Вы тут

У Полацку адкрылася выстава Васіля Шаранговіча


«Ген жыцця»... Так называецца выстава твораў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, якая адкрылася ў Полацкай мастацкай галерэі. Але яе можна назваць і «ген беларускасці» — бо гэта яшчэ і падарожжа ў беларускую гісторыю, падзеі, асобы, архетыпы якой мастак асэнсаваў «сэрцам і думамі». Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, «вогненныя вёскі», родная прырода... Вобразы, якія для майстра сталі магістральнымі. 


Асаблівую шчырасць, утульнасць экспазіцыі дадаюць асабістыя рэчы Васіля Шаранговіча, у тым ліку саламяны капялюш, які так яму пасаваў, яго мастакоўскія інструменты, кнігі, якія ён афармляў, у тым ліку кнігу ўспамінаў, якая дала назву выставе. Дарэчы, усе кнігі можна пагартаць... У слове мастак выявіўся такім жа філосафам, як і ў карцінах. «Мастацтва ёсць ілюзія жыцця, перайначанага творцам, але хто ведае — можа, і само жыццё з’яўляецца ілюзіяй рэальнай рэчаіснасці», — разважаў майстар.

Экспанаты для выставы ўзятыя як з фондаў музея, так і са збораў сям’і мастака. Акрамя сяброў, калегаў, вучняў Васіля Шаранговіча на адкрыццё прыехалі яго дачка, вядомы мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, і ўнучка, мастачка Юлія Кукушкіна. Наталля Шаранговіч правяла для прысутных экскурсію па экспазіцыі, распавяла шмат цікавых, унікальных фактаў.

—Бацька заўсёды пісаў сваю сям’ю. У многіх яго кнігах і станкавых працах ёсць вобразы маёй мамы, —расказала Наталля Васільеўна. — Мае бацькі былі жанатыя практычна пяцьдзясят гадоў, паўгода не дажылі да залатога вяселля. Яны сышлі практычна ў адзін час, маці — 29-га снежня, бацька—31 снежня 2021 года. Гэта было знакава для мяне: людзі, якія пражылі ўсё жыццё разам, разам і сышлі. Таму гэтая выстава, на якой я бачу родныя вобразы, мяне вельмі кранае.

Асабліва ж кранаюць творы Васіля Шаранговіча, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Наталля Васільеўнна распавяла, што яе бацька маленькім хлопчыкам трапіў у вёску сваёй бабулі па маці — вёска нядаўна была спаленая фашыстамі. І ў памяць маленькага Васіля на ўсё жыццё ўрэзаліся страшныя карціны: папялішчы, над якімі тырчэлі коміны, абгарэлыя трупы... І агідны пах спаленых целаў. Усё жыццё яго пераследваў гэты пах. Мастак не любіў вогнішчы, нават на лецішчы пазбягаў паліць сухую траву. 

На яго графічных працах, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, шмат дзіцячых абліччаў — ён такім чынам маляваў і сябе, сваё дзіцячае ўзрушэнне.

Сын каваля, унук аратага — так называў сябе народны мастак. Прывязка да роднай зямлі ў ім была сапраўды генетычнай. Таму ён з такім майстэрствам і натхненнем праілюстраваў паэму Якуба Коласа «Новая зямля» — маляваў тое, што сам бачыў, што было яму добра знаёма. Вось калі ілюстраваў паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», давялося шмат шукаць звестак пра шляхецкі побыт, вопратку... Але ўсё адно ён маляваў Беларусь, на якой і адбываюцца падзеі паэмы, маляваў беларускіх людзей. Наталля Шаранговіч прызналася, што ў вобразе Зосі, гераіні паэмы «Пан Тадэвуш», яе бацька адлюстраваў юную яе. Шмат асабістага і ў афармленні дзіцячых кніг, зробленым Васілём Шаранговічам. Мы бачым адкрытую душу, гумар, палёт фантазіі мастака і ягоную дабрыню. Гэта тычыцца асабліва афармлення кнігі «Залаты ключык, альбо Прыгоды Бураціна» — з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча гэту кнігу чыталі мільёны дзяцей па ўсім Савецкім Саюзе. Нядаўна кніга была перавыдадзеная на беларускай мове на радасць сучасным дзецям. Наталля Шаранговіч распавяла, што пасля выхаду першага выдання ў яе нарадзіўся брат, у якім усе бачылі незвычайнае падабенства з абліччам Бураціна, прыдуманым Васілём Шаранговічам, што стала падставай для жартаў: намаляваў, прыдумаў сабе сына!

Гаварылі і пра Васіля Шаранговіча — педагога, які вельмі шмат даў маладому пакаленню, падтрымліваў, шчыра дапамагаў. 17 гадоў Васіль Пятровіч кіраваў кафедрай графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, а потым 8 гадоў быў рэктарам сённяшняй Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Падчас адкрыцця выставы недарэмна гучалі словы пра «школу Васіля Шаранговіча».

Яшчэ адна «фішка» экспазіцыі — можна ўбачыць не толькі лінагравюры майстра, але і аснову, з якой яны былі аддрукаваныя, пазнаёміцца з тэхналогіяй, зразумець, колькі працы ішло на адзін малюнак.

«Годны сын каваля, ты нялёгкі ў жыцці выбраў шлях,
Хоць і лёгкіх шляхоў не бывае на роднай зямлі,
Дзе растуць камянюкі ў палітых крывёю палях
І стралы вастрыём па-над намі лятуць жураўлі.

Ты каханнем вялікім да жонкі жывеш, як і жыў,
Як яна адыйшла ў іншы свет, ты за ёю пайшоў.
І счарнелі ў тумане снягі, праліліся дажджы,
І закончыўся год, і такіх больш не будзе гадоў,

Як не будзе для нас больш ніколі ўжо новай зямлі,
Што ты з Коласам нам перадаў, дзе жыве запавет,
Каб любілі зямлю, нібы маці сваю, бераглі,
І ўжо толькі тады зберажэцца ўвесь белы наш свет»
— гэтыя словы балады паэта Віктара Шніпа, прысвечанай Васілю Шаранговічу, прагучалі паэтычным лейтматывам і выставы, і ўсяе творчасці народнага мастака. 

Выстава будзе доўжыцца цэлы год, да 14 красавіка 2024 года.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».