Вы тут

Польскія сілавікі працягваюць здзекавацца з бежанцаў


Днямі беларускія пагранічнікі ў Бераставіцкім раёне паблізу граніцы з Польшчай знайшлі цела. Труп мужчыны знаходзіўся каля загароды, устаноўленай на польскай тэрыторыі. Побач з целам знайшлі асабістыя рэчы — заплечнік і мабільны тэлефон. Следчыя з прыцягненнем спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці правялі агляд і зафіксавалі следавую карціну.


Як высветлена, мужчына быў выціснуты польскімі праваахоўнікамі з ужываннем гвалту. Чарговай ахвярай еўрапейскай «дэмакратыі» стаў 32-гадовы грамадзянін Гвінеі. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Следчым камітэце. Бежанец меў вострую патрэбу ў меддапамозе, аднак польскія сілавікі пакінулі змардаванага і босага мужчыну сыходзіць крывёй. На целе іншаземца знойдзены шматлікія рваныя раны ад калючага дроту.

З пачатку года гэта пятая смерць замежніка на граніцы з Польшчай, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. Нягледзячы на факты гібелі, польскія праваахоўнікі не спыняюць практыку гвалтоўных выцісканняў і пакідання ўразлівых катэгорый людзей у небяспечнай для жыцця сітуацыі.

Нічога святога

У пачатку 2023 года пагранічная варта Польшчы афіцыйна прызнала больш як 50 тысяч фактаў вывазу бежанцаў на граніцу, паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. Як распавялі ў ведамстве, пра гэта паведаміў галоўны штаб пагранічнай варты Польшчы ў адказ на запыт валанцёраў, якія дапамагаюць бежанцам у польскім прыграніччы. Са жніўня 2021-га да 26 снежня 2022-га пагранварта вывезла і пакінула на граніцы 50 668 замежнікаў, грамадзян трэціх краін. Па словах актывістаў, на практыцы гэта азначае, што ўразлівых бежанцаў, знойдзеных у польскіх лясах, замест правядзення працэдур і аказання дапамогі вывозяць на граніцу. Там іх пакідаюць у небяспечным для жыцця становішчы або зусім выштурхоўваюць праз брамкі для праходу жывёл. Прадстаўнікі польскіх гуманітарных арганізацый упэўненыя, што міграцыйны крызіс не скончыцца нават пасля будаўніцтва агароджы.

У канцы лютага стала вядома, што польскія сілавікі выціснулі бежанцаў у Беларусь для пошуку беспілотніка. «Сямёра грамадзян Афганістана выкінулі праз брамку для жывёл. Пры гэтым у адносінах да замежнікаў польскія сілавікі ўжывалі спецсродкі і фізічны гвалт, а таксама забралі асабістыя рэчы і грошы. Па словах бежанцаў, да выяўлення беларускімі пагранічнікамі польскія вайскоўцы ўжо выціскалі іх на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым бежанцаў паабяцалі пусціць назад у Польшчу, калі яны знойдуць беспілотнік з польскай SІM-карткай, які ўпаў на тэрыторыі Беларусі. Аднак калі пошукі не ўвянчаліся поспехам і замежнікі паспрабавалі вярнуцца, польскія сілавікі іх збілі і выціснулі ў Беларусь паўторна», — заявілі ў Дзяржпагранкамітэце.

Паведамляецца, што «пасля, падчас правядзення пошукавых мерапрыемстваў, беспілотнік быў знойдзены беларускім пагранічным нарадам». «Для правядзення разбору група бежанцаў і робат дастаўлены на пагранічную заставу. З улікам таго, што да беспілотніка быў прымацаваны груз з падакцызным таварам, такая зацікаўленасць ваенных сумежнага боку ў яго вяртанні назад выклікае пытанні. Аб уцягнутасці прадстаўнікоў польскіх кантралюючых службаў у кантрабандныя схемы на граніцы кажа нядаўняе затрыманне каля дзясятка мытнікаў, якія працавалі ў пункце пропуску «Баброўнікі», — падкрэслілі ў ДПК.

Гвалтоўнае выцясненне бежанцаў з Польшчы пастаўлена на паток, адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце. «Бежанцы па-ранейшаму застаюцца разменнай манетай у гульнях еўрапейскіх дыпламатаў. Пакуль вырашэнне міграцыйнага крызісу наўмысна зацягваецца, людзі, якія ўжо пацярпелі ад вайны і эканамічнага калапсу, працягваюць пакутаваць на граніцах ЕС», — адзначылі ў ДПК.

У суботу, 8 красавіка, беларускія пагранічнікі выявілі два выпадкі гвалтоўнага выціскання замежнікаў на граніцы з Польшчай. Сілавікі на службовых аўто прывезлі пяцярых бежанцаў да загароды і пад пагрозай прымянення зброі прымусілі перайсці на беларускую тэрыторыю праз брамку для жывёл. «Вялікая субота — асаблівы дзень для хрысціян. У гэты дзень належыць маліцца і дапамагаць блізкім. Сваімі дзеяннямі польскія праваахоўнікі наглядна дэманструюць адсутнасць усякай маралі, як рэлігійнай, так і агульначалавечай», — падкрэслілі ў Дзяржпагранкамітэце.

Пахаванні ў лесе

Польская аўтарытарная ўлада ўтойвае рэальную інфармацыю аб гібелі бежанцаў на беларуска-польскай граніцы. Аб гэтым на YouTube-канале БелТА заявіў польскі палітолаг Матэвуш Піскорскі. Польскі палітолаг пракаментаваў жорсткае абыходжанне з бежанцамі з боку польскіх сілавікоў. Па яго словах, пэўная частка польскай апазіцыі перыядычна звяртае ўвагу ўладаў на зверствы пагранічнікаў. «У пачатку сакавіка з'явілася інфармацыя, што ў лясах на польскім баку граніцы былі знойдзены нейкія пахаванні. Там афіцыйна было налічана 38 ахвяр. У прыватнасці, дакладна былі грамадзяне Афганістана. Але праблема ў тым, што мы забываемся, што адбывалася ў Польшчы да пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі. Той жа Еўрасаюз і іншыя заходнія партнёры Польшчы адзначалі, што ў нас практычна адсутнічае незалежная судовая сістэма. Не кажучы ўжо пра магчымасць правядзення незалежных пракурорскіх даследаванняў», — адзначыў Матэвуш Піскорскі.

Нягледзячы на тое, што следчыя мерапрыемствы па фактах гібелі бежанцаў на польскім баку граніцы вядуцца, ніякіх крымінальных спраў на гэты конт на дадзены момант ніхто не заводзіць. «Я пра такое пакуль не чуў. Але мы маем справу з аўтарытарнай уладай, якая хавае ўсе гэтыя факты. Бо невыпадкова туды не дапускалі журналістаў. А тых журналістаў, якія туды траплялі, польскія вайскоўцы маглі збіць. Таму дакладнай інфармацыі няма. І апасаюся, што рэальную колькасць ахвяр мы так і не даведаемся, таму што польскае кіраўніцтва будзе гэта старанна хаваць», — перакананы палітолаг.

Дзярждэп ЗША прызнаў, што Польшча незаконна абмяжоўвала работу СМІ падчас міграцыйнага крызісу. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце нашай краіны. Штогод Дзяржаўны дэпартамент ЗША публікуе справаздачы па пэўных краінах. У апошняй такой справаздачы па Польшчы апублікаваны праблемы, з якімі сутыкаюцца СМІ. У адным з раздзелаў, прысвечаным свабодзе слова, апісаны незаконныя дзеянні польскіх уладаў падчас міграцыйнага крызісу 2021 года на граніцы з Беларуссю.

У справаздачы пералічаны выпадкі незаконных затрыманняў журналістаў паблізу ад граніцы і абмежаванне іх работы з мэтай асвятлення падзей. «Паступалі паведамленні аб тым, што журналісты падвяргаліся гвалту, пераследу або запалохванню з боку польскіх уладаў з-за сваёй работы», — гаворыцца ў дакуменце.

Таксама ў справаздачы закранута тэма жорсткага абыходжання польскіх вайскоўцаў з бежанцамі з Усходу. Выштурхоўванні замежнікаў, у прыватнасці, прызнаныя фактамі парушэння міжнароднага права.

Дарэчы, амерыканцам спатрэбілася два гады для таго, каб убачыць несвабоду слова ў Польшчы, заўважылі ў Дзяржпагранкамітэце.

Увогуле ў еўрапейскіх СМІ забаронена асвятляць гібель бежанцаў на польскай граніцы. Аб гэтым расказаў старшыня праўлення Міжнароднага дабрачыннага фонду імя Эміля Чэчкі Дзмітрый Белякоў, паведаміла БелТА. Ён падкрэсліў, што польскія ўлады да гэтага часу забараняюць журналістам і праваабаронцам наведваць прыгранічныя тэрыторыі. «У Польшчы забаронена абмяркоўваць такую тэматыку. Ад сваіх партнёраў з Вялікабрытаніі мы ведаем, што брытанскія СМІ яшчэ год таму атрымалі забарону на асвятленне гібелі бежанцаў у польскіх лясах. І казаць пра тое, што падыходы да згаданай тэмы ў заходняй прэсе памяняюцца, нам не даводзіцца. Але будзем дамагацца таго, каб гэтыя злачынствы атрымалі міжнародную ацэнку і міжнароднае расследаванне. Калі мы афіцыйна звярталіся ў Гаагскі трыбунал, нам даслалі адказ, каб мы звярнуліся ў польскія суды. А з той уладай, якая блакіруе іншадумства ў Польшчы, ніякіх магчымых расследаванняў яны праводзіць не будуць», — заявіў праваабаронца.

Паміж жыццём і смерцю

Тым часам у мінулым месяцы ў Польшчы разгарэўся гучны скандал. Дэпутат Еўрапарламента і грамадскі актывіст Яніна Ахойская раней заявіла, што ў прыгранічных лясах могуць быць схаваны сотні трупаў бежанцаў-нелегалаў. Яна прыводзіць статыстыку: зніклых без вестак мігрантаў было зарэгістравана 327, але на дадзены момант удалося праясніць лёс толькі 95 чалавек.

«Вядома, такія пытанні ў пэўны момант узнікнуць. Я думаю, ёсць шмат ахвяр на гэтай граніцы, — заўважыла Яніна Ахойская. — Хутчэй за ўсё, яны пахаваны ў нейкай брацкай магіле. Я б не здзівілася гэтаму: доступ да граніцы быў у пэўны момант закрыты, гэта было пасля таго, верагодна, як там сабралі целы, каб схаваць доказы. Так што на дадзены момант гавораць аб трохстах зніклых без вестак».

Дэпутат арганізавала выставу ў Еўрапарламенце. Яна хоча прыцягнуць увагу да метадаў польскіх пагранічнікаў і паліцыі, якія праяўляюць у адносінах да бежанцаў нечуваную жорсткасць. Улады ўжо аб'явілі актывістку «ворагам Айчыны». Ёй рыхтуюцца прад'явіць абвінавачванне ў паклёпе. Пры гэтым Варшава па-ранейшаму не дапускае ў прыгранічную зону абсалютна нікога, што цалкам відавочна: уладам ёсць што хаваць.

Днямі — новы скандал. Афіцыйную Варшаву проста трасе ад здымак польскага мастацкага фільма пра блізкаўсходніх мігрантаў, якія загінулі на польска-беларускай граніцы. Стужка абяцае быць скандальнай: рэжысёр Агнешка Холанд ужо заявіла, што «Польшча — расісцкая краіна». «Менавіта таму існуе нежаданне дапамагаць бежанцам», — сказала рэжысёр, адзначыўшы, што ўрад Польшчы вядзе прапаганду супраць бежанцаў. Як пацвярджэнне гэтага меркавання — рэакцыя ўладаў. Паўнамоцны прадстаўнік польскага ўрада па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын ужо папярэдзіў кіношнікаў: «Гэта дрэнны знак, і фільм стане часткай атак на Польшчу!».

Пляцоўка, на якой здымаюцца сцэны для новага фільма Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа», знаходзіцца ў вёсцы Чарнуў пад Варшавай. Як удакладняе сталічная газета «Выборча», фільм апавядае пра гісторыю сірыйскай сям'і, настаўніцы англійскай мовы з Афганістана і маладога польскага пагранічча. Усе яны сустрэліся ў лесе на польска-беларускай граніцы. Прэм'ера фільма анансаваная на канец года, акурат перад парламенцкімі выбарамі ў Польшчы.

Як вядома, 74-гадовая Агнешка Холанд — культавы польскі рэжысёр. Яна працавала з Кшыштафам Занусі і Анджэем Вайдам, вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў дзеліць сваё жыццё паміж Францыяй, ЗША і Польшчай.

Тым часам непадалёк ад беларуска-польскай граніцы, на чыгуначным вакзале ў Брэсце, адкрылася выстава БелТА «Мяжа паміж жыццём і смерцю». На больш як сотні фота адлюстраваны рэальныя гісторыі і лёсы мігрантаў з розных краін, у тым ліку дзяцей. Гэта яскравы аповед аб міграцыйным крызісе, рэальнай сітуацыі на беларуска-польскай граніцы. І ўсё становіцца зразумела.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».