Вы тут

Гендырэктар «Белкнігі» Уладзімір Матусевіч пра месца на кніжным рынку і ў культурным жыцці краіны


Пра тое, што сёння ўяўляе сабой галоўны і найбуйнейшы ў краіне дзяржаўны праваднік ведаў і духоўных каштоўнасцей — рэспубліканская сетка кнігарань «Белкніга», пра гісторыю прадпрыемства, яго месца на кніжным рынку і ў культурным жыцці краіны мы пагутарылі з генеральным дырэктарам гандлёвай сеткі Уладзімірам Матусевічам.


Новы праект «На кніжных паліцах: чытаем з “Белкнігай”» газеты «Літаратура і мастацтва», падрыхтаваны з дапамогай найбуйнейшага кнігагандлёвага прадпрыемства Рэспублікі Беларусь ААТ «Белкніга» пры падтрымцы канала «Культура» Беларускага радыё, будзе распавядаць пра работу вядучых дзяржаўных выдавецтваў, асаблівасці распаўсюджвання і папулярызацыі кніжнай прадукцыі, знаёміць з навінкамі айчыннага кнігавыдання, якія адлюстроўваюць дзяржаўную палітыку.


— Уладзімір Уладзіміравіч, калі ласка, раскажыце крыху пра гісторыю «Белкнігі». З чаго ўсё пачыналася і якія паваротныя пункты чакалі прадпрыемства на яго шляху?

«Белкніга» вядзе адлік сваёй гісторыі з 15 жніўня 1945 года, калі, згодна з адпаведнай пастановай Савета Народных Камісараў БССР, было створана Упраўленне па гандлі кнігамі і культурнымі таварамі «Белкніжкультгандаль». Створана для таго, каб забяспечыць насельніцтва Беларусі сацыяльна значнымі таварамі, якімі, безумоўна, з’яўляюцца і кнігі, і школьныя пісьмовыя прылады, і культтавары… Упраўленне прайшло праз шэраг рэарганізацый, пакуль у 1963 годзе не ўвайшло ў склад Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку.

У савецкі час кніжны гандаль развіваўся досыць актыўнымі тэмпамі. Прывяду толькі некалькі лічбаў… У перыяд 1970-х — 1980-х гадоў колькасць адпаведных крам расла проста-такі ў геаметрычнай прагрэсіі, і ў 1986 годзе толькі на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці налічвалася 57 кніжных крам, 46 з якіх знаходзіліся ў сталіцы.

У 1988 годзе было створана Рэспубліканскае аптова-рознічнае аб’яднанне кніжнага гандлю «Белкніга», якое праз пяць гадоў перайменавалі ў кнігагандлёвае прадпрыемства «Белкніга». У 2006 годзе на яго базе было створана адкрытае акцыянернае таварыства, абсалютную большасць акцый якога мела і мае сёння, зразумела, дзяржава. Яшчэ праз пяць гадоў адбылася рэарганізацыя шляхам далучэння абласных кнігагандлёвых таварыстваў да галоўнага прадпрыемства і стварэнне адзінага ААТ «Белкніга» з філіяламі ў абласцях — той структуры, якая фактычна існуе і сёння.

— Якой «Белкніга» прыйшла да дня сённяшняга?

Зразумела, на розных аб’ектах розная наведвальнасць і, адпаведна, эканамічныя паказчыкі. Найбуйнейшыя крамы, у спіс якіх уваходзяць і «Цэнтральная кнігарня», і «Светач», і «Веды», і крамы Гомеля, Віцебска, Гродна, Ліды, Наваполацка, прыносяць значную частку даходаў, маюць найбольшую колькасць наведвальнікаў. Аднак на балансе кнігагандлёвай сеткі хапае і крам з зусім іншымі абаротамі.

Як бы там ні было, на дадзены момант гадавы тавараабарот «Белкнігі» складае амаль што 50 мільёнаў рублёў. На прадпрыемстве працуе звыш 700 чалавек. Колькасць гандлёвых аб’ектаў дасягае лічбы 94. З іх 86 — крамы, але ёсць яшчэ павільёны, кіёскі, нават літаратурная кавярня, якая працуе на тэрыторыі крамы «Светач». З 86 у сталіцы і абласных цэнтрах — 57 крам, астатнія — у раённых цэнтрах ды — асобныя — у гарадскіх пасёлках. Сёння «Белкніга» — найбуйнейшы дзяржаўны і адзін з найбуйнейшых увогуле ўдзельнікаў кніжнага рынку.

— Якая літаратура карыстаецца найбольшым попытам і з чым гэта, на вашу думку, звязана?

— Перш за ўсё хацелася б адзначыць, што ў агульнай структуры «Белкнігі» кніжная прадукцыя, у тым ліку вучэбная, навуковая і мастацкая літаратура (а гэта ўся кніга без хіба што некаторых відаў даведнікаў), займае звыш 63 %. Такім чынам, асноўная спецыялізацыя крам «Белкнігі» — менавіта кнігі, літаратура. Ёсць таксама папяровыя і канцылярскія тавары. На кожную з гэтых катэгорый прыходзіцца каля 16—17 % ад агульнай сумы рэалізаванага ў сетцы.

Самыя вялікія тыражы і, адпаведна, самыя вялікія продажы — на рахунку вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры. Падручнікі, як правіла, накіроўваюцца ў школы з выдавецтваў, а вось вучэбныя дапаможнікі — гэта тое, чым займаемся мы. Кнігі дадзенай катэгорыі складаюць да 40 % і нават палову ад усяго аб’ёму кніжнага тавараабароту. Прычына простая: вучняў класаў кожнай паралелі ў рэспубліцы ад 50 тысяч і болей. Вядома, ніводная мастацкая кніга не выпускаецца падобным тыражом (хаця Беларусь з’яўляецца адной з найбольш кніжных краін постсавецкай прасторы, раздзяляючы першае месца з Расіяй). На другім месцы знаходзіцца мастацкая і дзіцячая літаратура (па 15 % ад агульнага тавараабароту). Спецыялізаваныя, практычныя, навукова-папулярныя і іншыя выданні — сумарна каля 20 %.

— А як прадаецца беларуская мастацкая літаратура ды ўвогуле кнігі беларускіх выдавецтваў?

— Паўтаруся, у любым топе першыя пазіцыі будуць за вучэбнай, вучэбна-метадычнай літаратурай. Аднак людзі хочуць чытаць рознае… Кажучы пра кнігі беларускіх выдавецтваў, нельга не згадаць мінулагодняга лідара па чытацкіх запатрабаваннях — гісторыка-публіцыстычную дылогію «Генацыд беларускага народа», якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» пад эгідай Генеральнай пракуратуры. Выданне відавочна трапіла ў самы нерв грамадства і стала вельмі папулярным.

Што тычыцца іншых тэматычных катэгорый, то тут перавага за мастацкай класікай. Гэта найперш аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, якую за апошні час перавыдалі адразу некалькі разоў. Папулярнасцю сярод чытачоў карыстаюцца і іншыя творы пісьменніка: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім». Відаць, спалучэнне рамантычна-дэтэктыўнага, гістарычнага і публіцыстычнага жанраў да гэтай пары прыцягвае. Майстар слова Уладзімір Караткевіч застаецца папулярным і сёння.

Добра прадаюцца «Людзі на балоце» Івана Мележа, найноўшыя выданні Максіма Багдановіча, Якуба Коласа. Разыходзіцца тое, што робіць цяпер «Мастацкая літаратура», — пераклады на рускую мову беларускіх класікаў. Некаторым людзям значна прасцей далучыцца да скарбніц роднай літаратуры праз рускамоўныя пераклады. А тое, што беларуская і руская мовы вельмі блізкія, гарантуе аўтэнтычнасць і якасць перакладу. У найбліжэйшай будучыні плануем больш актыўна прадстаўляць айчынную кнігу ў Расіі, і, я думаю, нароўні з гістарычнай, краязнаўчай, краіназнаўчай літаратурай, цікавасць будзе і да нашага прыгожага пісьменства.

— Пра выдавецтвы вы ўжо згадвалі. А ці наладжана сувязь непасрэдна з пісьменнікамі, аўтарамі кніг?

Мы праводзім сустрэчы з чытачамі, прэзентацыі кніг. Для падобных мерапрыемстваў гандлёвая зала павінна адпавядаць пэўным крытэрыям: каб усе людзі маглі размясціцца, каб ім было ўтульна і каб гэта не перашкаджала пакупнікам, якія проста прыйшлі па кнігу. Такія пляцоўкі маюцца як у сталіцы (найбуйнейшая і найбольш актыўная з іх — «Светач», дзе кожны тыдзень праходзяць прэзентацыі), так і ў абласных цэнтрах.

Дарэчы, большасць падобных сустрэч мы ладзім сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Зрэшты, прэзентацыі вядуць не толькі члены СПБ, але і любыя аўтары, якія хочуць азнаёміць са сваімі творамі новую аўдыторыю (прычым творамі самымі рознымі: ад гістарычных да кніг па коўчынгу). Калі гэта не супярэчыць заканадаўству і пэўным маральна-этычным аспектам, мы з радасцю даем магчымасць прэзентаваць свае творы на нашых пляцоўках.

Акрамя таго, «Белкніга» бярэ ўдзел у розных выязных мерапрыемствах, праводзіць выстаўкі, дзе пісьменнікі заўжды самыя жаданыя і ганаровыя госці на нашых стэндах.  Апошнія такія мерапрыемствы адбыліся падчас XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У гарадах — цэнтрах беларускага пісьменства розных гадоў былі зладжаны кірмашы дзіцячай літаратуры. Там жа, дзе па нейкіх прычынах няма «Белкнігі», імпрэзы ладзіліся ў бібліятэках. Мэта ўсіх падобных ініцыятыў — прапаганда чытання, далучэнне да кнігі юнай аўдыторыі.

— Як кнігарні адказваюць на апошнія выклікі эпохі (глабальную лічбавізацыю, пераход у віртуальную прастору і г. д.)?

«Белкніга», маючы такую разгалінаваную кнігагандлёвую сетку, усё ж разлічана больш на афлайн-фармат. Але і мы на месцы не стаім. Напрамак, які хутка развіваецца і дэманструе высокія тэмпы росту, — інтэрнэт-крама. У нас яна таксама ёсць: чытачы могуць зрабіць заказ пры дапамозе любога гаджэта ці тэлефона і дачакацца кур’ера альбо забраць кнігу з крамы самастойна.

Сумесна з Саюзам пісьменнікаў мы зрабілі бясплатны мабільны дадатак з аўдыякнігамі «Чытанка» для тых, хто хоча атрымаць асалоду ад сакавітай беларускай мовы. Там ёсць розныя творы: паэзія, проза, дзіцячая літаратура, нават пара падкастаў, але ўпор зрабілі на класіку. Да таго ж уведзена ў эксплуатацыю інфармацыйна-навігацыйная сістэма: у асобных крамах стаяць спецыяльныя даведачныя панелі, з дапамогай якіх можна лёгка знайсці патрэбную кнігу.

У планах — далейшае ўдасканальванне інфармацыйных рэсурсаў «Белкнігі», больш актыўная праца ў сацыяльных сетках. Сёння нашы патэнцыяльныя пакупнікі актыўна карыстаюцца гэтымі каналамі камунікацыі, і мы павінны арганізаваць там сваю самую шырокую прысутнасць.

— У кантэксце падзей апошніх гадоў асаблівую надзённасць набыло пытанне шкоднай літаратуры (эсктрэмісцкай, парнаграфічнай і г. д.). Якія меры прымаюцца для таго, каб не дапусціць з’яўленне такой літаратуры на кніжных прылаўках?

«Белкніга» жорстка сочыць за выкананнем заканадаўства ў частцы недапушчэння рэалізацыі літаратуры, якая прызнана экстрэмісцкай. Зразумела, такім выданням не месца на кніжных паліцах.

Мы — прадпрыемства сферы Міністэрства інфармацыі. Наша місія — забеспячэнне дзяржаўных прыярытэтаў на кнігагандлёвым рынку. Сцвярджэнне традыцыйных ідэалаў нашага народа — гэта тое, што мы павінны рабіць, робім і будзем рабіць надалей.

У сённяшняй да крайнасці вострай геапалітычнай сітуацыі галоўнай задачай з’яўляецца захаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. І на першы план выходзіць інфармацыйнае проціборства. А кніжная прастора — частка гэтага процістаяння сэнсаў. Тут мы павінны прынцыпова адстойваць свае падыходы, эфектыўна бараніцца ад навязвання нам чужароднай каштоўнаснай матрыцы, калі хочам захаваць сваю ідэнтычнасць.

Мы ніколі не будзем мірыцца з усхваленнем ці нават апраўданнем нацызму, любымі яго формамі. Беларусь страціла кожнага трэцяга падчас Вялікай Айчыннай, амаль кожную нашу сям’ю вайна апаліла сваім чорным крылом. Зразумела, мы не можам здрадзіць памяці продкаў.

Альбо маральна-этычныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца часткай генетычнага коду нашага народа… Тыя ж сямейныя адносіны. Тое, што шлюб — гэта саюз паміж жанчынай і мужчынам, зафіксавана ў нашай Канстытуцыі. А з-за мяжы нам актыўна прапануюць саюзы аднаполыя. Ва ўсім свеце створана цэлая інфармацыйная сістэма прапаганды такіх адносін, якая на працягу ўжо многіх гадоў працуе па прынцыпе вядомага акна Авертона. Праз самую шырокую гаму інструментаў — ад мастацкіх вобразаў у кіно і літаратуры да заканадаўчых норм на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Асабліва ўражлівая для такога ўздзеяння, зразумела, моладзь. І нам трэба гэта разумець і супрацьстаяць такой прапагандзе, у тым ліку і ў кніжнай сферы. Ужываючы таксама розныя механізмы — ад заканадаўчых і адміністрацыйных да шырокай інфармацыйнай работы.

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.