Вы тут

Зоркі балета з Санкт-Пецярбургу выступілі ў Мінску


Фрагменты класічных спектакляў і сучасныя харэаграфічныя нумары прадставілі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Артысты балета з Санкт-Пецярбургу выступалі на нашай сцэне не аднойчы, айчынным тэатралам добра вядомыя іх імёны. Гала-канцэрт, які адбыўся 20 красавіка, стаў падарункам Мінску ад прадстаўнікоў мастацтва Санкт-Пецярбургу, які стаў культурнай сталіцай СНД ў 2023 годзе. Таму праграму склалі так, каб прадэманстраваць лепшае, што ёсць у піцерскай балетнай школе.


Традыцыйна мы лічым, што гэта найперш класіка: менавіта там выспяваў класічны рускі балет з часоў Марыуса Пеціпа — і, вядома, без паказу фрагментаў з балетаў, якія калісьці паставіў ён, цяжка абысціся. Фактычна, тэатры Санкт Пецярбургу — Марыінскі і Міхайлаўскі — робяць сённня свайго роду музейную працу, зберагаючы дасканаласць і адточанасць рухаў у балетах «Талісман», «Карсар» ці «Баядэрка». Але балет развіваўся, мастацтва харэаграфіі набыло некалькі шляхоў, якімі ідзе цяпер, адным з якіх з’яўляецца contemporary dance. І госці паказалі, што гэта так жа прыгожа, эмацыйна — часам з гумарам, а часам прабірае да мурашоў на скуры і слёз. Але самае галоўнае — сёння артыст балета аднолькава віртуозна можа валодаць як класічнай тэхнікай, так і сучасным танцам, што прадэманстраваў, у прыватнасці, заслужаны артыст Расіі Уладзімір Шкляраў (два сучасныя нумары выклікалі шквал авацый, таксама як і яго выхад у Гран-па з балета «Баядэрка»). Фактычна нам прадэманстравалі балет у развіцці. Для артыстаў беларускага тэатра адбыўся свайго роду майстар-клас. А для публікі — фактычна лекцыя без словаў пра тое, якой бывае харэаграфія, што вельмі карысна, бо прыярытэты і прыязнасць публікі ўплываюць на рэпертуар Вялікага тэатра Беларусі. І ведаеце — прайшло ўсё на ўра! Гэта сведчыць пра тое, што можна спрабаваць, намацваць варыянты развіцця айчыннага балета, а публіка падцягнецца. Таму што калі ты любіш балет, то імкнешся яго разумець як гістарычна, так і ў сучаснасці.

— Я з’яўляюся звяном, што лучыць Санкт-Пецярбург і Мінск — была доўгая дарога ад выступлення на сцэне Марыінскага тэатра да вяртання ў Мінск, — адзначае Ігар Колб, галоўны харэограф Вялікага тэатра Беларусі. — Таму я доўга сумняваўся, але вырашыў выйсці на сцэну з нумарам «З чыстага аркуша». Для мяне ён з’яўляецца прарочым, таму што мае на ўвазе шлях, які павінен намацаць чалавек. У Вялікім тэатры я цяпер знаходжуся напачатку новага шляху і фактычна пачынаю з чыстага аркуша. А сёння я бачу людзей, з якімі знаёмы доўгія гады. І яны тут і зараз — гэта вельмі каштоўная падтрымка.

— З Ігарам Паўлавічам Колбам нас звязвае шматгадовае творчае сяброўства. І асабістае — мы шмат гадоў разам працавалі ў Марыінскім тэатры, стварылі вялікую колькасць сумесных праектаў, я як харэограф ставіў для яго. Як калегі мы выступалі ў адных і тых жа партыях, і заўсёды дзяліліся адзін з адным досведам. Па-добраму канкурыравалі, але гэта канкурэнцыя была на карысць, — гаворыць артыст балета і харэограф Юрый Смякалаў, які разам з Аленай Яўсеевай прадставіў вельмі яркі нумар «Развітанне». — Сёння, мне здаецца, паказаны розныя зрэзы танцавальных кірункаў. Мы не можам абысціся без класікі, але ёсць іншыя нумары, якія таксама заслужылі павагу і любоў гледачоў. Кацярына Галанава, якая з’яўляецца мастацкім кіраўніком міжнароднага фестывалю Dance open, разам са сваёй камандай сочыць за тым, як развіваецца балет сёння. Як былая балерына яна цудоўна разумее, што сёння мае цану і на што рэагуюць гледачы.

Алена Яўсеева таксама любіць рознапланавасць: балетны век нядоўгі, і хочацца праявіць сябе ва ўсіх кірунках. А пад час Гала-канцэрту панавала разнастайнасць усіх відаў, з трукавымі нумарамі і складанымі верхавымі падтрымкамі і драматычнымі гісторыямі. З павагай да класікі.

Адметна, што ў праграму акрамя нумара Ігара Колба ўключылі Па-дэ-дэ з балета «Карсар» ў выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Людмілы Хітровай і маладога саліста Дзмітрыя Уксуснікава, які папоўніў трупу тэатра летась. І магчыма, што гэты Гала-канцэрт дасць штуршок для наступных сумесных праектаў артыстаў балета Беларусі і Санкт-Пецярбурга. Прынамсі, варыянты далейшага супрацоўніцтва абмяркоўваліся.

Пецярбургская харэаграфічная школа — у аснове беларускай харэаграфічнай школы. Прынамсі, мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі і СССР Валянцін Елізар’еў скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па гэтым кірунку. Я таксама скончыла Пецярбургскую кансерваторыю і цудоўна ўяўляю, што такое навучанне харэографаў, — бачыла гэта на свае вочы. Толькі ў двух кансерваторыях СССР — У Ленінградзе і Мінску навучалі будучых харэографаў, — распавяла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. — Канешне, сёння сімвалічная падзея, важная для нас: кантакты Вялікага тэатра з Санкт-Пецярбургам актыўна развіваюцца, мы правялі перамовы. Іх вынікам будуць кропкавыя візіты зорак Міхайлаўскага, Александрынскага і Марыінскага тэатраў для ўдзелу ў нашых пастаноўках і творчых праектах. Гастролі таксама плануюцца. Важным момантам з’яўляюцца кантакты танцоўшчыкаў — мы бачым адзін аднаго, разумеем, што жыццё рушыць наперад. Бачым розныя прынцыпы і падыходы да харэаграфіі. Гэта важна. Таму што гэта напаўняе і нас — думкамі, ідэямі, як развівацца далей. А з іншага боку — з’яўляецца гарантам захавання класічнай традыцыі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Ірыны МАЛАХАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».