Вы тут

Амар Хаям: «Згадайце добрым словам...»


Болей 60-ці гадоў назад навучэнец Магілёўскага медыцынскага вучылішча Сяргей ПАНІЗНІК стварыў партрэт усходняга паэта, фізіка, матэматыка, астранома Амара ХАЯМА


«Сябры, як разам нас збярэцца многа,/ Давайце цешыцца красой адзін з другога,/ Мяне, як магаў, абнясуць віном,/ Згадайце добрым словам: быў нябога» (Пераклад Рыгора БАРАДУЛІНА). 

Што мной кіравала пры выбары персанажа для малюнка?.., — перапытвае Сяргей Сцяпанавіч, паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, чыя першая кніга вершаў — «Кастры Купалля » — пабачыла свет яшчэ ў 1967 годзе. — Увогуле, нягледзячы на спецыяльнасць, звязаную з медыцынай, мяне цікавіла культура. Магілёў са сваім Падміколлем, іншымі цікавымі мясцінамі ўражваў вясковага юнака з Віцебшчыны. І першыя вершы мае чытаў у «Магілёўскай праўдзе» Аляксей ПЫСІН, і настаўнікі ў мяне былі яркія, адукаваныя, здольныя шмат чым падзяліцца... І хацелася, паверце, абхапіць увесь свет... Спрыяў гэтаму, зразумела, малады імпэт, спрыяла творчае натхненне…

Партрэт і зараз цікавы. Галоўны персанаж у накінутым на плечы жоўтым халаце, прама глядзіць у вялікі свет. «Ці ёсць куток той, дзе знайсці спакой,/ Ці ўсё ісці дарогаю цяжкой?/ Хоць праз сто тысяч год бы мець надзею/ З зямлі травою прарасці жывой» (Пераклад Рыгора Барадуліна). 

Да пераўвасаблення рубаі вучонага і паэта Амара Хаяма звярталіся беларускія творцы Уладзімір Клішэвіч, Рыгор Барадулін, Віктар Шніп, Генадзь Аўласенка... Пабачылі свет у Беларусі тры асобныя кнігі паэзіі ўсходняга мастака слова — «Рубаі» (1989), «Выбраныя рубаі» (2016; кніга выдадзена ў адмысловай серыі «Паэты планеты»), «Выбраныя старонкі» (2022 год; Выдавецкі дом «Звязда»). Цэлы шэраг кніг Амара Хайма выйшаў у Беларусі і на рускай мове. 

... — З таго, магілёўскага, перыяду майго жыцця, — згадвае Сяргей Панізнік, аўтар многіх вершаваных і празаічных кніг, — у мяне засталося шмат малюнкаў. Захаваліся выявы магілёўскіх вуліц. Я не толькі вучыўся пісаць рэцэпты, ставіць дыягназ... Мяне вучылі маляваць. Засталіся ў архіве малюнкі наваколля горада. Вось малюнак, які нагадвае наведванне вёскі Пашкава ў маі 1960 года. Уразіла там брацкая магіла савецкіх воінаў: пахаваны 61 салдат...З верасня 1960 года мы праводзілі стажыроўку, збор ураджаю ў вёсцы Ржаўка. І, канешне ж, маляваў і там. У памяці — вёска Любуж. Замаляваў дарогу на вёску. Даведаўся тады, што ў 1600 годзе там былі манахі Спаскага манастыра. У 1713 годзе ў Любужы быў створаны фальварак... А яшчэ намаляваў партрэты Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, Антона Паўлавіча Чэхава... І зараз захоўваю партрэт Рабіндраната Тагора, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1913 год, аўтара гімна Бангладэш. Індыйскі, бенгальскі пісьменнік — і зараз у полі майго творчага зроку. Хаця і існавалі пераклады яго верша «Мая залатая Бенгалія» на беларускую мову, здзейсненыя Сяргеем Грахоўскім, Алесем Разанавым, Язэпам Семяжонам, Галінай Шаранговіч, і я пераўвасобіў яго неўміручы твор... 

Амар Хаям і праз стагоддзі крочыць па свету. Сваімі мудрымі паэтычнымі радкамі ён прысутнічае ў жыцці чытача і амаль праз тысячу год пасля свайго нараджэння. Відаць, сёлета, 18 мая, у іранскім горадзе Нішапур, родным горадзе паэта і вучона, адзначаць чарговы яго юбілей: 975 год з дня нараджэння... Будуць чытаць творы Амара Хаяма, будуць пераказваць старонкі яго жыцця... «Можа, варта патраціць на розум гады/ І ў навуку цяпер не абходзіць масты, / Твой настаўнік — твой лёс, як базарны хітрун,/ Прыйдзе час, абдзярэ — і ўсё вывучыш ты» (Пераклад Віктара Шніпа). 

Ці даляціць да Нішапура, да іранскай правінцыі Харасан-Рэзаві графічнае прывітанне Сяргея Панізніка з 1960 года, ці даляцяць словы Амара Хаяма ў беларускім гучанні, можа быць, мы і не даведаемся пра гэта. Але тое, што ў Сусвеце ўжо сустрэліся з вялікім усходнім творцам яго беларускія асэнсаванні, — гэта ўжо здзейсненая рэчаіснасць... 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?