Вы тут

Гуманітарнае супрацоўніцтва, валанцёрства і турызм


Пляцоўка, дзе можна абмеркаваць найбольш актуальныя для Беларусі і Расіі пытанні і дзе выпрацоўваюцца механізмы па рэалізацыі дамоўленасцяў, прынятых на найвышэйшым узроўні. А яшчэ — неад'емная частка сістэмы расійска-беларускага стратэгічнага партнёрства. Так называюць і такім бачаць Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі не толькі яго ўдзельнікі, але і старшыні верхніх палат парламентаў абедзвюх краін Наталля Качанава і Валянціна Матвіенка, якія высока ацэньваюць такія сустрэчы і іх патэнцыял па садзейнічанні прамым кантактам паміж рэгіёнамі, бізнесменамі і арганізацыямі краін. Сёлета ў межах юбілейнага X Форуму, які пройдзе ў сталіцы Башкартастана Уфе 26—28 чэрвеня, адбудуцца пасяджэнні дзесяці секцый, праграма якіх да круглай даты, як і самога форуму, абяцае быць вельмі насычанай. У прыватнасці, беларуская дыяспара плануе стварыць цэлую вёску ў межах гастранамічнага турызму, а валанцёры — прэзентаваць дапаможнік па арганізацыі і падрыхтоўцы валанцёраў — інструктараў роўнага навучання «Валанцёрскі навігатар», які надрукуюць у маі. Што яшчэ рыхтуе беларускі бок да форуму, «Звязда» паслухала на рабочых сустрэчах Ірыны СТАРАВОЙТАВАЙ, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці са спецыялістамі адпаведных ведамстваў.


Агульнае навучанне і інжынерныя школы ў адукацыі

Мяркуецца, што ўдзел у рабоце секцыі «Гуманітарнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Вынікі дзесяцігоддзя і перспектывы развіцця» возьмуць да 120 чалавек. Гэта прадстаўнікі Мінадукацыі, Мінкульта, НАН Беларусі, навукова-даследчых інстытутаў, маладыя парламентарыі, сенатары і студэнты Башкартастана. І, пэўна, правільна абмяркоўваць культуру, адукацыю і навуку разам, бо яны трыадзіныя, адзначыла Ірына Старавойтава.

На секцыі плануецца дзесяць выступоўцаў з боку Беларусі. З дакладам пра перспектывы супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж ВНУ і навуковымі арганізацыямі Беларусі і Расіі, а таксама падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы на секцыі плануе выступіць Аляксандр БАХАНОВІЧ, першы намеснік міністра адукацыі.

— Другім выступоўцам на секцыі прапануецца рэктар Беларуска-расійскага ўніверсітэта (Магілёў) Міхаіл Лусцянкоў, — паведаміў першы намеснік міністра адукацыі, — які раскажа аб праблемах і перспектывах міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай сферы і адукацыі. А рэктар БНТУ Сяргей Харытончык агучыць інфармацыю пра адукацыйную навукова-вытворчую кааперацыю БНТУ і ўстаноў вышэйшай адукацыі Расіі. Не застанецца па-за ўвагай і тэма інжынерных школ (ВНУ тэхналагічнага профілю), якім удзяляюць вялікую ўвагу прэзідэнты абедзвюх краін.

БНТУ сумесна з Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам (Расія) атрымалі сродкі па праекце «Прыярытэты — 2030», які рэалізоўвае ўрад Расіі. Гэтая тэма можа стаць цікавай і іншым беларускім ВНУ, якія маглі б азнаёміцца з вынікамі такой работы і з часам далучыцца да гэтага праекта, падтрымала ідэю Ірына Старавойтава:

— На базе нашага Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі 270 чалавек — спецыялістаў з РФ, дарэчы, атрымліваюць адукацыю. Яны прыязджаюць да нас, каб вучыцца прафесійнай адукацыі. У Расіі ствараюцца сумесныя прадпрыемствы, і патрэбна падрыхтоўка спецыялістаў пад іх.

Сумесныя праекты ў навуцы

Прадстаўнікі НАН Беларусі бяруць актыўны ўдзел у форуме, прычым не толькі ў секцыі, звязанай з навукай, але і ў секцыях аграрнай тэматыкі, ІT-тэматыкі і прамысловай палітыкі, заўважыў Васіль ГУРСКІ, галоўны навуковы сакратар НАН Беларусі, які плануе выступіць на секцыі з дакладам аб навуковым супрацоўніцтве:

— Ёсць пра што расказаць, бо мы актыўна супрацоўнічаем з Расійскай акадэміяй навук: з Курчатаўскім інстытутам і рэгіянальнымі інстытутамі. Выконваем мы і агульную саюзную праграму. З улікам агульнай накіраванасці нашых краін на аднаўленне гістарычнай праўды другім выступоўцам варта стаць дырэктару нашага інстытута гісторыі Вадзіму Лакізу. Шмат у нас сумесных праектаў па выданні кніг, архіўных даследаваннях.

Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці падрыхтавана да падпісання на форуме пагадненне з расійскім бокам аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавізацыі, удакладніў Аляксей КУРМАН, першы намеснік гендырэктара цэнтра.

— Мы супрацоўнічаем у межах Саюзнай дзяржавы, створана камісія па інтэлектуальнай уласнасці і іншыя пляцоўкі. З дапамогай інтэлектуальнай уласнасці мы пераадольваем санкцыйныя бар'еры і сучасныя выклікі.

Тандэмы і дыяспары ў культуры

Міністр культуры Анатоль Маркевіч на секцыі агучыць дасягненні ў гэтай сферы і напрамкі, над якімі будуць працаваць, у прыватнасці над імпартазамяшчэннем і нацыянальнай бяспекай у сферы культуры, расказала Ірына КАРПОВІЧ, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры:

— Другі дакладчык — дырэктар Цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон раскажа пра айчынную дыяспару, якая з'яўляецца непасрэдным правадніком беларускай культуры і ідэалогіі ў Расіі. Расіяне таксама прыцягваюць нашу дыяспару да сумесных мерапрыемстваў, і яе прадстаўнікі вучаць іх, што такое Дажынкі, Купалле. Трэцім дакладам стане тэма канцэртных і тэатральна-відовішчных мерапрыемстваў. Нашы тэатр і канцэртныя арганізацыі зарабляюць грошы падчас гастроляў, праводзяць адукацыйны працэс у межах майстар-класаў, навучання спецыялістаў, робяць тандэмы, накшталт расійскі дырыжор — наш аркестр, наш аркестр — расійскі балет.

Рыхтуецца да падпісання падчас форуму ў сферы культуры каля 25 дагавораў, у прыватнасці, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі і Брэсцкая крэпасць гатовыя да дагавораў з Нацыянальным музеем Башкартастана.

Анлайн-падключэнні і анімацыйныя ролікі валанцёраў

Асобнай на форуме стане секцыя «Валанцёрскі рух як фактар умацавання расійска-беларускага супрацоўніцтва. Новыя магчымасці для сацыяльных ініцыятыў», у якой возьмуць удзел 70 чалавек, у тым ліку па сем выступоўцаў з кожнага боку. Мяркуецца, што ў рамках секцыі будзе падпісана пагадненне паміж Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам (Беларусь) і Рэспубліканскім цэнтрам валанцёрскага руху і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў (Башкартастан, Расія). У секцыі будуць удзельнічаць яшчэ 100 чалавек з валанцёрскіх цэнтраў устаноў вышэйшай адукацыі, падзялілася Ірына Старавойтава:

— У Беларусі 76 тысяч валанцёраў, якія займаюцца сур'ёзнай сацыяльна-арыентаванай дзейнасцю: дапамогай састарэлым, людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, медыцынскай і харчовай дапамогі ў часы ковіду. Валанцёры таксама актыўна працуюць на спартыўных мерапрыемствах.

Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік міністра адукацыі, зазначыў:

— У межах секцыі плануецца асвятліць выніковасць і эфектыўнасць валанцёрскіх праектаў, неабходнасць падрыхтоўкі добраахвотнікаў да ўзаемадзеяння з рознымі катэгорыямі насельніцтва (ад разавых заняткаў да школы валанцёраў, майстэрні інклюзіўнага ўзаемадзеяння і дысцыпліны на выбар «Арганізацыя валанцёрскай дзейнасці»). Удзел у форуме таксама стане інструментам матывацыі дабравольцаў-валанцёраў і дапаможа ім абмяняцца вопытам.

Запланаваны таксама анлайн-падключэнні васьмі валанцёрскіх цэнтраў устаноў ВНУ з усёй Беларусі і інтэрактыўныя пляцоўкі з майстар-класамі па інклюзіўнай анімацыі.

«Сярэбраныя» валанцёры

Пра дзяржаўную палітыку па актыўным даўгалецці ў Беларусі, нацыянальную стратэгію ў гэтым кірунку і цікавы напрамак — «сярэбранае валанцёрства» на секцыі раскажа міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, падзялілася інфармацыяй Марына АРЦЁМЕНКА, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:

— Другім дакладчыкам стане сам валанцёр «сярэбранага» ўзросту — Ларыса Аленская, старшыня савета грамадзян сталага ўзросту пры Віцебскім гарвыканкаме. Яна раскажа аб практыках, якія сёння рэалізоўваюцца і вельмі запатрабаваны людзьмі 65+. У атрадах «сярэбраных» валанцёраў ужо дзве тысячы чалавек.

У рамках секцыі запланаваны таксама анлайн-падключэнні валанцёраў з ВНУ, да якіх сенатар прапанавала далучыць і добраахвотнікаў сталага ўзросту, каб сабраць іх разам, прадэманстраваўшы такім чынам салідарнасць і адзінства.

У 2025-м у рамках праграмы Саюзнай дзяржавы, дарэчы, плануецца зладзіць саюзны злёт грамадзян старэйшага пакалення «Мы за актыўнае даўгалецце», і на форуме мяркуецца адпрацаваць акалічнасці яго арганізацыі.

Вопыт работы валанцёраў у сітуацыях міграцыйных крызісаў, школа падрыхтоўкі і рэагавання валанцёраў на надзвычайныя сітуацыі, школа маладзёжнага лідара (навучанне асновам догляду дома і першай дапамогі) — гэтыя і іншыя кірункі дзейнасці валанцёраў у рамках Чырвонага Крыжа таксама закрануць на форуме. Сярод магчымых для абмеркавання на секцыі тэм бачыцца і стварэнне сумеснай праграмы па валанцёрскім менеджменце, і правядзенне даследаванняў, каб высветліць, чаму людзі ўвогуле ідуць у валанцёры.

Абавязковая «зоркавасць» і новыя турыстычныя маршруты

Расійска-беларускае супрацоўніцтва па развіцці новых турыстычных кірункаў стане галоўнай тэмай секцыі, прысвечанай турызму. Удзел у ёй ад Беларусі возьмуць акрамя прадстаўнікоў Мінспорту і Міністэрства аховы здароўя спецыялісты Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, арганізацыі «МагілёўАблТурыст» і іншыя. Мяркуецца, што ў рамках секцыі будуць узняты пытанні, звязаныя з міграцыйнай палітыкай і візавым рэжымам.

Супрацоўніцтва на ўзроўні нацыянальных праектаў і ўніфікацыя заканадаўства стануць прадметам абмеркавання на секцыі, заўважыў Алег АНДРЭЙЧЫК, намеснік міністра спорту і турызму:

— У Расіі існуе абавязковая класіфікацыя і сертыфікацыя гасцініц, іншымі словамі, кожная такая ўстанова павінна мець нуль зорак, адну-дзве і г. д. У нас жа гэта справа добраахвотная. У пералік па сертыфікацыі варта было б унесці ў нас адпаведны абавязак. Пра інавацыйныя падыходы ў развіцці турызму і перспектывы трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй раскажуць прадстаўнікі Віцебскай вобласці. А дырэктар «МагілёўАблТурыста» Алена Карпенка раскажа пра стварэнне маршруту Пскоў — Віцебск — Магілёў — Гомель — Бранск — Смаленск.

Плануецца падпісанне пагадненняў паміж Мінспорту і Міністэрствам эканамічнага развіцця Расіі. Віцебскі аблвыканкам мяркуе падпісаць пагадненне на ўзроўні ўпраўлення спорту і турызму з турагентам «Галерэя краін» (г. Уфа) і нацыянальнай тураператарскай арганізацыяй Уфы. «МагілёўАблТурыст» плануе пагадненне з кампаніямі «Ін.Турыст-Астрахань».

Цікавым бачыцца і арганізацыя авіямаршруту Брэст — Мінеральныя Воды паміж Брэсцкай і Растоўскай абласцямі. А на форуме мяркуецца зладзіць выстаўку пра турыстычны патэнцыял Беларусі на прыкладзе Віцебшчыны.

— Мы ўжо адпрацавалі праект «Новы погляд на Полацк», а на форуме прадставім прэзентацыю праекта «Новы погляд на Оршу». Па трансгранічных маршрутах са Смаленскам адпрацавалі індывідуальныя туры «Смаленск — Віцебск культурны». Гэткі ж праект мяркуем адпрацаваць з Псковам, — падзялілася Святлана АСТАНІНА, загадчык сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. — А ў рамках Мінпрыроды ўжо рэалізоўваецца праект «Пскоў — Верхнядзвінск» (на прыкладзе заказніка «Асвейскі»).

Па выніку рабочых нарад адносна арганізацыі дзейнасці секцый на форуме будуць складзены рэзалюцыі, дзе акрэсляць прыярытэтныя кірункі работы, што базіруюцца на вопыце работы форумаў папярэдніх гадоў, рэзюмавалі іх удзельнікі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.