Вы тут

Прэм'ера. «Беспасажніца» ў тэатры Горкага да юбілею Астроўскага


Сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння класіка рускага тэатра Мікалая Астроўскага — чым не нагода для Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага рыхтаваць прэм'еру? Тэатр, які абазнаныя гледачы часцей называюць проста «рускі», не першы раз прымяркоўвае прэм'еру да юбілею. Гэта спрацоўвае: дадае ўрачыстасці. І глядач ідзе ў тэатр ужо ў тонусе і з пэўным настроем: глядзець нешта святочнае па вызначэнні. Вось такі флёр святочнасці дакладна не зашкодзіць спектаклям, створаным паводле класікаў, вядомых з дзяцінства па школьнай праграме літаратуры. Астроўскі вядомы, «Беспасажніца» — так, узроставая публіка наогул не толькі саму п'есу можа ведаць, але і некалькі яе экранізацый, ды ў многіх у памяці «Жорсткі раманс» Эльдара Разанава, які з'явіўся больш за 30 гадоў таму. Даўнавата, можна абнавіць, тым больш што ёсць асаблівая нагода.


Рэжысёр-пастаноўшчык, мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык, праўда, удакладніў назву паводле аўтарскага допісу: «Opus 40. Беспасажніца». Паарыгінальнічаць вырашылі нават у назве, разважае глядач, — а чаго ж тады чакаць ад самога спектакля?

Па-першае, таго, што да класічнай п'есы цалкам паважлівае стаўленне. А гэта значыць, што гісторыя Ларысы Дзмітрыеўны разгортваецца як напісана і без рознага там асучаснівання, пры тым, што сам матэрыял дазваляе падобнае прачытанне: у цэнтры купцы са сваімі бізнес-планамі, як цяпер бы сказалі, матуля, якая хоча прыстроіць дачку, і бедная дзяўчына, якая шукае кахання, але знаходзіць спажыўцоў сваёй прыгажосці. Сяргей Кавальчык пайшоў іншым шляхам: Астроўскі застаецца класічным, але і адчуваецца жаданне рэжысёра падаць гісторыю арыгінальна.

Першы крок да арыгінальнасці — мінімалізм у дэкарацыях (сцэнаграфія Алы Сарокінай). Вось дастаткова мінімум рэчаў на сцэне, мінімум антуражу, чорны фон — і героі дзейнічаюць нібыта ў больш умоўнай сітуацыі. Хоць ёсць знаходка, якая дапамагае выбудаваць канву дзеі. Гэта вобраз ракі, па якой плаваюць баржы і караблі, а на беразе Волгі жывуць людзі — адны пакутуюць, другія радуюцца ды гуляюць. Гуляюць пышна — з карагодамі ды хвацкімі песнямі, у адпаведных строях ды з какошнікамі.

У гэтым другі крок да арыгінальнасці: шмат музыкі і спеваў. Прычым да рускіх народных песень дадаліся тыя, што былі адмыслова напісаны для спектакля (кампазітар і аранжыроўшчык Цімур Каліноўскі) і выконваюцца артыстамі тэатра літаральна на сцэне (хормайстар Павел Юхновіч). І спяваюць «не махнаты чмель» і не «душысты хмель» (хоць у пэўны момант здаецца, што вось-вось загучыць менавіта гэта). Музычныя і танцавальныя нумары (харэограф Дзмітрый Залескі) закладваюць настрой і крыху разварушваюць атмасферу інтрыг, у якой існуюць героі, робяць свае нізкія ўчынкі, як Сяргей Сяргеіч Паратаў (Руслан Чарнецкі), Юлій Капітоныч Карандышаў (артыст Сяргей Жбанкоў) ці Мокій Пармёныч Кнураў (Дзяніс Нямцоў) з Васілём Данілычам Важаватавым (Ягор Траццякоў). Альбо прыстасоўваюцца да абставін, як Харыта Ігнацьеўна (актрыса Ганна Маланкіна).

Ці рызыкуюць спадзявацца на шчасце, як Ларыса Дзмітрыеўна (Вера Грыцкевіч), паставіўшы на карту ўласнае жыццё. І ў гэтым трэці крок да арыгінальнасці. Шмат у чым поспех «Беспасажніцы» што ў тэатры, што ў фільмах залежаў ад акцёрскага складу, у прыватнасці ад выканаўцы галоўнай ролі. Каб шчыра закаханую і жарсную Ларысу Дзмітрыеўну захацелася пашкадаваць — яна павінна выклікаць трапятанне, цеплыню і спагаду. Наша беспасажніца атрымалася крыху ганарлівая, хутчэй як дзяўчына, якая ведае сабе цану (і з гэтым памірае?). А вось выклікаць шкадаванне рэжысёр вырашыў асаблівым чынам. Ларыса Дзмітрыеўна не проста памірае ад кулі Карандышава. Яна доўга і эфектна адыходзіць у чорную бездань ракі. Яна губляе сувязь з зямлёй, з жыццём і пераходзіць ва ўладарства Волгі, вобраз якой нам раз-пораз ажыўлялі на сцэне. Яна ідзе туды, дзе ціха і спакойна, такая ж спакойная (тут няма жыцця?). «Рэкі-рукі» (ой, здаецца, гэта не адсюль, але чамусьці прыйшло ў галаву) ахінаюць яе постаць. І ах!.. Авацыі. Асабліва моладзь у зале выявіла захапленне знаходкай. Напэўна, палюбяць тэатр як мастацтва, як калісьці гэта здарылася са мной падчас прагляду спектакля «Кароль памірае» ў пастаноўцы Вітаўта Грыгалюнаса: там герой пакрысе пазбаўляўся ад сувязяў з жыццём. Марудна і эфектна. Прыгожа. Кранула і запомнілася надоўга яшчэ і тым, што той спектакль быў вытрыманы ў адной, вельмі адметнай стылістыцы, што вельмі пасавала сучаснаму тэатру.

Тут тэатр іншы — класіка застаецца класікай. Але формула спрацавала: хочаш расчуліць гледача ў адносінах да героя — рамантызуй яго смерць. Хочаш уразіць гледача — прыдумай, як гэта зрабіць эфектна. Для каго і якія эфекты спрацуюць — ужо справа досведу, тэатральнага і жыццёвага.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.