Вы тут

Мікіта Рачылоўскі пра ўдзел моладзі ў працэсе заканатворчасці і яе ролю ў грамадстве


У свае 25 гадоў ён актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці краіны, кіруе калектывам у амаль паўтары сотні чалавек. Мікіта Рачылоўскі — старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Кансультацыйна-дарадчы орган, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках, быў створаны ў ліпені 2020 года. Праз два гады — у жніўні 2022-га — паўнамоцтвы маладых парламентарыяў першага склікання былі перададзены такім жа актыўным і ініцыятыўным хлопцам і дзяўчатам, якія прадстаўляюць усе рэгіёны краіны. Некаторыя працягнулі сваю дзейнасць у складзе Маладзёжнага парламента. Мікіта Рачылоўскі — ужо ў новым статусе.


Фота Яўгена Пясецкага.

У інтэрв'ю старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь расказаў, якія задачы стаяць перад другім скліканнем Маладзёжнага парламента. Ці чуюць голас моладзі на самым высокім узроўні і якія ініцыятывы рэалізоўваюць маладыя людзі — пра гэта і іншае наша размова.

— Мікіта, ці задумваліся раней, што ў 25 гадоў вашым штодзённым дрэс-кодам будзе дзелавы касцюм? Як сябе адчуваеце ў такім убранні?

— Напэўна, не задумваўся. Больш за ўсё мне падабалася паўсядзённае, нефармальнае адзенне. Паступова яшчэ ў студэнцкія гады колькасць афіцыйных мерапрыемстваў пачала павялічвацца, і касцюм даводзілася надзяваць ужо некалькі разоў на тыдзень. Цяпер гэта паўсядзённы атрыбут майго гардэроба. Калі я сустракаю сваіх калег ці сяброў у нефармальнай абстаноўцы і яны мяне бачаць у паўсядзённым адзенні (як кажуць, цывільным), то нават здзіўляюцца. Жартуюць, што думалі, быццам я ў касцюме нават сплю. Прызнаюся, што сам да афіцыйна-дзелавога стылю ўжо прызвычаіўся, мне вельмі камфортна ў касцюме.

— Кім марылі стаць у дзяцінстве?

— Шчыра скажу, пэўнай мэты не было. Некаторыя мараць быць настаўнікам, пажарным, касманаўтам... Я доўгі час не мог вызначыцца з прафесіяй, таму пасля 9 класа паступіў у Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж. Атрымаў адукацыю кухара, вальшчыка мяса і пайшоў працаваць. Праз некаторы час паступіў у гэты ж каледж — на спецыяльнасць «Тэхнік-тэхнолаг мясных прадуктаў». Працуючы і кухарам, і тэхнолагам, разумеў, што гэта не тое, чым бы хацеў займацца ўсё жыццё. Я цікавіўся тэмай гісторыі, культуры — напэўна, гэта і падштурхнула мяне паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Спецыяльнасць для мяне была прынцыповая — «Гісторыя і сусветная мастацкая культура». Разумеў, што кожны будучы гісторык вывучае і грамадазнаўства, і краязнаўства, а вось так глыбока сусветную мастацкую культуру вывучаюць не ўсе, а мне гэтага вельмі хацелася. У першую чаргу для пашырэння свайго кругагляду.

— Ці ўдалося папрацаваць настаўнікам гісторыі?

— Толькі падчас вучэбнай практыкі. Пасля заканчэння першай ступені вышэйшай адукацыі паступіў у магістратуру гістарычнага факультэта БДПУ. Хутка адбудзецца размеркаванне — і, хутчэй за ўсё, я пайду працаваць у школу.

— Мікіта, а ці ёсць настаўнікі ў сям'і?

— Не. Нарадзіўся ў самай звычайнай сям'і. Бацька ў мяне — кіроўца, мама — таваразнавец. Хоць па адукацыі мама — гадзіншчык. Ніколі ў сям'і не было ні дзяржаўных служачых, ні начальнікаў. Я — адзінае дзіця ў бацькоў. Таму імкнуся не падвесці ні іх, ні бабулю з дзядулем, у якіх я першы ўнук. Сям'я мне дала многае. Родныя навучылі стасункам з людзьмі, давалі правільныя ўстаноўкі на розныя жыццёвыя сітуацыі. З маленства засвоіў, што працаваць трэба шчыра і сумленна — так, каб, гледзячы на сябе ў люстэрка, не было сорамна.

— Хто гэтыя 138 хлопцаў і дзяўчат, якія ўвайшлі ў другое скліканне Маладзёжнага парламента?

— Маладыя людзі прадстаўляюць кожны рагіён краіны. У Маладзёжны парламент уваходзіць прадстаўнік кожнага раённага цэнтра, горада абласнога падпарадкавання, абласнога цэнтра, дзесяць чалавек дэлегавана ад сталіцы. У асноўным гэта працоўная моладзь. Прысутнічае невялікая колькасць студэнтаў, але і яны працуюць. Сярэдні ўзрост члена Маладзёжнага парламента — 25 гадоў. Пераважная колькасць — гэта дзяўчаты. Маладыя людзі займаюць самыя розныя пасады ў шматлікіх сферах жыццядзейнасці: гэта і рэальны сектар эканомікі, і прамысловасць, і медыцына, і адукацыя, і юрыспрудэнцыя, і ахова правапарадку, і грамадскія арганізацыі. У нашым коле — і дырэктары школ, і прадстаўнікі сілавых структур, і нават дзяржаўныя служачыя... У кожнага з іх — вялікія перспектывы. Нягледзячы на тое што гэтыя людзі вельмі занятыя на сваім асноўным месцы працы, яны знаходзяць час у сваім шчыльным графіку займацца грамадскай работай. У мяне вельмі моцная каманда. Удзячны лёсу, што менавіта гэтае скліканне склалася з людзей, якім можна даверыцца, яны не падвядуць. З гэтымі людзьмі нам рушыць у будучыні па многіх-многіх прыступках. Усяляк стараюся падтрымліваць іх, імкнёмся і па-за парламенцкай работай быць разам. Фарміруем вакол сябе лідараў, разам з імі праводзім мерапрыемствы, каб выяўляць новых.

— Якія задачы вырашаюць маладыя парламентарыі?

— Для мяне, як чалавека, які ўжо быў у Маладзёжным парламенце, вельмі важна не апусціць планку і працягнуць тое, што было пачата першым скліканнем. Традыцыйныя нашы праекты працягваюцца і пашыраюцца. Яны сталі яшчэ лепшымі. Аднак узніклі і новыя праекты. Сярод іх — «Адзіны парламенцкі дзень». Раз на месяц (як правіла, гэта трэці чацвер месяца) члены Маладзёжнага парламента ідуць у школы, каледжы, дзе сустракаюцца з навучэнцамі і расказваюць пра беларускі маладзёжны парламентарызм, як трапіць у Маладзёжны парламент і чым ён займаецца. Маладыя людзі даведваюцца, што ёсць грамадска-кансультацыйны савет (куды, дарэчы, яны могуць звярнуцца), які займаецца рэалізацыяй дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Мы разумеем, што парламентарызм — вузкая тэма, не кожны ў ёй разбіраецца. Адным гэта здаецца сумным, іншыя, наадварот, праяўляюць цікавасць. Паколькі нас стала амаль удвая больш (было 70, стала 138) і ўжо прадстаўлены кожны раён краіны (гэта была ідэя Наталлі Іванаўны Качанавай), наша задача, каб кожны рэгіён, куды дэлегаваны наш прадстаўнік, працаваў з моладдзю, якая ёсць на месцах. У нас працуюць маладзёжныя саветы (парламенты) пры мясцовых органах улады. Наш прадстаўнік з'яўляецца звяном паміж моладдзю канкрэтнай тэрытарыяльнай адзінкі і рэспубліканскім Маладзёжным парламентам. На гэтых людзях ляжыць вялікая адказнасць, і наша задача — даць ім усе магчымасці і рэсурсы, каб яны добрасумленна працавалі. Калі кожны раён будзе так весці сваю дзейнасць у сферы маладзёжнай палітыкі, гэта азначае, што мы справіліся. Прычым не трэба засяроджвацца толькі на сталіцы. Нам трэба ўзмацняць і рэгіёны.

— З першага склікання Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе вы перайшлі на другое, але ўжо ў новым статусе. Наколькі нечаканым было тое, што вас абралі старшынёй гэтага органа?

— Калі старшыняў камісій выбіраюць адкрытым галасаваннем, то старшыню Маладзёжнага парламента і яго намеснікаў — таемным. Канкурэнцыі мне ніхто не склаў: я адзіны, хто захацеў стаць лідарам кансультацыйна-дарадчага органа, таму галасавалі або за маю кандыдатуру, або супраць. Прыемна, што прагаласавалі аднагалосна. Думаю, што ахвотных магло быць больш, калі б не шэраг фактараў. Па-першае, пажадана, каб кіраўнік Маладзёжнага парламента быў з Мінска. І гэта лагічна, інакш ён не зможа паўнавартасна ўзаемадзейнічаць з парламентам. Па-другое, нядрэнна, каб старшыня ўжо меў вопыт членства ў Маладзёжным парламенце: ён павінен быць у курсе ўсяго, чым займаецца гэты орган. Кіраўнік павінен захаваць вектар развіцця, пераемнасць традыцый, а не марнаваць час на тое, каб вывучаць абавязкі і паўнамоцтвы Маладзёжнага парламента.

— Наколькі рэальна, што ініцыятывы і прапановы моладзі пачуюць на самым версе?

— Больш чым рэальна. Адразу згадваецца абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, у чым мы з калегамі па Маладзёжным парламенце ў мінулым скліканні прымалі ўдзел. Два нашы прадстаўнікі ўваходзілі ў склад Канстытуцыйнай камісіі. Астатнія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні дыялогавых пляцовак, дзе абмяркоўваўся праект абноўленага Асноўнага Закона краіны, уносіліся заўвагі і прапановы. Толькі сіламі Маладзёжнага парламента правялі звыш 300 дыялогавых пляцовак. Усе прапановы і заўвагі, якія ўносіліся, акумуляваліся і перадаваліся ў наш прэзідыум. У выніку члены Канстытуцыйнай камісіі ад Маладзёжнага парламента мелі магчымасць у мерапрыемствах з удзелам кіраўніка дзяржавы агучыць гэтыя тэзісы, выказацца пра тое, што сёння хвалюе моладзь. Цяпер мы праводзім шэраг праектаў, дзе моладзь мае магчымасць публічна прадэманстраваць свае ініцыятывы. У прыватнасці, гэта тая ж лідарская платформа «Каманда будучыні». Праект, анансаваны на VІ Усебеларускім народным сходзе, уключаны ў рэспубліканскі план правядзення мерапрыемстваў па правядзенні Года міру і стваральнай працы, зацверджаны Саўмінам. Пад эгідай Маладзёжнага парламента і Міністэрства аховы здароўя сярод вышэйшых навучальных устаноў медыцынскага профілю краіны другі год запар праходзіць праект «ScіenceQuіz». Ад Міністэрства адукацыі мы атрымалі грант на правядзенне 2-га Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму, дзе абмяркуем пытанні, якія сёння хвалююць моладзь. Плануецца, што ў форуме прымуць удзел як члены нашага Маладзёжнага парламента і актыўныя прадстаўнікі ўсіх маладзёжных парламентаў краіны, так і яркія прадстаўнікі нашай моладзі, якія не ўваходзяць у органы маладзёжнага парламентарызму, — усяго каля 160 чалавек.

— Члены Маладзёжнага парламента маюць магчымасць рэгулярна прысутнічаць на пасяджэннях дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, назіраць за дыялогам улады і народа падчас прыёмаў грамадзян. Гэта карысны вопыт для вас?

— Вельмі карысны. Маладыя людзі працуюць у розных сферах, ім важна пачуць ад вышэйшай службовай асобы тое, што іх цікавіць, чым увогуле жыве краіна. Для іх гэта добры досвед. Члены Маладзёжнага парламента напрамую могуць пагутарыць з дэпутатамі і сенатарамі, абмяняцца кантактамі і ў далейшым працаваць разам. У нас ужо ёсць добрыя традыцыі, калі сенатары запрашаюць членаў Маладзёжнага парламента на свае прыёмы, іншыя мерапрыемствы. Маладыя людзі бачаць, як прымаюцца законы, і задумваюцца, ці хацелі б яны самі займацца заканатворчасцю. Увогуле, ганарова прысутнічаць у зале, дзе прымаюцца найважнейшыя для краіны рашэнні. У прысутнасці членаў Маладзёжнага парламента, напрыклад, быў адобраны Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе», уносіліся праўкі ў заканадаўства аб палітычных партыях. У нас ёсць магчымасць прысутнічаць на закрытых экспертных саветах у Савеце Рэспублікі, дзе закранаюцца самыя розныя тэмы.

— Неаднарозова даводзілася бачыць вас і вашых калег на асабістых прыёмах грамадзян, якія праводзіла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава...

— Асабістыя прыёмы грамадзян — гэта асобны кірунак. Людзі прыходзяць да парламентарыяў з такімі пытаннямі, якія нават нельга прыдумаць. Нават калі ўзяць сто чалавек і кожнаму даручыць прыдумаць пытанне, з якім можна звярнуцца на прыём грамадзян, можа, толькі на 10 працэнтаў мы здагадаемся, якія пытанні хвалююць людзей. Мне давялося прысутнічаць на трох прыёмах грамадзян, якія праводзіла Наталля Качанава. І галоўная выснова: калі б мясцовая ўлада добрасумленна працавала, то большасць пытанняў можна было б вырашыць на месцах. Аднак Наталля Іванаўна прымае ўсіх, выслухоўвае кожнага, хто да яе прыйшоў. Падчас апошняга прыёму яна ўвогуле вяла гутарку з насельніцтвам на працягу 12 гадзін. Прычым выслухала нават тых, хто папярэдне на прыём не запісаўся. Трэба валодаць вялікімі кампетэнцыямі, каб разумець, як вырашыць кожнае пытанне. А апошніх вельмі шмат і ўсе яны — рознага профілю. Ты сядзіш і думаеш: а як бы ты вырашыў тую ці іншую праблему грамадзяніна.

— Нягледзячы на грамадскія пачаткі Маладзёжнага парламента, у яго імкнецца трапіць вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат...

— Можна займацца работай і атрымліваць за гэта грошы, а можна займацца грамадскай работай і атрымліваць тое, чаго не купіш за грошы: давер, імідж, аўтарытэт. Маладзёжны парламент стварае падмурак для далейшага кар'ернага росту. Маладзёжны парламент — гэта як сацыяльны ліфт па лініі парламентарызму. Калі б наш прадстаўнік з першага або з другога склікання праз пэўны час змог бы трапіць у Нацыянальны сход ужо ў якасці дэпутата, то можна было б з упэўненасцю сказаць, што Маладзёжны парламент стаў той прыступкай, якая паўплывала на кар'ерны рост. Маладзёжны парламент створаны адносна нядаўна, а маладзёжнаму парламентарызму ў нашай краіне — 16 гадоў. Вядома, наш парламент малады, але перспектывы ў яго вялікія. І тое, што нашу работу непасрэдна курыруе Наталля Качанава, сведчыць аб тым, што гэта той самы кадравы рэзерв, тыя маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія могуць гаварыць з уладай напрамую. Галоўнае — не ўпускаць час магчымасцяў, не адседжвацца, а працаваць актыўна і эфектыўна, каб у будучыні стаць маладым лідарам, кіраўніком, чаго нашмат складаней было б дасягнуць без гэтых грамадскіх пачаткаў.

— Добра знаёмыя вы і з журналісцкай прафесіяй. На тэлеканале СТБ ведзяце штотыднёвую аўтарскую праграму «Сенат». Чаму беларусам варта яе глядзець?

— Гэта адзіная праграма, прысвечаная верхняй палаце беларускага парламента. «Сенат» дазваляе акунуцца ў парламенцкую дзейнасць. Праграма — прамы дыялог з членам Савета Рэспублікі. Кожны раз у студыі — новы госць. У адрозненне ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сенатар мае асноўнае месца работы. Як правіла, ён займае высокую пасаду. Напрыклад, членамі Савета Рэспублікі з'яўляюцца дырэктары «Беларусьнафты», «Беларуськалію», «Камунаркі»... Кожны госць, які прыходзіць у студыю, можа пракаментаваць тыя ці іншыя пытанні і з пазіцыі заканатворцы, і як кіраўнік прадпрыемства або ўстановы. Дзякуючы праграме, можна бліжэй пазнаёміцца са сваім сенатарам, даведацца, што адбываецца ў парламенце і ў цэлым у краіне. Упэўнены, што людзі, якія далёкія ад палітыкі, не ведаюць, чым Палата прадстаўнікоў адрозніваецца ад Савета Рэспублікі, а дэпутат — ад сенатара. Таму наша праграма і для павышэння ўзроўню эрудыцыі, разумення таго, хто будзе прадстаўляць твае законныя інтарэсы на вышэйшым узроўні.

Вераніка КАНЮТА


Аўдыёверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.