Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Вёсачка мая»


Пастарэла мая вёсачка: пакасіліся хаты, зарастаюць кветнікі, не кудахчуць куры, маўчаць сабакі. А калісьці па раніцах пеўні нас будзілі, з двароў кароў у поле выганялі, дзеткі басаногія па вуліцы бегалі. Моладзь па вечарах у клубе збіралася. А ў сенакос усім светам у поле выходзілі, нават школьнікі сена варушылі.


Чаму, калі выходзіш на пенсію, часцей успамінаеш дзяцінства? Цягне ў родныя мясціны. Я думаю, што такое адбываецца з усімі. Прыехала на Радаўніцу наведаць магілкі родных у Ямніцу. Прыехала па знаёмых сцяжынках прайсці, сустрэць тых, хто яшчэ тут. Многіх не пазнаю, а каго пазнаю, тыя мяне не зусім пазнаюць. Змяняе нас час. Толькі мінулае застаецца нязменным.

Сустрэла сяброўку Валянціну з яе братамі. Калісьці Мікалай і Міхаіл здаваліся мне вельмі дарослымі. Вось час і зрабіў нас роўнымі — усе сівыя. Кажуць — Нінка (не ў крыўду ёй будзь сказана), якая ў дзяцінстве была дзёрзкай шкодзінай, магла выхапіць з рук сябровак лусту хлеба, пасыпанага цукрам, і ўцячы, стала самавітай жанчынай!

Сустракаюцца мае сябры дзяцінства ўжо некалькі гадоў тут на свята Святой Тройцы. Паабяцала таксама прыехаць. Добра, што памятаем адзін аднаго. Учора даслалі мне фатаграфію аднавяскоўцаў, зробленую ў 1950 годзе. Гляджу і ўсіх пазнаю, хоць столькі гадоў прайшло.

У кепцы ў верхнім шэрагу злева — бацька маёй сяброўкі Краўчанка Фёдар Іосіфавіч, ураджэнец вёскі Ямніца. Прызваны ў армію ў 1940 годзе, ваяваў на пяці франтах у складзе 541 ордэна Багдана Хмяльніцкага асобнага радыёдывізіёна, меў узнагароды. Вайну скончыў у Аўстрыі.

Яго сыны вычарцілі на карце маршрут перамяшчэння часці бацькі і захоўваюць яе, як сямейную рэліквію. Сваяк Фёдара Іосіфавіча, Сотнікаў Сяргей Трыфанавіч, поўны кавалер ордэна Славы, быў яшчэ ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам «За службу Радзіме» 3-й ступені і медалямі, часта прыязджаў да iх у госці.

Мы, дзеці, глядзелі на яго з захапленнем і стараліся ўлавіць кожнае слова героя. Ён ніколі не казаў пра вайну. Ды і Фёдар Іосіфавіч свядома пазбягаў гэтых размоў. Вайна апаліла іх душы, скаланула, і ім не хацелася варушыць боль.

Памятаю, як у доме Фёдара Іосіфавіча з’явіўся тэлевізар — першы ў вёсцы. І па вечарах іх дом ператвараўся ў клуб. Суседзі сядзелі на ложках, крэслах, а каму не хапіла месца, проста сядаў на падлогу. Усе разам глядзелі ТБ, што адбываецца ў свеце.

Цётка Ева заўсёды хрысцілася і казала: «Толькі б вайны не было». Калі паказвалі фільмы пра вайну, цёткі Аўдуля, Таццяна і Акуліна ціха сыходзілі. Вайна — невылечная рана (мужы не вярнуліся з фронту), і яны не хацелі яе вяртання ні ў якім выглядзе, нават у фільмах.

Фёдар Іосіфавіч, франтавік, заўсёды знаходзіў час для нас, дзяцей. Загадваў нам галаваломкі, вучыў мяне і сяброўку гатаваць, гутарыў пра жыццё, пытаўся, кім хочам стаць, куды пойдзем вучыцца? Гэта быў самы мірны чалавек з усіх, каго я сустракала. Ён быў для нас настаўнікам жыцця і дабра.

Яго маці, Сотнікава Ганна Трыфанаўна, у 1943 годзе прытуліла ў доме салдата, які захварэў тыфам, выходжвала яго, як сына. Усім сялом хавалі салдата ад паліцаяў і акупантаў. «Ты што робіш? — плакала суседка. — Сама захварэеш! Або немцы даведаюцца, усіх заб’юць!». Але Ганна толькі ўздыхала: «Можа, і майму сынку хто-небудзь цяпер дапамагае». Адзін ён у яе быў.

Можа, за яе добрае сэрца дапамог лёс яе сыну, раз жывым вярнуўся. Кажуць, калі бацьку Фёдара сказалі, што сын вяртаецца, ужо па лесе ідзе, бег Іосіф насустрач сыну тры кіламетры, каб на свае вочы ўбачыць, што жывы. Жывы сынок!

У 1946 годзе вярнуўся Фёдар з фронту. Усю вайну не было ад яго вестак, ды і як прыйдзе ліст на акупаваную тэрыторыю. Не дачакалася Ганна сына. Памёр салдат ад тыфу, а потым і Ганна, заразілася ўсё ж. Цяпер яна пахавана на вясковых могілках, на тых жа могілках пахаваны і салдат, якога яна ратавала, а цяпер і Фёдар Іосіфавіч.

Шмат гора прынесла вайна маім аднавяскоўцам. Але не азлобіла і не ўзлавала. Добрыя і сумленныя людзі жывуць у маёй вёсачцы. Здаецца, усе яны мае родныя. Хай будзе светлая памяць тым, хто сышоў! І хай будзе яшчэ шмат шчаслівых дзён у тых, якія тут!

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.