Вы тут

«Перакладчыцкая дзейнасць пашырае геаграфічныя межы вядомасці аўтараў»


Завяршаецца распачатая ў «ЛіМе» 10 сакавіка гаворка пра мастацкі пераклад. Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з абмеркавання, агучаныя цікавыя факты з гісторыі і сучаснай перакладчыцкай практыкі, найбольш важныя думкі, выказаныя ўдзельнікамі акадэмічнага круглага стала «Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы», у якім узялі ўдзел навукоўцы і пісьменнікі-перакладчыкі: дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў; першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніца-перакладчыца Алена Стэльмах; пісьменніца-перакладчыца Іна Фралова; перакладазнаўцы Алена Лапцёнак, Наталля Якавенка і мовазнаўца Ірына Ялынцава, якія працуюць у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі; перакладазнаўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Інга Бязлепкіна; вядомы беларускі перакладчык і перакладазнаўца Міхась Кенька.


Міхась Кенька і Інга Бязлепкіна.


Першая частка гутаркі

Другая частка гутаркі


Жаданне пісьменнікаў-перакладчыкаў творча далучыцца да найлепшых набыткаў прыгожага пісьменства, папрактыкавацца ў перакладчыцкім майстэрстве, як правіла, суправаджаецца намерам падзяліцца плёнам сваёй працы з чытачамі, бо для каго ж ствараюцца літаратурныя творы, як не для іх…

Алена Стэльмах: «Знаходзяцца розныя шляхі для друкавання перакладзеных твораў. У прыватнасці, праз літаратурныя часопісы, з якімі трымаем сувязі. Так, нядаўна віншавалі з юбілеем узбекскі часопіс “Звезда Востока”. Супрацоўнічаем, напрыклад, з таджыкскім “Памірам”, казахскім “Прастора”». Спадзяёмся на прадстаўленне беларускіх творцаў у адным з нумароў часопіса “Масква”.

Міжлітаратурныя перакладчыцкія сувязі развіваюцца і праз айчынныя літаратурныя выданні, у прыватнасці праз часопіс “Нёман”, які далучыў да перакладчыцкай справы студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Асабіста я перакладаю на беларускую мову творы пісьменніцы Райхан Мажынкызы. Яна робіць пераклады наўзаем — на казахскую. Дзякуючы гэтаму, напрыканцы мінулага года выйшла ў Астане мая дзіцячая кніга “Папяровы самалёцік”.

У перакладзе на балкарскую мову народны пісьменнік Каўказа Саліх Гуртуеў выдаў маю кнігу “У гасцях у Францыска Скарыны” ў Кабардзіна-Балкарыі».

Іна Фралова: «Перакладчыцкая дзейнасць значна пашырае геаграфічныя межы вядомасці нашых аўтараў. Так, у 2019 годзе, падчас маёй вучобы ў Літаратурным інстытуце, з ініцыятывай выдаць беларускі нумар звярнуўся галоўны рэдактар часопіса “Александръ”. Супрацоўніцтва мела працяг: акрамя кастрычніцкага нумара за 2019 год, пабачылі свет ліпеньскі і жнівеньскі нумары за 2020 і 2022 гады адпаведна. Назаву некаторых прадстаўленых там аўтараў: Віктар Шніп, Мікола Шабовіч, Генадзь Пашкоў, Ніна Галіноўская, Мікола Чарняўскі, Анатоль Зэкаў, Алена Басікірская, іншыя пісьменнікі».

Міхась Кенька: «Сярод перакладзенага мной пяць аповесцей Юзафа Крашэўскага — “Маці каралёў”, “Паперы Глінкі”, “Апошняя са слуцкіх князёў”, “Кароль у Нясвіжы”, “Сеймавыя сцэны. Гародня. 1793”, аповесць Генрыка Жавускага “Успаміны Сапліцы”, яго раман “Лістапад”, “Казкі і легенды” Генрыка Сянкевіча. Тры з гэтых твораў перакладаліся не па заказе, а таму не выдадзены, і я не ведаю, ці ўдасца іх надрукаваць у час, калі папулярная пераважна літаратура для забавы — фэнтэзі, дэтэктывы, коміксы.

Пад уплывам рыначных адносін пераклад на беларускую мову зусім страціў бы сэнс, калі б не неабходнасць перакладаць тое, што яшчэ не перакладзена, ды, магчыма, і не будзе перакладзена на рускую мову, але мае цікавасць для беларускага чытача, для гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Для беларускіх перакладчыкаў адкрылася іншая сфера — пераклад твораў тых аўтараў, якія былі беларусамі па паходжанні, але ў неспрыяльных умовах вымушаны былі пісаць на іншых мовах або пісалі пра беларусаў. Раней іх творы не друкаваліся і па-руску. Так, у свой час, дзякуючы перакладам, у беларускую літаратуру ўвайшлі Мікола Гусоўскі, Уршуля Радзівіл, Ян Баршчэўскі, Зоф’я Манькоўская, Ігнат Дамейка і шэраг іншых пісьменнікаў.

Вядома, трэба аператыўна пераствараць і тое, што з’яўляецца новага за мяжой, але яшчэ нідзе не перакладалася. Падобных твораў ужо нямала перакладзена, але многае дагэтуль не прагучала па-беларуску».

Перакладчык, з якой і на якую мову не перакладаў бы, заўсёды знаходзіцца ў сітуацыі білінгвізму, а ў Беларусі, пры наяўнасці дзяржаўнага двухмоўя, гэта асабліва адчувальна, таму перакладазнаўцы нярэдка заўважаюць сур’ёзныя памылкі ў перакладных тэкстах і пралікі ў выбары сродкаў перакладу.

Алена Лапцёнак: «Мы часта маем справу з “гіперперакладам”, калі перакладчык выбірае лексічную адзінку беларускай мовы, якая найбольш адрозніваецца па форме ад рускамоўнага адпаведніка, каб паказаць адметнасць беларускай мовы. Для пацвярджэння сваёй думкі звярнуся да крайніх выпадкаў, калі падобная тактыка прыводзіць да памылак у тэксце.

Так, у адным з перакладаў рамана Дж. Роўлінг пра Гары Потэра звярнула ўвагу на дзеяслоў “абвінуцца”, які ўжываўся замест кантэкстуальна патрэбнага “абярнуцца”, “павярнуцца”: “Містар Малфой прайшоўся па краме, … перш чым абвінуцца да свайго сына і сказаць: — Нічога не чапай, Драко”.

Зразумела, што такое ўжыванне згаданага дзеяслова памылковае. Неаднаразовае выкарыстанне гэтага адпаведніка ў тэксце перакладу выключае выпадковасць падобнага ўжывання. Верагодна, што перакладчыкі з часам усвядомілі памылковасць гэтай адзінкі, бо ў іншых іх перакладах памылка больш не паўтараецца. Але як моўны факт яна вельмі паказальная.

Невядома, з якой мовы рабіўся пераклад на беларускую — непасрэдна з англійскай або з рускага тэксту, хутчэй за ўсё з англійскай. Але і пры выключанасці з працэсу перакладу рускай мовы назіраецца яе ўплыў на тэкст. Менавіта з-за розных значэнняў слова “обернуться” ў рускай мове магчымы розныя беларускія адпаведнікі — “абярнуцца” і “абвінуцца”. Відавочна, што пераклад з любой мовы на мову, уключаную ў сітуацыю білінгвізму, так ці інакш закранае абедзве. Перакладчык нібыта адштурхоўваецца ад адной мовы, выбіраючы лексічныя адзінкі іншай, што не супадаюць па форме, каб падкрэсліць адрозненні моў, непадобнасць, адметнасць кожнай з іх».

Дарэчы, неабазнанаму ў перакладазнаўчай навуцы чытачу, асабліва калі ён актыўна вывучае і выкарыстоўвае замежныя мовы, карысна будзе ведаць наступнае: блізкароднасны характар беларускай і рускай моў вельмі часта выклікае ўяўнае разуменне, створанае міжмоўнымі аналагізмамі (падобнымі ці аднолькавымі пры напісанні і вымаўленні, але сэнсава адрознымі словамі), якое пры кантакце з трэцяй, няроднаснай, мовай выяўляецца асабліва яскрава. Гэта ўяўнае разуменне слоў небяспечнае тым, што паўтораныя некалькі разоў няправільныя пераклады замацоўваюцца ў памяці і разбураюць сістэму абедзвюх блізкароднасных моў.

Алена Лапцёнак.

Алена Лапцёнак: «Як бачым, блізкароднасны білінгвізм больш глыбокі, узаемадзеянне адзінак розных моў нашмат больш складанае, чым проста памылкі, выкліканыя інтэрферэнцыяй».

Ірына Ялынцава: «Так, але трэба падкрэсліць, што інтэрферэнцыя (адхіленне ад норм у адной мове пад уплывам норм іншай мовы) — з’ява небяспечная. Беларусы ў сваёй маўленчай дзейнасці сутыкаюцца з уплывам беларускай мовы на рускую і наадварот — рускай мовы на беларускую, што прыводзіць да моўнай інтэрферэнцыі. Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак як у маўленні, так і пры перакладзе мастацкіх твораў.

У прыватнасці, часта ў беларуска-рускіх паэтычных перакладах ужываюцца лексемы беларускай мовы, так званыя беларусізмы. Форма слова пры гэтым можа заставацца нязменнай, а можа зазнаваць некаторыя графічныя змены. Напрыклад:

Все мы ходим под Богом,

Зашитая болюче ноет рана (Иван Колесник “Ну вот и третья палата…”)

(слова “болюче”: бел. “балюча” — рус. “больно”, “мучительно”).

У паэтычных перакладах можна сустрэць і словы, уласцівыя толькі беларускай мове, напрыклад, знічка:

Аир приречный и ситник

Зябким наструнены ветром.

Зничка мелькнет над житом —

Аз, буки, веди… (Евгений Хвалей “Познание”)

(бел. “знічка” — падаючая зорка, рус. “падающая звезда”).

Увогуле, пры паэтычным перакладзе з беларускай мовы на рускую інтэрферэнцыя шырока ахоплівае лексічны ўзровень мовы. Трэба таксама адзначыць, што праблема інтэрферэнцыі — гэта і праблема культуры маўлення асобы, і культуры мовы пры перакладзе».

Ірына Ялынцава.

Інга Бязлепкіна: «Шмат залежыць ад матываў, якімі кіруецца перакладчык. Калі яго мастацкі фокус скіраваны на развіццё і ўзбагачэнне сваёй літаратуры, то з высокай доляй верагоднасці замежныя творы будуць “абеларушаны” (“адамашнены”). У прыватнасці, Вацлаў Ластоўскі, чыя перакладчыцкая дзейнасць складала частку яго адраджэнскай праграмы, пераствараючы апакрыфічнае апавяданне “Вучыцель” Оскара Уайльда, наўмысна ўнёс змены ў гістарычна-рэлігійны кантэкст іншаказу, замяняючы імя апостала Іосіфа Арыматэйскага (Joseph of Arimathea) на Язэпа Арыматэйчыка, а таксама ўвёў у пераклад пласт “самаістай” лексікі: “His hair was the colour of honey” — “Барвы мёду былі яго валасы”; “set ashes (попел, прах, пыл) as a crown” — “замест кароны пасыпаў валасы порсьцю зямельнай”; “I have healed the leper — “гаіў струпаватых”. У гэтым выпадку дакладнасць перадачы асаблівасцей арыгінала адыходзіць на другі план».

Ігар Капылоў: «Мы закранулі праблематыку асобнага круглага стала: у якой ступені перакладчык можа выйсці за межы лексічных нормаў літаратурнай мовы і мастацкай канцэпцыі аўтара, чаму выкарыстоўвае пэўныя прыёмы — для стылізацыі, развіцця мовы ці на іншай падставе. Перакладазнаўства становіцца ўсё больш уплывовай навуковай дысцыплінай, якая мае ўласную разгалінаваную сферу даследавання і практычную значнасць, таму, спадзяюся, перакладазнаўчыя пытанні будуць часцей уздымацца на розных дыялогавых пляцоўках».

Па словах аўтарытэтнага беларускага тэарэтыка і практыка перакладу Вячаслава Рагойшы, «мастацкі пераклад — плод любові, а не разліку», таму і мэты, задачы, прыёмы, сродкі перакладчыка павінны быць адпаведныя. Аднак пра любоў і разлік у перакладчыцкай справе сапраўды трэба гаварыць асобна…

Матэрыял падрыхтавала  Наталля ЯКАВЕНКА

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.