дзецьмі на руках. Грошай, натуральна, не хапала. Выручыла тое, што маці добра шыла. Людзі прыносілі ёй паліто, сукенкі перашываць — насіць людзям не было чаго. Прыносілі мяшкі з хлебазавода, яна іх мыла. Так і жылі. Грошай катастрафічна не хапала, але мама старалася з усіх сіл», — успамінае Леанід Рыгоравіч. 

«Я, мама з братам на руках, сёстры Вера і Антаніна стаялі ля сцяны хлява пад дулам нямецкага аўтамата»

Фота: БелТА

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь Вялікую Айчынную вайну правёў у роднай Белай Царкве. З пачатку вайны горад аказаўся ў акупацыі. Аляксандр Васільевіч адзначае, што пра той час у яго памяці засталіся толькі эпізоды. Але ад гэтага не менш страшныя. Адзін выпадак урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё: «Каля нашага дома кватаравала нямецкая часць: салдаты жылі ў наметах у двары, а камандзір — у нас у доме. Ён мяне ўвесь час пячэннем частаваў, ад якога я, вядома, не адмаўляўся. А потым я і сам пачаў здзяйсняць набегі на запасы нямецкага пячэння. Што хацець ад дзіцяці, якое жыве ў галодны ваенны час? У адну з такіх вылазак па пячэнне я ўбачыў пісталет. Ці то немец пра яго забыўся, ці то падумаў, што ў хаце ніхто не рызыкне забіраць зброю... Але я рызыкнуў. Вырашыў, што раз я знайшоў пісталет — значыць, ён цяпер мой. Схаваў знаходку ў скрыні з крупамі. 

Праз гадзіну я, мама з братам на руках, сёстры Вера і Антаніна стаялі ля сцяны хлява пад дулам нямецкага аўтамата. Сказаць, што было страшна — нічога не сказаць. Асабліва калі немцы выпусцілі чаргу проста над нашымі галовамі. Нейкім цудам мама здагадалася, што пісталет узяў я, і папрасіла яго аддаць. Вядома, пісталет я вярнуў. А ад страху яшчэ доўга заікаўся. І атрымаў урок на ўсё жыццё».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».