Вы тут

Грабніца «павітухі Ісуса», міфы пра гародніну і звычкі іхтыязаўраў


Археолагі знайшлі грабніцу «павітухі Ісуса»

Ізраільскія археолагі даследавалі пячору ўзростам 2000 тысяч гадоў і заявілі, што яна можа быць месцам пахавання «павітухі Ісуса» Саламеі. У пячоры, якая была месцам паломніцтва тагачасных хрысціян, навукоўцы выявілі новыя артэфакты, піша Lіve Scіence.


У прыватнасці, былі знойдзены сотні гліняных масленых лямпаў, пакінутых паломнікамі. Таксама на сценах знайшлі надпісы, у тым ліку на арабскай мове, высечаныя вернікамі. Даследаванні праводзіліся ў пячоры паблізу старажытнага горада Лахіш за 48 кіламетраў ад Іерусаліма.

У рамках першага этапу раскопак археолагі вывучалі пярэдні двор каля ўвахода ў пячору. Ён упрыгожаны мазаічнай падлогай, а сама пячора складаецца з некалькі камер з высечанымі ў іх пахавальным нішамі. Пячора Саламеі раней была закрытая для наведвальнікаў, але пасля заканчэння раскопак яе адкрыюць для ўсіх ахвотных.

Гісторыя пра Саламею ёсць у апакрыфічным Евангеллі ад Якава. У Евангеллі ад Якава гаворыцца, што Саламея была памочніцай іншай невядомай акушэркі падчас з'яўлення на свет Ісуса. Згодна з паданнем, яна не верыла ў некранутасць Дзевы Марыі, таму рука Саламеі засохла, але вылечылася пры дакрананні да калыскі Ісуса.


Памерам з аловак. Такую даўжыню мае новы від старажытнай змяі

Навукоўцы ў пачатку новага года выявілі новы від карлікавага ўдава ў эквадорскай Амазонцы і назвалі яго Tropіdophіs cacuangoae, піша Phys.org.

Паводле даных Міністэрства навакольнага асяроддзя Эквадора, другая частка назвы ўдава, даўжыня якога не перавышае 20 сантыметраў, дадзена ў гонар актывісткі руху за правы карэнных народаў пачатку XX стагоддзя Далорэс Какуанга. З 1930-х да 1960-х гадоў яна выступала за правы карэнных народаў Эквадора.

Навукоўцы расказалі, што два экзэмпляры карлікавага ўдава былі знойдзены ў нацыянальным запаведніку «Калонса Чалупас» і ў прыватным парку «Сумак Каўсай». Гэтыя два выяўленыя ўдавы трапідафіса папоўнілі агульную колькасць вядомых навукоўцам асобін-эндэмікаў для Паўднёвай Амерыкі — цяпер іх шэсць.

«Гэтыя змеі настолькі старажытныя, што знайсці або сутыкнуцца з адной з іх — вялікая ўдача», — сказаў агенцтву AFP эквадорскі даследчык Марыё Янез з Нацыянальнага інстытута біяразнастайнасці.

Згаданы від незвычайны тым, што мае рудыментарную тазавую частку, характэрную для прымітыўных змей. Некаторыя лічаць гэта доказам таго, што змеі паходзяць ад яшчарак.


Развянчаны міф пра гародніну. Ці такая неабходная яе вялікая колькасць у рацыёне?

Навукоўцы Інстытута паказчыкаў здароўя і ацэнкі, які базіруецца ва Універсітэце Вашынгтона, правялі даследаванне па ацэнцы доказу рызык для здароўя, звязаных са звычкамі курыць, ужываць чырвонае мяса і рэдка есці гародніну. Узаемасувязь звычкі з тым ці іншым захворваннем ацэньвалі ад адной да пяці зорак. Вынікі даследавання былі апублікаваны ў часопісе Nature Medіcіne.

Ім стаў пяцізоркавы рэйтынг сувязі паміж курэннем і ракам лёгкіх, што азначае надзвычай важкія доказы залежнасці прычыны і выніку. Сувязь паміж спажываннем неапрацаванага чырвонага мяса і ракам прамой кішкі атрымала толькі дзве зоркі, гэта значыць, доказы сувязі паміж ежай і хваробай слабыя ці супярэчлівыя.

Да такога ж рэйтынгу прыйшлі вучоныя пры вывучэнні сувязі паміж спажываннем неапрацаванага чырвонага мяса і ракам малочнай залозы, дыябетам і ішэмічнай хваробай сэрца. Не больш за дзве зоркі атрымалі таксама доказы пазітыўнага ўплыву ўжывання гародніны на зніжэнне рызыкі ішэмічнай хваробы сэрца і гемарагічнага інсульту.

Навукоўцы ўдакладнілі: іх высновы не даказваюць шкоду ці карысць ад ужывання прадуктаў, яны паказваюць узровень дакладнасці сцверджанняў аб тым, што чырвонае мяса выклікае рак кішэчніка, а багацце гародніны ў рацыёне гарантуе выключнае здароўе.

Нізкі рэйтынг указваў на тое, што сцверджанні аб узаемасувязі хвароб і прадуктаў могуць змяніцца па меры правядзення больш якасных даследаванняў і назапашвання большай колькасці доказаў.


Навукоўцы растлумачылі любоў да шакаладу

Брытанскія вучоныя з Універсітэта Лідса правялі даследаванне і высветлілі, чаму людзям падабаецца шакалад, паведамляе навуковы партал Phys.org.

Даследчая група сцвярджае, што ключавую ролю ў адчуванні шакаладнага смаку адыгрываюць цвёрдыя часцінкі какавы, якія з'яўляюцца пры судакрананні дэсерту з языком, адзначаецца ў матэрыяле.

Акрамя таго, калі шакалад дакранаецца да сліны, вылучаецца тлушчавая плёнка. З-за яе ствараецца эфект раставання, які шмат каму падабаецца. Аднак даследаванне паказала, што незалежна ад таго, колькі ў шакаладзе тлушчу, 5 працэнтаў ці 50 працэнтаў, ён усё роўна будзе раставаць, і гэта ніяк не паўплывае на смак.

«Нашмат важней тое, што пласт тлушчу павінен размяшчацца з вонкавага боку шакаладу. Гэта надае яму прыемны смак», — сцвярджаюць навукоўцы.

Даследчыкі спадзяюцца, што неўзабаве вытворцы змогуць вырабляць шакаладныя цукеркі з тым жа смакам, але без дадавання занадта вялікай колькасці тлушчу.


Іхтыязаўры з пакалення ў пакаленне прыплывалі ў адно месца

У штаце Невада ў ЗША ёсць месца, дзе сабрана велізарная колькасць астанкаў Shonіsaurus popularіs — аднаго з найбуйнейшых іхтыязаўраў, які вырастаў да чатырнаццаці метраў у даўжыню. Узрост астанкаў — каля 230 мільёнаў гадоў; у тыя часы тут было трапічнае мора. З нейкай прычыны большасць мясцовых іхтыязаўраў загінула адначасова. Прычына іх гібелі, вядома ж, цікавіць палеантолагаў, але ці не больш апошнія спрабуюць зразумець тое, чаму так шмат гэтых яшчараў апынулася ў адным і тым жа месцы. Прычым прыплылі сюды зусім дарослыя яшчары, іхтыязаўраў-падлеткаў тут амаль не знайсці.

Супрацоўнікі Смітсанаўскага інстытута, Оксфардскага ўніверсітэта, Брусельскага вольнага ўніверсітэта і іншых навуковых цэнтраў зноў вывучылі астанкі іхтыязаўраў, якіх у гэткай агульнай дагістарычнай магіле налічваецца як мінімум 112. Частка з іх застаецца ўмураванай у горную пароду, і даследчыкі выкарыстоўвалі найноўшыя метады сканіравання, каб вывучыць размяшчэнне жывёл адна адносна адной і пабудаваць трохвымерную мадэль усяго месца. Да гэтых даных дадаліся звесткі аб хімічным складзе тутэйшых парод, старыя фатаграфіі, палявыя нататкі тых, хто вывучаў мясцовых іхтыязаўраў раней, і г. д.

Галоўны адказ далі камп'ютарная мікратамаграфія і рэнтгенаўскія прамяні, з дапамогай якіх вывучалі структуру замураваных у камені астанкаў. У артыкуле ў Current Bіology гаворыцца, што акрамя касцей дарослых яшчараў, тут можна знайсці маленечкія косці іхтыязаўравых эмбрыёнаў і нованароджаных (раней іх проста не заўважалі — не маглі заўважыць). Даследчыкі мяркуюць, што іхтыязаўры збіраліся тут для родаў, падобна таму, як цяпер гэта робяць розныя марскія, ды і не толькі марскія, жывёлы (напрыклад, шэрыя кіты нараджаюць у Каліфарнійскім заліве, куды прыплываюць на зіму). Таму на іхтыязаўравых «могілках» ёсць астанкі толькі дарослых жывёл. Косці яшчараў размеркаваны па некалькі зонах, і некаторыя з іх адрозніваюцца па ўзросце ад іншых на сотні тысяч гадоў — гэта значыць у тыя «радзільныя воды» іхтыязаўры прыплывалі з пакалення ў пакаленне.

А вось чаму тут здарылася масавая гібель іхтыязаўраў, даследчыкі пакуль так і не ведаюць. Раней меркавалі, што яшчары памерлі з-за таксічных водарасцяў, якіх раптам з'явілася занадта шмат, ці з-за вялікага вывяржэння вулканаў, але новыя даныя ні тую, ні іншую гіпотэзу не пацвярджаюць.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.