Вы тут

Блюз у бронзе. Гайд па скульптурах Аляксандра Фінскага разам з аўтарам


Выстаўка скульптуры і графікі Аляксандра Фінскага ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаваная да 70-годдзя аўтара, атрымалася незвычайнай... І не толькі таму, што некаторыя экспанаты, выкананыя ў бронзе і дрэве, з дазволу аўтара адкрытыя для тактыльнага агляду — іншымі словамі, іх можна мацаць, гладзіць... Аўтар яшчэ і сам правёў экскурсію па сваіх работах. Многія з іх пазнавальныя, бо з'яўляюцца эскізамі да вядомых помнікаў. А такіх шмат... Аляксандр Фінскі — адзін з аўтараў мемарыяла «Яма. Мінскае гета», знака «Нулявы кіламетр» на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, комплексу ў пасёлку Красны Бераг, прысвечанага дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, помніка Сімяону Полацкаму ў Полацку, і гэта далёка не ўсё...

У чытачоў «Звязды» ёсць магчымасць здзейсніць падарожжа па скульптурах выстаўкі з каментарыямі аўтара.


Пра сябе

«Адлічваць мой шлях у мастацтве можна з пятага класа Рэспубліканскай мастацкай школы, гэта 1971 год. Займаюся не толькі станковай скульптурай, у мяне шмат манументальных прац, помнікаў, мемарыяльных знакаў і ў Беларусі, і за яе межамі, у Кітаі, Германіі, у Маскве... Не ўсё ў манументальным мастацтве можна выказаць, таму што яно грамадскае, часта робіцца на замову. Як правіла, заказчык можа дыктаваць нейкія ўмовы, ты працуеш у пэўных рамках... Таму ў кожнага скульптара за жыццё назапашваюцца ідэі і думкі, якія ён не выказаў у манументальным мастацтве. Гэтая выстаўка, фактычна, — экскурс у такія выказванні, хоць большасць скульптур зроблены за апошнія два гады.

Я працую ў розных матэрыялах. Матэрыял для скульптара — суаўтар, калі ты разумееш яго пластычныя магчымасці. Калі не разумееш — ён будзе табе ворагам. Напрыклад, калі гэта дуб, тэхніка працы залежыць нават ад таго, якую частку дрэва бярэш. Часам скульптары, захапляючыся тэхнікай, забываюць пра пластыку, і механічны падыход не заўсёды стварае жывую скульптуру — гэтаму, дарэчы, мы сярод іншага вучым у Акадэміі мастацтваў, дзе я даволі доўга ўжо выкладаю.

Што датычыцца графікі, якая прысутнічае на выстаўцы, яна ў мяне спецыфічная. Калі з'яўляюцца ідэі, не заўсёды пад рукамі пластылін ці гліна... А аловак ці ручка заўсёды ёсць. І ты фіксуеш ідэю ў малюнку. Але ўсе мае малюнкі ў перспектыве — скульптура. Ёсць тут і жывапіс, пастэллю часам малюю, алеем. Але гэта толькі дапаўняе творчую палітру».

«Максім Танк»

«Гэта работа — прысвячэнне Максіму Танку. На ёй пазнака — «1936 год». Час быў смутны для паэта... Ён жыў у Заходняй Беларусі, у любы момант мог трапіць у польскую турму. Таму ён ідзе па шкле. Гэта сімвалізуе і лёд, на якім можна паслізнуцца, упасці... Гравіроўка па шкле нагадвае замець, калі снег ляціць па слізкім лёдзе. Я ўбачыў фота Максіма Танка ў гэткім картузе, і яно мяне закранула... Паэт нагадаў Маякоўскага. Потым неяк я гаварыў з сынам Максіма Танка, і аказалася, што ў Танка сапраўды любімы паэт быў Маякоўскі».

«Вячэрні блюз»

«Скульптура была зроблена для сусветнага парку скульптуры ў Пекіне. Постаць саксафаніста адкідвае доўгі цень ад заходзячага сонца, уманціраваны ў тратуар. Вы ж ведаеце, што такое блюз? Гэта споведзь. Джаз — увогуле ў многім споведзь. Вячэрні блюз... Час, калі дзень прайшоў, трэба задумацца, што адбылося, што ты за гэты дзень зрабіў? Часта пытаюцца, хто прататып музыканта. Ён у прынцыпе ёсць, але я люблю рабіць вобразы зборныя. Музыцы прысвечана некалькі маіх работ... Вось тая скульптура, у форме камертона, — «Прадчуванне гука». Постаць хлопчыка, які яшчэ не ведае, што будзе з яго жыццём, як ён загучыць. У мяне ёсць працяг гэтай тэмы — я хачу зрабіць некалькі такіх камертонаў. Акрамя прадчування гуку, увасобіць момант, калі гук узнікае, гучыць».

«Апаленае дзяцінства»

«Над кампазіцыяй у Красным Беразе, былым дзіцячым канцлагеры, я працаваў з Леанідам Левіным, гэта чалавек быў надзвычай вопытны і аўтарытэтны. Умелы арганізатар, архітэктар-рэжысёр, я б сказаў. Гэта была няпростая тэма... Пачыналі ляпіць адну кампазіцыю... Але праз некалькі гадоў, пакуль вырашаўся лёс праекта, задума змянілася. І ўзнікла вось такая постаць дзяўчынкі. Я ўвогуле ніколі не прыступаю да працы, калі ў мяне не склаўся ясны вобраз, які будзе чытацца, бо скульптура павінна глядзецца з розных бакоў. Зірніце вось на гэтую скульптуру — сімвал сям'і... Трансфармаваная форма яйка. Паліраваная ўнутраная паверхня — гэта той свет сям'і, які аберагаецца, ствараецца ўнутры. А знешняя абалонка, звернутая да сусвету, — шурпатая, якая трывае ўдары.

«Уладзімір Мулявін. Крык птушкі»

«Усе ведаюць песню Уладзіміра Мулявіна на словы Юрыя Рыбчынскага «Крык птушкі» пра чараўніка, які за здраду ператварыў каханую ў птушку... Гэтая песня і стала тэмай скульптурнай кампазіцыі. Не такі ўжо Уладзімір Мулявін быў улюбёнец лёсу, як усе ўяўляюць. Я яго не раз бачыў, нават неяк размаўляў, хоць блізка знаёмыя не былі. І для мяне ён трагічны чалавек. Яму было вельмі цяжка, жыццё не было для яго вялікім святам. Зрэшты, таленту заўсёды няпроста. Таму і ў скульптуры хацелася адлюстраваць перажыванні».

«Антоній Тызенгаўз»

«А гэта мадэль помніка рэфарматару XVІІІ стагоддзя Антонію Тызенгаўзу ў Паставах, дзе ён заснаваў мануфактуры. Там ёсць цудоўна захаваная рэзідэнцыя гэтага дзеяча. Мне хацелася не проста зрабіць помнік, а прывязаць да часу і прасторы, да існуючай гістарычнай сітуацыі. Найлепшае месца я ўбачыў там, дзе каля палаца раслі вялікія елкі... І мясцовыя ўлады пайшлі насустрач, тыя елкі перасадзілі…

І помнік выдатна ўпісаўся ў прастору. Скульптары кажуць, што калі помнік удала ўпісаўся ў прастору, гэта пяцьдзясят працэнтаў поспеху. Таму што ёсць работы, якія нібыта і няблага зробленыя, але яны «не сядзяць» у прасторы, «не жывуць» там. Бывае, калі ты сам можаш прапанаваць месца, і з табой згаджаюцца. Але часцей, асабліва ў горадзе, табе загадзя вылучаюць месца для помніка, і ты павінен знайсці вобраз, які б там жыў. У Мар'інай Горцы хачу паставіць помнік Ігару Лучанку. Гэта фігура глабальная, сусветнага ўзроўню. Там ёсць музычная школа, якой добра было б таксама даць імя Лучанка. Вось перад гэтай школай выдатна стаў бы гэты помнік.

«Ляснік дзядзька Янка»

«Да гэтай скульптуры наведвальнікі асабліва часта датыкаюцца... Можа, прываблівае выява вавёркі? У маім родзе былі людзі, звязаныя з лесам. Брат майго дзеда скончыў у Піцеры Інстытут лесу, яшчэ да рэвалюцыі. Ён быў вельмі цікавым чалавекам, распавядаў, як слухаў Шаляпіна, спявачку Гальцаву, паэтаў Срэбнага стагоддзя. У часы рэпрэсій прасядзеў пятнаццаць гадоў у лагерах. Дзед уражваў мяне тым, што ў яго заўсёды ляжалі на стале свежыя літаратурныя часопісы, ён пытаўся, ці я чытаў той ці іншы новы твор: «Ты не разумееш, што ты ўпускаеш!». Цудоўна размаўляў на беларускай мове. У маёй жонкі таксама дзед быў звязаны з лясніцтвам. І ўзнік такі збіральны вобраз. Тэма адзінства нас з прыродай».

«Возера дзяцінства»

«Аднойчы я быў на Браслаўскіх азёрах. Мы прыехалі позна, але вырашылі паплаваць. Вада — чыстая, як люстэрка. І вось ты плывеш, і нібыта ў зорным небе. Зоры люструюцца ў вадзе... Плывеш — і разграбаеш зоры. Гэта было так незвычайна... І ўзнікла ідэя скульптуры, метафары дзяцінства, калі свет адлюстроўваецца ў возеры... Метафара мары, калі дзіця ўяўляе будучае сваё жыццё. Калі гэта жыццё ў мастацтве, важна, каб знайшоўся добры настаўнік. Дзяцей, якія лепяць, нашмат меней, чым дзяцей, якія малююць. Таму, калі дзіця пачынае ляпіць раней, чым маляваць, гэта добрае прадвесце — можа, такое дзіця і не стане скульптарам, але аб'ёмнае прасторавае мысленне ў яго будзе. Можа быць архітэктарам, інжынерам... Сцвердзіцца ў любой прафесіі, дзе трэба арганізоўваць прастору».

«Трэцяе пакаленне»

«Тры рукі, якія трымаюць адна адну... Гэтая скульптура — філасофская прыпавесць. Філосафы гавораць, што, калі чалавек псіхалагічна раб, свабода да яго прыйдзе толькі ў трэцім пакаленні. Дарэчы, партрэт рукі зрабіць складаней, чым партрэт твару. Рукі таксама непаўторныя, гэта таксама партрэт чалавека, па руках жа нават жыццё чытаюць. Калісьці я прапаноўваў зрабіць у якасці помніка знакамітаму дырыжору Міхаілу Дрынеўскаму яго рукі. На жаль, сваякі не пагадзіліся. А было б цікава...»

«Рука Творцы»

«Рука Творцы»... Творца ўсё бачыць, таму і прысутнічае вока на гэтай бронзавай далоні. Гэты вобраз яшчэ наклаўся і на маё ўласнае жыццё. У мяне вялікія праблемы з вачыма. Калі мне зрабілі аперацыю, я гэтую работу падарыў афтальмалагічнаму цэнтру. У скульптуры выкарыстаны розныя матэрыялы: бронза, шкло, камень. Увогуле, матэрыял часта дыктуе форму. Камень для вырабу піраміды — знака на Кастрычніцкай плошчы Мінска, які сімвалізуе нулявы кіламетр, прывезлі з Партугаліі. Калі я гляджу на той знак, заўсёды ўспамінаю словы Несцеркі, які сцвярджаў, што цэнтр Зямлі, «пуп Зямлі», знаходзіцца там, дзе ты стаіш».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.