Вы тут

Многія людзі ў вайне з вагой ахвяруюць здароўем і нават жыццём


Сёння шмат гавораць аб небяспецы лішняй вагі, з якой звязана павышаная рызыка развіцця шматлікіх хвароб — сардэчна- сасудзістых, эндакрынных і нават анкалагічных. Але, з пункту гледжання шкоды здароўю, яшчэ больш небяспечны недабор вагі.

Астэнічны целасклад можа быць дадзены чалавеку ад прыроды. Але істотна часцей за худзізну даводзіцца змагацца. І многія людзі (часцей, вядома, жанчыны) у гэтай вайне з вагой ахвяруюць здароўем і нават жыццём.


Тысяча ў год

18-гадовая Ганна пачала худзець у 14. Яе неаднаразова лячылі ў аддзяленні расстройстваў харчовых паводзін РНПЦ псіхічнага здароўя, прычым большасць шпіталізацый былі прымусовымі. Пад кантролем медыкаў стан паляпшаўся, і яе выпісвалі, а дома зноў пагаршаўся — з ростам 163 см яна важыла 39 кг. Нават у стацыянары дзяўчына знясільвала сябе фізічнымі практыкаваннямі, рэзала дзясны, каб было немагчыма есці. У выніку яна трапіла ў рэанімацыю, дзе загінула праз 10 дзён.

Паводле статыстыкі, прыкладна 60—70 тысяч беларусаў, у асноўным дзяўчат і маладых жанчын, пакутуюць ад адхілення ў харчовых паводзінах. Штогод фіксуецца каля 1000 новых выпадкаў захворвання нервовай анарэксіяй у прадстаўніц прыгожага полу ва ўзросце ад 13 да 23 гадоў.

Пачыналася з супермадэлі Твігі

Выпадкі добраахвотнай адмовы ад ежы ўпершыню сустракаюцца ўжо ў працах Авіцэны. Праз больш чым пяць стагоддзяў гэтую паталогію ахрысцяць «нервовымі сухотамі». А ў пачатку ХХ стагоддзя ўрачы ўпершыню паставяць дыягназ — анарэксія. Праўда, да 60-х гадоў мінулага стагоддзя такія выпадкі былі выключнай рэдкасцю.

У гэты час грымела на ўвесь свет імя супермадэлі Леслі Лоўсан, вядомай пад псеўданімам Твігі, што ў літаральным перакладзе азначае «тоненькая». Пры росце ў 166 см яна важыла ўсяго 40 кг. Тады ніхто і выказаць здагадку не мог, што дзяўчына з залішняй худзізной, якая мяжуе з дыстрафіяй, зможа заняць вяршыню мадэльнага Алімпу. А галоўнае — стаць няўдалым прыкладам для малалетніх фанатак.

— Анарэксія — захворванне, якое праяўляецца дакучлівым імкненнем да пахудзення, страхам атлусцення. Хворыя на анарэксію звяртаюцца да страты вагі з дапамогай дыет, галадання, знясільвальных фізічных практыкаванняў, прамывання страўніка, клізмаў, выкліку ванітаў пасля ежы, — расказвае ўрач-псіхіятр-нарколаг Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Алена Канаш. — Пры анарэксіі назіраецца прагрэсіўнае зніжэнне вагі, парушэнне сну, дэпрэсія, узнікае пачуццё віны пры прыёме ежы, неадэкватная ацэнка сваёй вагі. Як вынік захворвання ўзнікаюць парушэнні менструальнага цыкла, мышачныя спазмы, бледнасць скуры, адчуванне холаду, слабасць, арытмія.

Мардуюць самі сябе

Анарэксія — хвароба каварная, якую вылечыць на «раз-два» не атрымаецца. Тым больш што ў наш час давесці сябе да знясілення нескладана: у інтэрнэце велізарная колькасць дыет, якія абяцаюць імгненны эфект. Многія з дзяўчат, а часам і мужчын, з галавой акунаюцца ў падлік калорый, колькасць якіх паступова сыходзіць на мінімум. А потым і зусім забараняюць сабе есці. Наступствы такіх абмежаванняў часам фатальныя.

Пік росквіту хваробы — 16—20 гадоў, але сустракаюцца як больш раннія выпадкі, так і познія. Дзяўчаты мардуюць сябе фізічнымі практыкаваннямі — тройчы на дзень пасля кожнага мізэрнага прыёму ежы выконваюць паўтарагадзінны комплекс практыкаванняў. Або ўся ежа, якая трапляе ў страўнік, тут жа падвяргаецца неадкладнай ліквідацыі пасродкам самаадвольных ванітаў.

Пры гэтым вылечыцца назаўсёды ад анарэксіі нельга, яе наступствы могуць нагадваць пра сябе цягам усяго жыцця. Адна з пацыентак аддзялення расстройстваў харчовых паводзін на працягу 5—7 гадоў лячылася часта і падоўгу, са шпіталізацыяй цягам года і перыядычнымі пераводамі ў рэанімацыйнае аддзяленне. Яе хвароба працягваецца да гэтага часу, нягледзячы на тое, што яна ўмоўна сацыяльна адаптаваная. Пацыентка дагэтуль рознымі спосабамі падтрымлівае нізкую масу цела.

Адны пацыенткі пасля шпіталізацыі адразу адмаўляюцца ад медыцынскай дапамогі, іншыя пад кантролем медыкаў застаюцца на доўгія месяцы ці нават гады. Некаторыя выпадкі заканчваюцца трагічна, але іх няшмат — дзесьці адзін на год.

Медыцынская статыстыка сведчыць, што ў 30 % хворых на анарэксію стан паляпшаецца, а 12 % пацыентаў гінуць з прычыны знясілення ці самагубства. Насамрэч з такімі пацыентамі складана спраўляцца нават у стацыянары. У кожнай палаце ёсць санітарка, якая сочыць, каб пасля прыёму ежы хворыя не выклікалі ваніты. А пацыентка пры гэтым... пад коўдрай умудраецца зрабіць 70 адцісканняў.

Хвароба выдатніц

— Часта дзяўчаты пачынаюць худзець на фоне заніжанай самаацэнкі, незадаволенасці знешнасцю, жадання быць прыгажэйшымі, прыцягнуць да сябе ўвагу і каханне. Як правіла, да гэтай хваробы схільныя адказныя, абавязковыя, адзначаныя перфекцыянізмам асобы. Невыпадкова анарэксію называюць яшчэ хваробай выдатніц, — расказвае ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Анастасія Шаркова.

Акрамя таго, спецыялісты лічаць, што анарэксія — своеасаблівы маркер праблем паміж дзецьмі і бацькамі.

Для хворых характэрны свядомыя абмежаванні ў прыёме ежы і вадкасці ці поўная адмова ад ежы. Часам дзяўчаты для памяншэння пачуцця голаду звяртаюцца да прыёму хімічных злучэнняў, якія прыгнятаюць апетыт. Да гэтай катэгорыі ў першую чаргу адносяцца псіхастымулятары, уключаючы танізуючыя сумесі, моцны чай і каву.

Сюды ж адносяцца спробы паскорыць метабалізм і павялічыць энергетычныя выдаткі арганізма. З гэтай мэтай звяртаюцца да знясільвальных фізічных практыкаванняў, бегу, стаянню пасля ежы, а таксама выкарыстанню некаторых гарманальных і стымуляцыйных прэпаратаў. Асабліва часта такія парушэнні паводзін сустракаюцца ў спартсменак і прафесійных танцорак.

Яшчэ адным шырока распаўсюджаным сімптомам нервовай анарэксіі з'яўляецца штучна выкліканыя ваніты.

Прыкметы анарэксіі

У медыцынскай класіфікацыі псіхічных і паводзінавых расстройстваў нервовая анарэксія выдзелена ў асобнае захворванне.

Сярод прыкмет, неабходных для пастаноўкі дыягназу, Алена Канаш пералічвае наступныя:

  • вага цела захоўваецца на ўзроўні, прынамсі, на 15 % ніжэйшым за чаканы;
  • чалавек імкнецца да зніжэння вагі цела, пазбягаючы ежы ці выклікаючы ў сябе ваніты, прымаючы слабіцельныя сродкі, празмерна займаючыся фізічнымі практыкаваннямі, выкарыстоўваючы анарэксігенныя і дыўрэтычныя сродкі;
  • скажонае ўяўленне пра ўласнае цела, дакучлівыя звышкаштоўныя ідэі «не дапусціць атлусцення», магчымасць якога выклікае жах.

Таксама ў хворых часам назіраецца агульнае эндакрыннае расстройства, якое закранае вось
гіпаталамуса-гіпофіза, што ў жанчын выяўляецца аменарэяй, а ў мужчын стратай палавой цягі і патэнцыі. Могуць быць павышанымі ўзроўні гармону росту і картызолу, адбываюцца змены метабалізму тырэоіднага гармону і парушэнне сакрэцыі інсуліну.

У такіх дзяўчынак назіраецца затрымка росту і развіцця другасных палавых прыкмет. Можа прысутнічаць дэпрэсіўная сімптаматыка.

Каларыйнае харчаванне і псіхатэрапія

У большасці выпадкаў (акрамя ранніх стадый без выяўленага знясілення) анарэксію лечаць ва ўмовах стацыянара. Першай задачай медыкаў з'яўляецца аднаўленне звычайнай масы цела і абмену рэчываў. Для дзяўчат, якія паступаюць з прыкметамі вострай сардэчнай недастатковасці пры значным знясіленні, праводзяцца больш сур'ёзныя мерапрыемствы — карэкцыя водна-электралітнага стану, аднаўленне іоннага балансу (утрымання калію ў сыроватцы). Прызначаюць мінеральныя і вітамінныя комплексы, каларыйнае харчаванне з высокім утрыманнем бялку.

Калі пацыентка адмаўляецца ад ежы, пажыўныя рэчывы ўводзяцца з дапамогай кропельніцы. Базавай тэрапіяй пры анарэксіі з'яўляецца псіхалагічная дапамога і падтрымка. Спецыялісты імкнуцца карэкціраваць дакучлівыя станы, адцягнуць псіхіку ад зацыкленасці на знешнасці, вазе і ежы, пазбавіць пацыентку ад адчування непаўнавартаснасці, вучаць развіваць асобу і павагу да сябе, здольнасці прымаць сябе і свет вакол. Для падлеткаў рэкамендавана сямейная тэрапія.

Ці можна пазбавіцца назаўсёды?

Анарэксія лічыцца захворваннем з высокай смяротнасцю — каля 12 % ад агульнай колькасці хворых, на жаль, выратаваць не ўдаецца. Прычым больш за палову смяротных выпадкаў з'яўляюцца вынікам самагубства. Прычынай натуральнай смерці ад анарэксіі ў асноўным становіцца сардэчная недастатковасць з-за агульнага знясілення арганізма.

Поўнае выздараўленне адзначаецца менш чым у паловы тых, хто пакутуе на анарэксію. Вельмі часта адзначаюцца выпадкі рэцыдываў, акрамя таго, наступствы галадання нагадваюць пра сябе цягам амаль усяго жыцця.


«Бізун» прафесійных мадэляў

— Практычна 15 % жанчын, якія захапіліся дыетамі, даводзяць сябе да развіцця дакучлівага стану і анарэксіі, большасць анарэксікаў — падлеткі і маладыя дзяўчаты. Анарэксія і булімія — «бізун» прафесійных мадэляў. Паводле статыстыкі, гэтымі захворваннямі пакутуе 72 % дзяўчат, якія працуюць на подыуме, — кажа Алена Канаш.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.