Вы тут

Навясці парадак на зямлі. Рэспубліканскі суботнік прайшоў у рэгіёнах


Па ўсёй краіне мільёны чалавек выйшлі на рэспубліканскі суботнік. Як ён праходзіць у рэгіёнах – у матэрыялах нашых сабкараў.


Падчас рэспубліканскага суботніка на Гомельшчыне плануюць зарабіць не менш двух мільёнаў рублёў. 

Працоўныя дэсанты паўднёва-усходняга рэгіёна актыўна ўключыліся ў навядзенне парадку на вуліцах гарадоў і сельскіх населеных пунктах, у парках і скверах, на тэрыторыях прадпрыемстваў, месцах баявой славы. 

Кіраўніцтва і супрацоўнікі аблвыканкама зрабілі свой ўнёсак у добраўпарадкаванне тэрыторыі на месцы рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне. Дапамагчы на суботніку на месцы будучага маштабнага патрыятычнага праекту прыехалі старшыня Гомелькага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. 

— Увядзем аб’ект да канца лістапада, гэта вельмі важна зрабіць менавіта ў Год міру і стваральнай працы, — падкрэсліў Іван Крупко. — Нашы дзеці павінны ведаць аб гэтай страшнай трагедыі. Для гэтага і патрэбен музей, адкрыты для турыстаў ўсе 365 дзён у годзе, — выказаў упэўненасць кіраўнік рэгіёна. 

Як было адзначана, работы па рэканструкцыі комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне пачаліся напачатку мінулага тыдня. На гэты момант на аб’екце ідзе мантаж пешаходных дарожак і агароджы, пачалася падрыхтоўка пляцоўкі пад будучы музей.

— У мінулым годзе ў Гомельскай вобласці ў рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел 365 тысяч чалавек. Было сабрана 1, 9 мільёна рублёў. Сёлета ў рэспубліканскім суботніку прымаюць ўдзел каля 370-ці тысяч жыхароў рэгіёна. Мяркуем, што будзе зароблена не менш двух мільёнаў рублёў, — звярнуў увагу старшыня Гомельскага аблвыканкама. 

У абласным цэнтры да навядзення парадку на гарадскіх вуліцах падключыліся таксама супрацоўнікі аблвыканкама і гарвыканкама, работнікі ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна, актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, дэпутаты. 

Дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў у скверы Кірмашаўскім, што ў Савецкім раёне, усталявалі абсталяванне для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Яго сваімі сіламі вырабілі супрацоўнікі гомельскага прадпрыемства «Кірмаш». Ініцыятыва калектыву прадпрыемства — уладкаваць у скверы сцежку здароўя.

— Хутка з’явяцца тут і вулічныя трэнажоры. Таксама зробім пляцоўкі з розных натуральных фактур для хаджэння басанож, што вельмі карысна для здароўя. Сквер знаходзіцца побач з жылымі дамамі і вельмі папулярны ў жыхароў Савецкага раёна, — зазначыў дэпутат Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Кірмаш» Уладзіслаў Забіяка. 

Цікавай ініцыятывай, прымеркаванай да правядзення рэспубліканскага суботніку ў Гомелі, стала закладка сада выпускнікоў. Новую зялёную зону ўладкавалі навучэнцы адзінаццатых класаў трынаццаці школ Цэнтральнага раёна Гомеля. Падтымлівалі ў працоўным дэсанце школьнікаў іх сем’і. Удзел у акцыі прыняў і старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.

— Рэспубліканскі суботнік — гэта свята, якое аб’ядноўвае пакаленні. Сёння ўсе гараджане выйшлі падтрымаць гэтае свята, папрацаваць, зрабіць наш горад яшчэ больш чыстым і прыгожым. Ініцыятыва, якая паступіла ад выпускнікоў гарадскіх школ і іх бацькоў аб закладцы яблыневага саду, была падтрымана гарадской уладай. Гэта прапанова цалкам сугучна з даручэннем кіраўніка дзяржавы аб стварэнні яблыневых садоў пры школах. Выконваючы наказ Прэзідэнта, далучаем да гэтай працы нашых дзяцей і гараджан, пакінем пасля сябе гэты яблыневы сад у імя будучых пакаленняў, нашай дзяржавы і горада, — падзяліўся старшыня Гомельскага гарвыканкама.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і ТК «Гомельшчына афіцыйна»


На тэрыторыі Магілёўскай бальніцы № 1 падчас суботніка з’явілася бярозка і ад «Звязды»

На тэрыторыі Магілёўскай бальніцы № 1 з раніцы было шматлюдна — фарбавалі, падмяталі, саджалі дрэвы. Нядаўна пабудаваны тут інфекцыйны корпус прыняў першых пацыентаў 22 сакавіка, а на суботніку быў пасаджаны сквер з маладых дрэў. Разам з медработнікамі шчыравала і каманда супрацоўнікаў кіраўніцтва вобласці на чале з губернатарам Анатолем Ісачанкам. Рыдлёўкі, граблі, палівачкі — усё гэта спрытна мільгала ў руках прадстаўнікоў мясцовай ўлады. Старшыня аблвыканкама, нацягнуўшы на рукі пальчаткі, адразу ж мабілізаваў усіх на працу. Ужо на фоне будучага бярозавага гаю, які матэрыялізаваўся меней чым за гадзіну, дзяліўся меркаваннем наконт суботніка. 

— Суботнік — гэта дзень, які ўсіх аб’ядноўвае, — падкрэсліў ён. — Людзі выходзяць для таго, каб зрабіць нашу вобласць, краіну больш прыгожай. У першаю чаргу ўсё гэта мы робім для сябе і калі мы разам наводзім прыгажосць, гэта значыць клапоцімся пра нашых нашчадкаў. Сёння магіляўчане працуюць на розных аб’ектах горада, крынічках, мемарыялах. У справе задзейнічана прыкладна 250 тысяч чалавек. Плануем сабраць на суботніку больш чым мільён сто рублёў, якія будуць пералічаныя ў агульны фонд, і пойдуць на тыя мэты, якія запланаваныя. Сёння кожны з нас уносіць пасільны ўклад у добрую справу. Лічу, што суботнікі наогул трэба праводзіць часцей, каб нашы населеныя пункты радавалі вока. Кожны павінен падтрымліваць у сябе парадак — нешта падсаджваць, падсяваць, а не чакаць, калі дадуць сродкі з бюджэту. Мы ж, паўтаруся, робім усё гэта для сябе, каб жыць было прыгожа. 

У рабоце па пасадцы дрэў быў задзейнічаны і дэпутацкі корпус аблвыканкама. Народныя абраннікі як заўсёды сваім удзелам дэманструюць насельніцтву прыклад.

— Традыцыйна ў адной камандзе з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый, органаў выканаўчай улады, дэпутатамі працуе і наша моладзь, жыхары Прыдняпроўскага краю, — рэзюмавала старшыня Магілёўскага аблсавета Ірына Раінчык. — Калектыўна прыводзім у квітнеючы стан дваравыя тэрыторыі, азеляняем і прыбіраем агульныя грамадскія месцы. Прыемна, што людзі працуюць з любоўю і душой. Дзесьці алеі закладваюцца, дзесьці высаджваюцца дрэвы, сямейныя ў тым ліку. Асабліва важна, калі ініцыятыва ідзе ад саміх жыхароў. Пераканана, што тыя дрэвы, якія мы высаджваем на тэрыторыі бальніцы, не толькі яе ўпрыгожаць, але і будуць дапамагаць пацыентам выздараўліваць, ачышчаючы паветра. 

На добраўпарадкаванні тэрыторыі бальніцы працавала амаль 40% калектыву медыцынскай установы. Галоўны ўрач Аляксандр Басенка выказаў спадзяванне, што сумесная праца на карысць бальніцы зробіць тэрыторыю больш прывабнай і дагледжанай. 

— Вельмі цудоўна, што суботнік сёння аб’яднаў людзей розных прафесій, мы ўсе накіраваны на тое, каб наш свет рабіць чысцей, лепей, з настроем, — падзяліўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Нас сёння аб’яднала жаданне зрабіць месцы, дзе мы працуем, жывем, больш прыгожымі. Ужо вызначаны аб’екты, куды пойдуць агульныя сродкі ад суботніка. Мы таксама плануем будаваць мемарыяльны музей на Буйніцкім поле, поле мужнасці і народнай славы, і спадзяемся, што налета гэта будоўля будзе і ўсебеларускай, і маладзёжнай. Магчыма, яе таксама ў будучым падтрымаюць за кошт сродкаў агульнарэспубліканскага суботніка. 

Карэспандэнт «Звязды» таксама дарэмна час не губляла. Разам з калегамі пасадзіла бярозку, адгукнуўшыся на заклік першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Савіцкага рыдлёўкай і настроем падтрымаць добрую справу. Цяпер у Магілёве ёсць дрэва, якое будзе нагадваць пра наша выданне. Хай яно набіраецца сіл і мацнее з кожным годам. 

Магілёў, як і ўсе населеныя пункты вобласці, чысціў пёры па ўсёй сваёй плошчы. Каля магілёўскай гімназіі № 4 была высаджана алея, удзел у пасадцы якой прымалі супрацоўнікі Магілёўскага гарвыканкама на чале з мэрам Аляксандрам Студневым. Старшыня гарсавета Максім Гурын і яго каманда саджалі дрэвы на дваровай тэрыторыі дома № 85 па вуліцы Астроўскага. Потым работы па навядзенні парадку перамясціліся на тэрыторыю будоўлі дзіцячага садка па вуліцы Стасава. Разыначкай суботніка стала нацыянальная пляцоўка ў раёне вуліцы Якубоўскага. Там плячом да пляча саджалі дрэвы дыяспары горада — палякі, рускія, украінцы, азербайджанцы, грузіны. Свой уклад у агульную справу ўнёс і актыў Савета ветэранаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота: БелТА


«Працуем з усведамленнем таго, што сродкі, заробленыя на суботніку, пойдуць на ўзвядзенне патрыятычныга цэнтра ў Брэсце»

У Брэсце падчас суботніка на навядзенні парадку працоўныя дэсанты працуюць ў Брэсцкай крэпасці, у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, на іншых пляцоўках. Тым часам, добраўпарадкаванне вядзецца на многіх памятных мясцінах вобласці. Удзельнікі суботніка шчыруюць на мемарыяльным комплексе «Хаваншчына» у Івацэвіцкім раёне, прыбіраюць «Помнік партызанам» у Пінску, працуюць каля многіх брацкіх магіл. Шэраг сацыяльных аб’ектаў рэгіёна таксама папрыгажэе за час суботніка, на іх тэрыторыі высаджваюць дрэвы і кветкі. Усяго ў Брэсцкай вобласці ўдзел у суботніку прымаюць каля 500 тысяч чалавек. 

Супрацоўнікі Брэсцкага аблвыканкама і гарвыканкама прыбылі у парк воінаў-інтэрнацыяналістаў. Летась вясной там пачалася маштабная рэканструкцыя. Сёння работа кіпіць адразу на некалькіх пляцоўках парка. Адны садзяць дрэвы, іншыя працягваюць ачышчаць тэрыторыю ад лішняй расліннасці. На адной з пляцовак працуе вялікая брыгада гарвыканкама на чале са старшынёй Сяргеем Лабадзінскім. Мэр паведаміў журналістам, што з цягам часу ў парку з'явяцца веласіпедныя дарожкі, будзе ўзведзена кафэ. Тут адпачывае шмат жыхароў усходняй часткі горада, таму ёсць запыт на уладкаванне дзіцячых і спартыўных пляцовак. Але гэта ў перспектыве. Пакуль жа ўдзельнікі суботніка спяшаюцца навесці парадак, пасадзіць больш дрэў і кветак. 

Працуе ў парку і старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка. Перад работай губернатар падзяліўся ўражаннямі на працоўны настрой: 

— Сёлета на суботнік у рэгіёне выйшла прыкладна столькі ж людзей, як і ў папярэднія гады, таму плануем зарабіць каля 1,5 мільёна рублёў — сказаў кіраўнік вобласці. — Як вядома, частка заробленых краінай грошай сёлета пойдзе на стварэнне патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. З 2018 года там працуе цэнтр, у якім займаюцца школьнікі Брэсцкай вобласці. А цяпер на гэтым месцы будзе разгорнута вялікая будоўля. Рыхтуецца дакумент, які дазволіць паралельна праектаваць і будаваць. І ўжо ўвосень распачнецца будаўніцтва цэнтра, у які дзеці будуць прыязджаць з усёй краіны. З усведамленнем таго, што ўся краіна працуе на будучы цэнтр у Брэсце, асабліва актыўна ўдзельнічам у суботніку — падкрэсліў губернатар. 

Дарэчы, нядаўна адкрыты дабрачынны рахунак на ўзвядзенне цэнтра. На яго ўжо паступілі першыя грошы. Чарговы этап развіцця існуючага на базе казармы 111-га гвардзейскага артылерыйскага палка на Кобрынскім умацаванні цэнтра прадугледжвае рэканструкцыю ўсёй казармы плошчай 2,6 тысяч квадратных метраў і будаўніцтва спартыўнага ядра. Таксама будзе падрыхтавана пляцоўка пад летні палатачны гарадок і добраўпарадкавана тэрыторыя. Калі цяпер падрыхтоўку на базе цэнтра праходзяць каля 2 тысяч школьнікаў за год, то з пашырэннем яго колькасць дзяцей вырасце ў разы. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота: БелТА


Субоцін: Наводзіць парадак — гэта наш свяшчэнны абавязак

У паўночным рэгіёне на рэспубліканскі суботнік выйшлі звыш 300 тысяч жыхароў. Асаблівая ўвага ў Год міру і стваральнай працы была накіравана на добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы. 

Супрацоўнікі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, навучэнцы Капцянскай базавай школы імя Героя Савецкага Саюза Г. Грыгор’ева, прадстаўнікі прадпрыемства ЖКГ Віцебскага раёна працавалі на добраўпарадкаванні воінскага мемарыяла імя Ленінскага камсамола ў аграгарадку Копці, было пасаджана больш за 60 дрэў.

З самай раніцы работнікі Докшыцкага райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Алега Кавалёнка добраўпарадкоўвалі тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Ходараўка», дзе ў гады вайны было расстраляна 800 чалавек, у ліку якіх былі італьянцы і вязні фашысцкага канцлагера «Лібараўшчына». Шэфства над мемарыяльным комплексам мясцовая ўлада ўзяла чатыры гады таму. Добраўпарадкаванне і азеляненне было праведзена на мемарыяльных комплексах «Купаваць» і «Вішанькі» Сенненскага і Чашніцкага раёнаў адпаведна. 

Суботнік супаў на Віцебшчыне з фінальным днём рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу», кіраўніцтва вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Субоціным узялі ўдзел у азеляненні Бешанковіцкага лясніцтва. Тут на плошчы 3,9 гектараў працоўны дэсант высадзіў амаль дзве тысячы бяроз і елак. 

«Свяшчэнны абавязак любога чалавека — наводзіць парадак у сябе дома, а для нас наша краіна — наш дом. Таму правільна і зразумела, чаму такая колькасць людзей выходзіць у гэтыя дні на вуліцу: хтосьці падмятае, хтосьці будуе, садзіць дрэвы. Больш як 300 тыс. чалавек у вобласці ўдзельнічаюць у суботніку. Нават той, хто не выходзіць на гэтыя работы, таксама адлічваюць сродкі ў фонд суботніка. Гэта важна і правільна», — адзначыў кіраўнік рэгіёну. У акцыі «Тыдзень лесу» паўдзельнічалі каля 9,5 тысяч чалавек, а ў гэтым годзе яна яшчэ больш папулярная, і мы чакаем, паводле папярэдніх падлікаў, 11,5 тысяч удзельнікаў. Плануем высадзіць каля 4 гектараў, паспрабуем гэты фронт работ асвоіць", — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Па выніках рэспубліканскага суботніка Віцебшчына плануе зарабіць каля 1, 28 мільёнаў рублёў. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА


Больш як трыста тысяч чалавек прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку 22 красавіка ў Мінскай вобласці

Па папярэдніх даных будзе зароблена больш як 1 мільён 300 тысяч рублёў. 

У суботніку прынялі ўдзел працоўныя калектывы, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, моладзь, ветэраны працы, прафсаюзы. Яны добраўпарадкавалі тэрыторыі сваіх навучальных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў. А таксама займаліся пасадкай лесу, алей, наводзілі парадак на рабочых месцах, у месцах агульнага карыстання, на брацкіх магілах, мемарыялах часоў Вялікай Айчыннай вайны, грамадскіх могілках.

Суботнік прайшоў ва усіх 22 раёнах Мінскай вобласці і ў горадзе Жодзіна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.