Вы тут

Працаваць і адпачываць — з розумам. Як не дапусціць пажару?


Цёплае надвор'е — заўсёды трывожны перыяд для супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. З наступленнем першых сонечных дзён за суткі ратавальнікам паступае ў сярэднім каля 20 паведамленняў аб узгараннях сухой расліннасці. Адны смажаць шашлыкі, распальваючы вогнішча пры дапамозе гаручых або лёгкаўзгаральных вадкасцяў, што катэгарычна забараняецца. Іншыя наводзяць парадак на прыдамавой тэрыторыі, не выконваючы пры гэтым элементарных правілаў бяспекі.


Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.

Палілі смецце — нашкодзілі сабе

Сёлета першыя ўзгаранні ў экасістэмах былі зафіксаваны ў лютым. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, з пачатку года на раніцу 2 мая зарэгістравана 978 прыродных пажараў на плошчы 184,9 га. «З іх — 29 лясных пажараў на плошчы 22,8 га, 949 пажараў травы і хмызняку на плошчы 162,1 га, — удакладніў ён. — Тарфяных пажараў пакуль не зафіксавана. Усяго траўміравана тры чалавекі, загінулі двое грамадзян. Агнём знішчаны нежылы дом, дачнае збудаванне, дзевяць гаспадарчых пабудоў. Пашкоджаны па адной жылой і нежылой хаце, тры гаспадарчыя пабудовы».

Толькі ратавальнікі Міншчыны з пачатку года ліквідавалі 250 узгаранняў сухой расліннасці. У цэнтральным рэгіёне зафіксаваны чатыры лясныя пажары. За гэтымі лічбамі — канкрэтныя наступствы, якіх можна было б пазбегнуць, каб людзі разводзілі вогнішчы, дбаючы як пра навакольнае асяроддзе, так і пра ўласную бяспеку.

Навядзенне парадку на зямлі 8 красавіка скончылася бальніцай адразу для дваіх жыхароў Мінскай вобласці. Адзін з выпадкаў адбыўся ў Барысаве. Раніцай ратавальнікам паступіла паведамленне аб шпіталізацыі грамадзяніна з апёкамі 10 % цела. Як высветлілі супрацоўнікі МНС, пенсіянер паліў смецце на тэрыторыі ўласнага домаўладання, выкарыстоўваючы пры гэтым лёгка ўзгаральную вадкасць. Па неасцярожнасці мужчына праліў яе на рукі, у выніку чаго адбылася ўспышка пары. і адзенне на ім загарэлася. Грамадзянін атрымаў апёкі жывата, кісці рукі і левай нагі. Пацярпелы самастойна ліквідаваў узгаранне адзення і выклікаў хуткую медыцынскую дапамогу. Падраздзяленні МНС не прыцягваліся.

У той жа дзень, толькі ўжо бліжэй да вечара, з апёкамі 5 % цела быў шпіталізаваны жыхар Дзяржынскага раёна. Ратавальнікі даведаліся, што перад гэтым мужчына распальваў касцёр на тэрыторыі лецішча. Асабістая неасцярожнасць прывяла да ўзгарання сінтэтычнага адзення. Мужчына самастойна ліквідаваў узгаранне і дабраўся да ўстановы аховы здароўя.

Няшчасны выпадак адбыўся ў сярэдзіне красавіка і ў Мінскім раёне. Знаходзячыся на тэрыторыі прыватнага домаўладання, жанчына курыла побач з сужэнцам, які ў гэты час запраўляў бензапілу бензінам. Па неасцярожнасці лёгкаўзгаральная вадкасць трапіла на адзенне жанчыны — у выніку пацярпелая была шпіталізавана з апёкамі 20 % цела.

— Разводзіць вогнішчы на прыдамавых тэрыторыях дазволена, але неабходна выконваць важныя правілы, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Паліць смецце можна толькі ў ціхае, бязветранае надвор'е. Ні ў якім разе для падпалу вогнішча нельга выкарыстоўваць лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Спальванне неабходна ажыццяўляць выключна пад бесперапынным кантролем за працэсамі гарэння і тлення. Нават нягледзячы на вашу прысутнасць каля вогнішча, пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель, вядро вады або пяску, рыдлёўка — у выпадку пазаштатнай сітуацыі вы зможаце хутка патушыць полымя.

Перад тым, як развесці вогнішча, ратавальнікі рэкамендуюць ачысціць месца, дзе вы будзеце спальваць смецце, ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці. Прадугледзьце, каб полымя і іскры не трапілі на гаручыя элементы будынкаў, гаспадарчых будынкаў і збудаванняў, дзе захоўваюцца гаручыя рэчывы і матэрыялы. Пасля таго, як вогнішча дагарэла, не забудзьцеся заліць вуглі вадой: толькі так можна папярэдзіць паўторнае ўзгаранне.

Што рабіць, калі сталі сведкамі здарэння?

Ратавальнікі рэкамендуюць: калі вы сталі сведкай пажару, неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 або 112. Менавіта так два тыдні таму зрабіў жыхар Пухавіцкага раёна.

— Патэлефанаваўшы ў службу ратавання, паспяшайцеся пакінуць месца пажару: ідзіце насустрач ветру або перпендыкулярна краю пажару, па прасеках, дарогах, палянах, берагах ручаёў і рэк, — адзначае Анастасія Швайбовіч. — Памятайце, што ў сухое надвор'е і пры ветры падпаленыя сукі, лісце, вуглі пераносяцца на дзясяткі метраў. Пры моцным задымленні, калі ў вас ёсць такая магчымасць, закрыйце рот і нос мокрай анучай. Пры верхавых лясных пажарах, калі гараць кроны дрэў, сховішчам могуць служыць берагі вадаёмаў, буйныя паляны, ліставы лес без хвойнага падросту. Не варта шукаць прытулак на дарогах і прасеках, акружаных хвойным лесам, асабліва маладняком з нізка апушчанымі кронамі, а таксама ў лагчынах, якія параслі лесам.

Калі ж вы сталі сведкай таго, як гарыць трава, то перш-наперш ацаніце становішча. З невялікім ачагом паспрабуйце справіцца самастойна. Збівайце полымя з краю пажару. Выкарыстоўвайце пры гэтым звязку прутоў або галінак лісцяных дрэў. Закідвайце агонь пяском, залівайце яго вадой. Патушыўшы пажар, не сыходзьце да таго часу, пакуль не пераканаецеся, што агонь не разгарэўся зноў. Калі ачаг вялікі, неадкладна патэлефануйце па тэлефоне МНС 101 або 112 і паспрабуйце як мага хутчэй пакінуць месца пажару.

Дарэчы, выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на пні, а таксама ржышча і пожніўных астаткаў на палетках або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. У адпаведнасці з артыкулам 16.41, за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. Прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры пагражае крымінальнай адказнасцю.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.