Вы тут

Стыльна апрануцца ў беларускае. Наколькі гэта рэальна?


Ці здольныя айчынныя вытворцы адзення, абутку, аксесуараў задаволіць запыты беларускіх моднікаў і модніц? Гэтае пытанне мы адрасавалі кіраўніцтву канцэрна «Беллегпрам». А таксама абмеркавалі сакрэт вечнай маладосці лідскіх красовак і даведаліся, чаму беларускі аддаюць перавагу натуральным торбачкам.


— Беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасці могуць задаволіць любы, самы патрабавальны попыт, — сцвярджае намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мурашка. — У Беларусі больш за 2000 арганізацый лёгкай прамысловасці: ад гігантаў да дызайнерскіх майстэрань. Усяго ў галіне занята звыш 70 тысяч чалавек (з якіх амаль 60 % — работнікі прадпрыемстваў канцэрна: палову агульнага аб’ёму тавараў лёгкай прамысловасці краіны выпускаюць прадпрыемствы «Беллегпрама»). Мы вырабляем тканіны ўсіх відаў і трыкатажныя палотны, пражу, нятканыя матэрыялы, хатні тэкстыль, вырабы медыцынскага прызначэння, бялізну, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, адзенне ўсіх відаў, галантарэю скураную і тэкстыльную, абутак, фурнітуру, вырабы з фарфору і іншыя віды прадукцыі. Адзенне — ад дзіцячага і маладзёжнага да дзелавога стылю і з адмысловымі ўласцівасцямі. У цэлым, беларуская лёгкая прамысловасць выпускае якасны, сучасны і запатрабаваны прадукт. Гаворачы аб модзе, пазначу адзін з актуальных трэндаў для беларускіх вытворцаў — выпуск капсульных калекцый, у якія ўваходзіць ад 5 да 10 прадметаў адзення, аб’яднаных агульнай ідэяй. Гэты падыход мы бачым і ў буйных брэндаў («Элема», «Калінка»), і ў невялікіх кампаній.

Сёння ўнікальны час: за апошнія дзесяцігоддзі такога шанцу павялічыць сваю долю знаходжання на ўнутраным і шэрагу знешніх рынкаў не было. «Беллегпрам» сёння актыўна працуе і развіваецца. І гэта тэзіс не толькі да пытання моды і стылю, але і да тэмы мадэрнізацыі, тэхнічнага пераўзбраення, выкарыстання новых тэхналогій, пашырэння экспарту. Тавары ўдзельнікаў «Беллегпрама» пастаўляюцца ў больш за 50 краін свету, што сведчыць аб наяўнасці стабільнага попыту. Айчынныя тавары — трыкатаж, бялізна, ільняныя вырабы і скураны абутак — даўно сталі брэндам Беларусі. Прадпрыемствы галіны — пастаянныя экспаненты міжнародных выставак краін СНД і далёкага замежжа. Каля 70 % вырабленай на прадпрыемствах канцэрна прадукцыі экспартуецца.

«Сезон будзе яркі»

— Наталля Анатольеўна, што будзе модна ў гэтым цёплым сезоне? І што прапануюць модніцам да новага сезона прадпрыемства канцэрна «Беллегпрам»?

— Звычайна калекцыі цёплага сезона адрозніваюцца смелымі колеравымі рашэннямі — жоўты, фуксія, адценні ружовага, чырвонага, сіняга і зялёнага. Такія каляровыя рашэнні мы бачым не толькі ў адзенні і абутку. Тэндэнцыі праяўляюць сябе і ў жаночай бялізне, і ў яркіх торбах і рамянях, і нават у пасцельных рэчах, сталовай бялізне. Гэтыя трэнды распаўсюджваюцца і на дзелавы стыль, і на штодзённы. Сезон будзе яркі, і яркія калекцыі — ужо ў гандлёвых цэнтрах. Але ў цэлым, як чалавек, які мае дачыненне да моды, я рэкамендавала б будаваць гардэроб на спакойных базавых рэчах, дапаўняючы іх трэндавымі дэталямі і акцэнтамі. Гэта найбольш разумны і эканамічны падыход, які добра кладзецца на ментальнасць беларусаў. Нашы людзі не схільныя да частай змены ўльтрамоднага гардэроба, які перастае быць актуальным ужо ў наступным сезоне. Хоць і ў нас ёсць невялікі працэнт тых, хто апранаецца толькі ў дызайнерскія, суперактуальныя рэчы. І ўсё ж большасць нашых модніц аддаюць перавагу спакойнаму, стрыманаму стылю. Што датычыцца сусветных тэндэнцый, ужо не першы сезон трэндам становяцца экалагічнасць і разумнае спажыванне. І гэта нам блізка, бо беларуская прадукцыя лёгкай прамысловасці — гэта якасць, а значыць, не толькі актуальнасць, але і даўгавечнасць.

— Давайце пагаворым аб «адаптацыі» трэндаў да густаў нашага спажыўца. Якія тэндэнцыі звычайна ў нас не сустракаюць спажывецкага водгуку, а якія якраз становяцца «мастхэвам» сезона? Ці можна гэта спрагназаваць?

— Беларускі спажывец вельмі розны. Мы можам убачыць апранутых па апошніх тэндэнцыях людзей і — побач — вельмі кансерватыўныя вобразы. Хтосьці апранаецца ў дызайнерскіх шоўрумах, хтосьці — у крамах масмаркета. Гэта пытанне густу і кашалька. Адметная рыса беларускага спажыўца — тое, што ён аддае перавагу стылю, а не колькасці адзення. Па маіх назіраннях, нашы суайчыннікі імкнуцца да натуральных адценняў, элегантна падкрэсленых трэндавымі аксесуарамі. Безумоўны трэнд для айчыннага пакупніка — якасць вырабу: склад тканіны, крой, швы, добрыя лякалы, якія забяспечваюць пасадку па постаці. Тэндэнцыі ж па сезонах, безумоўна, прагназуюцца. Спецыялісты кампаній наведваюць выстаўкі, набываюць трэндбукі, ідуць у нагу з часам. У лёгкай прамысловасці ўсё падпарадкавана планаванню. Сёння на прадпрыемствах канцэрна ўжо працуюць над калекцыяй восень-зіма 2023/2024.

«Пакупнік прывык да якасці»

— Раскажыце, калі ласка, пра мадэльераў, якія працуюць на беларускіх прадпрыемствах? Ці ёсць сярод іх гучныя імёны?

— На буйных прадпрыемствах «Беллегпрама» калекцыі ствараюць вядомыя дызайнеры. Гэта, напрыклад, кіраўнік дызайн-цэнтра «Камволь», член Саюза дызайнераў Беларусі Эльвіра Жвікава; шматразовы прызёр рэспубліканскага конкурсу моды і фота «Млын моды», вядучы дызайнер «Світанка» Міхаіл Мытнік; вядучы дызайнер «Цэнтра моды» Антон Ярошчык — яго калекцыя «Хваля» прадстаўляла Беларусь у рамках мерапрыемстваў Нацыянальнага дня нашай краіны на міжнароднай выставе ЭКСПА ў Дубаі. Калекцыя Антона Ярошчыка — з лёну: аўтэнтычныя беларускія матывы праз прызму сучаснай моды. Дарэчы, менавіта лён сёлета (як, зрэшты, і кожнае лета) — адзін з любімых матэрыялаў беларускіх дызайнераў. З лёну прадстаўлены і капсульныя калекцыі, і найшырэйшы асартымент для масмаркета. Тэхналогіі дазваляюць вырабляць сучасныя льняныя тканіны не толькі ў колерах эка-палітры, але і самых розных адценнях, з актуальнымі прынтамі. У пачатку красавіка ў Мінску па ініцыятыве «Аршанскага льнокамбіната» прайшло «Свята лёну. Роднае — моднае», у якім удзельнічалі не толькі беларускія дызайнеры, але і госці з іншых краін. Расійскія дызайнеры з Фонду Зайцава зацікавіліся супрацоўніцтвам з намі. Свае апошнія калекцыі яны ствараюць з беларускага лёну. Праект будзе развівацца. Вяртаючыся да пытання пра вядомых дызайнераў на беларускіх прадпрыемствах, не магу не згадаць яшчэ адно імя — Кірыл Урбан. Мадэльер удзельнічаў у «Млыне моды», там яго «падгледзеў» «Аршанскі льнокамбінат» і запрасіў на працу. Гэта добры прыклад узаемадзеяння канцэрна «Беллегпрам» са светам фэшн.

— А што прапануюць прадпрыемствы «Беллегпрама» моцнай палове да гэтага лета?

— Даводзіцца канстатаваць: з мужчынскай модай у нас усё больш сціпла — вытворцы арыентаваны на жанчын. Беларускія кампаніі мужчынам прапануюць для працы дзелавыя касцюмы і класічныя кашулі, для лета ж безумоўны мастхэв — калекцыі з лёну. Вельмі дапамагаюць дызайнерскія прасторы: такія як, напрыклад, We ARE.

— Пагаворым аб беларускім абутку. Многія адзначаюць, што ён даражэйшы за прывазны...

— Калі мы хочам якасны прадукт — а беларусы, мне здаецца, ужо прывыклі да якасці — ён не бывае танным ні ў адной краіне свету. Часта беларускі абутак крытыкуюць за цану ў параўнанні з прывазнымі калекцыямі. Але беларускія кампаніі не вырабляюць абутак з так званай прэсаванай скуры — скуранога «пілавіння», залітага клеем. Візуальна новы выраб з прэсаванай скуры адрозніць ад вырабу з якаснай скуры няпроста. Але ўжо праз тыдзень актыўнай носкі пакупнік зразумее розніцу. Ёсць у айчынных вытворцаў і калекцыі са штучнай скуры, але пра склад вырабу яны заўсёды сумленна інфармуюць пакупніка. У беларускага абутку ёсць аматары, а некаторыя асабліва ўдалыя мадэлі ўвайшлі ў катэгорыю «вечных каштоўнасцяў». Напрыклад, знакамітыя лідскія красоўкі з трыма палоскамі. Рэтра-красоўкі — трэнд маладзёжнай моды, і па" лідскія" сучасныя падлеткі выстройваюцца ў чаргу, як у канцы 1980-х — іх бацькі.

— Галантарэя ў нас таксама ў асноўным з натуральнай скуры?

— Ёсць лінейкі і з эка-скуры. Але гэта якасны заменнік — вонкава не заўсёды адрозніш, трэба чытаць этыкетку. Зрэшты, па маіх назіраннях, беларускі часцей выбіраюць натуральныя торбачкі. Мадэлі са скурзама па душы тым, хто любіць мяняць торбу кожны сезон. Калі пакупніца кансерватыўная, лепш не паскупіцца на натуральную скуру — яна больш даўгавечная. Я, напрыклад, аддаю перавагу скураным мадэлям: мне з торбай заўсёды цяжка развітвацца.

Скуру — у Кітай, тканіну — у Зімбабвэ

— Для некаторых прадпрыемстваў розных галін востра стаіць пытанне імпартазамяшчэння. Як яно вырашаецца ў галіне лёгкай прамысловасці? Ці будзе, напрыклад, арганізавана айчынная вытворчасць зашпілек-«маланак», іншай фурнітуры, якая раней у нашай краіне не выраблялася?

— «Маланкі» і заклёпкі — гэта даўняя гісторыя. Яшчэ да пачатку падзей, якія пацягнулі за сабой абмежаванні імпарту, мы з расійскімі калегамі прыйшлі да высновы: неабходна ўласная вытворчасць сучаснай фурнітуры. Але тады (яшчэ да ковіду) гэты працэс трохі запаволіўся. Фурнітура пастаўляецца ў асноўным з Кітая. Пастаўкі гэтыя захаваліся, але змянілася лагістыка, павялічыліся іх час і кошт. У дадзены момант Мінскі эксперыментальна-фурнітурны завод рэалізоўвае інвестыцыйны праект у мэтах нарошчвання вытворчасці і пашырэння наменклатуры. Паступова будуць рэалізаваны і іншыя імпартазамяшчальныя праекты. Але ў цэлым пытанне імпартазамяшчэння ў галіне востра не стаіць. Ёсць сыравінныя пазіцыі, якія ў нас не вырабляюцца — тая ж бавоўна, напрыклад: мы яе не замесцім, таму што ў Беларусі бавоўну не вырасціць. Але мы вырабляем тканіны практычна ўсіх відаў: ад натуральных да сінтэтычных, а таксама пражу і абсалютную большасць іншых пазіцый для швейнай, скураной і іншых вытворчасцяў. Былі пытанні па фарбавальніках для тканін, але мы іх вырашылі, рэалізаваўшы праект на базе ААТ «Белфа». А зараз рухаемся да таго, каб максімальна знізіць залежнасць галіны ад знешніх паставак.

— У кантэксце санкцый прынята казаць аб новых магчымасцях. Напрыклад, цяпер у Беларусі з’явілася ўнікальная магчымасць асвоіць тыя сегменты расійскага рынку, з якіх сышлі асноўныя канкурэнты...

— Асноўныя канкурэнты — Кітай і Турцыя — з расійскага рынку якраз не сышлі. Разам з тым з’явіліся свабодныя нішы, а ў расійскага пакупніка ёсць цікавасць да беларускай прадукцыі. На расійскім рынку нашы кампаніі прысутнічаюць даўно і карыстаюцца заслужанай любоўю. І ўсё ж варта памятаць: мы замяшчаем еўрапейскіх вытворцаў адзення, абутку, галантарэі, а значыць, наш прадукт павінен браць якасцю. Так што мы рухаемся ў бок высокамаржынальнага тавару з большай дабаўленай вартасцю. Беларуская якасць — гэта свайго роду брэнд: марнаваць энергію і рэсурсы на танны прадукт было б стратэгічна няправільна. У 2022 годзе прадпрыемствамі канцэрна «Беллегпрам» арганізавана больш за 120 візітаў у расійскія рэгіёны для прэзентацый і перагавораў. Вядзецца работа па пашырэнні тавараправоднай і рознічнай сеткі. Так, у снежні 2022 года расчыніла дзверы для пакупнікоў крама «Бел.ру» ў Маскоўскай вобласці, а ў Арэнбургу з’явіўся шоўрум, у якім прадстаўлена прадукцыя канцэрна. Дадам, што летась мы пачалі адкрываць мультыбрэндавыя крамы — як у нашай краіне, так і ў суседзяў. Нядаўні праект, які зацікавіў і беларусаў, і расіян, — «Дадому». Цяпер такую краму просяць адкрыць у многіх расійскіх рэгіёнах, і гэтая сетка будзе развівацца. Нядаўна беларускія тавары лёгкай прамысловасці з’явіліся ў крамах Рэспублікі Тыва, Калмыкіі, на Алтаі. Нядрэнна адпрацавалі мы і іншыя рынкі: павялічылі прысутнасць па экспарце ў Казахстане, Азербайджане, Арменіі. Новы рынак, які з’явіўся сёлета, — Таджыкістан. Беларускія тавары лёгкай прамысловасці таксама павялічылі сваю прысутнасць у Індыі, а пастаўкі ў Кітай выраслі ў чатыры разы за кошт гатовай скуры. Зараз вывучаем магчымасці паставак у Афрыку, у прыватнасці тканін у Зімбабвэ.

Ад Масквы да Уладзівастока

— Вяртаючыся да расійскага экспарту: ці рэальна беларускім вытворцам вытрымаць канкурэнцыю, напрыклад, з Кітаем? Або канкурыраваць нам не трэба — у нас розны спажывец і цэнавая палітыка?

— Канкурыраваць трэба, бо, калі мы гаворым пра прысутнасць на рынку побач з кімсьці, маем на ўвазе, што ў кожнага рынку ёсць ёмістасць. Таму за сваю нішу любы вытворца павінен змагацца. Наша ключавая канкурэнтная перавага — якасць. Пакупнік бачыць, што з беларускага адзення і абутку можна стварыць суцэльны модны вобраз, падабраць аксесуары, купіць спадарожныя тавары. А беларускія дызайнерскія праекты могуць паспрачацца з любым заходнім брэндам у частцы дызайну, якасці, цаны і разнастайнасці модных рашэнняў.

— Прыярытэтнымі для беларускай лёгкай прамысловасці кіраўніцтва канцэрна сёння называе далёкія расійскія рэгіёны — ад Урала да Уладзівастока. Чаму менавіта яны?

— Пастаўкі тавараў у еўрапейскую частку Расіі асвоены даўно, прыйшоў час больш інтэнсіўна асвойваць далёкія рэгіёны. Раней мы не імкнуліся павялічыць сваю прысутнасць там — лагістыка «з’ядала» нашу канкурэнтаздольнасць. Але па выніках мінулага года наш экспарт ва Уральскую, Сібірскую і Далёкаўсходнюю акругі Расійскай Федэрацыі вырас на 16 % і склаў 19,3 млн долараў. А сёлета выраслі пастаўкі ў Рэспубліку Калмыкія — адзін з новых для нас рэгіёнаў. Мы выходзім на далёкія рынкі з вельмі якасным прадуктам — брэндамі «Мілавіца», «Элема», «Белвест», Conte... І людзі «галасуюць рублём» за беларускія тавары, у якіх кошт і якасць гарманічна спалучаюцца.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.