Вы тут

Сталі каралевамі, але засталіся ў нашай гісторыі. Як склаўся лёс Рагвалодаўскіх унучак


Як вядома, Кіеўская Русь ніколі не існавала. Гэтае паняцце ўвялі гісторыкі для абазначэння раннефеадальнай старажытнарускай дзяржавы славян, што склалася ў другой палове ІХ — першай палове Х стагоддзя і як адносна адзіная існавала да пачатку ХІІ стагоддзя. Адна з каларытных постацей гэтага часу — Рагнеда. Праславіліся і яе дзеці. Але ні ў адным летапісе паняцця Рагнедзічы не напаткаеш. Зрэдку сустракаеш «Рагваложыя ўнукі». Асабліва глыбокі след у гісторыі пакінуў сын Рагнеды і Уладзіміра — Яраслаў Уладзіміравіч. Нашчадкаў яго навукоўцы называюць Яраславічамі. А хіба горш Рагнедзічамі? Ва ўсіх іх кроў не толькі маці, але і бабулі... У славян жа асабліва шанавалася жанчына, дзякуючы якой і прадаўжаўся людскі род. Ды і сёння ў некаторых народаў на першае месца ставяць менавіта жанчыну-маці, а не бацьку. Калі б Рагнеда магла заспець у жывых сваіх нашчадкаў, ганарылася б не толькі мужчынамі. Праславіліся і яе ўнучкі. Анастасія была венгерскай каралевай, Ганна — французскай, а малодшая Лізавета — нарвежскай. Мяркую, што пра кожную з іх цікава даведацца. Яны частка і нашай гісторыі.


Анастасія.

Ганна пачакае

У старэйшай Анастасіі былі больш прыязныя адносіны з бацькам, вялікім князем кіеўскім Яраславам Уладзіміравічам, чым з маці, шведскай прынцэсай Інгігердай. Абое вельмі любілі кнігі. Нездарма ён увайшоў у гісторыю як Яраслаў Мудры. Гэта зблізіла яе і са святаром Іларыёнам, таксама вялікім кніжнікам, які нёс службу ў Бераставе, непадалёку ад Кіева. Ды хутка ўсё меней наведвалася ў Берастаў. Прычынай усяму стала з’яўленне пры кіеўскім двары венгерскага каралевіча Эндрэ (ёсць і варыянт Андраш) са сваім братам Левентэ.

Яны былі выгнаннікамі. Першы венгерскі кароль Іштван за тое, што іх бацька Вазула прэтэндаваў на прастол, загадаў асляпіць яго і заліць у вушы расплаўленае волава. Русь браты выбралі невыпадкова. Сястра Яраслава Уладзіміравіча Праміслава была жонкай венгерскага караля Ласла Лысага. Абодва маладыя, энергічныя, але таварыскасцю і прыгажосцю асабліва вылучаўся Эндрэ, што і прыцягнула да яго ўвагу Анастасіі.

Адбылося гэта ў 1024 годзе, бо ў 1024-м нарадзілася сястра Анастасіі Ганна, а малодшая Лізавета — пасля яе. Бянтэжыла яе толькі тое, што браты не ўмелі ні чытаць, ні пісаць, бо ў іх краіне мова ў пісьмовым варыянце ўвогуле не існавала.

— Буду вучыць вас чытаць нашы кнігі, — сказала ім.

— Правільна, — пагадзіўся Эндрэ. — Хто ведае, як доўга мы тут затрымаемся.

З братоў Яраслаў Уладзіміравіч асабліва палюбіў Эндрэ, таму захацеў ажаніць на Ганне. І вельмі здзівіўся, калі пачуў ад яго:

— Княжа, я ж кахаю Анастасію!

— Анастасію? — разгублена перапытаў ён. Канешне, разумеў, што яго слова — закон. Толькі Эндрэ так падабаўся яму, што вырашыў падбадзёрыць:

— Не гаруй, што-небудзь прыдумаем…

У няпэўнасці Эндрэ знаходзіцца да 1046 года. У Венгрыі адбыўся чарговы дзяржаўны пераварот. Калі паўстала пытанне аб будучым каралі, успомнілі пра сыноў Вазулы. Прастол прапанавалі Эндрэ як старэйшаму.

— Віншую, зяцёк, — Яраслаў Уладзіміравіч не хаваў радасці. — Аддаю за цябе… — Пачуўшы гэта, Эндрэ напружыўся. — А ж казаў табе, што-небудзь прыдумаем.

Золата асаблівага колеру

Стаяла ранняя восень, калі Анастасія і Эндрэ сабраліся ў дарогу. Тая цудоўная часіна, калі яшчэ доўга да бабінага лета і прырода знаходзіцца на мяжы пераходу з аднаго стану ў другі. Па-ранейшаму днём шчодра грэла сонца, а надвячоркі хоць і былі халаднаватыя, усё адно за ноч паветра (дый зямля таксама) не паспявалі моцна астынуць, таму раніцой усё наваколле зноў ахутвала цяплынь. Аб тым, што восень гатова вось-вось заявіць аб правах гаспадыні, нагадвала хіба што першая пазалота на дрэвах. Яны, як кінуць вокам, стаялі ў спалучэнні двух колераў — зялёнага, што ахопліваў лістоту ледзь не цалкам, і жоўтага, які, прагнучы прыйсці яму на змену, пажадлівым языком паспеў ужо сям-там пакласці свае прыкметныя мазкі.

У Венгрыю Анастасія ехала не толькі з велізарным багажом, што складаўся як з самага неабходнага ў дарозе, так і з таго, без чаго не абысціся па прыездзе. Узяла з сабой найбольш дарагія для сябе рэчы, якія пастаянна будуць нагадваць аб Радзіме. І, канешне, прыхапіла шмат кніг. Хацела па прыездзе стварыць у каралеўскім палацы бібліятэку. Была ўпэўнена, што знаёмства з імі (быць таго не можа, каб пры двары не знайшлося тых, хто ўмее чытаць!) цягам часу падштурхне і венграў да стварэння ўласнай пісьменнасці.

Перад дарогай прагуляліся з Эндрэ па мясцінах, якія яны памяталі з маленства. Ростань вабіла адчуваннем новага жыцця, ды выклікала сум. Гэта не прайшло незаўважаным для Эндрэ.

— Агмундачка мая, што з табой? — ён памкнуўся абняць яе, але дзяўчына адскочыла.

— Каго гэты ты прыгадаў? Нейкую…

Эндрэ ажно прысеў ад смеху:

— Забыўся табе сказаць, што Анастасія па-венгерску азначае Агмунда.

— Праўда? А я падумала, што....

— Глядзі! — вочы яго нечакана напоўніліся здзіўленнем. Ён паказаў на вялікую гару, што ўзвышалася над лесам. — Уся золатам пакрытая. Яна, як і ты...

— Хочаш сказаць, што старэць па-
чынаю?

— Колер тваіх валасоў такі ж залацісты, як і гэты восеньскі лес.

— Яны ў мяне рыжаватыя...

— Не рыжаватыя, — паправіў яе Эндрэ, — а залацістыя. І ты для мяне... Ведаеш хто?

— Адкуль мне ведаць?

— Ты для мяне залатакудрая Агмунда.

Ёсць выйсце — лен

Праз некалькі дзён пачалася для яе доўгая і невядомая дарога. Адкрыла для сябе новых людзей і новы свет — той, што ляжаў на захад ад Русі. Колькі ні ехалі, паселішчаў не было. Толькі часам паўставала штосьці з круглай асновай, якая да верху паступова звужалася. Вакол хадзіла свойская жывёла. Гэта, як даведалася, шатры. Каля аднаго спыніліся. З цікаўнасцю агледзела жытло знадворку, пасля зайшла ўнутр.

— Няўжо нельга як-небудзь палепшыць жыццё гэтых гаротнікаў? — спытала, калі прадоўжылі шлях.

— Усё ад нас з табой залежыць, — усміхнуўся Эндрэ і чамусьці ўздыхнуў.

У чым прычына гэтага, зразумела па прыездзе ў сталіцу. Эстэргом размяшчаўся на левым беразе Дуная. Ён быў адным з самых старажытных гарадоў Венгрыі. Але Анастасія адкрыла ў гэтай «старажытнасці» тое, што стала падставай для засмучэння. Надоўга сапсавала настрой не толькі тое, што каралеўскі палац драўляны. Унутры надта ж было няўтульна. Яна даўно прывыкла да раскошы, мела не адзін, а некалькі пакояў. Тут жа не было ні дарагіх заморскіх дываноў, ні дыхтоўнай мэблі, зробленай сваімі ўмельцамі, а то і прывезенай з далёкіх краін.

Эндрэ здагадваўся, у чым прычына частай змены настрою жонкі. Але ні ён, ні Анастасія стараліся пра гэта не гаварыць. Тым больш што наперадзе чакалася каранацыя. Аднак і ў далейшым не было спакою. Эндрэ двойчы давялося разбірацца з адным з прэтэндэнтаў на прастол. А тут нечакана актывізаваў свае дзеянні яго родны брат Бэла, які доўгі час знаходзіўся ў Польшчы. Па вяртанні на Радзіму спачатку паводзіў сябе спакойна, але потым вырашыў прэтэндаваць на карону.

Што рабіць Эндрэ, як ні дзіўна, падказала яна, Агмунда Залатакудрая — так яе называлі многія. Аказалася неблагім палітыкам. Знайшла выйсце, як паво-дзіць сябе ў гэтай сітуацыі. У іх сям’і падрастаў сын Шалман, а ў германскага імператара Генрыха ІІІ была дачка Юдзіт. Каб зацікавіць яго, яна прапанавала лен.

— Што ты сказала? — не зразумеў Эндрэ.

— Лен, — патлумачыла Анастасія, — калі Венгрыя стане тэрытарыяльнай
адзінкай Баварыі.

Эндрэ абурыўся:

— Я Радзімай не гандлюю!

— Нічога страшнага, — супакоіла яна мужа. — Паводле лена, ты застанешся каралём, а Генрых будзе абараняць нашы інтарэсы, як і свае.

Шмат добрага,  калі б не вайна

Весткі аб тым, як шмат робіць Агмунда Залатакудрая для Венгрыі, да Генрыха ІІІ ужо даходзілі. Яна паспрыяла, каб у краіне ўзяліся за напісанне яе гісторыі «Дзеянні венграў». Эстэргом непазнавальна змяніўся. Калі Эндрэ ўбачыў, што яна сумуе па Радзіме, купіў ёй замак, які б «быў бліжэй да Русі». Сёння гэта на тэрыторыі Славакіі. Анастасія была праваслаўнай. Ён жа — каталіком. Аднак на рэлігійнай аснове ў іх ніколі не было спрэчак. Калі яна захацела аказаць дапамогу сваім аднаверцам, пабудаваў манастыры ў Вышаградзе і Тормаве. Убачыўшы яе, германскі імператар прасякнуўся сімпатыяй. Заўважыў і тое, наколькі яна разумная жанчына. Дагавор аб лене быў падпісаны, а Юдзіт заручылася з Шалманам.

Ды Бэла ад барацьбы за ўладу не адмовіўся. Хто ведае, як усё б склалася, але на гэты час Эндрэ ўжо быў паралізаваны, а потым і памёр. Анастасія з дзецьмі ўцякла пад крыло Генрыха ІІІ. Але ён ужо не збіраўся прытрымлівацца заключанага дагавора. Былая каралева апынулася ў складаным становішчы. Была думка звярнуцца па падтрымку на Радзіму. Але хутка ад падобнай задумы адмовілася. Бацькі, які б, не задумваючыся, адгукнуўся на просьбу сваёй любімай дачкі, ужо не было ў жывых. Вялікім князем кіеўскім з’яўляўся яе старэйшы брат, амаль яе аднагодак Ізяслаў. Хто ведае, як ён да ўсяго паставіцца.

У 1063 годзе Бэла памёр. Не было ў жывых і Генрыха ІІІ. Новы імператар, яго брат, прыхільна ставіўся да Шалмана і сваёй пляменніцы. Але задуманае ўдалося ажыццявіць не адразу. За венгерскі прастол пачалі весці барацьбу сыны Бэлы Геза, Ламперт і Ласла. Шалман таксама не здаваўся. Процістаянне доўжылася шэсць гадоў. Браты вырашылі выступіць супраць Шалмана агульным фронтам. Аднак ён у 1069 годзе разграміў іх войска.

Полаўцы —  рыцары разбою

Два браты паехалі шукаць саюзнікаў, а Геза дзейнічаў па прынцыпе, што ў родным доме і сцены дапамагаюць. Шалман таксама быў упэўнены, што ад вынікаў вырашальнай бітвы залежыць яго лёс. Разумела гэта і Анастасія, якая па-ранейшаму заставалася надзейным дарадцам сына і свайго роду, яго пасрэднікам ва ўзаемаадносінах з германскім імператарам. Па-ранейшаму жыла пры двары Генрыха ІV, мела магчымасць рэгулярна кантактаваць з ім. З нецярпеннем чакала таго моманту, калі ўдасца вярнуцца ў Венгрыю, якая даўно стала для яе Радзімай. Хоць да яе пры імператарскім двары і ставіліся добра, ёй не хапала паветра. Не таго, што было на Радзіме, а венгерскага. Гэтую краіну яна палюбіла ўжо назаўсёды.

Толькі спадзяванні гэтыя аказаліся марнымі. 14 сакавіка 1074 года ў бітве пры Мадзьяродзе Шалман быў разбіты. Цяпер ужо ён мусіў ратавацца ўцёкамі, а на прастол узышоў Геза. Пасля яго смерці венгерскім каралём стаў яго брат Ласла. Фартуна, здавалася, цалкам адвярнулася ад Шалмана. З-за няўдач ён, канешне, шмат перажываў. Не менш перажывала і яна, яго маці. Заўсёды праяўляла вялікую актыўнасць, зноў пачала прасіць дапамогі ў Генрыха ІV. Але таму было ўжо не да гэтага, бо вёў барацьбу з папам рымскім.

Шалман гатовы быў зусім упасці ў роспач. Аднак Анастасія нарэшце падказала яму выйсце. У хвіліны цяжкага роздуму, гатовая ўжо сама апусціць рукі, яна ўспомніла, што князі на Русі, калі ў іх узнікала вельмі складанае становішча, нярэдка сабе на падмогу запрашалі наёмнікаў. Шалман прыслухаўся да парады і заклікаў у сваё войска полаўцаў. Тыя ахвотна адгукнуліся на яго запрашэнне, бо заўсёды з’яўляліся сапраўднымі рыцарамі разбою. Нязменна дзейнічалі па прынцыпе: дзе плацяць, там і добра. Шалман, таксама не без падтрымкі маці, грошы ўсё ж знайшоў. Каб жа яшчэ лепш заахвоціць полаўцаў, паабяцаў ім, што, калі пераможа, заплаціць яшчэ больш.

Будзем праўдзівымі

Гэта апошняе, што вядома пра Анастасію Яраслаўну. Але гледзячы якой крыніцай карыстацца. Па некаторых звестках, яна выйшла замуж за нямецкага графа Пота. Памерла не пазней 1074 года. Пад ім яна згадваецца як памерлая ў манастыры Адмонт, што ў Шцірыі. Разам з Эндрэ яны пабудавалі абацтва на Балатоне, якое захавалася. Паводле ўстаноўчай граматы, датаванай 1055 годам, яно было заснавана «дзеля выратавання душы караля, яго жонкі, іх сыноў і дачок, а таксама радні, якая жыве і памерла». На вяршыні гары побач з возерам Балатон узведзены помнік Эндрэ і Анастасіі Яраслаўне з надпісам: «Кароль Андраш і каралева Анастасія — руская княгіня».

Ва ўкраінскіх публікацыях пішуць, што Анастасія Яраслаўна «ўкраінская княгіня». Як кажуць, усё на свой манер. Так можна сказаць, што і беларуская. Маю на ўвазе яе паходжанне з даўняй Русі, той, што ў гістарычнай навуцы і называецца Кіеўскай. А гэта — цяперашнія беларусы, рускія, украінцы. Не трэба размяжоўвацца. Трэба праўдзе глядзець у вочы.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.