Вы тут

Ініцыятывы Маладзёжнага парламента ў Навагрудку


У скарбонцы маладых парламентарыяў нямала цікавых праектаў. Трэба сказаць, што прапановы моладзі не застаюцца без увагі. Як правіла, яе ідэі абмяркоўваюцца ў фармаце адкрытага дыялогу з органамі мясцовай улады. А вось рэалізацыя залежыць збольшага ад самой моладзі і дапамогі педагогаў.


Вяртанне памяці

Адным з самых значных такіх праектаў стаў вялікі выставычны комплекс-макет «Сёстры Хатыні». Праект стартаваў як даследчая работа старшакласнікаў сумесна з органамі пракуратуры. У выніку паўстала нямала новых фактаў, звязаных з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Калі ў пачатку даследавання было вядома аб 16 вёсках Навагрудскага раёна, спаленых часткова або поўнасцю, то пасля заканчэння работы ўстаноўлены 44 такія вёскі. На аснове гэтых матэрыялаў узнікла ідэя ўвасобіць населеныя пункты ў вялікі выставачны комплекс. Прапанова дэпутатаў Маладзежнага парламента знайшла водгук у вучнёўскім асяроддзі.

— Сумесны праект з пракуратурай доўжыўся больш за год, прыйшлося пакапацца ў архівах, знайсці відавочцаў тых падзей, каб змадэляваць вёску і зрабіць яе макет, — прыгадала дэпутат Маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў Кацярына Сапега.

Дзяўчына вучыцца ў СШ № 3 імя В. Г. Гаховіч. Школа носіць імя былой настаўніцы, заслужанага педагога, ганаровай грамадзянкі раёна. Ды і сама Кацярына не толькі паспяхова вучыцца, але і актыўна ўдзельнічае ў жыцці горада і гатовая падтрымаць усе прагрэсіўныя ініцыятывы. Праект «Сёстры Хатыні» — адна з іх. Яе рукамі зроблены макет вёскі Заполле, дзе было спалена 15 сядзіб, а сама вёска — разрабавана.

— Тут усё зроблена з прыродных матэрыялаў, кардону, іншых падручных сродкаў, — расказвае Каця. — Калі творыш, нібы прапускаеш праз сябе тыя падзеі, уяўляеш сабе той падворак, калодзеж, дом, разумееш, што там жылі людзі, гулялі дзеці, а затым такая трагедыя, гэта вельмі чапляе...

За год створаны дзясяткі макетаў. Была нават арганізавана іх выстава на плошчы Навагрудка, людзі падыходзілі, цікавіліся. Часткова экспазіцыя захоўваецца ў школах раёна і Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Разам з іншымі экспанатамі макеты ўваходзяць у экспазіцыю, прысвечаную генацыду. Дырэктар цэнтра Алена Міклаш расказала, што супрацоўнікамі ўстановы распрацаваны экскурсіі, а матэрыялы даследаванняў органаў пракуратуры ўвайшлі ў зборнік, распаўсюджаны па ўстановах адукацыі. Кажуць, што пошукавую дзейнасць тут будуць працягваць.

Вядуцца даследаванні і ў гістарычным плане. Менавіта падчас сустрэчы дэпутатаў Маладзёжнага парламента з кіраўніцтвам горада з'явіўся праект па ўвасабленні гістарычных назваў вуліц старажытнага Навагрудка. Ідэю падтрымалі ў турысцка-інфармацыйным цэнтры. Такім чынам, на сямі вуліцах былі ўстаноўлены шыльды з гістарычнымі назвамі на некалькіх мовах.

Пагуляем у «Васільковую Беларусь»

У Навагрудку пачалі развіваць гульні-»настолкі». Апошнім часам гэты кірунак становіцца папулярным у моладзі з-за яго пазнавальнага характару.

Да таго ж, як і ў кожнай гульні, ёсць магчымасць выйсці ў лідары, прадэманстраваць эрудыцыю і дасведчанасць. Такіх гульняў навагрудскія парламентарыі сумесна са сваімі сябрамі прыдумалі некалькі. Ёсць тут, напрыклад, гульня па мэтах устойлівага развіцця тэрыторый. Але найбольшую зацікаўленасць выклікала патрыятычная гульня «Васільковая Беларусь», якая распрацавана сумесна з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гульня скіравана на тое, каб больш ведаць аб беларускіх гарадах. Гэта макеты з картай, якая складаецца з пазлаў.

— Праз QR-коды дзеці заходзяць на інтэрнэт-рэсурсы, атрымліваюць інфармацыю аб гарадах,- тлумачыць Алена Міклаш. — Напрыклад, зыходным пунктам Навагрудка з'яўляецца дзень вызвалення нашага горада, далей мы даведваемся сімволіку, герб, славутасці, вядомых асоб і развіваемся ў кірунку вывучэння роднага краю. Кідаем фішку, выцягваем пытанне і адказваем.

Праект быў прадстаўлены на конкрусе маладзёжных ініцыятыў і ў рамках абласнога праекта Беларускага саюза жанчын «Крылы памяці» заняў першае месца ў краіне. Сродкі за перамогу пайшлі на фінансаванне прома-прадукцыі. Гульня распаўсюджваецца, кажуць распрацоўшчыкі. Ужо рэалізаваны заказ ад РАУС Гродна на 30 камплектаў для правядзення аднаго з іх мерапрыемстваў. Настольныя гульні тутэйшых распрацоўшчыкаў актыўна выкарыстоўваюцца на класных гадзінах, падчас канікулаў.

Мейнстрым і патрыятычны дэсант

— Маладзёжны парламент развіваецца, — гаворыць Кацярына Сапега. — Нас чуе мясцовая ўлада, падтрымлівае, у тым ліку і фінансава. Па магчымасці ў нашым райсавеце дэпутатаў шукаюць партнёраў для рэалізацыі ініцыятыў, што дае нашаму Маладзёжнаму парламенту дадатковы стымул. Сёлета, напрыклад, дэпутат Маладзежнага парламента Мікіта Авечкін з Навагрудка стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе «Лідар года — 2022».

Дарэчы, Мікіта, як і яшчэ 12 дэпутатаў Маладзёжнага парламента, з'яўляецца ўдзельнікам блогер-студыі «Мейнстрым», якая створана на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Наш праект летась перамог у першым рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў, — з гонарам кажа намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце цэнтра Святлана Крынская. — Студыя атрымала грант у памеры 10,5 тысячы рублёў, які мы выкарысталі для набыцця спецыяльнага абсталявання — камп'ютара, студыйнага святла і іншага. Часткова праект фінансуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў. Ініцыятыва развіваецца, у студыі свой блог у тэлеграм-канале. Гэта становіцца брэндам, іміджам горада і раёна. У нас, напрыклад, ёсць рубрыка «Мая Беларусь».

Нядаўна дэпутаты Маладзёжнага парламента з Навагрудка прапанавалі новы праект — патрыятычны дэсант. У райвыканкаме ідэю падтрымалі. На чарзе — стварэнне ініцыятыўнай групы з ліку міжведамасных структур, якая зоймецца распрацоўкай блока тэматычных мерапрыемстваў з вызначаным сцэнарыем, дыдактычным матэрыялам, фотавыставамі. Падрыхтаваны дэсант будзе выязджаць ва ўстановы адукацыі. Першы выезд тут плануюць ажыццявіць 9 Мая — на Дзень Перамогі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.  

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».