Вы тут

Качанава: Усё, што пабудавана і створана, будзе працаваць


Спікер верхняй палаты парламента азнаёмілася з вытворчасцю ТАА «Медывайс» і правяла рабочую нараду з кіраўніцтвам прадпрыемства. Не засталося па-за ўвагай Наталлі Качанавай і будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, мікрараёна новай жылой забудовы, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, установы сярэдняй адукацыі ў Фаніпалі. Засталася пад уражаннем Старшыня Савета Рэспублікі і пасля наведвання дзіцячага садка № 6 горада-спадарожніка.


«Гэтыя вытворчасці не прападуць»

Асноўны від дзейнасці прадпрыемства «Медывайс», са знаёмства з якім пачаўся візіт Наталлі Качанавай у Дзяржынскі раён, — вытворчасць медыцынскага і стаматалагічнага абсталявання, інструментаў і прылад, не ўключаных у іншыя групы. У прыватнасці, тут вырабляюцца шпрыцы, іголкі, катэтары, канюлі, афтальмалагічныя інструменты і прыстасаванні.

Як удакладніў дырэктар «Медывайс» Юрый ПАНОЎ, да нядаўняга часу гэта была кампанія «Унамедыкал», якая з'яўлялася часткай карпарацыі «Канватэк». У красавіку мінулага года «Канватэк» прыняла рашэнне аб сыходзе з рынку Расіі і Беларусі — 31 мая 2022-га завод спыніў аперацыйную дзейнасць. «Мы вырашылі прапанаваць «Канватэку» больш рацыянальнае рашэнне і даць яму другі шанц, — адзначыў Юрый Паноў. — Наша просьба была пачутая, і нам далі магчымасць выйсці са складу каманды, выкупіць гэтае прадпрыемства. Два тыдні таму мы атрымалі восем грузавікоў новага тэхналагічнага абсталявання. Яно дазволіць нам з 600 пазіцый, якія выраблялі да спынення, яшчэ дадаць каля 40 новых, чым мы цяпер і займаемся».

Наталля Качанава расказала, што да яе на прыём па асабістых пытаннях прыйшоў кіраўнік прыватных медыцынскіх цэнтраў і сказаў, што ёсць гатоўнасць купіць прадпрыемства, якое пакінулі замежныя інвестары, або аднавіць вытворчасць на ім. Прадпрыемства працавала дастаткова доўга ў нашай краіне, прычым паспяхова. «Пасля таго як былі ўведзены санкцыі, яны (замежныя інвестары. — заўв. БелТА) пакінулі яго і з'ехалі, — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі. — Засталіся людзі, засталося прадпрыемства, і сёння прыйшлі нашы беларускія бізнесмены, якія аднавілі вытворчасць, вельмі патрэбную для нашай краіны».

Плануецца, што на прадпрыемстве будзе выпускацца звыш 650 медыцынскіх найменняў. «Людзі, якія працавалі на гэтым прадпрыемстве (іх было каля 300 чалавек) ужо чакаюць, калі яно поўнасцю запрацуе, — адзначыла Наталля Качанава. — Засталося толькі ўрэгуляваць некаторыя пытанні, якія датычацца сертыфікацыі, таму што, на жаль, калі праводзілася гэтая здзелка, свае гарантыі еўрапейскія партнёры не выканалі. Мы дакладна ведаем, што еўрапейскі рынак таксама зацікаўлены ў такіх вырабах. Ёсць ужо і заключаныя кантракты. Таму самыя добрыя перспектывы ў дадзенага прадпрыемства, тут няма ніякага сумнення. І гэта яшчэ адно з даручэнняў Прэзідэнта. І тое, пра што казаў кіраўнік дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і парламенту: сыходзяць — няхай сыходзяць. Гэтыя вытворчасці не прападуць. Усё, што было пабудавана, створана ў Беларусі, будзе працаваць і функцыянаваць. Нідзе нічога кінута не будзе».

Кажучы пра імпартазамяшчэнне, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ў яе няма ніякага сумнення ў тым, што мы можам рабіць усё неабходнае сёння для нармальнага жыцця нашай краіны, нашых грамадзян. «За выключэннем выпадкаў, калі эканамічна немэтазгодна выпускаць той ці іншы від вырабаў, якія не выпускаюцца ў нашай краіне», — дадала яна.

Спікер падкрэсліла: у напрамку імпартазамяшчэння ў Беларусі наладжна цесная кааперацыя з Расійскай Федэрацыяй. «Вы ведаеце, што ў рамках Саюзнай дзяржавы ў нас рэалізоўваюцца праграмы ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы — гэта значыць, мы сёння актыўна працуем па ўсіх тых кірунках, — паведаміла Наталля Качанава. — Што датычыцца нашай краіны, я ўпэўненая і проста бачу сама, наведваючы прадпрыемствы, сустракаючыся з людзьмі, што мы можам забяспечыць сябе самі практычна ўсім неабходным, яшчэ раз паўтаруся, для грамадзян і нашай краіны ў цэлым».

«Важна менавіта з дзіцячага садка прывіваць любоў да сваёй краіны»

Як падкрэсліла ў размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі, гарады-спадарожнікі павінны развівацца. «Гэта тая задача, якую паставіў Прэзідэнт нашай краіны, — удакладніла Наталля Качанава. — Ды і мы бачым, што развіваць без канца Мінск як сталіцу нашай краіны або абласныя цэнтры няма неабходнасці, як і канцэнтраваць усіх людзей у такіх буйных мегаполісах. Гэта становіцца некамфортна для жыхароў вялікіх гарадоў. А вось развіваць гарады-спадарожнікі вельмі важна. І мы бачым сёння, напрыклад, у Смалявічах, як жыхары Мінска з задавальненнем будуюць жыллё і пераязджаюць жыць у такія гарады-спадарожнікі».

Спікер верхняй палаты парламента прызналася, што ў Фаніпалі знаходзіцца ўпершыню. Самыя прыемныя ўражанні ў яе засталіся пасля наведвання дашкольнай установы — дзіцячага садка № 6, які быў адчынены ў верасні мінулага года. «Калі тут працуюць вытворчасці і прадпрыемствы — значыць, ёсць работа, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Можна жыць, працаваць, атрымліваць дастойную заработную плату, будаваць жыллё. Акрамя таго, тут ёсць такія выдатныя сацыяльныя аб'екты, як гэтая дашкольная ўстанова, дзе, на мой погляд, створаны цудоўныя ўмовы для развіцця дзетак».

— Прывіваць любоў да краіны важна з дзяцінства, — лічыць Наталля Качанава. — Пачуццё патрыятызму, калі ты жывеш з любоўю да сваёй радзімы, дае чалавеку магчымасць жыць камфортна. На ўласным досведзе як маці і як бабуля ведаю, што дзіця з самага ранняга ўзросту ўбірае тую інфармацыю, якая яму цікавая, у тым ліку тую, якая датычыцца нашай краіны. Я вельмі рада, што ў гэтай дашкольнай установе ёсць такі цэнтр, дзе займаюцца патрыятычным выхаваннем нашых дзетак. Сёння дзеці іншыя, шмат ведаюць, разумеюць, шмат часу праводзяць у інтэрнэце. Напэўна, бацькам так зручна, калі ты даў яму тэлефон або планшэт, нават нягледзячы на ўзрост, і дзіця спакойна сядзіць там. Але якую інфармацыю ён там атрымлівае? Гэта вялікае пытанне. Таму вельмі важна менавіта з ранняга ўзросту, з дзіцячага садка, прывіваць любоў да сваёй краіны, да сваёй малой радзімы, да таго горада, раёна, дзе ты жывеш».

Ад Савета Рэспублікі спікер верхняй палаты парламента перадала дашкольнай установе сертыфікат на 10 тысяч рублёў.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?